«У мяху? дзе вы ўзялі гэты мех?»
«Каваль кінуў яго пасярод дарогі», сказалі ўсе адразу.
«Ну, так, ці-ж не казаў я», падумаў сам сабе Чуб. «Чаго-ж вы спалохаліся? паглядзім: а ну, чалавек, прашу не ўгневацца, што не называем па імю, вылазь з меха!»
Галава вылез.
«Ах!» ускрыкнулі дзяўчаты.
«І галава ўлез туды-ж», гаварыў сам сабе Чуб у неўразуменні, акідаючы яго ад галавы да ног. «Бач як!.. Э!..» больш ён нічога не мог сказаць.
Галава сам быў не меней збянтэжаны і не ведаў, што пачаць. «Мусіць, на дварэ холадна?» сказаў ён, зварочваючыся да Чуба.
«Маразок ёсць», адказаў Чуб: «а дазволь запытаць цябе, чым ты мажаш боты, смальцам ці дзёгцем?» Ён хацеў не тое сказаць, ён хацеў запытаць: як ты, галава, улез у гэты мех; але сам не разумеў, як вымавіў зусім іншае.
«Дзёгцем лепей!» сказаў галава. «Ну, бывай, Чуб!» І, насунуўшы капялюхі, вышаў з хаты.
«Навошта я сказаў здуру, чым ён мажа боты!» прамовіў Чуб, паглядаючы на дзверы, у якія вышаў галава: «вось дык Салоха! Гэтакага чалавека засадзіць у мех!.. бач, чортава баба! а я дурань… ды дзе-ж той пракляты мех?»
«Я кінула яго ў куток, там болей нічога няма», сказала Аксана.
«Ведаю я гэтыя штукі, нічога няма! падайце яго сюды: там яшчэ адзін сядзіць! страпяніце яго добра… што, няма?.. бач праклятая баба! а паглядзець на яе: як святая, нібыта і скаромнага ніколі не брала ў рот».
Але пакінем Чуба выліваць на свабодзе сваю гаркоту і вернемся да каваля, бо ўжо на дварэ напэўна ёсць гадзіна дзевятая.
Спачатку страшна здалося Вакулу, калі падняўся ён ад зямлі на такую вышыню, што ўжо нічога не мог бачыць унізе, і праляцеў як муха пад самым месяцам так, што калі-б не нахіліўся крыху, дык зачапіў-бы яго шапкаю. Аднак-жа, трохі пачакаўшы, ён падбадзёрыўся і пачаў ужо кпіць з чорта. Ён надзвычай цешыўся, як чорт чхаў і кашляў, калі ён здымаў з шыі кіпарысавы крыжык і падносіў да яго. Знарок падымаў ён руку пачухаць галаву, а чорт, думаючы, што яго збіраюцца хрысціць, ляцеў яшчэ шпарчэй. Усё было светла ў вышыні. Паветра ў лёгкім срэбраным тумане было празрыстае. Усё было відно; і нават можна было заўважыць, як віхурай праімчаўся паўз іх, седзячы ў гаршку, чараўнік; як зоры, сабраўшыся ў кучу, гулялі ў жмуркі; як клубіўся ўбаку воблакам цэлы рой духаў; як чорт, што танцаваў пры месяцы, зняў шапку, убачыўшы каваля, які скакаў верхам; як ляцеў, варочаючыся назад, венік, на якім, відаць, толькі што з'ездзіла, куды трэба, вядзьмарка… шмат яшчэ дрэні сустракалі яны. Усё, бачачы каваля, на хвіліну спынялася паглядзець на яго, і потым ізноў імчалася далей і рабіла далей сваё; каваль усё ляцеў, і раптам заблішчаў перад ім Пецербург увесь у агні. (Тады была з нейкага выпадку ілюмінацыя.) Чорт, пераляцеўшы цераз шлагбаум, ператварыўся ў каня, і каваль убачыў сябе на адменным бегуну сярод вуліцы. Божа мой! стук, гром, бляск; па абодва бакі ўзвышаюцца чатырохпавярховыя сцены; стук капытоў каня, гук колаў адгукаліся громам і разлягаліся з чатырох бакоў; дамы раслі, і быццам падымаліся з зямлі, на кожным кроку; масты дрыжалі; карэты лёталі; рамізнікі, фарэйтары крычалі; снег свістаў пад тысячай саней, што ляцелі з усіх бакоў; пешаходы ціснуліся і тоўпіліся пад дамамі, унізанымі плошкамі, і велізарныя цені іх мільгалі на сценах, дасягаючы галавой каміноў і дахаў. Са здзіўленнем аглядаўся каваль на ўсе бакі. Яму здавалася, што ўсе дамы ўтаропілі на яго свае незлічоныя, вогненныя вочы і глядзелі. Паноў, у пацягнутых сукном шубах, ён убачыў так многа, што не ведаў, каму шапку здымаць. «Божа ты мой, колькі тут панства!» падумаў