Не было свабодных людзей. А для свабоды патрэбныя свабодныя людзі. А іх не было. Адны сядзелі на кухнях і лаяліся, чакалі, што нехта нешта зьменіць наверсе, хтосьці на заводах і фабрыках у курылках абмяркоўваў тое самае.
Я думаю, што ў нашай культуры няма ніякага іншага досьведу, апрача досьведу гвалту. У нас няма досьведу радасьці, досьведу жыцьця, культуры радасьці, культуры жыцьця. У нас толькі досьвед гвалту, выжываньня, агулам — толькі ваенны досьвед. Сёньня і людзі паводзяць сябе таксама: паміж імі нейкія жорсткія дачыненьні. Дастаткова ўвайсьці ў тралейбус ці мэтро — і гэтая жорсткасьць і страх там разьлітыя ў паветры. Хоць людзі ўжо езьдзяць на добрых машынах і носяць ужо ня толькі кітайскія і турэцкія касьцюмы, але гэтыя погляды няўпэўненасьці і нянавісьці застаюцца. Я вось жыву побач з маленькай царкоўкай і бачыла, як сьвятар асьвячаў дарагія машыны. А пасьля гэтага да іх уладальнікаў падышоў бомж. І яны, якія, здавалася, толькі што дакрануліся да Бога, пачалі яго гнаць зь нецэнзурнай лаянкай прэч...
Радкевіч: Вось Вы казалі, што ў пачатку перабудовы людзі яшчэ ня ведалі, што такое свабода. А як Вы думаеце: цяпер беларусы ўжо пачынаюць акрэсьліваць для сябе, што такое свабода? Валянцін Акудовіч казаў неяк, што беларусы атрымліваюць пакуль асалоду ад прыватнага спажываньня, ад прыватнага жыцьця. А вось да разуменьня патрэбы грамадзкіх свабодаў яны яшчэ не дарасьлі?
Алексіевіч: Я думаю, што гэта дэфармацыя росту, гэта першапачатковае. Гэта яшчэ такі вульгарны пэрыяд. Людзі раней нічога ня мелі. Спачатку беднасьць, аскетызм. Людзям хацелася проста наесьціся. Мне ў адной краме сказалі: якая свабода, вунь пайдзі, гарэлкі колькі хочаш, нават бананы ляжаць, каўбасы поўна, якая яшчэ свабода табе патрэбная, нам і гэтага хопіць. Адначасова гэта не зусім так. У галовах нашых людзей як бы дзьве палічкі. На адной ляжаць гэтыя матэрыяльныя тавары, тое, што мы можам сабе дазволіць. А зь іншага боку, нейкая частка людзей езьдзіць за мяжу, бачыць іншы сьвет, яны здагадваюцца, што можа быць іншае жыцьцё, і яно можа быць інакш арганізаванае, але гэта як бы «не пра нас».
Таму што калі яны прыяжджаюць, дастаткова перайсьці мяжу альбо апынуцца ў залі чаканьня ці пашпартнага кантролю, ты апынаесься ў іншым часе, у іншых узаемаадносінах. Тыя людзі, якія раскланьваліся зь немцамі альбо з італьянцамі, я іх бачыла, як яны праходзілі пашпартны кантроль у Рыме — і зусім гэта іншыя людзі, калі яны апынуліся на пашпартным кантролі ў Беларусі. Яны неяк жорстка адзін з адным. А ўжо калі яны ўзялі рэчы і выходзяць да сваіх — яны зноў вяртаюцца ў нейкі канон, канон несвабоды, які прысутнічае ў сьвядомасьці. І гэта, на жаль, напэўна, рост, але рост такі зацяжны, хваравіты, вельмі доўгі рост. Я думаю. што на сёньняшні дзень мы валодаем толькі ваенным досьведам, турэмным досьведам, і гэты досьвед — пастка. Ён перашкаджае і інтэлектуалам, і палітыкам, і простым людзям. Ён перашкаджае нам прарвацца ў нейкае іншае жыцьцё, бо мы абмежаваныя гэтым, гэта ўспрымаецца як норма.
