Дубавец: Я гатовы падзяліць фаталістычны погляд: рабі, што мусіш, і хай будзе, што будзе. Калі казаць пра дэмакратычную частку нашага грамадзтва і асабліва пра лідэраў, мы 15 гадоў чуем, што восеньню яго ня будзе — і заля задаволена чакае да восені. Альбо што праз год яго ня будзе. Гэта мы чуем з 1996 году. І ў дэмакратычных актывістаў ствараецца ўражаньне, што, па-першае, яны вельмі актыўна і плённа працуюць, а па-другое — што яны, як і належыць, чакаюць, калі гэта ўсё абрынецца і абваліцца. На маю думку трэба зьмяніць ракурс бачаньня гэтай праблемы, і някепска, калі гэты ракурс будзе фаталістычны — рабі, што мусіш, і хай будзе, што будзе.
Дракахруст: Наста, Вы знаходзіцеся на пярэднім краі барацьбы. Вы кіруецеся гэтым прынцыпам, пра які нагадаў Сяргей, ці ўсё ж спадзеяцеся, што Вашы высілкі, Вашы пакуты — яны нешта наблізяць, нешта зрушаць?
Палажанка: Безумоўна, усе высілкі і пакуты людзей, якія імкнуцца нешта рабіць, адбіваюцца ў сьвядомасьці людзей. Я як веруючы чалавек усьведамляю, што ў гэтай краіне не адбудзецца нічога да таго моманту, пакуль гэтага не захоча Бог. Мы можам разважаць, што цяперашні крызіс — наступства ранейшай палітыкі. І ў гэтым будзе частка праўды. Але можна глядзець і зь іншага пункту гледжаньня і спытаць, ці не дэманструе Госпад сваю волю ў гэтай краіне, ці не карае ён цяпер людзей, якія ў нечым наракалі на свой лёс, нехта не скарыстаўся той свабодай, якой мусіў, нехта не адстойваў тое, што хацеў. І ў выніку мы маем тое, што маем. Я ведаю, што ўсяму ёсьць свой час. І чалавек яго ня ведае. І ён мусіць рабіць усё, на што ён здольны, ён мусіць выкладацца, ён ня мусіць ляжаць і чакаць, што нешта зрынецца безь ніякага яго ўдзелу. Не — маліся і працуй, гэта мусіць быць лёзунгам тых, хто верыць у нейкія перамены і зьвяртаецца да Госпада ў гэты час. Сапраўды, ты павінен рабіць тое, што ты можаш рабіць, але пры гэтым разумець, што ня ўсё ў тваёй уладзе і ўсяму свой час.
Беларусь — сапраўды шматпакутная краіна. Але Госпадам яна не забытая. І шмат яшчэ трэба служыць, шмат чым ахвяраваць. І тое, што я бачыла 19 сьнежня — гэта такое беззаконьне. Калі яно пяройдзе мяжу, за гэтую краіну заступяцца. Я ў гэтым перакананая.
Алексіевіч: Я паважаю пачуцьці Насты, але я ня думаю, што ва ўсім, што з намі адбываецца, мы павінны бачыць волю Бога. Гэта і наша воля, наша баязьлівасьць, наша мужнасьць, наша няўменьне. Мне здаецца, што на сёньняшні момант гэта была б больш шчырая нота. Ня ўсе падзяляюць погляд, што ўсё ў руках Божых. Наша ўласнае жыцьцё ў нашых руках.
Палажанка: Я ведаю, што чалавеку дадзена Богам дастаткова свабоды, каб прадэманстраваць мужнасьць, баязьлівасьць, пайсьці на перадавую ці адступіць. Гэта ўсё ў моцы чалавечай. Але ў глябальным пляне тое, што адбываецца ў нашай краіне, залежыць не ад нас саміх. Аднак вы маеце рацыю — чалавек народжаны свабодным, і ў яго свабодзе ўсе дзеяньні, якія адбываюцца. І паводле сваёй свабоды ён будзе калі-небудзь адказваць.
27 ліпеня 2011
Юры Дракахруст, Прага
22 ліпеня ў Нарвегіі, у Осьле і на высьпе Утэя адбыліся тэракты, у выніку 77 чалавек загінулі і 319 параненыя. Тэракты ўчыніў экстрэміст Андэрс Брэйвік. Пра прычыны і ўрокі тэрактаў у Нарвэгіі — гутарка зь пісьменьніцай Сьвятланай Алексіевіч.
Дракахруст: Як вы лічыце, у чым прычына тэракту ў Нарвэгіі? Краіна — сусьветны лідэр дабрабыту, лідэр свабоды, мусульманская грамада ў краіне не такая ўжо вялікая. Дык чаму?
