Алексіевіч: Эканамічная сытуацыя — гэта галоўнае для сьвядомасьці сёньняшняга беларуса. Калі выбіраць паміж сям’ёй, сваім домам і Лукашэнкам, беларус выбера сям’ю, ён яе будзе абараняць. Бо за Лукашэнкам няма ніякай ідэі, акрамя яго ўласнай улады. І ў Лукашэнкі няма іншага досьведу, каб супрацьстаяць таму, што адбываецца, акрамя савецкага досьведу і досьведу расейскага «большого хапка». Іншага досьведу ў нашай намэнклятуры няма, і яна абсалютна бездапаможная перад тварам сацыяльнай катастрофы, якая пачалася. І я мяркую, што нават Пятро Сільвестравіч, у якога двое сыноў займаюцца бізнэсам і сёньня, наколькі я ведаю, іх бізнэс ляжыць — я ня ведаю, пра што ён там з мужыкамі гутарыць, калі выпівае ўвечары.
Мы засталіся апошняй краінай, дзе магчымая постсацыялістычная рэвалюцыя. Гэтыя рэвалюцыі робяць алігархі і намэнклятура. У нас алігархі і намэнклятура прыціснутыя, але ў намэнклятуры моцны інстынкт самазахаваньня, і яна нават у апазыцыі можа перахапіць плян выратаваньня сябе ў першую чаргу, а потым і краіны. Бо магчымасьць ператварэньня Беларусі ў губэрню сёньня навідавоку. Гэта ўсё разам стварае прадчуваньне катастрофы для ўлады.
Дракахруст: Наста, вось тая рэвалюцыянізацыя, пра якую казала сп-ня Сьвятлана, калі і адбываецца, то неяк дзіўна. Пачытаеш Фэйсбук, ЖЖ — дык уражаньне, што рэвалюцыя ўжо здарылася, Лукашэнку поўны ШОС («Штоб он сдох» — Рэд.) Але вось вакол судоў, дзе праходзілі працэсы над вязьнямі 19 сьнежня, не назіралася ня тое што тысячаў, але нават і сотняў людзей. Як сказаў у маёй нядаўняй перадачы блогер Рэваншыст, «для адных былі выбары, для іншых цяпер надышоў крызіс».
Можа, беларускае грамадзтва і працягвае заставацца сэгмэнтаваным: для кагосьці тыя самыя працэсы па справе 19-га — падстава абурацца, нешта пераасэнсоўваць, дзейнічаць, ахвяраваць сабой, а для іншых — як падзеі дзе-небудзь у Тунісе, якая нам справа да іх?
Палажанка: Мне таксама здаецца, што ў нашым грамадзтве нешта мяняецца. У краіне адбываюцца зьмены сьвядомасьці пасьля 19 сьнежня. Тое, што беларусы цярплівыя — гэта безумоўна так, гэта такая Боская рыса. Але акрамя гэтай рысы, Госпад даў беларусам і адчуваньне справядлівасьці. Калі адбыўся разгон Плошчы 19 сьнежня, то паводле дадзеных НІСЭПД сярод моладзі да 30 гадоў 60% асудзілі дзеяньні ўлады, яны былі перакананыя ў тым, што акцыя пратэсту мела мірны характар. Людзі праз такія падзеі ўсьведамляюць, што ў краіне адбываецца нешта звышнесправядлівае ў адносінах да простага чалавека.
Я магу пагадзіцца, што гэтае стаўленьне сэгмэнтаванае — нехта адчувае гэта больш балюча, нехта ставіцца нэўтральна, бо яго гэта нібыта не турбуе. Гэта адбываецца таму, што ў нас няма агульнай бяды, агульнай праблемы.
Я ня веру, што калісьці стане вырашальнай тая эканамічная напружанасьць, якая цяпер мае месца ў нашай краіне. Я перакананая, што Расея ніколі ня дасьць беларусу загінуць ад голаду. Так, яна зробіць так, каб жыцьцё ў Расеі падавалася лепшым і прыгажэйшым, тым больш напярэдадні іх прэзыдэнцкай кампаніі, каб разбурыць міт, што ў маленькай Беларусі пад кіраўніцтвам Лукашэнкі добра жывецца. Ня тое мусіць стаць чыньнікам, за які людзі гатовыя пайсьці, ахвяраваць сабой і дамагчыся новай дзяржавы, новай улады. Але тое, што гэта падштурхоўвае — гэта безумоўна. Аднак падштурхне толькі тады, калі людзі ўсьвядомяць сувязь паміж наяўнасьцю ў турмах палітвязьняў і адсутнасьцю грошай у іх кішэнях, калі зразумеюць, чаму іншыя краіны адвярнуліся ад Беларусі, чаму ніхто з годных эўрапейскіх палітыкаў ня можа падаць руку Аляксандру Рыгоравічу, хто ў гэтым вінаваты.
