Незнаёмец паклаў да партрэта чырвоны гваздзік.
– Дык ці варта гэтак перажываць?
– Не вашая справа! Вы нічога не ведаеце!
– І нічога не пашкадавалі б, каб яна вярнулася?
– Не чапайце мяне, ідзіце сабе.
– Што ж, пабачым, пабачым.
Мужчына пайшоў. Вінусь раптам угледзеў чорна-сівага ката, які аддаляўся па сцежцы, высока ўзняўшы хвост знакам пытальніка.
рэверс
У Вінуся ўжо ўсе былі ў зборы. Кіця з Наталяй нарэзвалі каўбасу ды садавіну. Анцік насіў напоўненыя талеркі ў пакой на стол, уяўляючы сябе афіцыянтам. Вінусь нерваваўся, сноўдаўся, больш перашкаджаючы. Даставаў пляшкі з лядоўні. Анатоль з Алесем вялі нязмушаную гутарку пад цыгарэту. Ля іх прымасцілася Света – Кіціна сяброўка – чарнявая, караценька стрыжаная, яна церабіла свае незлічоныя фенечкі на руках, час ад часу ўстаўляючы рэплікі не па-жаночы нізкім голасам.
Залямантаваў званок. Вінусь, узяўшы ахапак бэзу, пабег адчыняць. Бажэна ўвайшла ў вітальню.
– Гэта табе, – прамовіў Вінусь, кінуўшы бэз да яе ног.
– Дзякуй, – прашаптала яна.
– Матка Боска, Венера Мілоска! – усклікнуў Анцік. – Калі ласка, плашчык, – дапамагаў распрануцца.
Дзяўчаты з зайздрасцю глядзелі на Бажэну.
Яна прысела, каб сабраць кветкі, Вінусь паспяшаўся дапамагчы, нахіліўшыся да яе каленяў. Анцік і Анатоль прагна ўтаропіліся на яе аголеныя ногі. Анатоль тут жа атрымаў ад Наталі локцем у бок.
«Божа, як на выставе», – пранеслася ў Бажэны ў галаве. Яна зачырванелася ад такой неспадзявана пільнай увагі.
Прайшлі ў пакой, занялі месцы вакол стала. Каля Бажэны гопнуўся Анцік. Да Вінуся падсела Света.
– Ну, знаём, гаспадар, – скамандаваў Анцік.
Вінусь назваў прысутных і сказаў:
– А гэта мая Бажэна, – з захапленнем і зрабіўшы націск на слове «мая» ды запытальна гледзячы на яе, быццам шукаючы падтрымкі.
Дзяўчына згодна апусціла вейкі.
– За знаёмства да дна, – прытрымліваючы Бажэніну чарку пад донца, загадаў Анцік.
– Не чапай яе, яна шмат не п’е, – абараняў Вінусь.
Пасля выпітага агульная напружанасць знікла, і зноўку пацякла нязмушаная гутарка.
– Увага! – крыкнуў Анцік. – П’ем кактэйль «Жыве Беларусь!».
– Як гэта? – пачулася адусюль.
– Наліваем белае віно. Хлапцы могуць і гарэлку. Вупіваемо.
Усе выпілі.
– Цяпер наліваемо чырвонае – усе. Вупіваемо. Хуценька-хуценька. Так.
Цяпер зноўку белае. Хлапцы зноў-такі могуць піць гарэлку. Вось так. Жыве Беларусь!