Алексіевіч: Дзякуючы сучасным тэхналёгіям мы жывем у агульным сьвеце. А доля мусульманскага насельніцтва ў краіне ўжо нічога ня значыць. Гэта адна з прычынаў. Я месяц таму была ў Нарвэгіі. Гэта вельмі прыгожая і спакойная краіна. Але я там была пасьля Масквы і злавіла сябе на думцы, што доўга там не магла б жыць — нудзілася б. І там такая астраўная псыхалёгія, многія людзі, зь якімі я размаўляла, а гэта пераважна інтэлектуалы, казалі, што ўвесь жах жыцьця — гэта недзе далёка, у іх гэта немагчыма. Але гэтыя мікробы, інтэлектуальная зараза ўплывае на ўвесь сьвет.
Мне здаецца, што тут пэўную ролю адыграла рамантызацыя зла, гэтыя ўсе вампіры, пачвары ў сучасным мастацтве... У нас зьмяніліся стасункі са злом, яно ўжо не зусім зло, яно нават ідэалізуецца. Мне здаецца, што гэта небясьпечна. Асабліва калі чытаеш развагі гэтага нарвэскага стралка, бачыш, якая каша ў яго ў галаве. Сумна, нудна, няма чым жыць.
Сучасны тэрарызм — двух відаў: тэрарызм ідэі (Чачня, Ізраіль) і тэрарызм без ідэі. Гэта, як высьветлілася, аднолькава небясьпечна — быць фанатыкам ідэі ці жыць проста без ідэі. Мы ад гэта не застрахаваныя, адзіночка ўсё часьцей кідае выклік сьвету. Нешта такое і ў нас адбылося. Здавалася б Беларусь зусім ціхая, правінцыйная краіна. І што мяне яшчэ ўразіла — што гэты нарвэскі стралок трэніраваўся на кампутары. Кампутар — гэта іншая рэчаіснасьць, адчуваньне болю, зла робіцца эфэмэрным, як бы не ўсур’ёз.
Але найбольш мяне ўразіла тое, што на вуліцы Осла і іншых гарадоў Нарвэгіі выйшлі тысячы людзей. Я ўбачыла тое, што я не магла ўбачыць ні ў нас у Беларусі, ні ў Расеі, гэтае экзыстэнцыйнае ўзрушэньне, якое было напісана на твары кожнага з гэтых людзей. Кожны гэта перажываў, кожны не дэлегаваў гэтае ўзрушэньне камусьці, як было ў нас — усе расхоплівалі газэты і чакалі, якога генэрала здымуць і што скажа прэзыдэнт. А там было відаць, як працуе чалавечая душа. Людзі гуртуюцца, людзі думаюць. А ў нас гэта ператвараецца ў новую якасьць нянавісьці.
Дракахруст: У вашай кнізе пра Чарнобыль прыводзіцца такі эпізод: пасьля катастрофы на ЧАЭС эвакуацыяй займаліся ўзброеныя вайскоўцы. Вы пісалі аб абсурднасьці сытуацыі — у каго яны зьбіраліся страляць са сваіх аўтаматаў, у радыяцыю? Гэтак і тут, у выпадку тэрарыста-адзіночкі — якая тут можа быць адэкватная рэакцыя? Ну схапілі яго, а далей што?
Алексіевіч: Гэтае чаканьне, што мы можам неяк абараніцца — пры сучасных тэхналёгіях гэта немагчыма. Мы будзем чым далей, тым больш, залежаць ад аднаго чалавека.
У нядаўняй катастрофе з параходам «Булгарыя» ў Расеі мяне ўразілі лічбы: са 102 жанчын уратаваліся толькі 32, з 56 мужчын — 26, з 44 дзяцей — толькі 14. Іншымі словамі, выжывалі больш моцныя. Яны адкідалі дзяцей і жанчын ад шлюпак, якіх было няшмат.
Сацыяльны чалавек у экстрэмальнай сытуацыі зьнікае імгненна, застаецца біялягічны. Я думала пра тое, што культура няшмат можа, што не закладзена ў чалавеку мэханізму абароны блізкага, закладзены інстынкт самазахаваньня. І не выпадае спадзявацца, што дасьць вынік культура, палітыка ці нейкая таталітарнасьць — у кожны дом заходзіць і правяраць — гэта нерэальна.
Я мяркую, што адкрытасьць, пра якую гавораць у Нарвэгіі пасьля тэракту — гэта адзіны шлях. Каб чалавечая душа ўсё ж апрацоўвалася. Бо калі замест любові будзе нянавісьць, будзе яшчэ горш. Цалкам бясьпечным грамадзтва ўжо ніколі ня будзе. Мы можам яго зрабіць толькі больш бясьпечным. І толькі любоўю.
