Алексіевіч: «Я вельмі рада, што праз 10 або 15 гадоў урэшце я дома і магу гаварыць са сваімі чытачамі на радзіме. Я вельмі засумавала бяз вас…»
За 30 гадоў творчага жыцьця Сьвятлана Алексіевіч напісала 5 кніг. Яны выйшлі мільённымі накладамі ў ста выдавецтвах сьвету. Цяпер яна працуе яшчэ над трыма творамі. Пісьменьніца прызнаецца:
Алексіевіч: «Я ўсе кнігі пішу па 10 гадоў, вось «Чарнобыльскую малітву» — 11 гадоў. Калі чытаеш — здаецца, гэта ня так цяжка. А насамрэч сабраць гэты трагічны матэрыял вельмі складана. Але яшчэ складаней — знайсьці новы погляд, новы ракурс, укласьці гэта ў нейкую новую філязофію, каб гэта сапраўды было адкрыцьцём… Мы сёньня ўжо дастаткова культурныя, дастаткова разумныя. Сёньня грамадзтва разумнейшае за ўладу, разумнейшае нават за мастацтва і літаратуру. Таму вельмі сур’ёзна трэба думаць, з чым можна выйсьці да вас і што вам сказаць».
У маскоўскім выдавецтве «Время», якому пісьменьніца перадала правы на выданьне яе кніг на расейскай мове, выйшлі чатыры тамы з заплянаванага сямітомніка твораў («У вайны не жаночае аблічча», «Апошнія сьведкі», «Цынкавыя хлопчыкі», «Чарнобыльская малітва»). Цяпер яна піша новую кнігу «Час second-hand. Канец чырвонага чалавека». Гэта кніга пра апошнія 20 гадоў нашага жыцьця, якія былі вельмі складаныя для самой Сьвятланы, складаныя для ўсіх беларусаў.
Алексіевіч: «Складаныя гады не таму, што канфлікт з уладай, канфлікт, часам, і з маімі героямі, якія таксама ва ўладзе свайго часу, ва ўладзе нейкіх маніпуляцый… Мы ўсе безабаронныя перад сваім часам, перад краінай. Я думаю, кожны з нас у адзіноце прайшоў гэты шлях. Таму што ніколі не было яшчэ такога шляху — ад сацыялізму да капіталізму. Я асабіста была да гэтага не гатовая. А ў Беларусі, у параўнаньні з той самай Расеяй, іншымі краінамі, як бы запаволеныя гэтыя працэсы пераходу ў капіталізм, у рынак. У нас такі «аўтарытарны сацыялізм», калі ёсьць такая разнавіднасьць».
Новая кніга Сьвятланы Алексіевіч складаецца зь некалькіх частак: пра што гаварылі на кухнях у 1987—1997 гадах — 10 гісторый у чырвоным інтэр’еры; хоры з вулічнага шуму 1997—2007 гадоў — 10 гісторый без інтэр’еру. Яна сама ў роспачы:
Алексіевіч: «Я вяду цягам ужо 30 гадоў вось гэтую «хроніку чырвонай цывілізацыі» — пішу пра тое нашае жыцьцё, якое называлася сацыялізмам. Але мы, нягледзячы на тое, што езьдзім на іншых аўтамабілях, носім імпартныя, кітайскія і італьянскія шмоткі, пакуль яшчэ застаемся савецкімі. Мы пакуль яшчэ з зусім іншага часу, які не супадае зь цяперашнім часам. І кожнаму з нас трэба прайсьці яшчэ гэты нялёгкі шлях».
У плянах пісьменьніцы — дапісаць кнігу пра каханьне, завяршыць працу над кнігай «Канец чырвонага чалавека». А сёмая кніга будзе пра старасьць. Яна верыць ў лепшае:
Алексіевіч: «Улада будзе такой, якой будзем мы. Улада — наша адлюстраваньне. Уладу трэба нікому не аддаваць. Яе трэба браць цывільным шляхам. Яе трэба адстойваць кожнаму з вас. Трэба змагацца на прасторы сваёй асобы, сябе трэба мяняць. І гэта адзіны шлях: мы будзем новыя, і жыцьцё будзе новае. Вось пра гэта я і пішу».
