Лукашэнкаўцы старанна лепяць са свайго правадыра вобраз беларускага Атацюрка, нават мянушку яму выбралі аналягічную — Ата-Цюрк — па-турэцку азначае «бацька туркаў». Туркменбашы, дарэчы, таксама ж «бацька туркменаў»...
Лукашэнкаўцы бачаць у цяперашняй сыстэме зародак вечнага рухавіка, які зможа захавацца. Але яны пры гэтым робяць адну вялікую памылку. Чаму спадчына Атацюрка аказалася такой даўгавечнай, чаму ён шануецца ў сваёй краіне? Таму што ён жалезнай рукой вёў сваю краіну ў будучыню, мадэрнізаваў, эўрапеізаваў яе.
Са спадчыны Лукашэнкі захаваецца тое, што было арыентавана ў будучыню, што прадбачыла будучыню. А ўсё, што было арыентаванае на мінуўшчыну, аджыве. Гэта закон гісторыі.
У гэтым сэнсе — наконт савецкай спадчыны. Лукашэнка навязвае гэтую савецкую спадчыну, ён сілай заганяе грамадзтва ў савецкую «скуру». Мне падаецца, што ўсё гэта абсыплецца і трэсьне, як толькі беларускае грамадзтва перарасьце сябе.
Дракахруст: Сьвятлана Алексіевіч, вось Андрэй сказаў, што, на ягоны погляд, Лукашэнка «навязвае савецкую спадчыну беларускаму грамадзтву». А яно што — супраціўляецца гэтаму, як нечаму абсалютна яму чужому?
Алексіевіч: Я не магу, на жаль, падзяліць рамантызм Андрэя. Я днямі зайшла ў краму ў сваім раёне. Гэта цэнтар гораду, даволі заможны раён. І ўбачыла жанчыну (яна настаўніца, мы некалі зь ёй размаўлялі), якая купляе паўдзясятка яек і грамаў 200 самай таннай кілбасы. І я адчуваю, што мне сорамна побач зь ёй купляць нешта лепшае...
Я абсалютна савецкі чалавек, з савецкімі комплексамі, і я ганаруся гэтымі комплексамі. І не зьбіраюся таньчыць перад лібэральнымі каштоўнасьцямі, дзе маленькі чалавек ня ставіцца ні ў што. Хоць я — зацятая лібэралка. Але мне не падабаецца, што маленькі чалавек выкінуты з гэтага вазка, які скача невядома куды. Арыенціру няма.
Арыенцір ёсьць у інтэлігенцыі, у маладога пакаленьня, як Андрэй кажа. Але мы, на жаль — гарадзкія вар’яты ва ўласным грамадзтве, мы маргіналы, ізгоі. У мяне ёсьць дом у вёсцы. Дык вось, усё, пра што мы гаворым, абсалютна незразумела і непатрэбна майму суседу Пятру Селіверставічу, які жыве там побач са мной.
На чым трымаецца Лукашэнка, на чым трымаецца савецкасьць? Ня ён яе дэкляруе, ён проста зразумеў, што гэта ягоны адзіны шанец утрымацца.
Я памятаю, як у першыя месяцы свайго кіраваньня ён хацеў запрасіць Яўлінскага. Гэта быў іншы Лукашэнка. Але як сапраўдная «палітычная жывёла» ён унюхаў, што народ жа іншы. Тут пра дэмакратыю ведае толькі пара інтэлігентаў, дый тое ім толькі здаецца, што яны гэта ведаюць.
А што тычыцца заўтрашняга дня, то відавочна, што грамадзтва будзе расслойвацца, будзе ўсё прадавацца, пойдзем шляхам Расеі, будуць бедныя і багатыя. І вось цяперашнія калгасы — гэта мільёны бедных людзей, яны будуць трымацца за савецкае. Стратныя заводы, мільёны людзей, выкінутых з працы — яны таксама будуць трымацца за савецкае.
У нашых рамантычных мроях нам здаецца, што гэта Лукашэнка нясе за ўсё гэта адказнасьць. А вы думаеце, што імпэрыя, якая мела такую магутную філязофію, якая праліла столькі крыві, так проста сыдзе?
Дракахруст: Аляксандар Фядута, а чый рамантызм Вам бліжэйшы — Андрэя ці Сьвятланы?
Фядута: Ну, я наагул пэсыміст, Вы ведаеце. Таму мне бліжэй пэсымістычны рамантызм спадарыні Алексіевіч. І каб пацьвердзіць тое, што яна казала, я прыгадаю расповед былога кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Леаніда Сініцына пра тое, як Лукашэнка абіраў эканамічную мадэль краіны. Ён тады спытаў віцэ-прэм’ера Лінга, ці ведае той, што такое рынак. «Не», — адказаў Лінг. Ён спытаў амаль палову ўраду, а ўрад ужо меў нейкі рынкавы досьвед. Але пасьля таго, як нават прэм’ер Чыгір сказаў, што, па шчырасьці, ня ведае, што такое рынак, Лукашэнка сказаў Сініцыну: «Вось так. Будзем будаваць тое, што ведаем. Ведаем сацыялізм».