Дракахруст: На ваш погляд, ці магчыма нешта падобнае ў Беларусі? Ну ў красавіку нешта падобнае і адбылося. Але я маю на ўвазе нешта падобнае з подбіўкай этнічнай ксэнафобіі. У Беларусі іншаэтнічная грамада не такая вялікая, але і ў Нарвэгіі таксама.
Алексіевіч: Я мяркую, што вельмі кепска, што гэтаму стралку далі магчымасьць выкласьці свае погляды. Правільна, што суд зрабілі закрытым, але тысячы, калі не мільёны, людзей чыталі гэты яго вар’яцкі маніфэст, яшчэ адзін «Майн кампф».
З аднаго боку, мы павінны мець інфармацыю, але зь іншага боку, гэта як вірус — трэба ведаць, што ён ёсьць, але ня трэба пускаць яго ў паветра. Я мяркую, што ўжо нельга казаць, што нейкае грамадзтва можа быць нечым абароненае — правінцыйнасьцю, адсталасьцю ці высокай культурай. Усе ўразьлівыя.
З таго, што нашы ўлады маўчаць аб тэракце ў Менску, не вынікае, што яны нейкім чынам да яго датычныя, хоць і гэта ня выключана. Але я мяркую, што ўлада ў шоку ад таго, што нават пры такім татальным кантролі, як у нашым грамадзтве, яна ня можа пракантраляваць такія рэчы. Гэта вельмі моцна прынізіла і ўразіла таталітарную сьвядомасьць нашай улады. Людзі ня любяць казаць пра тое, чаго яны не разумеюць, калі яны прайгралі і не разумеюць чаму. У гэтым змаганьні з адзіночкай чалавецтва прайграе.
Дракахруст: А ці ня можа здарыцца так, што гэты нарвэскі тэрарыст урэшце даможацца свайго, прыцягне ўвагу да праблемы іншаэтнічнай, іншарэлігійнай іміграцыі? Праблема ж існуе, мы бачым гэта па канфліктах і палітычных пераменах у Эўропе, у Расеі. Ці не атрымаецца так, што ён у пэўным сэнсе выйграе?
Алексіевіч: Зразумела, зь яго зробяць сьцяг нейкія людзі. У Беларусі гэта малаімаверна, але ў Расеі ў яго можа знайсьціся шмат прыхільнікаў, і ў Эўропе такія знойдуцца. Цяперашняя мультыкультурнасьць, тое, што сьвет ператварыўся ў караван-сарай, можа спарадзіць шмат розных складанасьцяў. Я цяпер жыву ў Бэрліне ў вельмі буржуазным раёне, ён вельмі прыгожы, спакойны. Але праз 500 мэтраў, праз чыгунку — там турэцкі раён. Там усё зусім іншае — і людзі, і крамы. І ўвечары лепш туды не хадзіць. Як гэта можа зрасьціся — я ня ведаю. І існуе ўзаемная варожасьць. Яна проста зьмікшыраваная палітыкай, але тое, што напружанасьць ёсьць — няма сумневу.
6 кастрычніка 2011
Радыё Свабода
6 кастрычніка дырэктар Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД) прафэсар Алег Манаеў быў затрыманы каля польскай амбасады, дзе ён зьбіраўся ўзяць удзел у брыфінгу незалежных экспэртаў для дыпляматычнага корпусу. Сацыёляг быў дастаўлены ў аддзяленьне міліцыі і праз амаль тры гадзіны адпушчаны. Пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч пракамэнтавала для нашага радыё затрыманьне Манаева і словы наконт гэтай справы, якія прагучалі на прэсавай канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнкі.
Алексіевіч: Я паважаю і заўсёды паважала прафэсара Манаева за тое, што ён застаўся непадкупным навукоўцам. Ён ніколі не працуе ні на апазыцыю, ні на ўладу, ён сапраўды працуе з рэальнасьцю, і ўсе яго высновы — яны заўсёды адкрываюць тое, што насамрэч адбываецца, і ён мае сьмеласьць гэта сказаць. І гэта не падабаецца ні адным, ні другім. Яго абстрэльваюць з абодвух бакоў.
Ён меў сьмеласьць сказаць, што Лукашэнка выйграў выбары. Ня так прыгожа, але ён іх выйграў. Гэта сумленны навуковец, які робіць сваю працу. І такія людзі ў такі складаны час нам патрэбныя, бо мы маем справу са сваімі ідэямі, са сваімі схільнасьцямі — адзін і другі бакі. І ніхто ня ведае, што адбываецца там, на вуліцы, у глыбіні нашай краіны.