15 верасьня 2009
Юры Дракахруст, Прага
Чаму ў Беларусі такі высокі паказьнік самагубстваў? Як ён мяняўся ў апошнія дзесяцігодзьдзі? Чаму за гэты час назіраўся істотны рост самагубстваў сярод мужчын? Як абумоўліваюць схільнасьць да самагубстваў культурныя і рэлігійныя асаблівасьці? Над гэтымі пытаньнямі ў «Праскім акцэнце» разважаюць пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч, псыхіятар Менскага гарадзкога псыханэўралягічнага дыспансэру Ігар Сарокін і псыхоляг Менскага гарадзкога Цэнтру сям’і і дзяцей Жанна Міцкевіч.
Дракахруст: 27,5 выпадкаў на сто тысяч насельніцтва — такім быў паказчык самагубстваў у Беларусі летась. Гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў і ў рэгіёне, і ў сьвеце. У сярэднім у Эўропе штогод забівае сябе 17 чалавек са ста тысяч насельніцтва. Чаму так шмат беларусаў канчаюць жыцьцё самагубствам?
Міцкевіч: Тут нельга назваць нейкую адну прычыну. Паводле колькасьці самагубстваў на 100 тысяч чалавек насельніцтва мы ўваходзім у пяцёрку краінаў, найбольш схільных да самагубстваў. Беларусам уласьцівае імкненьне да стабільнасьці, пакою, звычкі. Ёсьць прамая залежнасьць паміж суіцыдам і стратай сацыяльнага статусу. Гэта называецца «комплекс караля Ліра». Калі адбылася «перабудова», калі чалавек не знаходзіць сабе месца пасьля таго, як ён быў стабільна ўладкаваны, тады і здараецца мноства самагубстваў. Але яшчэ адна прычына — гэта алькагалізм. Псыхатэрапэўты лічаць, што алькаголікі ўчыняюць каля траціны ўсіх самагубстваў і чвэрць усіх спробаў зрабіць самагубства. Хранічныя алькаголікі — вялікая частка беларускага насельніцтва. У Цэнтар, дзе я працую, прыходзяць жанчыны, і кожная чацьвёртая кажа, што муж п’е.
Дракахруст: Сьвятлана Алексіевіч, Вы ў свой час напісалі кнігу пра самагубцаў «Зачараваныя сьмерцю». На Ваш погляд, чаму так шмат беларусаў канчаюць жыцьцё самагубствам? Жанна Міцкевіч сказала пра сытуацыю нестабільнасьці, але, напрыклад, вайна — гэта, здаецца, найвышэйшая форма нестабільнасьці. Але вядома, што падчас вайны колькасьць самагубстваў рэзка зьмяншаецца. А чаму цяперашняя нестабільнасьць спараджае рост самагубстваў?
Алексіевіч: Я і цяпер пішу новую кнігу «Час second-hand. Канец чырвонага чалавека», і там таксама будзе пра людзей, якія сыходзяць з жыцьця ці то ад бездапаможнасьці ці з пратэсту. Я да таго, што сказала Жанна, магу дадаць тры, як мне падаецца, галоўныя прычыны самагубстваў у Беларусі ў наш час.
Ня трэба забываць, што мы жывем на парэштках імпэрыі. Тая рэзэрвацыя, у якой мы жывем, не дае такую стабільную карціну сьвету, якую даваў сацыялізм. Сацыялізм — гэта не такая простая ідэя, у ім была мэтафізыка, ён прапаноўваў сэнс жыцьця. Гэта была амаль ваенная сытуацыя. Ні ў воднай экстрэмальнай сытуацыі чалавек не канчае з сабой, ён мабілізуецца, у яго ёсьць мэта.
Пасьля развалу імпэрыі мэты зьніклі, раздрабіліся. Зьявіліся мэты, зусім не зьвязаныя з нашай гісторыяй — назапашваньне, спажываньне. Гэта зусім новыя выклікі і спакусы, няма на што мэнтальна абаперціся. У мяне ў кнізе ў адной гераіні маці памерла не ад старасьці, а ад таго, што не хацела жыць пры капіталізме. Страта сэнсу жыцьця: усё, што ззаду — дарма, усё, што наперадзе — абсалютна незразумела.