каваль. «Я мяркую, кожны, хто ні пройдзе па вуліцы ў шубе, то і засядацель, то і засядацель! а тыя, што катаюцца ў такіх дзіўных брычках са шклом, тыя, калі не гараднічыя, дык пэўна камісары, а можа, і больш яшчэ». Яго словы былі перапынены запытаннем чорта: «Ці проста ехаць да царыцы?» «Не, страшна», падумаў каваль. «Тут, дзесьці, не ведаю, спыніліся запарожцы, якія праязджалі ўвосень цераз Дзіканьку. Яны ехалі з Сечы з паперамі да царыцы; усё-ж такі параіцца-б з імі. Гэй, шайтан, лезь да мяне ў кішэню, ды вядзі да запарожцаў!» Чорт у адну хвіліну схуднеў і зрабіўся такім маленькім, што без намагання ўлез да яго ў кішэню. А Вакула не паспеў азірнуцца, як апынуўся перад вялікім домам, увайшоў, сам не ведаючы як, на лесвіцу, адчыніў дзверы і падаўся крыху назад ад бляску, убачыўшы прыбраны пакой, але крыху падбадзёрыўся, пазнаўшы тых самых запарожцаў, якія праязджалі цераз Дзіканьку, сядзеўшых на шаўковых канапах, падабраўшы пад сябе намазаныя дзёгцем боты, і курыўшых самую моцную табаку, што называюць звычайна карашкамі.
«Дзень добры, панове! памагай бог вам! вось дзе ўбачыліся!» сказаў каваль, падышоўшы блізка і злажыўшы паклон да зямлі.
«Што там за чалавек?» запытаў той, што сядзеў перад самым кавалём, другога, што сядзеў крыху далей.
«А, вы не пазналі?» спытаў каваль: «гэта я, Вакула каваль! Калі праязджалі ўвосень цераз Дзіканьку, дык прагасцявалі, дай божа вам усякага здароўя і доўгіх год, амаль два дні. І новую шыну тады паставіў на пярэдняе кола вашай кібіткі!»
«А!» сказаў той-жа запарожац: «гэта той самы каваль, які малюе хвацка. Здароў, зямляк, чаго цябе бог прынёс?»
«А так, захацелася паглядзець, кажуць…»
«Што-ж, зямляк», сказаў прыасаніўшыся запарожац і жадаючы паказаць, што ен можа гаварыць і па-руску, — «што, балшой горад?»
Каваль і сабе не хацеў асараміцца і здацца навічком, да таго-ж, як мелі выпадак бачыць ніжэй гэтага, ён ведаў і сам граматную мову. «Губернія выдатная!» адказаў ён абыякава: «няма чаго сказаць, дамы балшушчыя, карціны вісяць скрозь адменныя. Шмат якія дамы спісаны літарамі з сусальнага золата надзвычайна. Няма чаго сказаць, дзівосная прапорцыя!»
Запарожцы, убачыўшы, што каваль так вольна размаўляе, зрабілі вывад вельмі для яго выгодны.
«Пасля пагамонім з табою, зямляк, болей; цяпер-жа мы едзем зараз да царыцы».
«Да царыцы! а будзьце ласкавы, панове, вазьміце і мяне з сабою!»
«Цябе?» прамовіў запарожац з такім выглядам, з якім гаворыць дзядзька чатырохгадоваму свайму выхаванцу, каторы просіць пасадзіць яго на сапраўднага, на вялікага каня. «Што ты будзеш там рабіць? Не, не можна». Пры гэтым на твары яго з'явілася многазначная міна. «Мы, брат, будзем з царыцаю гаманіць пра сваё». «Вазьміце!» настойліва прасіў каваль. «Прасі!» шапянуў ён ціха чорту, ударыўшы кулаком па кішэні. Не паспеў ён гэтага сказаць, як другі запарожац прамовіў: «Возьмем яго, сапраўды, браткі!»
«Бадай што, возьмем!» прамовілі іншыя.
«Апранай-жа адзенне такое, як і мы».
Каваль схапіўся нацягваць на сябе зялёны жупан, як раптам дзверы адчыніліся і ўвайшоўшы з пазументамі чалавек сказаў, што час ехаць.
Дзіўна зноў здалося кавалю, калі ён паімчаўся ў велізарнай карэце, гойдаючыся на рэсорах, калі з абодвух бакоў паўз яго беглі назад чатырохпавярховыя дамы, і брук, пагрымліваючы, здавалася, сам слаўся пад ногі коней. «Божа ты мой, якое святло!» думаў сам сабе каваль: «у нас удзень не бывае так светла».
Карэты спыніліся перад дварцом. Запарожцы вышлі, трапілі ў вельмі прыгожыя сені і пачалі падымацца па бліскуча асветленых сходах.