Валянціна Аксак, Менск
Фільм ірляндзкіх кінэматаграфістаў Хуаніты Ўілсан і Джэймса Фліна «Дзьверы» ўвайшоў у канчатковы сьпіс намінантаў на прэмію «Оскар» у катэгорыі «найлепшы кароткамэтражны фільм». Ён зьняты паводле аднаго апавяданьня з кнігі Сьвятланы Алексіевіч «Чарнобыльская малітва».
Апрача яго, на галоўную штогадовую прэмію Амэрыканскай акадэміі кінамастацтва прэтэндуюць стваральнікі яшчэ чатырох кароткамэтражных стужак, у якіх распавядаюцца сапраўдныя людзкія гісторыі.
Навіна засьпела Сьвятлану Алексіевіч у Бэрліне, дзе тая апошнім часам жыве. Пісьменьніца не хавае сваіх пачуцьцяў з гэтай нагоды, хоць і не перастае зьдзіўляцца, чаму Хуаніта Ўілсан выбрала для свайго кінасцэнару менавіта «Маналёг пра цэлае жыцьцё, напісаны на дзьвярох».
Алексіевіч: «Мне было цікава, чаму яна выбрала менавіта гэтае апавяданьне, бо па ўсім сьвеце ідуць дзясяткі п’ес і шмат фільмаў розных здымаецца па «Чарнобыльскай малітве». Але ніхто да яе на гэтым апавяданьні не спыняўся, а вось яе зацікавіла менавіта гэтае. І яна знайшла свой ход — гэта не дакумэнтальны фільм, а такі новы дакумэнтальна-мастацкі паварот. Сцэнар зроблены пад дакумэнт, і разам з тым граюць акторы. І гэта ўжо яе бачаньне майго дакумэнту».
Фільм здымаўся на Прыпяці. У аснову пакладзеная гісторыя перасяленца, у якога ад радыяцыі памірае дачка. Перад пахаваньнем бацька хоча, згодна з даўнім звычаем, пакласьці яе на дзьверы роднай хаты, дзеля чаго яму трэба вярнуцца ў сваю адселеную вёску. Гэтая гісторыя ў свой час моцна ўразіла пісьменьніцу, а потым і ірляндзкую кінарэжысэрку.
Алексіевіч: «Калі я езьдзіла па Прыпяці, мяне дзьве гісторыі ўразілі. Першая — пра тое, як чалавек вывез з зоны адсяленьня дзьверы, якія памятаюць усё ягонае жыцьцё. І другая — як жанчына, ад’яжджаючы, зрабіла запавет, каб яе пасьля сьмерці прывезьлі назад і пахавалі ў той загінулай вёсцы. Але яна гаравала пра тое, што ня будуць пры гэтым выкананыя ўсе тыя звычаі, якія заўсёды ў іх сям’і выконваліся».
Дакумэнтальныя фільмы паводле кнігі «Чарнобыльская малітва» зьнятыя рэжысэрамі Нямеччыны, Францыі, Швэцыі, Японіі ды іншых краін. Багата стужак атрымлівалі ўзнагароды, але такой высокай намінацыі, як «Дзьверы», ніводная яшчэ ня мела. На пытаньне, ці паедзе пісьменьніца 7 сакавіка на цырымонію ўручэньня «Оскара», спадарыня Алексіевіч сказала: «Ня ведаю. Пакуль мяне ніхто не запрашаў».
24 сьнежня 2010
Ганна Соўсь
Госьця «Начной Свабоды» — пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч, якая напісала адкрыты ліст да кіраўніка Беларусі, дзе зьвяртаецца да яго як выбаршчыца і як пісьменьніца. Увечары 19 сьнежня некалькі дзясяткаў тысяч людзей выйшлі на вуліцы Менску і рушылі да Дому ўраду,дзе былі брутальна зьбітыя спэцпадразьдзяленьнямі міліцыі. Сотні людзей былі затрыманыя, у тым ліку — і большасьць кандыдатаў у прэзыдэнты.
Соўсь: У гэтыя дні прагучала шмат гучных заяваў з асуджэньнем гвалту супраць удзельнікаў пасьлявыбарчых пратэстаў, заяваў зь непрызнаньнем вынікаў выбараў. Ваш адкрыты ліст адрозьніваецца ад большасьці лістоў. Вы наўпрост не патрабуеце вызваленьня вязьняў, не заклікаеце стаць на шлях дэмакратыі і павагі да правоў чалавека. Вы разважаеце і задаяце пытаньні Аляксандру Лукашэнку як пісьменьніца і як выбаршчыца. Скажыце, калі ласка, чаму Вы абралі такі шлях? Ці Вы лічыце, што мова заяваў, асуджэньняў, заклікаў у выпадку зь беларускім кіраўніком не спрацуе? Ці спрацуе такі разважлівы, філязофскі ліст?
