Чуб, пазнаўшы кавалёў голас, адступіўся крыху назад. «Э, не, гэта не мая хата», гаварыў ён сам сабе: «у маю хату не забрыдзе каваль. Ізноў-жа, калі прыгледзецца добра, дык і не кавалёва. Чыя-б была гэта хата? Вось і маеш! не пазнаў! гэта кульгавага Леўчанка, які нядаўна ўзяў маладую жонку. У яго аднаго толькі хата падобна да мае. Я гляджу, што мне здалося і спачатку трохі дзіўна, што так хутка прышоў дадому. Аднак-жа Леўчанка сядзіць цяпер у дзяка, гэта я ведаю, чаго-ж каваль?.. Э, ге, ге! ён ходзіць да яго маладой жонкі. Вось як! добра… цяпер я ўсё зразумеў».
«Хто ты такі і чаго цягаешся пад дзвярамі?» прамовіў каваль больш сурова чым раней і падышоўшы бліжэй.
«Не, не скажу яму, хто я», падумаў Чуб: «чаго добрага, яшчэ прытаўчэ, пракляты вырадак!» І, з'іначыўшы голас, адказаў: «Гэта я, добры чалавек, прышоў вам на пацеху пакалядаваць крыху пад вокнамі».
«Выносься к чорту з сваімі калядкамі!» злосна закрычаў Вакула. «Што-ж ты стаіш? чуеш, выносься зараз-жа вон!»
Чуб сам ужо меў гэты разумны намер, але яму здалося прыкрым, што вымушан слухацца загадаў каваля. Здавалася, нейкі злы дух штурхаў яго пад руку і вымушаў сказаць што-небудзь насуперак. «Чаго-ж ты, сапраўды, гэтак раскрычаўся?» прамовіў ён тым-жа голасам: «я хачу калядаваць, дый годзе».
«Эге! ды ты ад слоў не ўтаймуешся!..» Услед за гэтымі словамі Чуб адчуў вельмі балючы ўдар у плячо.
«Ды вось гэта ты, як бачу я, пачынаеш ужо біцца!» прамовіў ён, крыху адступаючы.
«Пайшоў, пайшоў!» крычаў каваль, пачаставаўшы Чуба другім штуршком.
«Што-ж ты!» прамовіў Чуб такім голасам, у якім адбіваўся і боль, і дакука, і нясмеласць. «Ты, бачу, не на жарты б'ешся, і балюча б'ешся!»
«Пайшоў, пайшоў!» закрычаў каваль і бразнуў дзвярыма.
«Глядзі, як разышоўся!» гаварыў Чуб, застаўшыся адзін на вуліцы. «Паспрабуй, падыйдзі! бач які! вось вялікая цаца! ты думаеш, я на цябе і ўправы не знайду. Не, галубок, я пайду, і пайду проста да камісара. Ты ў мяне будзеш ведаць. Я не пагляджу, што ты каваль і маляр. Аднак-жа паглядзець на спіну і плечы: я мяркую, сінія плямы ёсць. Мусіць, моцна даў варожы сын! шкада, што холадна і не хочацца скідаць кажуха! Чакай ты, чартоўскі каваль, каб чорт патоўк і цябе, і тваю кузню, ты ў мяне наскачашся! бач, пракляты шыбенік! аднак-жа, цяпер яго няма дома. Салоха, мяркую, сядзіць адна. Гм… яно-ж недалёка адсюль; пайсці-б! Час цяпер такі, што нас ніхто не застане. Можа, і таго будзе можна… бач, як балюча адлупцаваў пракляты каваль!»
Тут Чуб, пачухаўшы сваю спіну, накіраваўся ў другі бок. Прыемнасць, што чакала яго наперадзе пры спатканні з Салохаю, змяншала крыху боль і рабіла неадчувальным і самы мароз, які трашчаў на ўсіх вуліцах і заглушваўся завейным свістам. Часамі на абліччы яго, вусы і бараду якога мяцеліца намыліла снегам спрытней за ўсякага цырульніка, што як тыран хапае за нос сваю ахвяру, з'яўлялася напоўсалодкая міна. Але калі-б аднак-жа снег не хрысціў узад і ўперад усяго перад вачыма, дык доўга яшчэ можна было-б бачыць, як Чуб спыняўся, пачухваў спіну, прамаўляў: балюча адлупцаваў пракляты каваль! і зноў падаваўся ў дарогу.
У той час, як спрытны франт з хвастом і казлінаю барадою лятаў з коміна і пасля зноў у комін, ладунка, якая вісела ў яго на перавязі пры боку і ў якую ён схаваў украдзены месяц, неяк выпадкам зачапіўшыся ў печы, расчынілася, і месяц, карыстаючыся гэтым выпадкам, вылецеў цераз комін Салохінай хаты і плаўна ўзняўся на неба. Усё асвятлілася. Мяцеліцы як і не было. Снег загарэўся шырокім срэбраным полем і ўвесь абсыпаўся крыштальнымі зорамі. Мароз як-бы пацяплеў. Натоўпы парубкаў і дзяўчат паказаліся з мяхамі. Песні зазвінелі, і мала пад якою хатаю не таўпіліся калядоўшчыкі.
Чароўна ззяе месяц! Цяжка расказаць, як добра паштурхацца ў такую ноч, паміж кучаю дзяўчат, якія рагочуць і спяваюць, і паміж парубкаў, гатовых на ўсе жарты і выдумкі, якія толькі можа падказаць вясёлая ўсмешлівая ноч. Пад тоўстым кажухом цёпла; ад марозу яшчэ жывей гараць шчокі; а на гарэзы сам нячысцік падштурхвае ззаду.
