Езьдзіць, зьбіраць, думаць было вельмі цяжка, але я гэта рабіла дзесяць гадоў. Людзі тады былі ўзрушаныя тым, што здарылася. Самае цяжкае было зразумець і вырвацца з гэтых учэпістых і драпежных абдымкаў часу, падняцца над матэрыялам.
Шаноўная Сьвятлана! Даўно сачу за вашай творчасьцю і грамадзкай пазыцыяй. Шчыры дзякуй Вам за ўсе Вашы творы. Прабачце небараку Чаргінца і купку зь ім... Чакаю Вашай новай кнігі. Я ня ведаю, пра што яна, але упэўнена ў адным — гэта будзе мудрая Кніга. Скажыце, над якой тэмай Вы цяпер працуеце? Дзякуй! Ірына Лаўроўская. Берасьце.
Алексіевіч: Я цяпер працую над другой часткай «Зачараваныя сьмерцю». Гэта кніга пра тое, што з намі адбылося за 20 гадоў, чым мы адрозьніваемся ад тых, кім мы былі ў 1985-1995 гадах — падчас надзей, часу перабудовы, часу падоранай нам гісторыяй дзяржавы, як быццам асобнага (а ўласна, мы аказаліся няздольныя скарыстацца гэтай свабодай, тут жа яе аддалі ў рукі першага, хто трапіўся, таго, хто гатовы быў яе схапіць і падмануць нашы чаканьні), — і пра тых, якія мы цяпер — 1995–2005 гады.
Чаму мы сталі цынічнымі, чаму мы сталі расчараванымі, чаму даляр перамог нас і зламаў хутчэй, чым гэта нават зрабілі сталінскія лягеры. Сталінскія лягеры ўсё ж такі перажылі, а даляр не перажылі. З чым гэта зьвязана ў чалавечай прыродзе, у спакушэньні матэрыяльным, чаго ня ведала наша культура... Я ў адным інтэрвію цытавала мастака Ільлю Кабакова, які сказаў, што раней мы змагаліся з пачварай, і гэта рабіла маленькага чалавека вялікім. Пачвара — гэта монстар.
І вось мы перамаглі гэтую пачвару. Азірнуліся — і выявілася, што нам трэба жыць з пацукамі, з сацыяльнымі страхамі, з монстрамі, якія жывуць у чалавечай прыродзе. Жыць з гэтымі монстрыкамі, са страхам, які жыве ў нашай падсьвядомасьці. Гэтага досьведу ні ў нашай культуры, ні ў расейскай культуры няма. Мы былі краінамі, якія заўсёды выжывалі, у нас моцная філязофія выжываньня, філязофія барацьбы, філязофія пакуты.
А філязофіі жыцьця ў нас няма. І таму мы былі выкінутыя ў зусім новую прастору, мы аказаліся бездапаможныя, і таму мы хапаемся за нейкія матэрыяльныя рэчы і ня маем прышчэпкі ад усяго гэтага. Я спрабую ў гэтым разабрацца — што з намі адбылося.
Ужо гадоў дзесяць я пішу кнігу — у мяне наперадзе яшчэ сёмая кніга. Шостая кніга — гэта кніга пра каханьне, кожны распавядае сваю гісторыю каханьня і жыцьця. І праз гэта паказана, што мы разумеем пад шчасьцем, як мы жывем, што нам падабацца, што мы любім, пра што мы тужым. Мы сапраўды ўступілі ў новы час, калі кожны чалавек задумаўся, што ёсьць ягонае ўласнае жыцьцё, а ня толькі будаўніцтва чагосьці вялікага. Ужо ўсе гэтыя ідэі не прышчапляюцца. Усе гэтыя нацыянальныя расейскія ідэі ці яшчэ нейкія. Мы ўжо вучымся жыць безь вялікіх падзей і безь вялікіх ідэй. Мне здаецца, што гэта будзе яшчэ адзін погляд на тое, што з намі адбываецца цяпер. Вось гэта дзьве працы, якія я раблю. І сама стараюся зразумець нешта ў нашым жыцьці, і слухаю дзясяткі і сотні людзей, і раблю з гэтых хораў кнігу, якая была б вобразам нас сёньняшніх — вобразам часу.
Які Ваш прагноз адносна маючых адбыцца выбараў? Ці ёсьць, на Вашу думку, у Беларусі шанец здабыць новага прэзыдэнта ўжо гэтай вясной? Дзякуй, Мікалай.