Алексіевіч: Ніводзін чалавек сёньня ня можа спакойна чакаць Калядаў, калі нашы сябры сёньня недзе ў камэрах і мы, напрыклад, нічога ня ведаем пра Валодзю Някляева. Хто можа застацца ў баку ад гэтага? Мы задыхаемся ад той нянавісьці, якой захлынуўся наш эфір, мы нічога ня знойдзем у той нянавісьці. І я як пісьменьніца не магла сабе дазволіць з шабляй кідацца чарговы раз. Мне здаецца, трэба, каб мы ўсе апамяталіся і пачалі гаварыць чалавечай мовай. З уладай трэба размаўляць. Там таксама ёсьць людзі, калісьці ж нехта пераканаў Ельцына выпусьціць з турмы ўсіх яго палітычных непрыяцеляў. Нехта знайшоў нейкія словы да яго. Нам трэба гэтыя словы шукаць. Мы нічога нянавісьцю не народзім. Мы толькі расколем сваю краіну.
Соўсь: У лісьце Лукашэнку вы параўноўваеце цяперашнія падзеі ў Беларусі з 30-мі сталінскімі гадамі. Я цытую: «Яшчэ трохі, і пачнуцца паказальныя працэсы. Навучаны натоўп будзе крычаць: «Укрыжуй яго!» Былыя паплечнікі і сябры стануць здраднікамі, студэнты будуць выдаваць сваіх прафэсараў, а прафэсары будуць выдаваць сваіх студэнтаў. Настаўнікі сваіх вучняў».
Ці глядзелі Вы хаця б фрагмэнтарна прэсавую канфэрэнцыю Лукашэнкі на другі дзень пасьля выбараў? Я кажу не пра выступ кіраўніка Беларусі, а пра твары ў залі і пра рэакцыю чыноўнікаў на ягоны словы. Міністар аховы здароўя ўсьміхаецца, калі Лукашэнка зьдзекліва гаворыць пра стан здароўя зьбітага Ўладзімера Някляева. Як пісьменьніцы Вам цікавыя гэтыя людзі, якія ствараюць сьвіту Аляксандра Лукашэнкі, якія забясьпечваюць яму ўладу? Ці Вы хацелі б напісаць пра іх? Ці хацелі б пранікнуць у іх галовы?
Алексіевіч: Я слухала гэтую прэс-канфэрэнцыю. І мне было сорамна. Сорамна і за тых, хто сядзеў у зале і слухаў гэта, мне было сорамна за прэзыдэнта. Як пісьменьніца я хацела б ведаць, якім чынам людзі не разумеюць, што робяць. Бо ёсьць гісторыя, ад яе нікуды не падзецца. У іх жа растуць дзеці. Усім вядомыя гэтыя імёны. Я была разгубленая перад тым, што ў нас няма пачуцьця ўласнай годнасьці, перад тым, наколькі слабая чалавечая прырода. Гэта было непрыемнае відовішча.
14 красавіка 2011
Юры Дракахруст, Прага
11 красавіка на станцыі «Кастрычніцкая» Менскага мэтрапалітэну адбыўся тэракт, у выніку якога 15 чалавек загінулі і больш за 200 былі параненыя. Свой погляд на сэнс і наступствы тэрарыстычнага выбуху мы папрасілі выкласьці пісьменьніцу Сьвятлану Алексіевіч.
Дракахруст: На ваш погляд, якія высновы вынікаюць з таго, што і ў Беларусь прыйшоў сапраўдны тэрарызм?
Алексіевіч: Мы цяпер можам сказаць, што мы таксама не змаглі адседзецца на прызьбе. У адной з найлепшых аповесьцяў Быкава «Знак бяды» герой думае, што пераседзіць вайну на хутары. А канчаецца тым, што вайна яго зацягвае і ён гіне разам зь сям’ёй. Так і тут: гэтыя парадак і стабільнасьць, пра якія мы так шмат гаварылі, пра якія наша ўлада гаварыла, ня могуць супрацьстаяць глябальнаму сьвету, у якім нешта адбываецца з чалавекам. Страчаны сэнс жыцьця, каханьня, працы. Чалавек застаўся ў пустаце, ні з чым, твар у твар са сьмерцю.
