«Як што? Рука, Осіп Нікіфаравіч!» адказала Салоха.
«Гм! рука! хе! хе! хе!» прамовіў сардэчна здаволены сваім пачаткам дзяк і прайшоўся па пакоі.
«А што гэта ў вас, даражэнькая Салоха?» прамовіў ён з такім-жа выглядам, падступіўшы да яе зноў і схапіўшы яе злёгку рукою за шыю і гэткім-жа парадкам адскочыўшы назад.
«Быццам не бачыце, Осіп Нікіфаравіч!» адказала Салоха. «Шыя, а на шыі маністы».
«Гм! на шыі маністы! Хе! хе! хе!» і дзяк зноў прайшоўся па пакоі, паціраючы рукі.
«А што гэта ў вас, незраўнаная Салоха?..» невядома, да чаго-б цяпер дакрануўся дзяк сваімі доўгімі пальцамі, як раптам пачуўся ў дзверы стук і голас казака Чуба.
«Ах, божа мой, старонняя асоба!» закрычаў у спалоху дзяк, «што цяпер, калі застануць асобу майго звання?.. дойдзе да айца Кандрата!..»
Але дзякавы турботы мелі іншыя падставы: ён баяўся болей таго, каб не даведалася яго палавіна, якая і без таго страшнаю рукою сваёю зрабіла з яго тоўстай касы самую вузенькую. «У імя бога, дабрадзейная Салоха», гаварыў ён, калоцячыся ўсім целам. «Ваша дабрата, як гаворыць пісанне Лукі, раздзел трына… тры… Стукаюцца, далібог, стукаюцца! Ох, схавайце мяне куды-небудзь».
Салоха высыпала вугалле ў кадушку з другога меха, і не надта грубы целам дзяк улез у яго і сеў на самае дно, так, што паўзверх яго можна было насыпаць яшчэ з поўмеха вугалля.
«Добры вечар, Салоха!» сказаў, уваходзячы ў хату, Чуб. «Ты, можа, не чакала мяне, а? праўда, не чакала? можа, я перашкодзіў…» гаварыў далей Чуб, паказаўшы на твары сваім вясёлую і значную міну, якая загадзя давала знаць, што няспрытная галава яго працавала і рыхтавалася адпусціць які-небудзь калючы і мудраваты жарт. «Можа, вы тут забаўляліся з кім-небудзь?.. можа, ты каго-небудзь схавала ўжо, а?» і захоплены такою сваёй заўвагаю, Чуб засмяяўся, унутрана радуючыся, што ён адзін толькі карыстаецца прыхільнасцю Салохі. «Ну, Салоха, дай цяпер выпіць гарэлкі. Я думаю, у мяне гарляк змёрзся ад праклятага марозу. Паслаў-жа бог такую ноч перад Калядамі! Як усхадзілася, чуеш, Салоха, як усхадзілася… Вось пакачанелі рукі: не расшпілю кажуха! Як усхадзілася завея…»
«Адчыні!» пачуўся на вуліцы голас, суправаджаны штуршком у дзверы.
«Стукае нехта?» сказаў Чуб, спыніўшыся.
«Адчыні!» закрычалі яшчэ мацней, як раней.
«Гэта каваль!» прамовіў, схапіўшыся за капялюхі, Чуб: «чуеш, Салоха, куды хочаш падзень мяне: я ні за што на свеце не захачу паказацца гэтаму вырадку праклятаму, каб яму набегла, д'яблаваму сыну, пад абодвума вачыма па пухіру з капу велічынёю!»
Салоха, сцалохаўшыся сама, мітусілася, як учадзеўшы, і, забыўшыся, дала знак Чубу лезці ў той самы мех, у якім сядзеў ужо дзяк. Бедны дзяк не смеў нават выказаць кашлем і крактаннем болю, калі сеў яму амаль на галаву цяжкі мужык і змясціў свае намёрзшыя на марозе боты з абодвух бакоў яго скроняў.
Каваль увайшоў не кажучы ні слова, не здымаючы шапкі, і амаль паваліўся на лаўку. Прыкметна, што ён быў вельмі не ў настроі.
У той самы час, калі Салоха зачыняла за ім дзверы, нехта пастукаў зноў. Гэта быў казак Свербыгуз. Гэтага ўжо нельга было схаваць у мех, таму што і меха такога нельга было знайсці. Ён быў грубей целам за самога галаву і вышэй ростам за Чубавага кума. І таму Салоха вывела яго ў агарод, каб выслухаць ад яго ўсё тое, што ён хацеў ёй абвясціць.
Каваль безуважна аглядаў куты свае хаты, услухоўваючыся часамі ў далёка чутныя песні калядоўшчыкаў; нарэшце спыніў вочы на мяхах: навошта тут ляжаць гэтыя мяхі? іх даўно-б пара прыбраць адгэтуль. Цераз гэтае дурное каханне я здурэў зусім. Заўтра свята, а ў хаце да гэтага часу ляжыць розная дрэнь. Занесці іх у кузню!
Тут каваль прысеў да вялізных мяхоў, перавязаў іх мацней і рыхтаваўся ўзваліць сабе на плечы. Але прыкметна было, што думкі яго гулялі, бог ведае дзе, іначай ён-бы пачуў, як зашыпеў Чуб, калі валасы на галаве яго прыкруціла завязаўшая мех вяроўка, і дужы галава пачаў быў ікаць даволі выразна.
