– Думаю, занадта шчодра, каб з ім важдацца.
– З кім?
– Ды з Вінсэнтам, – працягвала Кіця, уціскаючы ў попельніцы недапалак.
– Разумею, вы не прымаеце мяне.
– Не, ты анічога не разумееш. Проста больш за тыдзень ён ні з кім не сустракаецца.
Бажэна ўсміхнулася:
– Ужо шмат тыдняў прайшло.
– Ты сапраўды не разумееш. Спадзяешся стаць шчаслівым выключэннем? Сцяг табе ў рукі… Ведаеш такі верш?
Кіця зноўку запаліла. Наталя адно моўчкі слухала.
З пакоя чуўся нізкі смех Светы. Неўпрыкмет пад сталом яна пагладжвала нагу захмялелага ўжо Вінуся. Яго хвалявала гэтая грубаватая спелая дзяўчына, з задзірлівым каштанавым позіркам, што быццам брала яго ўвесь час на «слабо». I ён прымаў гэты выклік. Схапіў яе руку пад сталом ды пачаў злёгку вадзіць пальцам па далоні, адчуваючы, як яна нярвова трымціць ад узбуджэння.
«Бажэна тут. Ты ведаеш, чаго яна чакае», – мільгнула думка.
– Даруй, Божа, я такі брудны побач з ёю. Толькі не я. Я не парушу. Хай зразумее гэта. Дзякуй ёй за тое, што ёсць такая. Хай лепей зараз мяне ненавідзіць… – прамовіў пра сябе. А ўвушшу прагучаў голас маці: «Ты створаны, каб атручваць жыццё, кепскае хлапчанё!»
– Што з табою? – запыталася Света.
– Ды нічога. Нічога, – паглядзеў на яе невідушчым позіркам. Наліў гарэлкі і раптугом выпіў.
Света пакруцілася на кухні, звысоку паглядзеўшы на Бажэну, ды пакіравала ў ванную.
– Вінусь! Пакажы, калі ласка, які тут можна рушнік браць! – крыкнула яна.
Вінусь няцвёрда пасунуўся за ёю, не падняўшы вачэй на Бажэну. Шчоўкнуў замок ды зацурчэла вада.
У Бажэны кальнула сэрца, забілася-запульсавала ў горле, вусны перакрывіла сутарга. Сотні, тысячы, мільёны вачэй здзекліва пазіралі на яе і лопаліся ад рогату. Яна выбегла ў вітальню. Не магла патрапіць у пантофлі. Схапіла плашч ды сумачку. Выцягнула бэзавую гронку з букета, зламала яе і кінула пад дзверы ваннай. Слёзы проста душылі яе, але не маглі вырвацца на волю. Падварочваючы на абцасах ногі, выскачыла з кватэры, ляпнуўшы дзвярыма.
– Дурніца! Дурніца! – крычала цемра.
– Куды бегчы? Пракляцце, цыгарэты пакінула.
Боль апякаў знутры, ён быў нясцерпны, проста фізічны, ён не пускаў дыхаць.
Бажэна бегла па вуліцы, цягнучы па асфальце плашч. Шалёна стукала ў скронях. Адгукаліся абцасы: «Дур-ні-ца-дур-ні-ца-ца-ца-дур…»
З візгатам спынілася дзіўная машына. За спінай пачула:
– Куды такая прыгажуня гэтак спяшаецца? Ці не да мяне?
Дзяўчына нечакана для самой сябе неяк раптоўна вяла спынілася. Ногі зрабіліся ватнымі і нібы прыраслі да асфальту. «Навошта бегчы? Куды?» – падумалася.
Мужчына падышоў і падняў плашч:
– Асцярожней, запэцкаецца.
– У вас цыгарэты не знойдзецца? – ненатуральным голасам запытала Бажэна.
– Знойдзецца. А можа, што-небудзь мацней?
– Можна і мацней, – абыякава пагадзілася.