Алексіевіч: Я б хацела, каб наша жыцьцё зьмянілася. Каб мы — і краіна, і наш народ — займелі нейкі іншы сымбаль, нейкую іншую фігуру, каб адкрыліся іншыя гарызонты, і мы сапраўды ўвайшлі б, як гэта цяпер кажуць, у цывілізаваны сьвет... Але я баюся, што ў нас няма, як мне здаецца, унутраных сілаў перамагчы сытуацыю, і гэта перш за ўсё, паколькі ўлада моцная. І нахабная, скажам так.
Я ўжо казала, што Кучма не страляў ва ўласны народ. А Карымаў — страляў. І давайце падумаем, якая ўлада ў нас? Напрыклад, наколькі я чула, вось на гэтым апошнім «вялікім сходзе», там казалі што будуць з аўтаматам абараняць гэтую ўладу. Уласна — абараняць аднаго чалавека. А ня тое, чаго хоча народ.
Вядома, хацелася б спадзявацца, але думаю, што сёньня я ня бачу падстаў для аптымізму, таму што працуе адзін аргумэнт вельмі магутны. Трэба аддаць належнае Лукашэнку.
Я разумею, што дыктатары — людзі прынцыпова неадукаваныя. І прынцыпова некультурныя. Інакш яны не былі б дыктатарамі. Але дзякуючы сваёй інтуіцыі, ён задзейнічаў магутны, скажам так, сацыяльны фактар.
Вялікі працэнт людзей у гэтым грамадзтве задавальняе тое, што адбываецца ў краіне. Гэта значыць, яны могуць дзесьці зарабляць, дзеці сельскія могуць недзе вучыцца, для іх ёсьць нейкая квота ў ВНУ, ёсьць яшчэ бясплатная нейкая асьвета, ёсьць бясплатная ахова здароўя. Гэта значыць, ён задзейнічаў рэсурс сацыялізму. Вось гэта тое, што ў бліжэйшых да нас краінах страчана — там чалавек з ваеннага сацыялізму адразу быў выкінуты ў дзікі рынак, і чалавек аказаўся адзінокі і разгублены. Лукашэнка інтуітыўна нейкія рэчы зьмікшыраваў. І таму, ня трэба адмаўляць, ён задзейнічаў шмат фактараў, якія важныя ў пераходны пэрыяд ад сацыялізму да капіталізму. І я думаю, што на сёньняшні момант для большасьці людзей ён нейкая фігура. Усе разумеюць, што яна ўжо — пераходная. Ужо на трэцім тэрміне ўсе гэта разумеюць. Але, па-мойму, у яго яшчэ ёсьць час. Псыхалягічны час адносна мысьленьня ў нашай краіне.
І я баюся, што пакуль пераменаў ня будзе.
Добры дзень спадарыня Святлана! Па-першае, дзякуй Вам, што вы ёсьць у нас. Па-другое: як Вы ставіцеся да сёньняшняга сьвята — Дня жанчын 8 сакавіка?
Алексіевіч: Я яго разумею як сьвята вясны, хоць у Беларусі яшчэ зіма. Ва ўсякім выпадку, з майго акна я бачу замерзлую рэчку, пакрытую белым сьнегам, і на гэтым белым сьнезе сядзяць белыя чайкі.
Добры дзень, Сьвятлана, я чула, Вы атрымалі грант са швэдзкага боку, каб мець магчымасьць працаваць y Швэцыі нейкі час. Калі гэта так, калі зьбіраецеся прыехаць, у якім горадзе будзеце жыць і які час? Дзякуй! З павагай, Юлія.
Алексіевіч: Я буду жыць у Гётэборгу два гады. Але я ніколі не жыву ўвесь час за мяжой. І калі я жыла ў Італіі, у Францыі і ў Нямеччыне, я заўсёды праз 3-4 месяцы прыяжджаю дадому, шмат ежджу і па Беларусі, і па Расеі, была і ў Грузіі, і ва Ўкраіне, і ў Літве. Я жыву ў сваім сьвеце, са сваімі людзьмі, паколькі я пра гэта пішу.
Я не дазваляю сабе спыніцца на адным месцы ня толькі таму, што тут небясьпечна жыць — ніхто тут ня бегае за мной з аўтаматам Калашнікава. Але не друкуюць. Не даюць выступаць. Вось паехалі мы ў Магілёў з Валодзем Арловым — у бібліятэцы не дазволілі, у кнігарні не дазволілі, у школе не дазволілі, таму што ёсьць нейкі загад, падпісаны міністрам адукацыі, дапускаць да публікі толькі членаў саюзу Чаргінца.