І тое, што гэтая абраная мадэль аказалася больш прыстасаванай да жыцьця, чым усе мы думалі і чакалі, насамрэч пацьвярджае слушнасьць таго, пра што кажа спадарыня Алексіевіч.
Справа сапраўды не ў Лукашэнку, справа ў тым, што ў кожным беларусе жыве Лукашэнка. У ім ёсьць і савецкае, і беларускае. І гэтая выбуховая сумесь і ёсьць пэўнай падставай для таго, каб меркаваць, што Лукашэнка ня сыдзе як постаць ідэалягічная. Ён сыдзе толькі як кіраўнік дзяржавы. Але ён застанецца ў сэрцах людзей. Сёньня старэйшае пакаленьне адчувае настальгію па Сталіне, а тыя, хто стане старэйшым пакаленьнем заўтра, будуць настальгаваць па Лукашэнку.
Дынько: У словах Сьвятланы Алексіевіч мяне больш за ўсё зачапіла яе непахісная вера ў тое, што нічога на гэтым сьвеце не зьмяняецца. Такая эклезіястычная вера. Я зыходжу зь іншага, з таго, што ўсё мяняецца, нічога не стаіць на месцы. Казаць, што беларусы заўсёды застануцца савецкімі, таму што яны савецкімі былі і ёсьць, гэта значыць адмаўляць людзям ва ўсялякім уплыве на грамадзкія працэсы. Беларусы не застануцца савецкімі, таму што я гэтага не хачу, таму што я дзейнічаю супраць гэтага. І такіх, як я — тысячы. І дзейнасьць гэтых тысяч людзей дасьць свой плён.
Сьвятлана кажа, што маленькі чалавек ні ў што ня ставіцца ў лібэральным сьвеце, называе нас, беларускіх інтэлектуалаў, «гарадзкімі вар’ятамі». Мы — не вар’яты, мы дактары. Роля інтэлектуалаў у такой сытуацыі, як сёньня, якраз у тым, каб быць дактарамі.
Што ж тычыцца маленькага чалавека, то ён якраз у лібэральным сьвеце, у лібэральных дэмакратыях абаронены. Чаму людзі пачуваюцца шчасьлівымі ў Даніі, у Нямеччыне, але пачуваюцца няшчаснымі ў Беларусі (пра што сьведчаць сацыялягічныя дасьледаваньні)? Не ў апошнюю чаргу — праз пачуцьцё неабароненасьці, якое пануе ў нас, праз адсутнасьць бясьпекі маленькага чалавека, як называе яго Сьвятлана, ці простага чалавека, як называюць яго лукашэнкаўцы.
Тое, што яму ў Беларусі добра — гэта адзін з найвялікшых лукашэнкаўскіх мітаў, да яго і трэба ставіцца, як да міту. Давайце паглядзім на аб’ектыўныя рэаліі сучаснай Беларусі. Беларусь выйшла на першую пазыцыю ў сьвеце па колькасьці самагубстваў на душу насельніцтва. Па колькасьці забойстваў на 100 тысяч насельніцтва Беларусь у 8 разоў перавышае ўзровень Эўразьвязу. Лукашэнка сам прызнаў, што за апошнія 5 гадоў узровень злачыннасьці ў Беларусі вырас на 70%. Мы назіраем дзікую дэградацыю чалавечага патэнцыялу.
Сьвятлана кажа, што сьпіваліся ў Беларусі заўжды, сьпіваліся і пры саветах, і пры цары. Але любы чалавек, які назіраў за беларускай вёскай 50 ці 30 гадоў, скажа, што на вёсцы адбыліся ў гэтым сэнсе кардынальныя зьмены. Я — малады чалавек, але нават у гады майго дзяцінства ў вёсцы пілі намнога менш, а жанчыны не пілі наагул. Насамрэч, лукашэнкаўская сыстэма вінаватая ў тым, тым што адбываецца гэтая дэградацыя чалавечага патэнцыялу.
Чаму? Таму што людзі ня бачаць жыцьцёвай пэрспэктывы. На іх таксама ня ўскладзеная адказнасьць, людзі пазбаўленыя ўласнасьці, людзі ўключаныя ў сыстэму эканамічных адносінаў, у якіх ад іх мала што залежыць. Нарэшце, адным са складовых элемэнтаў сыстэмы, якую мы маем сёньня ў Беларусі, ёсьць культ сілы, які таксама спрычыняе траўмы, выклікае комплексы і вынішчае сацыяльны капітал.
