«Табе якая справа?» сказаў ткач: «мы накалядавалі, а не ты».
«Не, ты мне пакажаш, нягодны п'яніца!» закрычала жонка, ударыўшы высокага кума кулаком у падбародак і прадзіраючыся да меха.
Але ткач і кум мужна адстаялі мех і прымусілі яе падацца назад. Не паспелі яны агледзецца, як супруга выбегла ў сенцы ўжо з качаргою ў руках. Спрытна лузянула качаргою мужа па руках, ткача па спіне і ўжо стаяла каля меха.
«Што мы дапусцілі яе?» сказаў ткач схамянуўшыся.
«Э, што мы дапусцілі! а чаму ты дапусціў!» сказаў халаднакроўна кум.
«У вас качарга, мусіць, жалезная!» сказаў пасля кароткай маўчанкі ткач, пачухваючы спіну. «Мая жонка купіла летась на кірмашы качаргу; дала поўкапы[57] так нічога… не балюча…»
Тым часам узрадаваная супруга, паставіўшы на падлогу каганец, развязала мех і зазірнула ў яго.
Але мусіць старыя вочы яе, якія так добра ўбачылі мех, на гэты раз ашукаліся… «Э, ды тут ляжыць цэлы япрук!» ускрыкнула яна, пляснуўшы ад радасці ў ладкі.
«Кабан! чуеш, цэлы кабан!» штурхаў ткач кума: «а ўсё ты вінен!»
«Што-ж рабіць!» прамовіў, паціскаючы плячыма, кум.
«Як што? чаго мы стаім? адбяром мех! ну, пачынай!»
«Пайшла прэч! пайшла! гэта наш япрук!» крычаў выступаючы ткач.
«Ідзі, ідзі, чортава баба! гэта не тваё дабро!» гаварыў набліжаючыся кум.
Супруга ўзялася зноў за качаргу, але Чуб у гэты час вылез з меха і стаў пасярод сянец, пацягваючыся, як чалавек, які толькі што абудзіўся ад доўгага сну.
Кумава жонка ўскрыкнула, ударыўшы аб крыссі рукамі. і ўсе міжволі разявілі раты.
«Што-ж яна, дурніца, гаворыць: япрук! гэта не япрук!» сказаў кум, вылупіўшы вочы.
«Бач якога чалавека кінулі ў мех!» сказаў ткач, адступаючыся ад перапуду. «Хоць што хочаш гавары, хоць трэсні, а не абышлося без нячыстае сілы. Ён-жа не пралезе ў акенца».
«Гэта кум!» ускрыкнуў прыгледзеўшыся кум.
«А ты думаў хто?» сказаў Чуб усміхаючыся. «Што, слаўную штуку выкінуў я над вамі? а вы, глядзі што, хацелі мяне з'есці замест свініны. Чакайце-ж, я вас усцешу: у мяху ляжыць яшчэ штосьці, калі не япрук, дык напэўна парася альбо іншая жыўнасць. Пада мною безупынна нешта варушылася».
Ткач і кум кінуліся да меха; гаспадыня дома ўчапілася з процілеглага боку, і бойка аднавілася-б pноў, калі-б дзяк, убачыўшы, што яму няма куды схавацца, не выкарабкаўся з меха.
Кумава жонка, аслупянеўшы, выпусціла з рукі нагу, за якую пачала была цягнуць дзяка з меха.
«Вось і другі яшчэ!» ускрыкнуў са страхам ткач, «чорт ведае, як робіцца на свеце… галава ідзе наўкруга… не каўбасы, не паляніцы, а людзей кідаюць у мяхі!»
«Гэта дзяк!» прамовіў здзіўлены больш за ўсіх Чуб: «вось табе і маеш! вось дык Салоха! пасадзіць у мех… А я гляджу, што ў яе поўная хата мяхоў… Цяпер я ўсё ведаю: у яе ў кожным мяху сядзела па два чалавекі. А я думаў, што яна толькі мне аднаму… вось табе і Салоха!»
Дзяўчаты крыху здзівіліся, не знайшоўшы аднаго меха. «Што-ж рабіць, хопіць з нас і гэтага», гаварыла Аксана.
Усе ўзяліся за мех і ўсцягнулі яго на санкі.
Галава наважыўся маўчаць, разважаючы: калі ён закрычыць, каб яго выпусцілі і развязалі мех — дурныя дзяўчаты разбягуцца, падумаюць, што ў мяху сядзіць д'ябал, і ён застанецца на вуліцы, можа быць, да заўтра.
Дзяўчаты тым часам, дружна ўзяўшыся за рукі, паляцелі як віхор з санкамі па рыпучым снезе. Мноства дурэючы сядала на санкі; некаторыя ўзлазілі на самога галаву. Галава наважыўся стрываць усё. Нарэшце прыехалі, адчынілі насцеж дзверы ў сенцах і ў хаце, і з рогатам уцягнулі мех. «Паглядзім, што толькі ляжыць тут», закрычалі ўсе, кінуўшыся развязваць.
Тут ікаўка, якая не пераставала мучыць галаву праз увесь час яго сядзення ў мяху, так узмацнілася, што ён пачаў ікаць і кашляць ва ўсё горла. «Ах, тут сядзіць нехта!» закрычалі ўсе і ў перапудзе кінуліся прэч з дзвярэй.
«Што за чорт! куды вы кідаецеся, як ачмурэлыя?» сказаў, уваходзячы ў дзверы, Чуб.
«Ах, бацька!» прамовіла Аксана: «у мяху сядзіць нехта!»
[57] Дваццаць пяць капеек. (Слоўн. Гогаля.)