То бок я думаю, што я іду разам са сваімі героямі. Я імі захапляюся, недзе не разумею, недзе баюся, але адзінае, што я магу абсалютна шчыра сказаць, што мне вельмі шкада міту аб добрым прыгожым чалавеку, у які мы тады верылі. Магчыма, яго не было, але мне падабаліся тыя людзі. Падабалася ваенная генэрацыя, хоць іх можна сёньня абвінаваціць, што яны маўчалі, і што ГУЛАГ — гэта было менавіта зь імі...
Калісьці, 20 гадоў таму мы фанабэрыста казалі, што яны вінаватыя. Але прабачце, мы сёньня гэтак жа сама маўчым... Я ведаю шмат разумных людзей, якія мне кажуць адно, а самі на працы робяць зусім іншае. То бок небясьпека аўтарытарнай улады ў тым, што ўсе робяцца як бы саўдзельнікамі. Я ведаю, што калі я прыяжджаю ў нейкую краіну, то мяне можа запрашаць любая амбасада, гішпанскі кароль, але ніколі не запросіць беларуская амбасада. Разумееце? А потым паціху яны могуць прыйсьці на п’есу, штосьці шапнуць, і тое далёка ня ўсе... На жаль, мы ўсе міжволі робімся саўдзельнікамі таго, што адбываецца.
Знаткевіч: А якія савецкія рысы пазытыўныя і нэгатыўныя Вы маеце?
Алексіевіч: Я ведаю, што тое, на чым Вы мяне падлавілі — слова «мы» — гэта дрэнна. Чалавек усё ж асобная істота, а сёньня ўжо дакладна няма хору, хор распаўся, можа быць тут, у нас, у Беларусі ёсьць нейкі такі агульны хор барацьбы, але ў прынцыпе прыватнае жыцьцё адмаўляе хор. Кожны сыходзіць у сябе. Думаю, ад гэтага мне трэба вызваляцца, ад жаданьня ўсё абагульніць і зрабіць тыпажом.
Чалавек сёньня хоча і крычыць кожны сам па сабе. Няшмат прапаведнікаў, дый яны нікому не патрэбныя — ні праведнікі, ні прапаведнікі сёньня не патрэбныя. Кожны крычыць штосьці сваё, замкнуўся ў сваёй прасторы. У нас у Беларусі мы пакуль што на барыкадзе, але калі пачне крыху разьвівацца жыцьцё, гэта будзе вельмі жорсткае выпрабаваньне. Тады мне падабалася, што было штосьці вышэйшае за мяне. У той час я разумею, што няма нічога вышэйшага за чалавечае жыцьцё. Але калі чалавек проста камфортная жывёла, гэта таксама неяк ня вельмі прыгожа...
Знаткевіч: Але сучасная моладзь знаходзіць таксама шмат ідэяў, якія не адпавядаюць гэтаму індывідуалізму — тыя самыя «маладафронтаўцы», якія дастаткова радыкальна спрабуюць прапанаваць хрысьціянскую ідэалёгію...
Алексіевіч: Я кажу, што мы жывем у прамежкавы час, мы пакуль занятыя барыкаднай культурай, мы яе вязьні, і ў нас шмат агульнага, але гэта — прамежкавы пэрыяд. Потым мы вырвемся ў сьвет спажываньня, бо пытаньне сэнсу жыцьця стаіць паўсюль. Я 8 год пражыла за мяжой, і магу сказаць, што нідзе няма адказаў. Усе ў пастцы гэтага спажываньня, гэтага прыватнага жыцьця, якое заводзіць чалавека ў тупік. Іншага варыянту на сёньня, на жаль, няма. Сёньня сэнс нашага жыцьця ўратаваны тым, што мы змагаемся, гэта надае сэнс нашаму жыцьцю. Але далей праблемы будуць нашмат больш складаныя і жорсткія, і нашая культура будзе да іх нашмат менш падрыхтаваная, бо мы — людзі «культуры барацьбы».
28 ліпеня 2008
Юры Дракахруст, Прага
Ці застанецца Беларусь аўтарытарнай дзяржавай? Ці зьменіцца яе цяперашні савецкі антураж? Над гэтымі тэмамі ў «Праскім акцэнце» разважаюць пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч, шэф-рэдактар газэты «Наша ніва» Андрэй Дынько і публіцыст Аляксандар Фядута.
