Алексіевіч: Што тычыцца беларускага чытача, гэта будзе вельмі доўга. Тое самае і для расейскага чытача. Паколькі зьнікла чырвоная імпэрыя, то і зьнікла напрацаваная ідэя. Ня важна якая яна... Вядома, засталіся мора крыві і бочкі мяса, і поўная катастрофа ў розумах людзей. Адначасова сёньня людзям яшчэ горай жыць, асабліва маленькаму чалавеку, і ён разгублены. Маленькі чалавек ня думае ж стратэгічна, ён жа не пісьменьнік, каб сядзець і думаць аб важных рэчах Ён глядзіць — няма грошай, пайшоў...
Я асабліва паезьдзіла па Расеі, дык там жах. У нас яшчэ нейкая своеасаблівая сумесь фэўдалізмуі і сацыялізму, яшчэ больш-менш схавана ўсё на нейкі час. Таму, з аднаго боку, пра вайну мы ня ведаем праўды — асабліва беларусы пра партызанскую вайну. Калі ваюе армія — гэта арганізаваная ваенная машына, добрая ці дрэнная, але машына, ёсьць законы, статут, правы, гэта значыць, ёсьць інстытут, колькі жыве чалавецтва, столькі гэтаму інстытуту гадоў. Партызанская вайна, гэта, агулам, поўны разбой. Ты залежыш ад камандзіра, асабліва жанчыны (што я добра ведаю); калі ты габрэй, табе могуць і ў сьпіну стрэліць.
Усё гэта мы ведаем, і мы гэтага ня ведаем. Гэта значыць, што мы ведаем пра гэта як сьведкі, ад бацькоў, ад дзядоў, вось мне бабуля зь дзедам расказвалі, што яны баяліся ноччу адных, а днём іншых... А літаратура аб гэтым ня піша, літаратуры аб гэтым няма або вельмі мала...
Шупа: А ці ня позна ўжо?
Алексіевіч: Я ня думаю. Наадварот, сёньня да гэтых рэчаў можна зусім інакш падысьці. Гэта тое, што я спрабавала сёньня сказаць. Мяне, на ўзроўні такіх канкрэтнасьцяў, зусім не цікавіць (гэта, можа, ужо і позна) — колькі падарвалі эшалёнаў, як адны гераічна забівалі іншых і г. д. Але паколькі мы жывем у эпоху спажывецтва, у чалавека няма стрыжня. І вось яму няма на чым... Ну ўсе мы троху праваслаўныя, так, але сапраўдных вернікаў, якія па сапраўднаму ведаюць і чытаюць Біблію, ня так і шмат... А бітва дабра і зла ў чалавечым сэрцы вядзецца заўсёды, і таму такія матэрыялы, такая гісторыя дае магчымасьць размовы з такім чалавекам. На якім яшчэ матэрыяле вы можаце сёньня гаварыць з нашым чалавекам аб дабры і злу? Аб чым?
Шупа: Але паглядзіце, ўдзельнікаў вайны ўжо амаль не засталося, засталіся састарэлыя сьведкі. Ці зьмянілася нешта сёньня ў іх успамінах?
Алексіевіч: Я недзе пяць гадоў таму кнігу дапоўніла — я дапісала, бо яны сёньня гаварылі лепш, чым тады. Сёньня яны больш свабодныя. Калі раней я мусіла іх пераконваць, што пра гэта можна расказваць, то сёньня яны ўжо і самі гэта ведаюць.
Шупа: Але ці разумеюць сёньняшнія чытачы? Ужо вырасьлі два-тры новыя пакаленьні...
Алексіевіч: Калі вы зойдзеце ў польскую кнігарню — паглядзіце, як чытаюць «У вайны не жаночае аблічча». Кніга выйшла ў Польшчы — дзьве прэміі. Гэта ж пра нешта гаворыць? Гэта гаворыць пра тое, што гэта — прадмет размовы. У палякаў складанае стаўленьне да расейскай гісторыі — хто толькі не ваяваў на гэтай тэрыторыі — былі беларускія інтарэсы, польскія, украінскія, савецкія. Мы ж нічога гэтага ня ведаем. Урэшце ёсьць жа архівы, ёсьць дакумэнты — калі б гэта нехта апісаў, усе б гэта чыталі сёньня, бо мы па вялікім рахунку нічога пра сябе ня ведаем. У нас ёсьць сталінская вэрсія, і мы дагэтуль па ёй жывем. Калі ты раскажаш гісторыю па-людзку, пра лёс чалавека — просты, «маленькі» чалавек будзе чытаць. Чаму ў нас сёньня на сэкцыі не атрымалася размова? Бо ў гісторыка адзін погляд, а ў пісьменьніка іншы.
