– Жыве! Жыве! – адгукнуліся ўсе.
– Ды ну цябе з тваёй прыдурру, – хмыкнула Кіця. – Хадзем, дзяўчаты, лепш на кухню, пагамонім па-жаночы. Хай яны тутака сядзяць, – пацягнула Бажэну за руку.
Аднак Света засталася з хлапцамі. Кіця ды Наталя запалілі. Бажэна прынесла з сумачкі «Парламент».
– Грэбуеш нашымі? – неяк непрыхільна запыталася Кіця.
– Ды не, што вы. Проста я слабейшыя куру, дый то зрэдку, пад настрой. У мяне ўвогуле залежнасці не ўзнікае.
– Шчаслівая… Лінзы каляровыя носіш?
– Не, з чаго ты ўзяла? А-а, зразумела. Ды не, прырода ўзнагародзіла.
– Думаю, занадта шчодра, каб з ім важдацца.
– З кім?
– Ды з Вінсэнтам, – працягвала Кіця, уціскаючы ў попельніцы недапалак.
– Разумею, вы не прымаеце мяне.
– Не, ты анічога не разумееш. Проста больш за тыдзень ён ні з кім не сустракаецца.
Бажэна ўсміхнулася:
– Ужо шмат тыдняў прайшло.
– Ты сапраўды не разумееш. Спадзяешся стаць шчаслівым выключэннем? Сцяг табе ў рукі… Ведаеш такі верш?
Кіця зноўку запаліла. Наталя адно моўчкі слухала.
– Прабачце, – Бажэна пайшла ў пакой да хлапцоў.
– Бажэначка-кветачка, сядай сюды, да мяне, – запрасіў Анцік.
– Я нібыта да Вінуся прыйшла, – адказала дзяўчына, усаджваючыся побач з тым.
– Атрымаў?! – зарагатаў Анатоль.
– Вось так, заўсёды лепшае гэтаму лайдаку па жыцці дастаецца, – уздыхнуў Анцік. Ён нешта прашаптаў на вуха Свеце, і тая зазбіралася.
Следам за ёй усхапіліся ды пачалі разыходзіцца астатнія. Кіця выразна паглядзела на Вінуся і, апусціўшы вочы, ціха выдыхнула:
– Бывай!
Вінусь пайшоў прыбіраць са стала. Бажэна яму дапамагала. У пакоі пакінулі толькі чырвонае віно ды апельсіны. Вінусь напоўніў келіхі.
– За нас?
– За нас, – адгукнулася Бажэна.
Ён паставіў свой келіх, узяў з яе рук ейны, таксама адставіў. Наблізіў свой твар да яе. Пачаў гладзіць валасы, шчокі, вусны.
– Прыгажуня мая.
Раптам зазвінеў Бажэнін мабільнік. Яна ўсхапілася:
– Гэта мама, хвалюецца. Ало! Мам, я хутка буду! Усё добра.