Гэта не галоўнае. Галоўнае — напісаць твор, які б патлумачыў і першым сфармуляваў бы тое, над чым людзі думаюць, чым пакутуюць, у поцемках ходзяць, але яшчэ пакуль не здагадваюцца. Вось гэта, я лічу, у чым задача пісьменьніка — першаму пра нешта здагадацца, першаму пра нешта сказаць. Гэта значна важней асабіста для мяне, чым я была б проста на плошчы і прамаўляла.
Я лічу, што мае кнігі зробяць больш, калі я зраблю гэтую працу. Іншая справа, што для гэтага мне патрэбна і цішыня, і нейкая душэўная раўнавага. Хірург жа ня можа рабіць апэрацыю, калі вакол яго працуюць рэпрадуктары і гучаць прамовы. Ёсьць свая прастора працы, я яе вельмі аберагаю. І шукаю гэтыя словы, нейкі сэнс, які нам трэба сёньня знайсьці і здабыць.
Таму што нават калі ўлада зьменіцца, у нас усё роўна будзе вельмі шмат праблемаў. У кожнага з нас і ў усіх нас разам, таму што мы яшчэ па-ранейшаму нацыя патэнцыялу і надзеяў. Ня трэба цешыць сябе. У нас яшчэ доўгі шлях.
(Па-ўкраінску) Хачу перадаць прывітаньне з Івана-Франкоўску і пажадаць вытрымкі, сілы, аптымізму і перамогі!!!
Алексіевіч: Я б хацела на гэта адказаць, таму што дзесьці гады два ці тры таму японскае тэлебачаньне здымала пра мяне фільм, і я была ў Івана-Франкоўску, таму што я там нарадзілася, у гэтым горадзе, я была там у манастыры, дзе некалі ігуменьня мяне выратавала ад сьмерці.
Я была дачкой савецкага афіцэра. Мой бацька ажаніўся з украінкай, сам бацька — беларус з Палесься. Я нарадзілася ў Івана-Франкоўску. І я памірала, бо савецкія войскі змагаліся з «бандэраўцамі», і нельга было нічога купіць. Я памірала ад рахіту. Тады мой бацька, таварышы неяк перакінулі яго празь сьцяну кляштара, падышоў да настаяцельніцы, стаў перад ёй на калені і сказаў: «Я савецкі афіцэр, вы можаце мяне забіць, можаце мяне ненавідзець, але Вы ж верыце ў Бога, Вы маглі б выратаваць маё дзіця. Мая жонка — украінка». Ігуменьня сказала, што хай твая жонка прыходзіць кожны дзень, і яна будзе атрымліваць казінае малако. «Але ты больш не прыходзь у гэты дом. Мы ня любім вас, але дзіця мы ня можам ня выратаваць». Таму для мяне Івана-Франкоўск — гэта асаблівае месца.
Вы вельмі сымпатычная жанчына. Што Вы цэніце ў мужчынах?
Алексіевіч: У мужчынах я цаню сумленнасьць і розум. Гэта і ёсьць чалавечая сіла. З узростам пачала яшчэ шанаваць чалавечую дабрыню, мяккасьць. Гэта чамусьці робіцца ўжо раскошай у нашым сучасным хуткасным сьвеце.
Што б Вас прымусіла выйсьці на плошчу з пратэстам?
Алексіевіч: Па прыродзе сваёй я чалавек самотнай працы, чалавек думаньня. Мая прафэсія, я лічу — дадумваць рэчы да канца. Вось мая прафэсія. Я дрэнна сябе ўяўляю з мэгафонам на вуліцы, хоць я паважаю гэтых людзей і разумею, што такая форма пратэсту сёньня магчымая. Але я супраць рэвалюцый, супраць энэргіі натоўпу. Мне здаецца, што сёньня гэтая форма супрацьстаяньня ўжо ў мінулым. Натоўп, і гэтая энэргія... Гэтыя мэтады, ва ўсякім разе, я псыхалягічна не прымаю. Для мяне бунт — гэта заўсёды страшна. Рэвалюцыя — гэта заўсёды страшна, вядома. Яна бывае такая прыгожая, як у Грузіі або ва Ўкраіне, гэта было вельмі прыгожа. Але ніколі няма ўпэўненасьці, што гэта абыдзецца без крыві. І я ня думаю, што я магла б кагосьці паклікаць на вуліцу і сама пайсьці на вуліцу. Я ўсё ж за асьветніцтва. За працу, якую трэба рабіць разам з часам.
Вы выдалі цудоўную кнігу пра тых, хто спрабаваў ці ўчыніў суіцыд. Пытаньне не правакацыйнае: у Вас былі калі-небудзь такія думкі?