Што такое кніга Бандажэўскага, якога я вельмі паважаю, які сапраўды асоба, і гэты досьвед турэмны асьвечаны моцнай, цікавай, неардынарнай асобай. І ён проста кажа, як выжыць. Але ў Шаламава ёсьць выказваньне, што лягерны досьвед нікому не патрэбны. Ён патрэбны толькі ў лягеры. Ён разбэшчвае і кáта, і ахвяру. І вось я думаю, ёсьць яшчэ больш жорсткае вызначэньне — што лягерны досьвед кáта і ахвяру зьвязвае, гэта — братэрства ў падзеньні. І гэта жорстка, але гэта тое, што з намі сапраўды адбываецца. Мы разбэшчаныя, мы адно ад аднаго залежныя. Вось уся краіна абмяркоўвае тое, што сказаў Лукашэнка. Сказаў глупства, на ўзроўні «гопніка» — але ўся краіна гэта абмяркоўвае. І ўся дурнее...
Радкевіч: Вось Вы сказалі наконт кнігі Юрыя Бандажэўскага, што, вядома, гэта не мастацкая кніга, гэта свайго кшталту кніга па сыстэме выжываньня. Гэта кніга, напісаная ў турме, значыць, яна можа быць аднесеная да турэмнай літаратуры. У сучасным беларускім літаратурным працэсе ўзьнік цэлы пласт такой літаратуры, які пакуль не ацэнены. Я невыпадкова сказала «пакуль», бо сёньня на прэзэнтацыі кнігі Бандажэўскага было абвешчана аб заснаваньні новай літаратурнай узнагароды — гэта супольная прэмія Радыё Свабода і Беларускага ПЭН-цэнтру. Сучасная турэмная літаратура — Вы знаёмыя з такой творчасьцю?
Алексіевіч: Ну, міжволі я чытала, калісьці Павал Шарамет нешта пісаў, ну і ўвогуле расейская літаратура багатая гэтым досьведам, але там болей са сталінскіх лягероў. Я хачу сказаць, што для турэмнай літаратуры ёсьць вельмі высокая планка, якую задала расейская літаратура сталінскіх лягероў — Разгон, Салжаніцын, Шаламаў. Гэта вельмі высокая планка. Вядома, такая прэмія патрэбная ў нас. Але я ізноў думаю, што мы па-ранейшаму закладнікі гэтага турэмнага досьведу. Гэта нейкая бясконцае кола, зь якога мы ня можам вырвацца.
Радкевіч: Вы бачыце ў Беларусі нейкія знакі таго, што яна вырываецца за гэтае кола?
Алексіевіч: Ну калі Вы кажаце пра турэмны досьвед— пакуль у нас няма шанцаў думаць, што нешта ў бліжэйшым часе памяняецца. І ўлада шкодзіць сама сабе, таму што калі б яна была больш разумнай, яна б не стварала ні турэмную літаратуру, ні турэмную сытуацыю, паколькі турэмныя сытуацыі ствараюць толькі рэвалюцыйныя сытуацыі, вырабляюць толькі рэвалюцыянэраў. Я ня ведаю нікога з маладых людзей, хто б ня выйшаў у Беларусі з турмы без рэвалюцыйных ідэй, без рэвалюцыйных настрояў, нават калі яны пасядзелі ў Акрэсьціна 15 сутак. Сёньня турэмная літаратура працуе на ідэю вызваленьня, улада робіць больш, чым робіць апазыцыя для гэтага. Але што да турэмнай літаратуры як такой — існуюць вельмі высокія эталёны.
Радкевіч: А з Вашага погляду, турэмныя пакуты, яны разбураюць творчасьць ці сілкуюць яе? Існуе нейкая ўнівэрсальная формула, ці кожны раз гэта — індывідуальна?
Алексіевіч: Думаю, усё залежыць толькі ад таленту. Калі я прыходзіла ў літаратуру, казалі, што каб напісаць пра вайну, трэба мець ваенны досьвед. Ні пакуты, ні тое, што чалавек перажыў ці перадумаў — зусім ня тоесна таму, што яму ўдаецца сказаць. Талент. Тут мастацтва — жорсткае. Адзіны крытэр — талент.
22 чэрвеня 2013
Сяргей Шупа, Прага
У нямецкай газэце Frankfurter Allgemeine Zeitung зьявілася публікацыя, дзе пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч нібыта крытычна выказалася пра беларускую мову.
У інтэрвію з нагоды прысуджэньня Сьвятлане Алексіевіч прэстыжнай Прэміі міру нямецкіх кнігавыдаўцоў, пісьменьніца выказалася наконт сваёй культурнай прыналежнасьці і стаўленьня да беларускай мовы.
