Марыя доўга назірае за тым, як пяцігадовая дзяўчынка есьць бульбу-фры. Малюткія пальчыкі адна за адной вымаюць з папяровага пакунка роўныя лустачкі і нясьпешна падносяць да рота. Кожны рух дакладны, сур’ёзны і трапны. Вусны сталі трохі вільготнымі ад тлушчу.
Сэрца Марыі неспадзеўкі асьвятляе любоў да людзей, але гэта зусім ненадоўга.
15.00 Марыя раптам прыгадвае, што трэба нешта есьці. Яна амаль не адчувае голаду – хутчэй, гэта чыста рацыянальнае разуменьне. Недзе зусім паблізу павінен быць гандлёвы цэнтар “Царская брама”, а ўнутры яго – ятка са смачнымі чабурэкамі.
Неўзабаве яна на месцы. Ля дзьвярэй пашыхтаваліся сумнеўнага віду немаладыя кабеты, на плястмасавых скрынях раскладзеныя шкарпэткі, сала, венікі для лазьні, парасоны... Марыя зь цяжкасьці адбіваецца ад цыганкі, якая прапануе прываражыць ёй масквіча з кватэрай.
Апрача плошчы, гэта ці не адзінае месца ў горадзе, дзе віруе жыцьцё. Гандлёвы цэнтар разьмясьціўся ў былой царкве, пабудаванай у 90-ыя – падчас імклівага ўздыму цікавасьці да рэлігіі, якая неўзабаве гэтак жа імкліва ўпала да нуля.
Вялізны храм у старажытнарускім стылі ня сталі перарабляць у адпаведнасьці з новай функцыяй: яго проста здалі ў арэнду і падзялілі на соты. На фасадзе цяпер красуе з паўсотні шыльдачак: “Абутак”, “Рэчы з Эўропы”, “Аксэсуары для сьняжанаў любых мадэляў, перапрашыўка, рамонт”...
Калі шкляныя дзьверы адчыняюцца-зачыняюцца, пружыны дзіка рыпяць, нібы адпраўляючы ў космас шыфраваныя радыёсыгналы. Мужчына ля ўваходу сплёўвае проста на падлогу, затым адкусвае кавалак хот-дога. Недзе непадалёк мажная кабета сварыцца на прадавачку курыных грудак. Па руцэ Марыі шоргае другая скура чыёйсьці курткі.
Унутры даволі шмат людзей, уключаных у тыя ці іншыя працэсы, але Марыя адразу разумее, што нічога агульнага іх ня лучыць. Асобіны часам аб’ядноўваюцца ў тактычныя саюзы – такія, як, напрыклад, “пакупнік-прадавец” – аднак узьніклыя паміж імі повязі вельмі хутка разрываюцца. Кожны сам па сабе.
Сьцены па-ранейшаму расьпісаныя фрэскамі. Месцамі яны трохі аблупіліся, а некаторыя фрагмэнты спрэс завешаныя таварам і яго рэклямай – асабліва вылучаецца слова “МЯСА”. На клірасе абсталяваны стаматалягічны габінэт.
У гармідары розных гукаў, што зьліваюцца пад высокімі скляпеньнямі, патанае голас чалавека ў дзіўнай чорнай апранасе, які трымае сьвечку ў руцэ. Тым ня меней, яго вусны ўпарта прамаўляюць нейкія словы.
Марыя адчувае, што гэты чалавек такі самы адчужаны ад навакольля, як і яна. Таму падыходзіць бліжэй, праціскаючыся цераз шчыльнае і несупынна рухомае месіва целаў.
Потым яны доўга размаўляюць. Дакладней, пераважна гаворыць ён. Павольна, простымі словамі. Часам нават не чакаючы на адказ.
Марыя даўно ні з кім па-сапраўднаму не размаўляла, ёй ёсьць, што сказаць. Але цяпер яна чамусьці збольшага маўчыць альбо і наогул абмяжоўваецца жэстамі. Не гаворыць, ня слухае, але проста маўчыць.
Праз нейкі час яны разьвітваюцца і кожны рушыць сваёй дарогай. Чабурэк у той дзень так і ня быў зьедзены.
Недзе без дзесяці сем Марыя ўжо дома. Распранаецца, ідзе на кухню, налівае ў шклянку. Ідзе ў пакой, сядае на ложак, нерухома сядзіць. П’е. Устае, падыходзіць да вакна, ненадоўга перад ім спыняецца, робіць некалькі крокаў у зваротным напрамку, топчацца на месцы. Нэрвовым рухам адкідае пасму валасоў, што лезуць у рот. Зноў плюхаецца на ложак.
Зараз гэта прыйдзе, ведае яна.
Часам у такія хвіліны ёй трэба абавязкова быць недзе і кагосьці бачыць, і тады яна знаходзіць сабе кампаніі ў бліжэйшых забягалаўках альбо непасрэдна на лаўках. Потым разьвітваецца, ніколі не запытаўшыся, як іх завуць.
Выдатны варыянт і недарагі гей-клюб у былым будынку ЖЭСа. Там можна згубіцца сярод дыму, успышак страбаскопаў і дзясятка такіх самых, як яна – якія, трэба меркаваць, завітваюць сюды дакладна з той самай мэтай.
Часам Марыя інтуітыўна шукае паратунку ў падзейнасьці – размовах, сварках, выпадковым сэксе. Але сёньня любыя звышмерныя рухі яе палохаюць.
Сёньня яна адчула, што неабходна застацца ў сваёй кватэрцы, чые сьцены забясьпечваюць прынамсі вонкавую абарону.
Яна сядзіць на ложку і цярпліва чакае, нават ня думаючы супраціўляцца. І нават не спадзеючыся, што абміне.
...Прыблізна а дзявятай вечара гэта, урэшце, расьсейваецца. Марыя цяпер можа дазволіць сабе ўстаць з ложка.
Выпіты алькаголь амаль расшчапіўся ў крыві, пакінуўшы на ўспамін сьвярбліівы галаўны боль. Сьвятло ў яе вачах нібы раскладаецца на слаі, і таму вельмі цяжка сфакусаваць на нечым увагу.
Гарачай вады сёньня зноў няма, хаця, нібыта ж, чацьвер. Марыя ня мылася ўжо чатыры дні, і таму даводзіцца лезьці на антрэсоль па вялізны рондаль. Марыя моршчыцца, падняўшы яго накрыўку: унутры міла займаюцца каханьнем два тараканы. Налівае ваду, выплёсквае ва ўнітаз, налівае зноў і ставіць на газавую пліту.
Але фаерку так і не запальвае. Замест гэтага, з хвіліну безуважна глядзіць на пашчэрбленую кафлю па-над плітой. Затым ідзе ў ванную.
Раптам у яе чамусьці ўзьнікае прадчуваньне, нібы нешта неўзабаве павінна адбыцца.
– Нешта неўзабаве павінна адбыцца, – пераконвае яна свой шэры твар у люстэрку.
Чысьціць зубы ды кладзецца спаць.
Сьпярша змацоўваем дзьве сьцяблінкі ў самым нізе, затым ахайна іх сплятаем, затым дадаем лісткі – ня меней за пяць – потым насаджваем на атрыманы каркас галоўкі ружаў, стараючыся захаваць законы сымэтрыі. Затым трэба паўтарыць тое самае.
Марыя цяпер працуе ў кустарнай майстэрні па вырабе плястмасавых кветак, разьмешчанай у звычайным гаражы. Замоваў дастаткова шмат – лічы, сэзон – і часта ёй даводзіцца праседжваць на працы да позьняга вечара.