Мужчына адчыніў дзверцы раскошнага «Ламбаргіні Д’ябла». Дзяўчына пакорліва села ў аўто…
– Гэта са мной, – кінуў мужчына на ўваходзе ў дарагі клуб.
Яны прайшлі за столік. Гучала музыка, вакол шоста абвівалася прыгожая аголеная дзяўчына. Чулася замежная гаворка.
– Што будзеш піць?
– Каньяк! – выпаліла Бажэна.
Паклікаў афіцыянта:
– «Напалеон», калі ласка.
– Што спадарыня есці будзе? – пачціва запытаўся афіцыянт.
– Нічога, – буркнула дзяўчына.
– Калі ласка, масліны, лімон, да яго цукар ды каву змеленую, ды салату з садавіны.
Толькі зараз Бажэна разгледзела свайго спадарожніка. Ён быў вельмі на некага падобны. Але ж на каго? Не магла згадаць. Цёмны дарагі касцюм, гальштук. Белыя пяшчотныя рукі з даўгімі пачуццёвымі пальцамі, на мезеным пабліскваў прыгожы дарагі пярсцёнак. Чорная з сівізной ахайная барада. Насмешліва-паблажлівы позірк цёмных вачэй. Прапанаваў цыгарэту, дастаўшы чырвоную адмысловую запальнічку.
– Ты надзвычай прыгожая дзяўчынка. Я маю хобі – фатаграфаваць люблю па натхненні. Я здыму цябе так, як ніхто дагэтуль не здымаў.
Каньяк скаваў ногі, пакідаючы голаў надзіва ясным і пустым.
– Я абавязкова зваджу цябе ў японскі рэстаран. Там падаюць дзіўныя стравы. Адкрываеш прыгожую ракушку – а адтуль на цябе глядзяць вочкі на сцяблінках…
Бажэна ненатуральна весела смяялася ў адказ на рэплікі незнаёмца. Ёй пачынала ўжо падабацца гэтае адчуванне дарослай разгульнасці ды лёгкай небяспекі, і яна паддалася яму: будзе як будзе, няма чаго губляць. Яна ўсміхалася, шмат балбатала і неўсвядомлена распальвала гэтага незнаёмага мужчыну, як можа толькі цнатлівае дзіця, цалкам бессвядома ўпэўненае, што ягоная цнота – наймацнейшая абарона ад усяго і ўсіх, а таму абсалютна пазбаўленае страху.
– А хочаш пакаштаваць яшчэ мацнейшае за каньяк?
– Не ведаю.
– Такая смелая дзяўчынка і так няпэўна адказвае, – пасміхнуўся спадарожнік. – Я рознай дрэні не трымаю. Натурпрадукт, чысцюткі, бы першы снег. Няўжо ніколі не хацелася? Тым больш, як ты кажаш, у цябе ўнікальны арганізм – ні да чаго не прызвычайваецца. Баішся?
– Не баюся! – вочы ў вочы незнаёмцу ўперлася позіркам Бажэна.
Узяўшы сумачку, пайшла ў прыбіральню. Там, прысеўшы на ўнітаз, зачынілася, сумку паклала на калені. Няўмела насыпала з пакеціка дзве белыя цененькія дарожкі, стараючыся не дыхаць на іх. Скруціла трубачкай вырваны з нататніка лісцік. Нахілілася, уставіўшы паперу ў ноздру, і моцна пацягнула парашок у сябе – як навучылі. У імгненне слізніцу нібы апякло і заняло дыханне, бы ад моцнага ветру насустрач, тут жа дыхаць стала незвычайна лёгка і вольна. Прасвятлела ў галаве. Цела налілося моцай. Бы з высокай вяршыні пабачыўся Вінусь, бляклы і бездапаможны. Яна развяла калені і плюнула на яго, а ён, маленькі, пачаў захлынацца ў возеры і тануць. Ён так пацешна дрыгаў рукамі ды нагамі, што Бажэна засмяялася. Відаць, даволі гучна, бо дзяўчына, што мыла рукі, пастукала ў кабінку і запыталася, ці не кепска ёй.
– Дзякуй за клопат, мне добра, вельмі добра, так, як ніколі яшчэ не было, – адказала Бажэна. Яна адчувала сябе пругкім мячыкам, што моцна і лёгка адскокваў ад падлогі. Увушшу загучаў Кіng Сrіmsоn.
– Я пакажу, як мяне адпрэчваць! Мяне, прыгажэйшую за ўсіх ягоных разам узятых!
Яна паглядзелася ў люстэрка, паднавіла памаду. Лёгка і ўпэўнена прайшла ды села за столік.
– Як самаадчуванне? – запытаўся незнаёмец, заглядаючы ў вочы.
– Лепей не бывае, – адказала, зацягваючыся цыгарэтай. Блакітнае і зялёнае вочы пазіралі некуды ўглыб яе істоты. – Хачу танчыць, – ажывілася дзяўчына.
– Хадзем.
Ён надзвычай пластычна рухаўся. Бажэна, лёгкая і бязважкая, уся пульсавала ў музыцы, дыхаючы шалёна-ап’яняльнай энергіяй, здавалася, ёй не будзе супынку. Усе заглядаліся на гэтую прыгожую, сэксуальную дзяўчыну, што так цудоўна і нястомна рухалася, дазвання аддаючыся музыцы. Яна ўскочыла на подыум, абвілася вакол шоста.
«Я пакажу вам, як трэба танчыць, рыбіны вараныя!» – разарвалася ў свядомасці шалёная думка.
Мужчыны запляскалі ў далоні і абступілі подыум.
«Вось колькі іх – бяры любога, усе ля маіх ног!»