У гэты час кавалю прынеслі чаравікі. «Божа ты мой, што за аздоба!» ускрыкнуў ён радасна, ухапіўшы чаравікі. «Ваша царскае вялічаства! што-ж, калі чаравікі такія на нагах, і ў іх, трэба спадзявацца, ваша благароддзе, ходзіце і на лёд коўзацца, якія-ж павінны быць самыя ножкі? мяркую, прынамсі, з чыстага цукру».
Гасударыня, якая сапраўды мела самыя стройныя і цудоўныя ножкі, не магла не ўсміхнуцца, чуючы такі камплімент з вуснаў прастадушлівага каваля, якога ў сваім запарожскім убранні маглі палічыць за прыгажуна, не зважаючы на смуглявае аблічча.
Узрадаваны такой вельмі прыхільнай увагаю, каваль ужо хацеў быў распытацца як належыць царыцу пра ўсё: ці праўда, што цары ядуць адзін толькі мёд ды сала, і да таго падобнае — але, пачуўшы, што запарожцы штурхаюць яго пад бакі, вырашыў замаўчаць; і калі гасударыня, звярнуўшыся да старых, пачала распытваць, як у іх жывуць на Сечы, якія звычаі вядуцца — ён, адышоўшы назад, нагнуўся да кішэні, сказаў ціха: «Вынось мяне адсюль хутчэй!» і раптам апынуўся за шлагбаумам.
«Утапіўся! дальбог, утапіўся! вось: каб я не сышла з гэтага месца, калі не ўтапіўся!» балбатала таўстая ткачыха, стоячы ў натоўпе дзіканьскіх баб пасярод вуліцы.
«Што-ж, хіба я манюка якая? хіба я ў каго карову ўкрала? хіба я ссурочыла каго, што мне не даюць веры?» крычала баба ў казацкай світцы з ліловым носам, размахваючы рукамі. «Вось, каб мне вады не захацелася піць, калі старая Пераперчыха не бачыла на ўласныя вочы, як павесіўся каваль!»
«Каваль павесіўся! вось табе і маеш!» сказаў галава, вы-ходзячы ад Чуба, спыніўся і падаўся бліжэй да ўсіх, што размаўлялі.
«Скажы лепей, каб табе гарэлкі не захацелася піць, старая п'яніца!» адказала ткачыха: «трэба быць такой шалёнай, як ты, каб павесіцца! ён утапіўся! утапіўся ў проламцы! Гэта я так ведаю, як тое, што ты была зараз у карчмаркі».
«Брыдотніца! бач чым пачала папракаць!» гнеўна запярэчыла баба з ліловым носам. «Маўчала-б, нягодніца! Хіба я не ведаю, што да цябе дзяк ходзіць кожны вечар».
Ткачыха ўзгарэлася.
«Што дзяк? да каго дзяк? што ты хлусіш?»
«Дзяк?» праспявала, праціскаючыся да ўсіх, што спрачаліся, дзячыха ў кажуху з заячай скуры, пацягнутым сіняй кітайкай. «Я дам пачуць дзяка! хто гэта кажа дзяк?»
«А вось да каго ходзіць дзяк!» сказала баба з ліловым носам, паказваючы на ткачыху.
«Дык гэта ты, сука», сказала дзячыха, падступаючыся да ткачыхі: «дык гэта ты, вядзьмарка, напускаеш яму туман і поіш нячыстым зеллем, каб хадзіў да цябе».
«Адкасніся ад мяне, шайтан!» гаварыла адступаючыся ткачыха.
«Бач, праклятая вядзьмарка, каб ты не даждала дзяцей сваіх бачыць, нягодніца! цьфу!..» тут дзячыха плюнула проста ў вочы ткачысе.
Ткачыха хацела і сабе зрабіць тое самае, але замест таго плюнула ў няголеную бараду галаве, які, каб лепей усё чуць, падабраўся блізка да тых, што спрачаліся. «А, паскудная баба!» закрычаў галава, абціраючы крысом твар і падняўшы пугу. Гэты рух прымусіў усіх разыйсціся з лаянкаю ў розныя бакі. «Гэтакая брыда!» паўтараў ён, працягваючы абцірацца. «Дык каваль утапіўся! Божа ты мой! а які хвацкі жывапісец быў! якія нажы моцныя, сярпы, плугі ўмеў выкоўваць! што за сіла была! Так», гаварыў ён далей, задумаўшыся: «такіх людзей мала ў нас у сяле. Дзіва што я, яшчэ седзячы ў праклятым мяху, заўважаў, што небарака быў моцна не ў настроі. Вось табе і каваль! быў, а цяпер і няма! а я збіраўся падкаваць сваю рабую кабылу!..» І, будучы повен такіх хрысціянскіх думак, галава ціха пацягнуўся ў сваю хату.