Дракахруст: Што са спадчыны Аляксандра Лукашэнкі захаваецца ў жыцьці Беларусі пасьля ягонага сыходу? Цяпер такая пастаноўка пытаньня здаецца недарэчнай, прыкметаў таго, што сыход адбудзецца хутка, пакуль няшмат. Але такое пытаньне — спосаб паразважаць пра тое, што ў нашым сёньняшнім жыцьці — бягучае, часовае, абавязанае асаблівасьцям цяперашняга кіраўніка краіны, а што — больш, трывалае, доўгатэрміновае.
Часам мары і нават развагі пра тое, «што будзе, калі...», зводзяцца да спадзеву, што гады кіраваньня Лукашэнкі пасьля ягонага сыходу разьвеюцца, як кепскі сон, і беларусы прачнуцца ў чэрвені 1994 году. Аднак, назіраючы за наступствамі самых выбітных «каляровых» рэвалюцый апошніх гадоў, часта прыходзіш да высновы, як мала там па сутнасьці зьмянілася, і што матрыца, зададзеная аўтарытарнымі ўладарамі, засталася непахіснай.
Давайце паспрабуем спрагназаваць, што ж зь сёньняшняй спадчыны застанецца ў будучыні. Пачнём з дэмакратыі. Цяпер яе няма. А будзе? Хіба досьвед кіраваньня Лукашэнкі ня будзе спакусай для ягоных наступнікаў, нават калі яны будуць паходзіць з самай дэмакратычнай апазыцыі? Яны ж будуць ведаць, што можна і так.
А з другога боку — ці не атрымаецца так, што прыйдзе сапраўдная дэмакратыя, а празь некаторы час народ скажа: «Пры Лукашэнку быў парадак, а цяпер — бардак»? Аляксандар Фядута, Вам першаму пытаньне.
Фядута: Захаваецца, на мой погляд. І ў мяне ёсьць дзьве падставы так лічыць. Па-першае, правесьці эканамічныя і палітычныя рэформы можна, на мой погляд, толькі выкарыстоўваючы аўтарытарныя мэханізмы ўлады. І менавіта дзеля таго, каб дэмакратыя ўсталявалася хутка, новая ўлада павінна будзе дзейнічаць гэтак жа аўтарытарна, як Лукашэнка.
А па-другое, сёньняшнія лукашэнкаўскія апанэнты маюць той самы палітычны досьвед, што і ён. Яны не зьяўляюцца, уласна кажучы, дэмакратамі: паглядзіце, што цяпер адбываецца ў партыі БНФ, паглядзіце, як паводзяць сябе прадстаўнікі Аб’яднаных дэмакратычных сіл, калі размова ідзе пра спробу абмеркаваць іх пазыцыю і іх учынкі, і вы ўбачыце, што гэта — тое люстэрка, у якое глядзіцца Лукашэнка.
Дракахруст: Андрэй Дынько, ці згодны Вы з прагнозам Аляксандра?
Дынько: Мне падаецца, што пытаньне, якім будзе палітычная сыстэма пасьля Лукашэнкі, застаецца адкрытым. Чым даўжэй Лукашэнка будзе трымаць уладу ў краіне, тым менш шанцаў, што сыстэма, якую ён заклаў, захаваецца пасьля яго сыходу. Такія сыстэмы «заточаныя» пад аднаго чалавека. І, як паказвае досьвед, яны не захоўваюцца пасьля сыходу гэтага чалавека.
Трэба зьвярнуць увагу, што цяперашняя сыстэма, апроч іншага, яшчэ і дысфункцыянальная. Напрыклад, мы маем парлямэнт, які не выконвае ролю парлямэнту, ён выконвае ролю адно легітымацыі рашэньняў, якія прымаюцца выканаўчай ўладай, і ня больш за тое. Гаварыць пра поўную стабільнасьць гэтай сыстэмы не выпадае, хоць словы Яна Максімюка пра тое, што Лукашэнка заклаў элемэнты дзяржаўнасьці, якія яго перажывуць — у гэтым ёсьць сэнс. Ну, скажам, ён стварыў нармальную мытную сыстэму, памежную службу, падатковую службу, ясна, што яны захаваюцца (Мытны і памежны дзяржкамітэты былі створаныя ў 1992-1993 гг. — Рэд.). А вось, скажам, камітэт дзяржаўнага кантролю — у мяне ёсьць сумнеў.
Дракахруст: Сьвятлана, Андрэй падышоў да пытаньня тэхналягічна, разьбіраючы лёс дзяржаўнай сыстэмы па пэўных інстытуцыях. Ну а калі паглядзець у цэлым, якасна: сыстэма, якая будзе пасьля Лукашэнкі, будзе набліжаная да той сыстэмы, якая існуе, скажам, у Польшчы ці Літве, ці гэта будзе толькі пэўная мадыфікацыя таго, што ёсьць і цяпер?
