Радыё Свабода
Данута Бічэль: Слухаю ранкам радыё «Свабода». Пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч прызнаецца ў любові Беларусі на расейскай мове. Як моцна трэба любіць, каб, стаўшы пісьменьніцай, ня ведаць мовы.
Няма Беларусі безь беларускай мовы. Беларусь — гэта беларуская мова. Яе ня вылічыш у працэнтах ужываньня, як збожжа, як грошы. Мова — гэта душа, а душа — маленькая. Але без душы чалавек — не чалавек, а д’ябал.
Юры Дракахруст, Прага
29 студзеня 2006
Ці зьявілася ў Беларусі асабовая і праграмная альтэрнатыва Аляксандру Лукашэнку? Чаму найбольш сур’’ёзнымі апанэнтамі дзейнаму прэзыдэнту сталі ў той або іншай ступені нацыянальна арыентаваныя палітыкі? Ці ператвараецца цяперашняя выбарчая кампанія ў сутыкненьне Польшчы і Расеі? Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць у «Праскім акцэнце» філёзаф Валянцін Акудовіч і пісьменьнікі Сьвятлана Алексіевіч і Ўладзімер Някляеў.
Дракахруст: На падставе выступаў, інтэрвію, заяваў прэтэндэнтаў на кандыдата ў прэзыдэнты, на падставе хады збору подпісаў за іх — ці можна сказаць, што зьявілася годная альтэрнатыва ці нават альтэрнатывы Аляксандру Лукашэнку — альтэрнатывы як асобе і альтэрнатывы праграмныя — іншага шляху краіны? Спадар Акудовіч, паводле Вашых назіраньняў, ці ўбачыла беларускае грамадзтва адказ на пытаньне «Хто, калі ня ён»?
Акудовіч: Толькі шалёны аптыміст можа казаць, што мы ўжо маем сёньня альтэрнатыўную Аляксандру Лукашэнку палітычную фігуру. Але разам з тым у мяне з кожным днём мацнее смутнае прадчуваньне, што патэнцыял гэтай альтэрнатывы ёсьць у Аляксандра Мілінкевіча.
Магчыма, такім самым смутным прадчуваньнем кіраваліся і дэлегаты Кангрэсу дэмакратычных сілаў, калі ў якасьці адзінага кандыдата абралі не кагосьці з палітычных «зуброў» — не Лябедзьку, Калякіна ці Шушкевіча, а мала каму вядомага Мілінкевіча. І падобна, што яны не памыліліся. Не прамінула і паўгода, а гэтага даўгалыгага чалавека з Гародні ўжо прымалі на найвышэйшым палітычным узроўні ў шэрагу суседніх краінаў.
Аднак ня будзем сьпяшацца з высновамі. Выбары якраз і пакажуць, ці мае рацыю той, хто прадчувае патэнцыял агульнанацыянальнага лідэра ў Аляксандру Мілінкевічу. Але ня ў тым сэнсе, што ён пераможа на выбарах — хто пераможа, праўдай ці няпраўдай, усім добра вядома.
Выбары могуць дапамагчы Мілінкевічу раскрыць увесь свой палітычны патэнцыял. А калі ён пасьля 19 сакавіка ня сыдзе ў палітычны цень, як Ганчарык калісьці, дык беларускае грамадзтва магчыма нарэшце займее гэтак доўга чаканую альтэрнатыву Аляксандру Лукашэнку.
Дракахруст: Спадарыня Сьвятлана, некалькі месяцаў таму Вы ўдзельнічалі ў нашым «Праскім акцэнце» з Генадзем Бураўкіным, і тады Вы казалі, што ніякіх альтэрнатываў Лукашэнку і блізка няма. Якія ў Вас уражаньні цяпер?
Алексіевіч: Я ўжо каля двух месяцаў у Беларусі, крыху езьдзіла па вёсках, па невялікіх гарадох, днямі вярнулася з Магілёва. Вось мы сядзім у Магілёве ў залі, чалавек 100, і на сьцяне вісіць партрэт Мілінкевіча.
І я гляджу на гэтыя добрыя твары, прыйшла добрая публіка з ужо забытымі тварамі — настаўнікі, мясцовая інтэлігенцыя, і на сьцяне вісіць гэты партрэт. І ў мяне адчуваньне, што я ці то ў Польшчы, ці то ў Чэхіі. Я бачу, што зьявіўся годны, нармальны чалавечы твар. Ён адпавядае і часу, і драматычным падзеям, якія ў нас адбудуцца незалежна ад таго, зьменіцца гэтая ўлада ці застанецца. У ягонай плястыцы, забытай у нас інтэлігентнасьці для мяне ёсьць пэўная надзея.
Я чула аўдыторыю і бачыла, што напрацаваная ўжо беларуская прастора, да мяне падыходзілі маладыя людзі, яны распавядалі мне, як яны шукалі сьляды паўстаньня Каліноўскага. Яны ўсе гавораць па-беларуску.
Бачна, што расьце гэтая маса людзей. І зьяўляецца гэты твар, на якім факусуюцца чаканьні лепшай часткі грамадзтва. Чакала грамадзтва Лукашэнку — яно яго і атрымала. А цяпер грамадзтва поўнае новых чаканьняў, яшчэ не асэнсаваных, схаваных. Але гэтая постаць ёсьць.
