Прагаварыўшы гэта, каваль ізноў прыпусціўся бегчы з мехам на спіне.
«Ён крануўся!» казалі парубкі.
«Прапашчая душа!» набожна прамовіла бабуля, якая праходзіла міма: «пайсці расказаць, як каваль павесіўся!»
Вакула, тым часам, прабегшы некалькі вуліц, спыніўся перадыхнуць. «Куды я сапраўды бягу?» падумаў ён; «як быццам ужо ўсё прапала. Папрабую яшчэ сродак: пайду да запарожца Пузатага Пацюка. Ён, кажуць ведае ўсіх чарцей і ўсё зробіць, што захоча. Пайду, душы-ж усёроўна прыдзецца прападаць».
Пры гэтым чорт, які доўга ляжаў без усякага руху, заскакаў у мяху ад радасці; але каваль, падумаўшы, што ён як-небудзь зачапіў мех рукою і зрабіў гэты рух сам, ударыў па мяху моцным кулаком і, страсянуўшы яго на плячах, падаўся да Пузатага Пацюка.
Гэты Пузаты Пацюк быў сапраўды некалі запарожцам; але выгналі яго, ці ён сам уцёк з Запарожжа, гэтага ніхто не ведаў. Даўно ўжо, год дзесяць, а можа і пятнаццаць, як ён жыў у Дзіканьцы. Спачатку ён жыў, як сапраўдны запарожац: нічога не рабіў, спаў тры чвэрці дня, еў за шасцярых касцоў і выпіваў за адзін раз амаль па цэламу вядру; зрэшты было дзе і змясціцца: бо Пацюк, не гледзячы на невялікі рост, у шырыню быў такі ніштаваты. Пры гэтым нагавіцы, якія насіў ён, былі такія шырокія, што які-б вялікі ні зрабіў ён крок, ногі былі зусім не прыкметны, і, здавалася, вінакурная кадушка рушыла па вуліцы. Можа, гэта самае дало зачапку празваць яго Пузатым. Не прайшло некалькі дзён пасля з'яўлення яго ў сяло, як усе ўжо даведаліся, што ён знахар. Ці быў хто хворы чым, адразу клікаў Пацюка; а Пацюку варта толькі пашаптаць некалькі слоў, і хворасць як быццам рукою здымала. Ці здаралася, што згаладалы дваранін падавіўся рыбавай косткай, Пацюк умеў так майстэрна ўдарыць кулаком у спіну, што костка накіроўвалася куды ёй належыць, не зрабіўшы ніякай шкоды дваранскаму горлу. У апошні час яго рэдка бачылі дзе-небудзь. Прычына гэтаму была, можа быць, лянота, а можа і тое, што пралазіць у дзверы рабілася для яго з кожным годам цяжэй. Тады міране павінны былі накіроўвацца да яго самі, калі мелі да яго патрэбу.
Каваль не без нясмеласці адчыніў дзверы і ўбачыў, што Пацюк сядзеў на падлозе па-турэцку перад невялікай кадушкай, на якой стаяла міска з галушкамі. Гэтая міска стаяла як назнарок упоравень з яго ротам. Не паварушыўшы ніводным пальцам, ён нахіляў злёгку галаву да міскі і сёрбаў жыжу, хапаючы час-ад-часу зубамі галушкі.
«Не, гэты», падумаў Вакула сам сабе, «яшчэ больш ляны за Чуба: той прынамсі есць лыжкаю; а гэты і рукі не хоча падняць».
Пацюк, мусіць, моцна заняты быў галушкамі, бо, здавалася, зусім не заўважыў прыходу каваля, які, ледзь ступіўшы на парог, паклаў яму нізкі паклон.
«Я да твае ласкі прышоў, Пацюк!» сказаў Вакула, кланяючыся зноўку.
Тоўсты Пацюк падняў галаву і зноў пачаў сёрбаць галушкі.
«Ты, кажуць, не ў гнеў будзе сказана», сказаў, збіраючыся з духам, каваль: «я вяду пра гэта размову не для таго, каб табе зрабіць якую крыўду, даводзішся крышку раднёю чорту».
Прагаварыўшы гэтыя словы, Вакула спалохаўся, падумаўшы, што выказаўся ўсё яшчэ напрасцяк і мала змякчыў моцныя словы, і чакаючы, што Пацюк, схапіўшы кадушку, разам з міскаю пашле яму проста ў галаву, збочыў крыху і закрыўся рукавом, каб гарачая жыжа з галушак не апырскала яму твар.
Але Пацюк зірнуў і зноў пачаў сёрбаць галушкі.
Падбадзёраны каваль наважыўся гаварыць далей: «Да цябе прышоў, Пацок, дай божа табе ўсяго, дабра ўсякага ўволю, хлеба ў прапорцыі!» Каваль часамі ўмеў укруціць моднае слова; у гэтым ён налажыўся пад час бытавання яшчэ ў Палтаве, калі размалёўваў сотніку дашчатую агароджу. «Гінуць даводзіцца мне грэшнаму! нішто не дапамагае на свеце! Што будзе, то будзе, даводзіцца прасіць дапамогі ў самога чорта. Што-ж, Пацюк?» прамовіў каваль, бачачы яго нязменнае маўчанне: «як мне быць?»