Другая рэч — чалавек сышоў з барыкады. Людзі нават гэта не ўсьведамлялі, але яны былі як патроны ў патранташы. Цяпер яны выкінутыя, выкінутыя ў сям’ю, выкінутыя да другога чалавека. Гэта таксама бездань. Але наша культура ня вучыць, як жыць з другім чалавекам. Патрапіць пад уладу іншага чалавека можа быць яшчэ страшней, чым на вайне. Мы ж вар’яты, мы ўвесь час жылі недзе: на вайне, у Чарнобылі, у ідэі, мужчыны ўвесь час былі як бы ня дома. Да гэтых выклікаў людзі таксама не гатовыя. Ён вярнуўся дадому і ня ведае, што там рабіць.
І трэцяя прычына — гэта новае жыцьцё. Яго хацелі, але меркавалі, што гэта будзе такі прыгожы эўрапейскі супэрмаркет. А аказаліся, што сусед уладкаваўся, а я — не. І асабліва пацярпелі мужчыны. Жанчына хапаецца за дзіця, за інстынкт. А мужчына — ён паляўнічы, ён павінен прыносіць здабычу ў дом. А ён пасьля камунізму, дый наагул славянскі мужчына — гэта чалавек, якому прасьцей устаць у шыхт і загінуць у агульным шыхце, чым прызнацца, што сусед уладкаваўся, а я — не, і сказаць, што гэта я вінаваты.
Дракахруст: Сп-ня Сьвятлана, вы ўжо раней адказалі на першую частку майго пытаньня — пра прычыны скачку ўзроўню самагубстваў у 90-я, але ў чым прычыны зьніжэньня гэтага ўзроўню ў апошнія гады? Ці яно сапраўды тлумачыцца тымі адміністрацыйнымі мерамі ўліку, пра якія казаў сп. Ігар? Ці гэта аб’ектыўны працэс, бо зьніжэньне паказчыка самагубстваў назіраецца і ў суседзяў Беларусі — у Літве, ва Ўкраіне, у Расеі. У Літве ён усё роўна самы высокі ў сьвеце, але ён ніжэйшы, чым быў 10 гадоў таму. Можа, гэта вынік працэсу адаптацыі, прывыканьня грамадзтва да новай рэчаіснасьці?
Алексіевіч: Прычына — у стоме. У людзей быў шок, калі гэтая сцэмэнтаваная канструкцыя разьляцелася і чалавек апынуўся ў пяску і парэштках. Зьявіліся хуткія багатыя і хуткія бедныя, да гэтага трэба было прызвычаіцца, і працэс прывыканьня быў вельмі цяжкі. Што да алькагалізму, то гэта традыцыя, але гэта і сьледзтва ўсіх гэтых працэсаў. Калі кажуць «алькагалізм», то нібыта закрываюць праблему. А там шмат прычынаў — і наша слабасьць, і бясьсільле людзей. І людзі зразумелі, што ім трэба прыстасоўвацца да новага жыцьця. Старыя людзі яшчэ больш пастарэлі, усё ж 20 гадоў прайшло, і ўжо Бог займаецца тым, колькі гадоў ім засталося.
А ў моладзі завышаная самаацэнка і завышаныя патрабаваньні да жыцьця. Я думаю. што праз гадоў 10–20 у нас наўрад ці нешта моцна памяняецца і ў нас ізноў будзе скачок самагубстваў, бо іх надзеі ня спраўдзяцца.
Я часам думаю, калі гляджу БТ і чытаю газэты, што гэта ўсыпленьне, гэта наркотык моцнай прэзыдэнцкай аўтарытарнай улады. І чалавек уваходзіць у змову з гэтай уладай, як чалавек уваходзіць у змову са сваёй хваробай. Ён пачынае паддавацца шаманству гэтай ўлады: у нас усё кепска, але ў нас усё добра. Задзейнічаны фактар сацыялізму, які ў нас яшчэ 20 гадоў працаваў і які сьведчыць пра тое, што ў сацыялізму быў патэнцыял — гэта дало вынікі. Чалавек умее прыстасоўвацца. На шчасьце.
Дракахруст: Сп-ня Жанна, а як бы Вы патлумачылі гэтую траекторыю: даволі памяркоўнае значэньне паказчыка самагубстваў у 80-х, рэзкі скачок у 90-х і павольнае зьніжэньне ў апошнія гады?