Калі людзі ўсьвядомяць гэтую сувязь, можна будзе казаць, што наша грамадзтва рэвалюцыянізавалася.
Калі я выйшла з турмы, я была ўражаная атмасфэрай салідарнасьці. Я зьдзівілася, што яе выказвалі ня толькі тыя, хто быў актывістам, хто быў сябрам нейкай партыі ці грамадзкай арганізацыі. Гэта былі людзі, якія проста востра адчулі тое, што адбываецца ў краіне.
Я даведалася, што блізу 50 тысяч даляраў сабралі звычайныя беларусы на сядзібе БНФ, каб падтрымаць тых, хто знаходзіцца ў турмах. Што гэта, калі ня зьмены? Многія з гэтых людзей ня могуць дапамагчы пратэстам, тым, што яны выйдуць на Плошчу. Яны пакуль ня бачаць, за кім пайсьці, не ўсьведамляюць, чаму яны мусяць гэта рабіць. Але каб людзі ўсьвядомілі прычыну і з гэтага пачалі свой пратэстны шлях, трэба працаваць дэмакратычнай супольнасьці Беларусі. Менавіта для гэтага яна і існуе і менавіта гэтым павінна займацца.
Пратэстных настрояў можа і няма, але ёсьць моцнае раздражненьне. Гэта можна было пабачыць па вядомым відэа, як людзі баранілі ад міліцыі пасажыра без квітка. Яны ўжо пачынаюць рэагаваць на сыстэму, у якой жывуць. То ім гэты бедны міліцыянт трапіўся, то нехта падобны.
Дракахруст: Сяргей, і Сьвятлана, і Наста бачаць гэтыя «гронкі гневу», бачаць патэнцыял пратэсту, які нарастае і нават выплюхваецца на паверхню. А вы ня бачыце. Яны вас не пераканалі?
Дубавец: Не. Што такое пратэст? Мы чакаем каўбаснага бунту ці чаго? Пратэстныя настроі былі б заўважныя, калі б увасабляліся ў нейкія арганізаваныя формы. Дзе незалежныя прафсаюзы? Іх не чуваць. Дзе рабочы рух? Яго не чуваць. Тое самае можна сказаць і пра нацыянальны рух, якога не відаць і не чуваць. Настроі настроямі, але мы ж думаем пра тое, да чаго яны прывядуць і да чаго мусяць прывесьці. Прывядуць толькі тады, калі структурызуюцца. Інакш будзе проста дзікі бунт.
Дракахруст: Ці не зьяўляецца адной з прычынаў народнага маўчаньня і цярпеньня тое, што народ па вялікім рахунку ня бачыць у апазыцыі прывабнай альтэрнатывы? Бо што прапануе апазыцыя? Эўропу і рынкавыя рэформы. А што такое рэформы? Прыватызацыя са скіданьнем з балянсаў прадпрыемстваў «сацыялкі», беспрацоўе, маёмасная дыфэрэнцыяцыя — капіталізм, словам. А беларус, на думку, напрыклад, Сьвятланы Алексіевіч — сацыяліст. І вось нейкі, скажам, рабочы з МТЗ можа разважаць, што ў тым рынкавым парадызе Насьце Палажанцы, Сяргею Дубаўцу, Сьвятлане Алексіевіч, Юрыю Дракахрусту будзе добра. А яму кепска. Дык з чаго ён папрэцца на Плошчу, нават калі яму цяпер кепска? Каб яму стала яшчэ горш?
Алексіевіч: Я хацела б напачатку адказаць Сяргею. Ён кажа аб структурнай падрыхтаванасьці грамадзтва да рэвалюцыі. Але што мы назіраем цяпер на Ўсходзе — гэты каскад рэвалюцыяў? Якая там структурнасьць? Ніякай. Там ёсьць пачуцьцё справядлівасьці і часу, народ ня хоча жыць на пэрыфэрыі гісторыі і ўрываецца туды.
Для рэвалюцыі дастаткова пачуцьця справядлівасьці і голаду. Ня ўсе беларусы хочуць стаць Малдовай, ператварыцца ў гастарбайтэраў, каб іх жонкі ехалі ў 50 гадоў глядзець дзяцей у Італіі ці Парыжы.