Гурт дзяўчат з мяхамі ўламаліся ў Чубаву хату, абкружылі Аксану, крык, рогат, апавяданні аглушылі каваля. Усе навыперадкі спяшаліся расказаць красуні што-небудзь новае, спаражнялі мяхі і выхваляліся паляніцамі[54], каўбасамі, варэнікамі, якіх паспелі ўжо набраць даволі за свае калядкі. Аксана, здавалася, была зусім здаволена і рада, гаманіла то з адной, то з другою і рагатала не сціхаючы.
З нейкай гаркатой і зайздрасцю глядзеў каваль на такую весялосць і на гэты раз праклінаў калядкі, хоць і сам часта шалеў за імі.
«Э, Адарка!» сказала вясёлая красуня, павярнуўшыся да адной з дзяўчат: «У цябе новыя чаравікі. Ах, якія добрыя! і з золатам! добра табе, Адарка, у цябе ёсць такі чалавек, які ўсё табе купляе; а мне няма каму дастаць такія слаўныя чаравікі».
«Не тужы, мая ненаглядная Аксана!» падхапіў каваль: «я табе дастану такія чаравікі, што мала якая панначка носіць».
«Ты?» сказала, хутка і ганарыста зірнуўшы на яго, Аксана. «Пагляджу я, дзе ты дастанеш чаравікі якія магла-б я абуць на сваю нагу. Хіба прынясеш тыя самыя, што носіць царыца».
«Бачыш, якіх захацела!» закрычаў са смехам дзявочы натоўп.
«Так!» горда гаварыла далей красуня: «будзьце ўсе вы за сведак, калі каваль Вакула прынясе тыя самыя чаравікі, што носіць царыца, дык, вось маё слова, што пайду ў тую-ж гадзіну за яго замуж».
Дзяўчаты павялі з сабою капрызную красуню.
«Смейся, смейся!» казаў каваль, выходзячы следам за імі. «Я сам з сябе смяюся! думаю, і не магу дадумацца, куды падзеўся розум мой. Яна мяне не кахае — ну, бог з ёй! быццам толькі на ўсім свеце адна Аксана. Дзякуй богу, дзяўчат шмат харошых і без яе на сяле. Ды што Аксана? з яе ніколі не будзе добрай гаспадыні; яна толькі майстрыха прыбірацца. Не, годзе, час кінуць дурасць».
Але ў самы той час, калі каваль рыхтаваўся быць рашучым, нейкі злы дух праносіў перад ім усмешлівы вобраз Аксаны, якая кпліва казала: «дастань, каваль, царыцыны чаравікі, пайду за цябе замуж!» Усё ў ім хвалявалася, і ён думаў толькі аб адной Аксане.
Натоўпы калядоўшчыкаў, парубкі асобна, дзяўчаты асобна, спяшаліся з адной вуліцы ў другую. Але каваль ішоў і нічога не бачыў і не ўдзельнічаў у той весялосці, якую калісьці любіў больш за ўсё.
Чорт тым часам не на жарт распесціўся ў Салохі: цалаваў яе руку з такімі выкрунтасамі, як засядацель у папоўны, браўся за сэрца, войкаў і сказаў напрасцяк, што калі не згодзіцца задаволіць яго страсці і, як належыць, узнагародзіць, дык ён гатоў на ўсё, кінецца ў ваду; а душу адправіць проста ў пекла. Салоха была не такая жорсткая, пры тым-жа чорт, як вядома, дзейнічаў з ёю заадно. Яна-такі любіла бачыць натоўп, які цягаўся за ёю, і мала калі была без кампаніі; гэты вечар аднак-жа думала правесці адна, бо ўсе шаноўныя жыхары сяла былі пакліканы на куццю да дзяка. Але ўсё пайшло іначай: чорт толькі прадставіў сваё патрабаванне, як п'ачуўся голас мажнага галавы. Салоха пабегла адчыніць дзверы, а спрытны чорт улез у ляжаўшы мех.
Галава, страсянуўшы з капялюх сваіх снег і выпіўшы з Салохіных рук чарку гарэлкі, расказаў, што ён не пайшоў да дзяка таму, што ўсхадзілася мяцеліца; а ўбачыўшы святло ў яе хаце, завярнуў да яе з намерам правесці вечар з ёю.
Не паспеў галава гэта сказаць, як у дзверы пачуўся стук і голас дзяка. «Схавай мяне куды-небудзь», шаптаў галава. «Мне не хочацца цяпер сустрэцца з дзякам».
Салоха думала доўга, куды схаваць такога мажнага госця; нарэшце выбрала самы большы мех з вугаллем; вугалле высыпала ў кадушку, і дужы галава ўлез з вусамі, з галавою і з капялюхамі ў мех.
Дзяк увайшоў, пакрэктваючы і паціраючы рукі, і расказаў, што ў яго не быў ніхто, і што ён сардэчна рад гэтаму выпадку пагуляць крыху ў яе, і не спалохаўся мяцеліцы. Тут ён падышоў да яе бліжэй, кашлянуў, усміхнуўся, дакрануўся сваімі доўгімі пальцамі яе абнажонай, поўнай рукі і прамовіў з такім выглядам, у якім выказвалася і хітрасць і самаздаволенасць: «А што гэта ў вас, цудоўнейшая Салоха?» і, сказаўшы гэта, адскочыў ён крыху назад.
[54] Невялікі хлеб, крыху пляскаты. (Слоўн. Гогаля.)