Міцкевіч: Я хачу дадаць да таго, што гаварылі. Этнічны характар у гэтай праблеме ўсё ж назіраецца. У Грузіі, Армэніі і Азербайджане паказчык самагубстваў — 2 чалавекі ў год на 100 тысяч насельніцтва. Мужчына нясе адказнасьць за сваю сям’ю. Што тычыцца беларусаў, то выхаваныя ў большасьці жанчынай, вырасьлі слабыя мужчыны, якія ня могуць пастаяць ня толькі за сябе, але і за сваю сям’ю. І ў выніку гэты чалавек, які апынуўся ў пэрыяд 90-х перад новым жыцьцём, які не знаходзіў сабе месца, быў слабы. Гэты самы мужчына слабы і цяпер. Ён выйшаў на пэнсію — ён ня ведае, што рабіць. Ён прыйшоў з войска — ён ня ведае, што рабіць. І таму шмат жанчын, што прыходзяць да нас, кажуць — муж не працуе, я працую.
Вы задалі пытаньне наконт гэтага зьніжэньня паказчыку самагубстваў у апошнія гады. Па-першае, я згодная з Вамі — ідзе менавіта адаптацыя да новага жыцьця. І таму прыходзіць нейкая ўстойлівасьць. Разам з тым большасьць моладзі ўжо хоча новага жыцьця, хочуць больш ведаць, больш дзе бываць, рабіць іншым сваё матэрыяльнае жыцьцё. І яны ўжо шукаюць выхады і бачаць іх па-свойму. Магчыма, гэта зьмяншае схільнасьць да самагубстваў. Па-другое, тое, што нарэшце загаварылі аб алькагалізме і робяць першыя крокі, каб зьменшыць гэтую праблему — гэта таксама спрыяе зьмяншэньню колькасьці самагубстваў.
Алексіевіч: Я ўсё больш схіляюся да таго, што мы ўсе — закладнікі сваёй культуры. Ёсьць праблема адсутнасьці Дому, адсутнасьці сям’і, такое адчуваньне, што маеш справу зь бяздомнымі людзьмі. Нібыта жывуць мужчына і жанчына разам, але спытаеш — ці памятаеце вы дзень вашай першай сустрэчы, дзень вашага шлюбу? У Эўропе гэта людзі памятаюць і сьвяткуюць. А ў нас калі прайшло 10-20 гадоў — ня памятаюць людзі. Дні нараджэньня дзяцей — мужчыны ня памятаюць, кажа — «здаецца, у сакавіку». Нам у Беларусі не хапае мастацтва жыцьця. Ня проста пабег на трактар, на завод, а потым зь сябрамі «адарваўся» ў лазьні ці ў падваротні «на траіх». Дзякаваць Богу, цяпер ужо сядзяць у нейкіх «забягалаўках», хоць нейкая культура, лепш, чым за кіёскам выпіць. У людзей няма адчуваньня, што гэта — адзінае жыцьцё, што ў ім ёсьць радасьці акрамя выжываньня. Тое, што грэкі называлі «мастацтвам жыць», у нашай культуры адсутнічае.
У нас ёсьць геніяльны досьвед выжываньня. Філязофію жыцьця памянялі на філязофію выжываньня. Менавіта таму і ўвесь час прыгадваем вайну. Гэта нейкая пастка для нашай культуры. Ёй закрываюцца ўсе праблемы і на ўзроўні дзяржавы, і ў сям’і, асабліва калі ў ёй ёсьць стары чалавек. У Эўропе сапраўды ўжо не гавораць пра вайну, хоць шмат людзей, якія перажылі яе, у Эўропе ж сярэдні ўзрост значна большы. І жахліва перажылі, хай гэта і непараўнальна з нашым савецкім досьведам, з жахлівым беларускім досьведам, дзе партызанская барацьба была надзвычай жорсткай. Але людзі прыгадалі, што ёсьць яшчэ і проста жыцьцё. І яны жывуць гэтым жыцьцём. Гэта ня значыць, што яны забылі. У нас ты адразу робісься блюзнерам, калі так кажаш. Я не кажу, што трэба забыць, я кажу, што трэба жыць.
4 лютага 2010