Аксана збянтэжылася, калі да яе дайшлі такія весткі. Яна мала давала веры вачам Пераперчыхі і дзейканню баб, яна ведала, што каваль занадта набожны, каб адважыцца згубіць сваю душу. А што, калі ён, сапраўды, пайшоў з намерам ніколі не варочацца ў сяло? А наўрад ці ў іншым месцы знойдзецца такі маладзец, як каваль! ён-жа так кахаў яе! ён даўжэй за ўсіх трываў яе капрызы! Красуня ўсю ноч пад сваёй коўдрай варочалася з правага боку на левы, з левага на правы, — і не магла заснуць. То, раскідаўшыся ў чароўнай абнажонасці, якую начны змрок хаваў нават ад яе самой, яна амаль уголас лаяла сябе. То, прыціхшы, наважвала ні пра што не думаць — усё думала. І ўсё гарэла; і да раніцы закахалася па вушы ў каваля.
Чуб не выказаў ні радасці і ні смутку аб лёсе Вакулы. Яго думкі былі заняты адным: ён ніяк не мог забыцца на здрадніцтва Салохі і сонны не пакідаў лаяць яе.
Надышла раніца. У царкве яшчэ да відна было поўна народа. Пажылыя жанчыны ў белых намітках[62] у белых суконных світках, пабожна хрысціліся каля самага ўваходу царкоўнага. Дваранкі ў зялёных і жоўтых кофтах, а некаторыя нават у сініх кунтушах з залатымі ззаду вусамі, стаялі паперадзе іх. Дзяўчаты, у якіх на галавах наматана была цэлая крама істужак, а на шыі маністаў, крыжоў і дукатаў, стараліся прабрацца яшчэ бліжэй да іканастаса. Але наперадзе ўсіх стаялі дваране і простыя мужыкі з вусамі, чубамі, тоўстымі шыямі і толькі што выгаленымі падбародкамі, усё пераважна ў кабяняках, з-пад якіх высоўвалася белая, а ў некаторых і сіняя світка. На ўсіх тварах, куды ні зірні, відно было свята: галава аблізваўся, уяўляючы, як ён разгавеецца каўбасою; дзяўчаты думалі аб тым, як яны будуць коўзацца з хлопцамі на лёдзе; бабулі шчырэй, як некалі, шапталі малітвы. Па ўсёй царкве чуваць было, як казак Свербыгуз клаў паклоны. Адна толькі Аксана стаяла нібыта не свая… Малілася і не малілася. На сэрцы ў яе стоўпілася столькі розных пачуццяў, адно сумней за другое, што твар яе выражаў адно толькі моцнае збянтэжанне; слёзы дрыжалі на вачах. Дзяўчаты не маглі зразумець прычыны гэтага і не падазравалі, каб віною быў каваль. Аднак-жа не адна Аксана была занята кавалём. Усе міране заўважылі, што свята як быццам не свята. Што як быццам усё нечага нестае. Як на ліха, дзяк, пасля падарожжа ў мяху, ахрып і бражджаў ледзь чутным голасам; праўда, прыезджы спявак слаўна браў баса, але куды-б лепей, каб і каваль быў, які заўсёды, бывала, як толькі спявалі Отча наш ці Іжэ херувімы, узыходзіў на крылас і выводзіў адтуль тым самым напевам, якім спяваюць і ў Палтаве. Да таго-ж ён адзін выконваў і пасаду царкоўнага тытара. Ужо адышла завутраня; пасля завутрані адышла абедня… куды-ж гэта сапраўды запрапасціўся каваль?
Яшчэ шпарчэй у астатні час ночы імчаўся чорт з кавалём назад. І ўмомант апынуўся Вакула каля свае хаты. У гэты час праспяваў певень. «Куды?» закрычаў ён, ухапіўшы за хвост чорта, які хацеў уцякаць: «чакай, прыяцель, яшчэ не ўсё: я яшчэ не падзякаваў табе». Тут, ухапіўшы дубец, зважыў ён яму тры ўдары, і бедны чорт прыпусціўся бегчы, як мужык, якога толькі што адлупцаваў засядацель. Дык вось, замест таго, каб ашукаць, спакусіць і абдурыць іншых, вораг чалавечага роду быў сам абдураны. Пасля гэтага Вакула ўвайшоў у сенцы, закапаўся ў сена і праспаў да абеду. Прачнуўшыся, ён спалохаўся, калі ўбачыў, што сонца ўжо высока: «Я праспаў завутраню і абедню!» Тут набожны каваль паглыбіўся ў смутак, разважаючы, што гэта напэўна бог, знарок, у пакаранне за грэшны яго намер згубіць сваю душу, наслаў сон, які не даў яму нават пабыць у такое ўрачыстае свята ў царкве. Але аднак-жа, супакоіўшы сябе тым, што ў наступную нядзелю выспаведаецца ў гэтым папу, і ад сённешняга дня пачне біць па пяцьдзесят паклонаў праз увесь год, зазірнуў ён у хату; але ў ёй не было нікога. Відаць, Салоха яшчэ не варочалася. Асцярожліва дастаў ён з-за пазухі чаравікі і зноў здзівіўся з дарагой работы і з дзіўнага здарэння мінулай начы; памыўся, апрануўся як мага лепш, апрануў тое самае адзенне, якое дастаў у запарожцаў, выняў са скрынкі новую шапку з рашацілаўскіх смушак з сінім верхам, якой не надзяваў яшчэ ні разу, ад тае пары, як купіў яе падчас бытавання ў Палтаве; дастаў таксама новы ўсіх колераў пояс, паклаў усё гэта разам з гарапнікам у хустку і накіраваўся проста да Чуба.