Частка людзей ідэйна займаецца зьнішчэньнем сабе падобных. Але самае страшнае — што мы ў руках самотніка. Здаецца, што такіх будзе ўсё больш — тых, якія не вытрымліваюць ціску гэтага сьвету.
Дракахруст: Але калі справядлівая вэрсія сьледзтва, можа тут словы пра ўключэньне ў глябальны сьвет не зусім дарэчныя? Проста чалавек з псыхічнымі адхіленьнямі, але з добрымі тэхнічнымі здольнасьцямі.
Алексіевіч: Сёньня ўлада прымае меры, якія, магчыма, вынікаюць зь яе сьветапогляду: трэба ціснуць, трэба сілай усё спыніць, і яно спыніцца. Такі курс узяты пасьля выбараў, курс на сілу, на кантроль над грамадзтвам. Гаворыцца, што трэба дапытаць апазыцыю, тых, хто інакш думае, маўляў, яны вінаватыя ў тым, што ў паветры нейкі мікроб разбуральных ідэяў. Але гэты мікроб — у паветры ня толькі Беларусі, ён у паветры ўсяго сьвету.
Мне пагрозы прэзыдэнта нагадалі мае ўражаньні, калі я была ў чарнобыльскай зоне неўзабаве пасьля выбуху. І там вакол рэактара велізарная колькасьць людзей бегала з аўтаматамі. Поўная бездапаможнасьць чалавека перад новым выклікам. І цяпер нешта падобнае адбываецца ў Беларусі. Здаецца, што калі ўсіх запалохаць, усіх пракантраляваць... Ды немагчыма ўсіх пракантраляваць. Як вы пракантралюеце маньяка-самотніка?
Тэрарызму можна супрацьпаставіць толькі ідэі, але ідэй сёньня ў сьвеце няма. Пасьля таго, як перасталі працаваць моцныя ідэі сацыялізму, фашызму, якія, хай шляхам сілы і крыві, маглі згуртаваць нацыю, сёньня чалавек застаецца самотны. І сучасны тэхнагенны сьвет выклікае пратэст. Людзі са слабой псыхікай шукаюць такія формы самарэалізацыі. Мне здаецца, што ўсе бясьсільныя перад гэтым выклікам. Гэта ня толькі наша праблема.
І калі сёньня я чытаю, што, маўляў, Лукашэнка ўзарваў... Кепска, што людзі так думаюць, што гэта магла зрабіць улада. Я ня думаю, што наш сялянскі мэнталітэт здольны на такія рэчы, мы што зьверху, што зьнізу — аднолькавыя людзі, гэта маларэальна. Мы проста ўключыліся ў гэты глябальны разбуральны працэс.
Дракахруст: Вы ўжо пачалі гаворку пра рэакцыю грамадзтва на выбух. Назіралася некалькі аўтаматычных рэакцыяў літаральна пасьля яго. Частка адразу адрэагавала (гэта было бачна, прынамсі, у Інтэрнэце): гэта ўлада, гэта Лукашэнка, і думаць больш няма пра што. А з боку прадстаўнікоў улады мы чулі развагі пра тое, што і выбух у 2008 годзе, і падзеі 19 сьнежня, і валютны крызіс, і цяперашні тэракт — усё гэта зьвёны аднаго ланцуга, вакол ворагі. Усё гэта гаварылася адразу, як толькі стала вядома пра тэракт. Што азначае такая аўтаматычная рэакцыя адных і другіх?
Алексіевіч: Яна азначае, што мы — людзі пляскатага сьвету. Мы выйшлі са сьвету таталітарнага і апынуліся ў аўтарытарным сьвеце. Чорнае — белае, белае — чырвонае... Прызнаць, што сьвет больш складаны, чым адносіны Лукашэнкі і апазыцыі — гэта для многіх людзей вялікая праца. Яны зноў гатовыя дэлегаваць адказнасьць за тое, што адбываецца, некаму аднаму. Тым больш, што ўся сыстэма замкнёная на адным чалавеку. Яму прыпісваецца і ўсё найлепшае, і ўсё найгоршае.
Гэта гаворыць аб няздольнасьці да самастойнага мысьленьня. Сьвет значна больш складаны, асабліва сучасны сьвет. А мы замкнуліся ў гэтай беларускай капсуле і сядзім у ёй нявылазна. І здаецца, што сьвет — гэта нашы стасункі з нашым прэзыдэнтам. Гэта гаворыць аб інтэлектуальнай бездапаможнасьці і ўлады, і апазыцыі, і грамадзтва.