Алексіевіч: Я мяркую, што трэба падзяляць, што зрабіў Лукашэнка, а што зрабіў час. Мытня, памежная служба — стварэньне гэтага прадыктаваў час, гэта робяць і суседзі. Гэта не ягоная справа.
Што ж зрабіў сам Лукашэнка? Я наважуся сказаць, што ён нічога новага не зрабіў, гэта працяг таго, што ў нас было. Гэта генэральны сакратар, толькі называецца сёньня прэзыдэнт, з тымі самымі паўнамоцтвамі і ўладай, хіба што зь непадпарадкаваньнем Маскве. А ў астатнім — гэта сталінская арганізацыя. Я нідзе ня бачу Лукашэнкі, паўсюль тырчыць Сталін.
Мы кажам, што Сталін сышоў. А хто пасьля яго застаўся, хто застаўся нават пасьля «адлігі», пасьля хрушчоўскага бунту намэнклятуры, прыніжанай Сталіным? Застаўся сталінскі чалавек.
Лукашэнка здолеў даказаць, што ў сацыялізму застаўся рэсурс, што ён ня быў выпрацаваны, што, дарэчы, гаворыць на карысьць Гарбачова, яго маштабу. Лукашэнка ўскосна даказаў, што калі б у нас былі больш разумныя кіраўнікі, то разьвіцьцё магло б пайсьці іншым шляхам, шляхам народнай дзяржавы, народнага капіталізму, а не намэнклятурнага і не прыхаванага, як у нас цяпер. Гэта быў бы шлях з арыентацыяй на маленькага чалавека.
Я не прыхільніца Лукашэнкі, але ён, на жаль, падабаецца большай частцы майго народу. Гэты савецкі чалавек застаецца, і Лукашэнка — гэта ягонае люстэрка.
Адзінае, што застанецца пасьля Лукашэнкі і з чым давядзецца лічыцца любому яго наступніку — гэта тое, што дзяржава павінна быць народнай. Яна ня стала народнай, якой магла б быць, але пэўны сацыяльны кантракт з насельніцтвам быў і да апошняга часу вытрымліваўся. Ва ўсялякім выпадку, гэта дэкляравалася. Я мяркую, што ён увойдзе ў гісторыю як неадназначная постаць, калі ён своечасова і без крыві сыдзе.
Дракахруст: Сьвятлана Алексіевіч ужо сказала пра савецкасьць, пра савецкасьць структурную, зьмястоўную. А я хачу пагаварыць пра савецкасьць зьнешнюю, бо гэта таксама немалаважны чыньнік.
Беларускі рэжым, магчыма, і ня самы рэпрэсіўны на абшарах былога СССР, але ўжо пэўна — самы савецкі, хаця б паводле антуражу. І зварот «таварышы», што гучыць з вуснаў кіраўніка дзяржавы, і архітэктура, і зьмена бел-чырвона-белага сьцяга на падноўлены савецкі, і перанос Дня Незалежнасьці на 3 ліпеня — дзень вызваленьня Менску ад нацыстаў — усё заклікана ствараць уражаньне, што Беларусь працягвае жыць у СССР. Такой канцэнтрацыі савецкасьці няма ня тое, што ў Кіеве ці Вільні, але нават у Ашгабадзе ці Ташкенце.
А пасьля Лукашэнкі — застанецца гэта ці не? Можа, справа ня толькі ў тым, што цяперашні прэзыдэнт — своеасаблівы рамантык савецкасьці, а ў ягонай упэўненасьці, што гэта ў ідэалягічным сэнсе працуе, а нешта іншае працаваць ня будзе? Можа, у гэтым давядзецца даволі хутка ўпэўніцца і ягоным наступнікам, кім бы яны ні былі?
Дынько: Сьвятлана Алексіевіч вельмі мудра прапанавала падзяліць тое, што зрабіў Лукашэнка, і тое, што прадыктаваў час. У такой закрытай, ізаляванай сыстэме, як цяперашняя Беларусь, мы часам схільныя ўсё зводзіць да дзеяньняў аднаго чалавека ці прынамсі нейкай закуліснай групы, якая ажыцьцяўляе ўладу. Насамрэч, грамадзтва залежыць ад воляў і дзейнасьці мільёнаў людзей, кожны зь якіх па-свойму ўплывае на хаду гісторыі, кожны зь якіх ёсьць творцам сваёй нацыі, сваёй дзяржавы і яе будучыні.