На рэпліку газэты «Хоць Менск — Ваш родны горад, але Вы ня пішаце па-беларуску», Сьвятлана Алексіевіч адказала:
Так, я пішу толькі па-расейску і таксама лічу сябе прадстаўніцай расейскай культуры. Беларуская мова вельмі вясковая і літаратурна нявысьпелая».
На пытаньні, якія могуць узьнікнуць у чытачоў інтэрвію мы папрасілі адказаць саму пісьменьніцу.
Алексіевіч: Вядома ж, я такога не казала. Тут той выпадак, калі на тэкст і дух інтэрвію наклалася асоба чалавека, які яго рабіў. Са мной гаварыла маскоўская карэспандэнтка газэты, магчыма, яе расейская мова была недасканалая, магчыма, яна падала там нешта так, як бы сама хацела гэта пачуць.
Я ніяк не магла сказаць тое, што напісана ў тэксьце інтэрвію. Гэта зусім не адпавядае маім перакананьням. Я заўсёды казала, што ў мяне дзьве маці — беларуская вёска, у якой я вырасла, і расейская культура, у якой я выхоўвалася. Як можна ад іх адмовіцца? Беларуская мова для мяне — гэта і вясковыя краявіды, і вясковыя бабкі, сярод якіх я расла, празь беларускую мову я пазнавала сьвет жаночага голасу — я ніколі не лічыла і не лічу яе нейкай адсталай ці нясьпелай.
24 чэрвеня 2013
Радыё Свабода
«Прысуджэньне Сьвятлане Алексіевіч Прэміі міру нямецкіх кнігагандляроў сустрэта ў Беларусі халаднавата», — заўважае Інго Пэц у камэнтары ў газэце Frankfurter Allgemeine Zeitung, прысьвечаным рэакцыі на гэтую падзею ў Беларусі.
З уручэньнем Прэміі міру нямецкіх кнігагандляроў пісьменьніцы Сьвятлане Алексіевіч, піша Інго Пэц, у цэнтар увагі трапляе краіна, да якой прылеплена этыкетка «апошняя дыктатура Эўропы»: Беларусь. Гісторыя гэтай постсавецкай краіны адзначана войнамі і катастрофамі. Здавалася б, навіна аб такой прэстыжнай прэміі мусіла выклікаць буру радасьці. Пра прысуджэньне прэміі паведамілі важныя незалежныя газэты і інтэрнэт-парталы краіны — нават дзяржаўныя мэдыі, якія традыцыйна мала цікавяцца творчасьцю Алексіевіч. 65-гадовая пісьменьніца ўжо шмат гадоў адкрыта пазыцыянуе сябе як апанэнт рэжыму прэзыдэнта Лукашэнкі.
Але дарэмна шукаць ў Беларусі — як і ў Расеі — ацэнак, аналізу творчасьці або радасных віншаваньняў, нічога няма нават у Фэйсбуку і на сайце незалежнага Саюзу пісьменьнікаў. Маўчыць і Беларускі ПЭН-Цэнтар. На пытаньне пра адсутнасьць рэакцыяў прэзыдэнт ПЭН-Цэнтру Андрэй Хадановіч пытаецца ў адказ: «А што там за прэмія? У яе ўжо столькі гэтых прэміяў...»
Беларускае грамадзтва да сёньняшняга дня, нягледзячы на інтэрнэт і спадарожнікавую тэлевізію, застаецца ізаляванае і адчувае ўзьдзеяньне прапаганды. Літаратурная перакладчыца Ірына Герасімовіч спасылаецца на мэнталітэт, які, відаць, уласьцівы беларусам:
«Да моцных бакоў беларусаў не належыць тое, што яны ня хочуць бачыць далей за свой нос. Бо гэта б значыла, што трэба было б параўноўваць сябе з узроўнем іншых эўрапейскіх пісьменьнікаў, а гэта выклікае страх».
Журналіст Алесь Кудрыцкі лічыць, што Алексіевіч трапіла ў звыклую пастку эмігранта, бо яна доўгі час жыла за мяжою:
«Калі пісьменьнік выяжджае за мяжу, магчыма ён знаходзіць іншую аўдыторыю, але як тады быць з чытачамі на Бацькаўшчыне? На такіх людзей у нас глядзяць скептычна. Ім робяць закід, што яны вядуць прыемнае жыцьцё за мяжою, замест таго, каб працаваць дзеля свайго народу».