«Няўжо не выб'ецца з галавы маёй гэтая нягодніца Аксана?» гаварыў каваль: «не хачу думаць пра яе; а ўсё думаецца, і як назнарок, пра яе адну толькі. Чаму гэта так, што дума супроць волі лезе ў галаву? Што за ліха, мяхі зрабіліся нібыта цяжэй, чым былі. Тут пэўна пакладзена яшчэ што-небудзь апрача вугалля. Дурань я! я і забыўся, што цяпер мне ўсё здаецца цяжэй. Раней, бывала, я мог сагнуць і разагнуць у адной руцэ і мядзяны пятак і конскую падкову, а цяпер мяхоў з вугаллем не падыму. Хутка буду ад ветру качацца. Не», закрычаў ён, памаўчаўшы і падбадзёрыўшыся, «што я за баба! Не дам нікому смяяцца з сябе! хоць дзесяць такіх мяхоў, усе падыму». І бадзёра ўзваліў сабе на плечы мяхі, якіх не панеслі-б два дужыя чалавекі. «Узяць і гэты», гаварыў ён далей, падымаючы маленькі, на дне якога ляжаў, скруціўшыся, чорт. «Тут, здаецца, я паклаў струмент свой». Сказаўшы гэта, ён вышаў вон з хаты, насвістваючы песню:
Шумней і шумней разлягаліся па вуліцах песні і крыкі. Натоўпы тлумлівага народа павялічыліся яшчэ прышоўшымі з навакольных вёсак. Парубкі дурэлі і вар'яваліся ўволю. Часта паміж калядкамі чулася якая-небудзь вясёлая песня, якую тут-жа паспеў скласці хто-небудзь з маладых казакаў. То раптам адзін з натоўпу, замест калядкі, адпускаў шчадроўку[55] і роў на ўсё горла:
Рогат узнагароджваў выдумшчыка. Маленькія вокны падымаліся. І хударлявая рука бабулі, якія адны толькі разам са спаважнымі бацькамі заставаліся ў хатах, высоўвалася з акенца з каўбасою ў руках ці кавалкам пірага. Парубкі і дзяўчаты адны перад другімі падстаўлялі мяхі і лавілі сваю здабычу. У адным месцы парубкі, зайшоўшы з усіх бакоў, абкружылі натоўп дзяўчат: шум, крык, адзін кідаў камяк снегу, другі вырываў мех, поўны ўсяго ўсялякага. У другім месцы дзяўчаты лавілі парубка, падстаўлялі яму нагу, і ён ляцеў разам з мехам стрымгалоў на зямлю. Здавалася, усю ноч навылёт гатовы былі правесяліцца! І ноч, як назнарок, так раскошна гарэла лёгкім полымем! яшчэ бялей здавалася месячнае святло ад бляску снегу.
Каваль спыніўся з сваімі мяхамі. Яму здаўся ў натоўпе дзяўчат голас і смех Аксаны. Усе жылкі ў ім здрыгануліся; кінуўшы на зямлю мяхі так, што дзяк, які знаходзіўся на дне, завойкаў выцяўшыся і галава ікнуў на ўсё горла, пацягнуўся ён з маленькім мехам на плячах разам з натоўпам парубкаў, ішоўшых следам за дзявочым натоўпам, паміж каторым яму пачуўся Аксанін голас.
Так: гэта яна! стаіць, як царыца, і блішча чорнымі вачыма! Ёй расказвае штосьці статны парубак; пэўна пацешнае, бо яна смяецца. Але яна заўжды смяецца. Як быццам міжволі, сам не разумеючы як, працёрся каваль праз натоўп і стаў каля яе.
«А, Вакула, ты тут! здароў!» сказала красуня з той-жа самай усмешкай, якая ледзь не зводзіла Вакулу з розуму. «Ну, шмат накалядаваў? Э, які маленькі мяшэчак! а чаравікі, якія носіць царыца, дастаў? дастань чаравікі, пайду замуж!» І засмяяўшыся пабегла з натоўпам.
Як укопаны стаяў каваль на адным месцы. «Не, не магу: няма сілы болей…» прамовіў ён нарэшце. «Але божа ты мой, чаму яна такая чартоўскі прыгожая? Яе позірк, і гаворка, і ўсё, ну вось так і паліць, так і паліць… Не, не здужаю перасіліць сябе! Пара пакласці канец усяму: прападай душа, пайду ўтаплюся ў палонцы, і ўспамінай як звалі!»
Тут рашучым крокам пайшоў ён наперад, дагнаў натоўп, параўняўся з Аксанаю і сказаў цвёрдым голасам: «Бывай, Аксана! Шукай сабе якога хочаш жаніха, чмуці каго хочаш; а мяне не ўбачыш ужо больш на гэтым свеце».
Красуня здавалася здзіўленай, хацела нешта сказаць — але каваль махнуў рукою і пабег.
«Куды, Вакула?» крычалі парубкі, бачачы, што каваль бяжыць.
«Бывайце, браткі!» крычаў у адказ каваль. «Дасць бог, убачымся на тым свеце; а на гэтым ужо не гуляць нам разам. Бывайце, не ўспамінайце блага! Скажыце айцу Кандрату, каб адправіў паніхіду па маёй грэшнай душы. Свечак да абразоў цудатворца і божай маці, грэшны, не абмаляваў за мірскімі справамі. Усё дабро, якое знойдзецца ў маёй скрыні, на царкву! Бывайце!»
[55] Шчадроўкі — песенькі, што спяваліся напярэдадні новага года.