Гэта ў 90-я гады людзі згаджаліся на гэта. А цяпер у беларусаў іншае, падкормленае і затрыманае разьвіцьцё. Тое, пра што Вы, Юры, кажаце, адбудзецца пасьля рэвалюцыі. Ня трэба хаваць — час, калі сыдзе Лукашэнка, будзе дастаткова складаным. Ён ужо наступае. Мы згубілі час, амаль 20 гадоў. Самае жахлівае, што засталося ад сацыялізму і застанецца ад Лукашэнкі, які затрымаў мутанта сацыялізму — гэта чалавек.
Гэта, з аднаго боку, чалавек заціснуты. Як герой клясыка амэрыканскай літаратуры, які сьпіць у гумовым мяху, і кажа, што калі заціснуцца, то і някепска — можна нават бачыць сны. Вось нешта падобнае адбываецца і зь беларусам. Яны суцяшаюцца патрыманай машынай, нечым іншым, у іх свая сыстэма каштоўнасьцяў. А з другога боку гэта дарослае дзіця. І жыцьцё ўдарыць яго аб зямлю вельмі балюча. Гэта будзе вельмі цяжкі час. І я разумею Пятра Сільвестравіча, які кажа мне дакладна тое, што цяпер, Юры, сказалі Вы. Але гэта як хвароба. Калі вы баіцеся ісьці на апэрацыю, гэта ня значыць, што вы застаняцеся жывым. Іншага выйсьця ў нас няма.
Дракахруст: Сяргей, а як Вы ацэньваеце гэты, так бы мовіць, клясавы аспэкт працэсаў, якія цяпер адбываюцца ў Беларусі? Можа і сапраўды мы, нашае кола, адстойваем свой грубы групавы інтарэс? Мы ўсьведамляем, што калі сыдзе Лукашэнка, нам канкрэтна будзе жыць добра. А як будзе астатнім — нас гэта па вялікім рахунку не цікавіць. А гэтыя астатнія асьцерагаюцца, што ім будзе жыць горш. Наста, і не яна першая, сказала, што ў беларусаў вельмі моцны матыў дзеяньняў, вельмі важная для іх каштоўнасьць — гэта справядлівасьць. І можа людзі цяпер не страйкуюць, не бунтуюць менавіта таму, што лічаць, што тое, што прыйдзе на зьмену Лукашэнку — будзе несправядліва.
Дубавец: Мне здаецца, што людзі ў масе сваёй ня мысьляць прагнозна, тым больш у катэгорыях усёй краіны і эканомікі. Штосьці думаюць пра сям’ю — што зь ёй будзе, а ў цэлым жывуць сёньняшнім днём. Яны не параўноўваюць, што можа быць з Лукашэнкам і без Лукашэнкі. Іншая рэч, што вось гэты стыхійны бунт, які прарочыць сп-ня Алексіевіч, можа быць. Але для гэтага павінны фатальна пагоршыцца ўмовы жыцьця. Мне б больш хацелася разважаць пра тое, якая структура створыцца ў грамадзтве, якая яна павінна быць — тая, што возьме ўладу пасьля Лукашэнкі.
Напачатку 90-х быў Беларускі Народны Фронт, які фармуляваў ідэі дэмакратыі і нацыянальнага адраджэньня. І больш-менш у тым накірунку ўсё і рухалася, гэты ўсеагульны народны пратэст увасабляўся ў цывілізаваныя формы, ствараўся рабочы рух, страйкамы і г. д. Я мяркую, што было б абсалютна прымальным такое deja vu. Але сёньня БНФу няма, вось у чым праблема, няма масавай арганізацыі, аб’яднанай каштоўнасьцямі, а ня чымсьці іншым — грантамі там, паездкамі, асабістымі адносінамі.
Дракахруст: Наста, а як Вы лічыце — ці не існуе паміж інтэлігенцыяй, актывістамі і народам разрыў інтарэсаў, разрыў паміж уяўленьнямі пра справядлівасьць? Для адных несправядлівасьць — калі за 19-е саджаюць, за разьбітыя дзьверы фактычна, а для іншых несправядлівасьць — калі беспрацоўе будзе, калі прыйдзе на МАЗ замежны інвэстар і скажа: палову гэтых — на вуліцу, усю «сацыялку» — прэч, лішнія клопаты і лішнія людзі мне не патрэбныя. Хай іх корміць хто заўгодна. Або хай паміраюць.
