Вінусь раптам зразумеў, што занадта ўвайшоў у ролю і хапіў лішку, чым прыцягнуў непатрэбную ўвагу.
– Банальна! – паўтарыла малеча годзікаў чатырох у чырвонай, белымі гарохамі сукеначцы, чырвоных лакаваных пантофліках ды белых гольфах.
Яна хітра прыплюшчыла вялікія блакітныя вочы і звонка засмяялася, трасучы бялявымі хвосцікамі з яркімі заколкамі. У руцэ дзяўчо трымала скакалку.
– Дзядзечка, давай лепей паскачам! Я цябе навучу!
– Дзякуй, даскакаўся ўжо, – прамармытаў Вінусь, забіраючы рэчы. – Я дамоў. Лепей.
эпізод 21
Прынесшы свае набыткі дахаты, Вінусь доўга хадзіў вакол іх, спрабаваў было адчыніць ды кідаў. Курыў, сядзеў за камп’ютарам. Потым пайшоў гатаваць каву. Вярнуўшыся, пабачыў ката, які сядзіць на стале побач з маніторам у медытатыўнай позе, а з рота ў яго тырчыць адно правадок ад камп’ютарнай мышы.
– Ты што робіш? Аддай мыш зараз жа!
Кот толькі ляніва расплюшчыў адно вока, усім сваім выглядам кажучы: «А не пайшоў бы ты».
– Слухай ты, тлушчкамбінат, рыбіну сваю ўбраў, цяпер за маю мыш узяўся? Вярні! Зараз жа!
Разявіўшы пельку як мага шырэй, Апостраф абедзвюма лапамі ўхапіўся за провад і пачаў цягнуць. Уся абсліненая, мыш выскачыла. Кот, адрыгнуўшы і абціраючы мыш аб свой жывот, прамовіў:
– I чаго ты такі нервяны?! Як казала мая бабуля, усе хваробы на няроўнай глебе. Глядзі, мой хлопча, – дадаў рыпучым старэчым голасам. Агледзеў мыш. – Пластмаса не падлягае пераварванню пад уздзеяннем страўнікавага соку. Будзе бегаць твая мыш – цэлая ды непашкоджаная. Разумееш, Вінсэнты, мыш для ката – гульня, здабыча, малады азарт. 3 мышшу што, пагуляў – ды кінуў. Брыдка есці і шкада пакінуць. А рыбіна… Палагея!
3 ваннай, пляскаючы аб падлогу мокрымі плаўнікамі, прысунулася рыбіна.
– Дык вось. Кот-з-рыбінай, Вінсэнты, – гэта філасофскае паняцце. Гэта адзінства-і-барацьба-супярэчнасцяў, гэта антыномія. Гэта правобраз, мысленчая структура. Абедзьве паловы паняцця аднолькава ўжытковыя адна да адной.
Апостраф дастаў крэйду і на дошцы, што ўзялася немаведама адкуль, пачаў выводзіць нейкія формулы: кот + рыбіна = спрадвечны закон быцця, кот + «Віскас» – нонсэнс, розум ката = I + Са + Р рыбіны; кот + гаспадар = раскормленая дурнаватая цацка і г. д. Спісаўшы ўсё ўшчэнт, з запэцканым белым носам і лапамі, ён гучна і задаволена чхнуў:
– Чхшто і патрабавалася даказаць. Кот-з-рыбінай, калі хочаш, што муж-з-жонкай. Муж ды жана – адна сатана. Ці не так, мая салодкая? – запытаўся, чмокнуўшы Палагею. – А што гэта ў цябе за музэйныя эхспанаты? – угледзеў прыдбанае хлопцам.
– Нічога, не чапай!
Аднак Апостраф гопнуўся на чамадан і пачаў скакаць на ім, як мячык, а рыбіна дудзела ў футарал. Кот так гойсаў, што на чамадане пстрыкнулі замкі.
– Не руш! – адчайна закрычаў Вінусь і працягнуў руку, каб схапіць ката за шкірку, але тут зазвінеў тэлефон.
– Слухаю!
Кот тым часам знік.
– Прывітанне, гэта я, – пачуўся сарамлівы голас Бажэны. – Ты не тэлефанаваў даўно. Вось я і вырашыла…
– Т-так, мяне не было… у горадзе… – Пачуўшы яе дыханне, ён раптам востра адчуў, што засумаваў па ёй. – Прыходзь на каву, да мяне.
Вінусь пабачыў, што чамадан так і стаіць з адамкнёнымі замкамі, але накрыўку падняць не наважыўся. Зачыніў і запхнуў за канапу, туды ж паклаў і амаль бязважкі чорны футарал.
– Не гатовы я яшчэ, не гатовы, – быццам угаворваў сябе.
эпізод 22
Неўзабаве прыйшла Бажэна. Уся яскравая, летняя, смуглявая. Белая сукенка спакушальна ахоплівала яе постаць і заманліва адкрывала спіну. Водар спелага язміну прыйшоў разам з ёю. Нейкія змены адбыліся ў дзяўчыне за гэты час. Больш упэўненасці ў позірку? Выклік? Усведамленне сваёй жаночай улады? Сакавітая сэксуальнасць? Ці што? Не мог адказаць Вінусь. Ён адчуў пякучае жаданне.
– Я так засумаваў, – прашаптаў адно, прагна цалуючы яе вусны…
– Табе добра? – спытаў ён пасля.
– Добра, – рэхам паўтарыла дзяўчына. Але не так, як яна пра тое чытала. Аднак Бажэна баялася сказаць пра гэта, баялася, што ён падумае, быццам яна халодная, пасмяецца з яе, ці што ён не дастаткова ўзбуджае яе, а гэта пакрыўдзіць яго, знізіць ягоную самаацэнку, а адсюль будзе толькі нярвовасць ды злосць. I яна вырашыла прыкідвацца. Да часу. Павінна ж гэта калі-небудзь адбыцца. Відаць, не ўсё адразу. «Любаму са мной добра, дык што яшчэ трэба?»
Конец ознакомительного фрагмента.