20 верасьня 2012
Алесь Дашчынскі
У Беларусі працягваецца датэрміновае галасаваньне на выбарах у Палату прадстаўнікоў. Пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч сказала, што хоць і будзе ў дзень выбараў у Беларусі, але галасаваць ня пойдзе, бо лічыць, што адбываецца чарговае палітычнае шоў. Сьвятлана будзе працаваць над новай кнігай «Час second-hand. Канец чырвонага чалавека».
Алексіевіч: У тых абставінах, пры той уладзе, якая ў нас, усё гэта ілжыва, непрыстойна. Мы па вялікім рахунку ня ведаем, што адбываецца ў краіне, якія сілы, якія людзі насамрэч карыстаюцца даверам, насамрэч могуць нешта зрабіць. Гэта ўсё свавольства, усеўладзьдзе такое. Мы жывем у краіне нічога пра яе ня ведаючы. А ісьці яшчэ раз гэта памнажаць — навошта? Калі сядзяць палітвязьні, калі людзям, якія вылучаюцца, не даюць слова, калі столькі падману, хлусьні, удзельнічаць у гэтым проста непрыстойна. Мы ўсе апынуліся ў пастцы. З аднаго боку, трэба нешта рабіць, а з другога боку, поўнае бясьсільле і немагчымасьць нешта рабіць. Я бачу, што ўсе паралізаваныя. Гэта ўжо ня страх як такі, а гэта поўнае адчуваньне свайго бясьсільля, бездапаможнасьці. І амаль адчай. Ён ва ўсіх — і ў тых, хто езьдзіць на джыпе, і ў тых, хто цягне ад заробку да заробку. Гэта нейкі агульны адчай таго, што мы выпадаем з часу. Поўнае нейкае палітычнае і чалавечае бяспраўе»
24 сьнежня 2012
Радыё Свабода
На відэапартале YouTube зьявіўся дакумэнтальны фільм «Плошча. Жанчыны». Ідэя праекту належыць пісьменьніцы Сьвятлане Алексіевіч. Сьвятлана Алексіевіч адказала на пытаньні «Свабоды».
Алексіевіч: Зразумела, вельмі хацелася б, каб гэтае відэа паглядзела як мага болей людзей. Каб не прайшлі міма нас тыя пакуты, якія перажылі гэтыя жанчыны ды іх дзеці. Каб час ад часу ўзгадвалася пра тое, што не ва ўсіх матак вытрымала сэрца ад таго, што здарылася зь іхнымі хлопчыкамі. У нашым фільме распавядаецца, што маці двух палітвязьняў памерлі. Вось такімі гісторыямі можна абудзіць свой народ, а ня нейкімі палітычнымі лёзунгамі... Трэба гаварыць пра чалавечыя рэчы і такім чынам прабівацца да іншых. Бо кожны з нас можа апынуцца на месцы гераінь гэтага фільму.
Свабода: Фільм зьняты мабільным тэлефонам з убудаванай відэакамэрай. Гэта звычайныя чалавечыя размовы пра тое, што ў жыцьці далёкіх калісьці ад палітыкі жанчын зьмянілася пасьля падзеяў 19 сьнежня 2010 году. Падставай для праекту стала сустрэча ў Вас дома з вашымі сяброўкамі — мастацтвазнаўцай, журналісткамі. Размова ішла пра тое (гэта Ваша тэма), што гісторыя народу, краіны жыве ў кожным маленькім чалавеку, што гэта трэба фіксаваць на любы даступны носьбіт. І тады адна зь іх — мастацтвазнаўца Тацяна Цюрына — сказала: «Ага, у мяне ёсьць мабільнік...»
Алексіевіч: Так, мы гаварылі пра тое, што кожны чалавек носіць гісторыю ў сабе ды зносіць, сыходзячы, з сабой. Толькі ў аднаго гэта дзьве старонкі, а ў другога — дзесяць, і г. д... Літаратура ўжо не пасьпявае адлюстраваць усё гэта. Пісьменьнік спрабуе шукаць нейкія новыя словы, аднак энэргія зь іх сышла. Каму давярае цяпер наш сучасьнік? Гэта, зразумела, сьведкі, сьведчаньні... І гэтыя сьведчаньні важна сёньня захаваць на любым носьбіце — дыктафоне, камэры, тэлефоне... Ня важна як. Галоўнае — убачыць, пачуць. І зафіксаваць. Зафіксаваць гэты момант можа мастак, журналіст... У гэтым праекце такое ўдалося. Мы, дарэчы, хочам зрабіць і працяг, які будзе называцца «Плошча. Мужчыны». Будуць два такія погляды... Мне самой цікава, што з гэтага выйдзе.