Я ня ведаю, ці адбудзецца гэты цуд зараз, я ў гэтым неяк мала ўпэўненая. Хоць я размаўляла з украінскімі інтэлектуаламі, яны за месяц да рэвалюцыі казалі, што ня вераць у яе магчымасьць. Але раптам узьнікае нейкі новы хімічны элемэнт. Мы дзеля гэтага працуем, думаем — раптам гэта адбудзецца. Але фігура гэтая ёсьць.
Дракахруст: Спадар Някляеў, і спадарыня Сьвятлана, і спадар Акудовіч гавораць пра альтэрнатыву толькі ў асобе Аляксандра Мілінкевіча. Вы — сябра штабу іншага кандыдата — Аляксандра Казуліна. Ці стварае ён сапраўдную альтэрнатыву Аляксандру Лукашэнку?
Някляеў: Па-першае, я хачу падтрымаць Сьвятлану ў тым, што нельга дапускаць бязьвер’я ў перамогу, якое пануе цяпер у большасьці нашых людзей. Сьвятлана дарэчы прыгадала прыклад Украіны, я там таксама нядаўна быў — і сапраўды, ніхто да таго, як гэта сталася, ня верыў, што такое можа быць. Мэнталітэтна ўкраінцы вельмі з намі падобныя, і развагі былі такія самыя: «Ай, ніколі ў нас ужо нічога ня будзе, так мы і сканаем на гэтым памежжы». Не, сталася.
Любая альтэрнатыва калі ня годная, то лепшая за тое, што мы маем. Па сутнасьці для выбаршчыка любая праграма ў вуснах прэтэндэнтаў пазбаўленая сэнсу, бо яна нічым не напоўненая. Па сутнасьці ёсьць не праграмы, а чаканьні пэўных сацыяльных групаў, у тым ліку і інтэлігенцыі.
Якраз неактыўны ўдзел інтэлігенцыі ў палітычных пэртурбацыях апошняга часу мяне найбольш насьцярожвае.
Я ня ў штабе Казуліна, але сапраўды ў групе, якая яго падтрымлівае. Чаму? Чаму я не ў Мілінкевіча? А што мне рабіць у Мілінкевіча? Ён беларус натуральны, у адрозьненьне ад большасьці нашых палітыкаў, якія палітычна беларусы. Яны і гавораць па-беларуску толькі на трыбунах.
Беларускасьць — гэта брэнд, гэта адзінае, што можна супрацьпаставіць Лукашэнку. Яго нельга перайграць ні ў эканамічным, ні ў палітычным пляне, таму яны ўсе становяцца на гэтую самую беларускасьць.
Казулін — гэта таксама не натуральны беларус, але ён скіроўваецца да таго. І не ўплываць у гэты момант на чалавека з пэрспэктывай было б памылкай.
Асабіста ён мне трохі нагадвае Генадзя Карпенку, зь якім я ў свой час блізка сябраваў, і мае адносіны з Карпенкам прывялі, скажам, да зьяўленьня Маладэчанскага фэстывалю народнай музычнай культуры.
Усе гавораць — «адзіны кандыдат, адзіны кандыдат». Я заўсёды быў за шырокі палітычны спэктар у Беларусі. Я таксама спадзяюся на цуд кшталту ўкраінскага, але палітыка адзінага кандыдата на мінулых выбарах прывяла да таго, да чаго прывяла. І чым так радыкальна зьмянілася сытуацыя, што тая самая палітыка праз 5 гадоў прывядзе да іншага, калі ня будзе ня толькі альтэрнатывы Лукашэнку, але і альтэрнатывы сярод тых людзей, якія вылучаюць сябе сёньня кандыдатамі ў прэзыдэнты?
Дракахруст: Спадар Някляеў ужо пачаў размову пра праграмы кандыдатаў. Тут прыгадваецца вядомы анэкдот: «Хто такі зануда? Гэта чалавек, які на пытаньне «Як справы?» пачынае распавядаць, як ягоныя справы». Сапраўды, часам выбаршчыкі гавораць пра кандыдатаў: «А якая праграма ў Мілінкевіча, якая праграма ў Казуліна? Я яе ня ведаю». Хаця калі ў адказ пачуюць, што кандыдат мае намер зьменшыць, скажам, падаходны падатак на 10%, зьнізіць на 3% стаўку рэфінансаваньня, прыцягнуць інвэстыцыі, то скажуць: «Ды не, гэта ня тое». А што тое, што людзі маюць на ўвазе, калі гавораць пра праграму? І ці ёсьць праграмы ў гэтым народным сэнсе ў прэтэндэнтаў на кандыдата ў прэзыдэнты?
Алексіевіч: Я думаю, гэта кепска, што мы не ўкладаем у праграму той сэнс, які ўкладаюць у эўрапейскіх краінах. Але, відаць, трэба пагадзіцца, што мы знаходзімся ў прамежкавым стане будаўніцтва новага жыцьця. Мы больш давяраем харызьме, носьбіту нашых прадчуваньняў.
Што ў людзей зьвязана зь Мілінкевічам, калі інфармацыя даходзіць да іх? Я заўважыла, што беларускае тэлебачаньне робіць даволі пісьменна з пункту гледжаньня ўлады — не называе імёнаў. Людзі, асабліва ў вёсках, проста ня ведаюць, што ёсьць такі чалавек, як ён выглядае, якія ягоныя якасьці.
Для нашых людзей чалавечыя якасьці кандыдата значаць больш, чым ягоная праграма. Наш выбаршчык яшчэ палітычнае немаўлятка.