Чуб вылупіў вочы, калі ўвайшоў да яго каваль, і не ведаў, з чаго здзіўляцца: ці з таго, што каваль уваскрос, ці з таго, што каваль адважыўся да яго прыйсці, ці з таго, што выстраіўся ён такім франтам і запарожцам. Але яшчэ больш здзівіўся ён, калі Вакула развязаў хустку і паклаў перад ім навюсенькую шапку і пояс, якога не бачылі ў сяле, а сам паваліўся яму ў ногі і прамовіў упрошваючым голасам: «злітуйся, бацько! не гневайся! вось табе і гарапнік: бі, колькі душа зажадае, аддаюся сам, ва ўсім каюся; бі, ды не гневайся толькі! Ты-ж калісьці братаўся з нябожчыкам бацькам, разам хлеб-соль елі і магарыч пілі».
Чуб не без патайнай прыемнасці бачыў, як каваль, які нікому ў сяле ў вус не дзьмуў, гнуў у руцэ пятакі і падковы, як грэцкія бліны, той самы каваль ляжаў у нагах яго. Каб яшчэ больш не панізіць сябе, Чуб узяў гарапнік і ўдарыў яго тры разы па спіне. «Ну, хопіць з цябе, уставай! старых людзей заўсёды слухай! Забудзем усё, што было паміж намі! Ну, цяпер гавары, чаго табе хочацца?»
«Аддай, бацько, за мяне Аксану!»
Чуб крыху падумаў, паглядзеў на шапку і пояс, шапка была цудоўная, пояс таксама не горшы ад яе, успамянуў пра здрадлівую Салоху і сказаў рашуча: «добра! засылай сватоў!»
«Ай!» ускрыкнула Аксана, пераступіўшы цераз парог і ўбачыўшы каваля, і ўтаропілася са здзіўленнем і радасцю ў яго вочы.
«Зірні, якія я табе прынёс чаравікі!» сказаў Вакула: «тыя самыя, што носіць царыца».
«Не! не, мне не трэба чаравікаў!» гаварыла яна, махаючы рукамі і не спускаючы з яго вачэй: «я і без чаравікаў…» далей яна не даказала і пачырванела.
Каваль падышоў бліжэй, узяў яе за руку; красуня і вочы апусціла. Яшчэ ніколі яна не была такая дзівосна прыгожая. Захоплены каваль ціха пацалаваў яе, і аблічча яе мацней загарэлася, і яна зрабілася яшчэ харашэй.
Праязджаў цераз Дзіканьку добрай памяці архіерэй, хваліў месца, на якім стаіць сяло, і, праязджаючы па вуліцы, спыніўся перад новаю хатаю. «А чыя гэта такая размалёваная хата?» запытаў прэасвяшчэнны ў прыгожай жанчыны з дзіцем на руках, якая стаяла каля дзвярэй. «Каваля Вакулы!» сказала яму кланяючыся Аксана, бо гэта была іменна яна. «Слаўна! слаўная работа!» сказаў прэасвяшчэнны, разглядаючы вокны і дзверы. А вокны ўсе былі абведзены наўкол чырвонаю фарбаю; на дзвярах-жа ўсюды былі казакі на конях і з люлькамі ў зубах. Але яшчэ больш пахваліў прэасвяшчэнны Вакулу, калі даведаўся, што ён вытрымаў царкоўнае пакаянне, і пафарбаваў дармова ўвесь левы крылас зялёнаю фарбаю з чырвонымі кветкамі. Гэта аднак-жа не ўсё: на сцяне збоку, як увойдзеш у царкву, намаляваў Вакула чорта ў пекле, такога брыдкага, што ўсе плявалі, калі праходзілі міма; а бабы, як толькі расплаквалася ў іх на руках дзіця, падносілі яго да карціны і гаварылі: он бач, яка кака намалёвана! і дзіця, стрымліваючы слязінкі, касавурылася на карціну і ціснулася да матчыных грудзей.
Страшная помста
[62] Белая апона з рэдкага палатна з адкінутымі назад хвастамі, якую носяць на галаве жанчыны. (Слоўн. Гогаля.)