– Верш! Я прыняў верш па інтэрнэце!
– Дазвольце пацікавіцца. 6.06. Але ж гэта пазней ужо. I чаму вы думаеце, што ад яе?
– Мне так падалося… Я… дарыў ёй бэз.
– Значыцца, алібі ў вас няма.
– Я ўжо сказаў, што нічога не ведаю, – па спіне пацякла халодная ручаінка.
– Гэта мы высветлім, будзьце пэўныя. Вось вам позва, сустрэнемся ў маім габінэце. I майце на ўвазе, артыкул шэсцьдзясят шосты, частка 5.1 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса – давядзенне да самазабойства. Усяго найлепшага, – ляпнуў дзвярыма.
Вінусь сцёр з ілба пот даланёй.
– Каб не нарабіла чаго! Бы сурочыла! Бажэна! Бажэначка! Дзяўчынка! Што ж ты нарабіла?!
Ён дастаў з шафы пляшку гарэлкі, шклянку. Выпіў, здрыгануўшыся, і, не закусваючы, адразу запаліў. Галава была зусім пустая. Усяго ахапіла нейкае здранцвенне. Раптам падскочыў, выбег у вітальню, схапіў букет бэзу, пачаў шалёна ламаць голькі ды шыбаць на падлогу.
– Ненавіджу! Усіх, усіх ненавіджу!!!
З вачэй цурком цяклі слёзы. Вінусь тупа напіваўся і бясконца паліў, прыгаворваючы:
– Так не бывае… Не бывае… Не… – спазмы здушвалі горла.
Мроіліся яе вочы – блакітнае ды зялёнае – сярод бэзу.
– Я! Я – забойца! Забойца! Не! Не бывае!..
25-ты кадр
Чорная агідна-тлустая цемра баязліва туліцца ў невялікай чорнай скрынцы, якая паволі прачыняецца і раптоўна робіцца пакоем, запоўненым цемрай. Яна, вязкая, спаўзае па сценах, густымі бруднымі кроплямі падае са столі. Калышацца, як кісель, на падлозе. Так слізка, агідна. Усюды цемра. Цяжка дыхаць праз яе ліпкае цела. Яна цісне, душыць. Нейкія няясныя прывідныя гукі прарастаюць у пакой скрозь задушлівую цямрэчу. Яны аплятаюць сабою ўсё, для іх не існуе перашкодаў. Цяжка дыхаць. Тлустае, падобнае да квашаніны цела цемры набрыньвае, расце, раздзімаецца, шырыцца. Яму ўжо цесна ў маленькім пакоі. Яно высільваецца парваць сціскальную абалонку. Вось-вось і – з трэскам лопаецца. З’яўляецца неакрэсленая постаць – незразумелая істота, у якой няма твару. Не, ёсць. Ён з такой хуткасцю змяняецца, што нельга разабраць, які ён на самай справе. Скрозь пругкія сцены пакоя праціскаюцца нейкія пачварыны. Што ім трэба? Чаму ў іх такія дзікія грымасы ці то жахлівай пакуты, ці то ледзьве прыхаванага злацешання. Яны нешта шыпяць, буркочуць. Кола сціскаецца. Цяжка дыхаць. Яны падступаюць усё бліжэй. Усё вузейшым робіцца кола. Кроплі смярдзючай ліпкай цемры адрываюцца ад столі. Вузей і вузей кола. Цяжэй і цяжэй дыхаць. Пякучы, пранізлівы жах змяёю ўпаўзае ў сэрца. «Перажагнацца?» – ледзь скранулася прыліплая думка ў цяжкой, набрынялай галаве. Рука як ватная, чужая, не слухаецца. Нечалавечымі намаганнямі падымаецца і кладзе цяжкі няпэўны крыж. Дзікі пачварны рогат скалануў тлустае брыдкае чэрава цемры.
– А-а-а-а!!! – прарваўся скрозь задушлівую абалонку шалёны крык. Усё знікла…
Вінусь ляжаў на падлозе, побач – пустая пляшка. Падняўся, пацёгся ў ванную. З люстэрка на яго пазіраў паклычаны, няголены, пашарэлы, апухлы твар: «Бы гарох малацілі». У вітальні валялася скамечаная паперка. Разгарнуў – з’явіцца аб адзінаццатай гадзіне, кабінет нумар чатыры.
– Мяне засудзяць? Я не забіваў! Я кахаў яе. Па-дурному, а ці можна кахаць па-разумнаму? Я павінен баяцца? А што мне губляць? Я не мог такога прадбачыць! Як ён дакажа? Не прыняць дзяўчыну – гэта злачынства? У турму?.. Як ты магла, чуеш? Як ты магла так са мной абысціся? Ненавіджу! Дурніца малалетняя! Татаччына і мамаччына дачушка разбэшчаная! Болей трэба было ў сраку дзьмуць!!! О Божа! Што я кажу?! Яе няма, ня-ма… больш, – ударыў кулаком у дзвярное шкло. Яно пасыпалася дробнымі аскепкамі. З’ехаўшы па спусцелай раме, востры кавалак моцна ўторкнуўся ў руку.
– Пракляцце!!!
З раны хвастала, пульсуючы, кроў, рука безжыццёва абвісла.
– Толькі гэтага мне не хапала! Як жа я буду працаваць?! Што рабіць? – Схапіў на кухні рушнік, пераціснуў ім цягліцу, кроў не сунімалася. – У «хуткую»!
Пакуль чакаў прыезду дактароў, паспеў сяк-так адной рукой нацягнуць джынсы.
У бальніцы рану зашылі, руку загіпсавалі. Калі дакторка выпісвала рэцэпт на лекі, убегла маладзенькая медсястра. Вінусь здрыгануўся. «Вочы. Яе вочы. Блакітнае ды зялёнае!»
– Алачка Васілеўна, паглядзіце на мяне, калі ласка! – зашчабятала яна.
Дакторка кінула позірк паверх акуляраў.
– Не заўважаеце нічога?
Бровы жанчыны здзіўлена прыўзняліся:
– Што гэта ты вырабіла?
– Прыгожа? – засмяялася. – Падбіраю лінзы. Які колер мне больш пасуе?