«Калі трэба чорта, дык і ідзі к чорту!» адказаў Пацюк, не падымаючы на яго вачэй і працягваючы ўмінаць галушкі.
«Для таго-ж я і прышоў да цябе», адказаў каваль, кланяючыся ў пояс: «апрача цябе, думаю, ніхто на свеце не ведае да яго дарогі».
Пацюк ні слова, і даядаў рэшту галушак. «Зрабі ласку, чалавек добры, не адмоў!» наступаў каваль: «ці свініны, каўбас, мукі грэцкае, ну, палатна, проса, або чаго іншага ў выпадку патрэбы… як звычайна паміж добрых людзей вядзецца… не паскупімся, раскажы, хоць як, да прыкладу сказаць, трапіць да яго на дарогу?»
«Таму не трэба далёка хадзіць, у каго чорт за плячыма», прамовіў абыякава Пацюк, не змяняючы свайго становішча.
Вакула ўтаропіў у яго вочы, як быццам на ілбе яго было напісана вытлумачэнне гэтых слоў. Што ён гаворыць? бязмоўна пыталася яго міна; а напоўразяўлены рот рыхтаваўся праглынуць, як галушку, першае слова.
Але Пацюк маўчаў.
Тут заўважыў Вакула, што ні галушак, ні кадушкі перад ім не было; але замест гэтага на падлозе стаялі дзве драўляныя міскі; адыа была з варэнікамі, другая са смятанаю. Думкі і вочы яго міжвольна накіраваліся на гэтыя стравы. «Паглядзім», гаварыў ён сам сабе, «як будзе есці Пацюк варэнікі.
Нахіляцца ён пэўна не захоча, каб сёрбаць, як галушкі, дый нельга: трэба варэнік спачатку памачыць у смятану».
Толькі што ён паспеў гэта падумаць, Пацюк разявіў рот; паглядзеў на варэнікі і яшчэ шырэй разявіў рот. У гэты час варэнік выскачыў з міскі, пляснуў у смятану, перавярнуўся на другі бок, падскочыў угару і якраз трапіў яму ў рот. Пацюк з'еў і зноў разявіў рот, і варэнік такім-жа парадкам накіраваўся зноў. На сябе толькі прымаў ён працу жаваць і каўтаць.
«Бач якое дзіва!» падумаў каваль, разявіўшы ад здзіўлення рот, і адразу-ж заўважыў, што варэнік лезе і да яго ў рот, і ўжо вымазаў вусны смятанай. Адапхнуўшы варэнік і ўцёршы вусны, каваль пачаў разважаць аб тым, якія бываюць цуды на свеце і да якіх мудрасцей даводзіць чалавека нячыстая сіла, заўважыўшы пры гэтым, што адзін толькі Пацюк можа дапамагчы яму. «Пакланюся яму яшчэ, няхай растлумачыць, як след… Аднак, што за чорт! Сёння-ж галодная куцця; а ён есць варэнікі, варэнікі скаромныя! Што я, сапраўды, за дурань! Стаю тут і граху набіраюся! назад!» і набожны каваль кумільгам выбег з хаты.
Аднак-жа чорт, які сядзеў у мяху і загадзя ўжо радаваўся, не мог уцерпець, каб выслізнула ў яго з рук такая слаўная здабыча. Як толькі каваль апусціў мех, ён выскачыў з яго і сеў верхам яму на шыю.
Мароз шархануў па скуры каваля; спалохаўшыся і збялеўшы, не ведаў ён, што рабіць, ужо хацеў перахрысціцца… Але чорт, нахіліўшы сваё сабачае рыльца яму на правае вуха, сказаў: «Гэта я — твой сябра, усё зраблю для таварыша і сябра! Грошай дам, колькі хочаш», піскнуў ён яму ў левае вуха. «Аксана будзе сёння-ж наша», шапянуў ён, завярнуўшы сваю морду зноў на правае вуха. Каваль стаяў разважаючы.
«Няхай па-твойму», сказаў ён нарэшце: «за такую цану гатоў быць тваім!»
Чорт спляснуў рукамі і пачаў ад радасці галапаваць на шыі каваля. «Цяпер вось папаўся каваль!» думаў ён сам сабе: «цяпер вось я спаганю на табе, галубок, усе твае маляванні і несусвеціцы, што ўзводзіў на чарцей. Што цяпер скажуць мае таварышы, калі дазнаюцца, што самы набожны з усяго сяла чалавек у маіх руках?» Тут чорт засмяяўся ад радасці, успомніўшы, як будзе дражніць у пекле ўсё хвастатае племя. Як будзе вар'явацца кульгавы чорт, які лічыўся паміж іх першым на выдумкі.
«Ну, Вакула!» прапішчаў чорт, усё таксама, не злазячы з шыі, як-бы баючыся, каб ён не ўцёк: «ты ведаеш, што без кантракта нічога не робяць».