Свабода: «Плошча. Жанчыны», «Плошча. Мужчыны». У гэтых назвах акцэнт робіцца на падзеі амаль двухгадовай даўніны. Хоць у тым самым відэафільме пра падзеі 19 сьнежня гаворыцца ня так ужо і шмат...
Алексіевіч: Лічу, што Плошча, тыя падзеі, якія адбыліся 19 сьнежня 2010 году — вельмі знакавыя. Гэта яшчэ раз пацьвярджае здагадку, што мы, з аднаго боку, ператварыліся ў гета, дзе наверсе жыцьцё робіцца, так бы мовіць, «па паняцьцях», аднак усярэдзіне адбываюцца нейкія нязвыклыя і цікавыя працэсы, якія сёньня ня кожны разумее ды ўсьведамляе...
Мы ўбачылі, што народ — гэта зусім ня тое, што пра яго прынята думаць: што гэта людзі, якіх апанаваў страх, рабы. Так, гэта прысутнічае, аднак, тым ня менш, пры гэтым наверх могуць выйсьці зусім іншыя сілы... Як адбываецца часта ў экстрэмальных умовах, у тым ліку на вайне (гэта і мая тэма таксама) — кажуць пра пакуты герояў, аднак ніхто ня кажа пра пакуты жанчын. У нашым такім крыху патрыярхальным грамадзтве традыцыйна лічылася і лічыцца, што жанчына нібыта звонку, а жыцьцё — як старое, так і сучаснае — робяць мужчыны. Насамрэч вядомыя падзеі паказалі зусім іншае.
Я лічу, што калі абставіны зьменяцца, а яны зьменяцца, у палітыку ды грамадзкае жыцьцё прыйдзе шмат жанчын. Бо яны ёсьць, і іх рост як асобаў вельмі адчувальны. Яны растуць на фоне гэтых падзеяў, на фоне страху, нават асабістых стратаў, на той зьнявазе, якую мы перажываем як нацыя. Жанчыны «праб’юцца». Бо трымаць іх далей на другасных ролях проста немагчыма. Пра гэта наш расказ... Для мяне вельмі важная канцоўка фільму, калі на сустрэчы блізкіх сваякоў палітвязьняў старэйшая жанчына, у сям’і якой ніхто не пацярпеў, ніхто не сядзеў, кажа: «Я пражыла ўсё жыцьцё ў СССР, а прыходжу сюды, каб адчуваць сябе свабоднай.
24 красавіка 2013
Алена Радкевіч, Прага
Наколькі запатрабаваная ў Беларусі літаратура кшталту кнігі Юрыя Бандажэўскага «Турма і здароўе», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды — XIX стагодзьдзе»?
Радкевіч: Вядомы беларускі навуковец і асьветнік Барыс Кіт, якому сёлета споўнілася 103 гады, узгадвае пра сябе так: «Два разы я сядзеў пры польскай уладзе і адзін раз пры нямецкай у Глыбокім, у камэры сьмяротнікаў. Вельмі сумна і дрэнна, але такі, відаць, наш лёс беларускі — заўсёды даводзіцца сядзець у турмах. Ніяк ня можа Беларусь трапіць у добры час». Ці ня ў сувязі з гэтай сваёй турэмнай гісторыяй беларусы так спакойна і з фаталізмам успрымаюць умовы сваёй несвабоды?
Алексіевіч: Я думаю, што гэта сапраўды можна разглядаць як мэтафару — ёсьць рэальная турма, турэмныя тэрміны, там сядзяць людзі з пакаленьня ў пакаленьне. Можа, толькі ў апошнія часы СССР гэтага не было, а так гэта сапраўды ўвесь час нас суправаджае. Дастаткова прайсьці па вуліцах Менску, дзе ўсё чыста, прыгладжана, але ўбачыць гэтую несвабоду можна ў павадках людзей, у іх поглядах, у тым, як яны паводзяць сябе ў грамадзкім транспарце. Усё гэта паводзіны несвабодных людзей. Гэта таксама нейкая форма турмы. Тут вы маеце рацыю.
Радкевіч: А ці ня склалася так, што беларусы ўжо і пабойваюцца свабоды?
Алексіевіч: Чалавек, які ўсё жыцьцё сядзіць у турме, вядома, баіцца свабоды. Там міска баланды і знаёмыя правілы паводзінаў, і раптам цябе выкідаюць у так званую свабоду. Таму многія з гэтых людзей вяртаюцца назад у турму — у іх няма навыкаў іншага жыцьця. Чаму вось нічога не атрымалася зь перабудовы? Такая выдатная ідэя, людзі памкнуліся насустрач свабодзе. Але аказалася, што ніхто ўяўленьня ня мае, што такое свабода.