Тое, што нам застанецца пасьля Лукашэнкі — гэта дэградаваны сацыяльны капітал. Вось з гэтым Беларусь будзе мець вялікія праблемы. Бо лягчэй адбудаваць заняпалую інфраструктуру, лягчэй перабудаваць эканамічную сыстэму, але значна цяжэй перавыхаваць тых людзей, якія прывучыліся красьці, бо «ўсё вакол калгаснае, усё вакол маё», якія прывучыліся піць, бо няма чаго рабіць, якія прывучыліся дабівацца свайго кулаком. Вось з гэтым давядзецца жыць доўгія гады.
Дракахруст: Вось наконт таго, што казаў Андрэй пра дэградацыю сацыяльнага, чалавечага капіталу. Аляксандар, Вы, наколькі я ведаю, пэўны час займаліся палітычнай працай ва Ўкраіне. Ці можаце Вы параўнаць гэтыя працэсы там і ў Беларусі?
Фядута: Украінцы дэградавалі ў значна меншай ступені. І гэта вельмі балюча адчуваецца мной. Ёсьць такі паказчык — адносіны да посьпеху іншага чалавека. Зайздрасьць ва Ўкраіне амаль што адсутнічае, асабліва сярод моладзі. Моладзь глядзіць на пасьпяховага чалавека і кажа сама сабе — мы таксама будзем такімі. Мы будзем працаваць, і мы нешта атрымаем. Ну, ня будзе ў мяне той імпэрыі, якую мае Рэнат Ахметаў, але ў мяне будзе маленькая друкарня, маленькая цырульня ці нешта іншае. Моладзь да гэтага імкнецца.
У нас такое немагчыма. Немагчыма для ўсіх, акрамя вельмі нешматлікай часткі моладзі, для якой бацькі стварылі ўмовы. А іншыя ня могуць атрымаць добрую працу, ня могуць атрымаць стартавы капітал, каб пачаць уласную справу. І вось гэтае пачуцьцё безвыходнасьці, пачуцьцё адсутнасьці пэрспэктываў — гэта тое, што пакідае Лукашэнка. Гэта адчуваецца менавіта цяпер, калі пачалася сапраўдная прыватызацыя і высьветлілася, што ўласных беларускіх прыватызатараў няма, няма тых людзей, якія маглі б легальна набыць уласнасьць, якая належыць беларускай дзяржаве, і стаць яе гаспадарамі.
Калісьці Васіль Лявонаў сказаў мне — самае жудаснае нават ня тое, што няма багатых людзей у Беларусі, а тое, што тыя багатыя, якія будуць, ня будуць адчуваць сябе беларусамі, яны будуць прышлымі, нетутэйшымі. І для іх беларусы застануцца тубыльцамі, нацыяй працаўнікоў і ня больш за тое.
Насамрэч, я хачу сказаць камплімэнт Вам, Юры. Вы ў якасьці сёньняшніх суразмоўцаў абралі прадстаўнікоў трох розных пакаленьняў утапістаў. У кожнага з нас у галаве свая ўтопія — і ў спадарыні Алексіевіч, і ў мяне, і ў спадара Дынько. Гэтыя ўтопіі адрозьніваюцца тым досьведам, які мае пакаленьне кожнага з нас. Тое, што мы абмяркоўваем сёньня — гэта крах дзьвюх утопіяў, спадарыні Алексіевіч і маёй уласнай, і адзіны з нас, у каго ёсьць пэўны аптымізм, хоць гэта і ўтапічны аптымізм — гэта спадар Дынько. І дзякуй Богу, калі ён, а ня мы, будзе мець рацыю.
Алексіевіч: Андрэй сказаў: «Сьлядоў Лукашэнкі ня будзе, бо я гэтага не хачу». Дарагі Андрэй, я таксама гэтага не хачу, але я больш цьвяроза сабе ўсё ўяўляю. Мае рацыю Фядута, у мяне сапраўды ўжо няма таго біялягічнага аптымізму, якім Вы яшчэ поўны. Мне бліжэй тое, што казаў Бродзкі — Салжаніцын думае, што ўся справа ў камунізме, а справа ў чалавеку.
Мы і без Лукашэнкі спазьняемся з фармаваньнем нацыі, мы яшчэ ня выйшлі са стадыі народу. Я думаю, што нашы маладыя людзі, у якіх ёсьць шанец уратаваць гонар нацыі, яны таксама ідэалісты. Яны чарговы раз спрашчаюць праблемы. Не спадзявайцеся на рэвалюцыю. Будзе марудная, паўзучая эвалюцыя. А параўноўваць нас з Даніяй — гэта наагул сьмешна. У найлепшым выпадку з Расеяй можна параўноўваць. На Захадзе дэмакратычны мэханізм адточваўся стагодзьдзямі, ня трэба нават глядзець туды. Гэта як роды ў жанчыны — нельга праскочыць пэўныя этапы.