Палажанка: Тыя людзі, якія імкнуцца мець уладу ў гэтай краіне, мусяць усьведамляць, што яны бяруць на сябе адказнасьць за гэтых людзей, якія могуць ня верыць ім, якія ўскладуць на іх свае спадзяваньні. Нехта цяпер можа баяцца, што будзе кепска. Дык горш ня будзе. Мне здаецца, што кожны беларус мусіць ведаць інфармацыю, за кошт каго і чаго жыла наша краіна, што яна даўно не зарабляе грошы, а жыве за кошт пазыкаў і крэдытаў. І тое, што стала кепска цяпер, не азначае, што менавіта цяпер зьмянілася палітыка нашай дзяржавы. Гэта азначае, што 17 гадоў у нас была праблема, якую ад беларусаў утойвалі. І цяпер мы пажынаем гэтыя плады. Калі чалавек хварэе, яму баліць. Дык ён лечыцца, хоць лячэньне можа быць і непрыемным. У рэшце рэшт яму стане лепш.
Я згодная з тым, што савецкую спажывецкую сыстэму мяняць на рынкавую, на эўрапейскі выгляд будзе складана. І зразумела, што калі гэта будзе мяняцца, улада мусіць думаць пра народ, мусіць думаць пра тое, як зрабіць менш балючымі гэтыя перамены. Але палітыкі, якія імкнуцца да ўлады, ня мусяць хлусіць, яны мусяць гаварыць адкрыта, што будзе складана. Гэта сапраўды так. Але інакш свабоду ніяк не заваюеш.
Дракахруст: Як вы ставіцеся да такога фаталістычнага погляду на гісторыю і палітыку: пакуль не прыйшоў час нейкай сыстэме абрынуцца, дык хоць ты на галаву ўстань, што б хто ні прыдумаў, яна ўсе роўна вытрымае і проста раструшчыць лёсы тых, хто паўстае супраць яе. А прыйдзе час, калі ўзьнімецца народ, а ня толькі самаахвярныя актывісты, ну тады ўсё і адбудзецца. Сьвятлана Алексіевіч у прыгаданым інтэрвію «Нямецкай хвалі», гаворачы пра працэсы па справе 19 сьнежня, сказала: «Я абсалютна ня веру ў тое, што ўсе гэтыя ахвяры, думкі, здрада пройдуць бясьсьледна».
А можа і пройдуць. Нехта параўноўвае Лукашэнку з Чаўшэску, маўляў, ёсьць Божы суд і на зямлі, дачакаецца. А чаму не са Сталіным, Мао, Франкам, безьліччу іншых дэспатаў, якія спакойна сабе памерлі ў сваіх ложках, і толькі пасьля іх сьмерці нешта пачало мяняцца? І «ахвяры, думкі, здрада» савецкіх, кітайскіх, гішпанскіх змагароў з тыраніяй — хіба яны пакінулі нейкі сьлед? Прыйшоў іншы час і ўсё зьмяніў. Можа гэта ўжо потым інтэлектуалы прыдумляюць, што сьляды застаюцца?
Алексіевіч: Ёсьць розныя катэгорыі часу — час блізкі і час далёкі. Далёкі час справядлівы. Сёньня мы, маючы факты, можам усё сказаць пра 1937 год. А тады людзі не маглі гэта сказаць, а хто спрабаваў, вельмі дорага за гэта плаціў. Я ня Глоба, але ў мяне ёсьць свой прагноз. Мне здаецца, што ў блізкім часе ўсе мы працуем на перамогу намэнклятуры.
Структуры, якая б аб’ядноўвала, няма, БНФ сам сябе цалкам дыскваліфікаваў у народнай сьвядомасьці. Застаўся адзіны стрыжань у грамадзтве, які прызнаюць усе — ад бамжа да таго самага намэнклятуршчыка — гэта намэнклятура. Яна скарыстаецца плёнам нашых высілкаў, гэта будзе прамежкавы варыянт. Як мы з гэтага выблытаемся ў дэмакратычную, справядлівую прастору?
Мы карыстаемся гэтымі словамі, але дэмакратыю трэба песьціць, для яе патрэбныя свабодныя людзі, якіх сёньня нідзе няма. Паслухаеш нашых апазыцыянэраў, дык яны разважаюць на ўзроўні майго любімага героя Пятра Сільвестравіча.
У Эўропе дэмакратыю песьцяць, як газон, 200 гадоў. У нас няма гэтых гадоў. Намэнклятурная рэвалюцыя будзе прагрэсам у параўнаньні з тым, што мы маем сёньня. У нас цяпер то Андропаў зьяўляецца, то іншая несянеціца. На блізкі час спадзевы ў мяне невялікія.