Але цяпер Вы самі кажаце, што на вастрыні чаканьняў апынуўся Мілінкевіч — чалавек менавіта гэтых ідэяў. Чаму?
Алексіевіч: Не зусім дакладна перададзены сэнс таго, што я хацела сказаць тады. Як я зразумела, і ў розных выданьнях яго таксама няправільна зразумелі. Я не казала, што ёсьць шчырыя беларусы вакол «ARCHE», «Нашай Нівы», вакол нейкіх лідэраў, такіх як Акудовіч. Я казала, што большая частка Беларусі яшчэ гаворыць па-расейску. Справа ня ў мове ці ня толькі ў мове. Ня важна, на якой мове адбываецца высьпяваньне нацыі, высьпяваньне наагул чалавечай сьвядомасьці, роўнай таму, што адбываецца ў сьвеце.
І калі размова ішла пра вяшчаньне зь Нямеччыны, я тады сказала, што вельмі разумны крок, каб яно было на расейскай мове, бо да выбараў засталося няшмат часу (высьветлілася, што яго яшчэ менш), і давайце заангажуем гэтую частку людзей.
Што тычыцца нацыі, то яна сапраўды за гэты час відавочна зьбіраецца, і гэта адбываецца ня толькі паводле нутраных, але і паводле зьнешніх прычынаў. Іншага стрыжня, акрамя нацыянальнага, на сёньняшні момант разьвіцьця чалавецтва няма. Я б не сказала. што гэта маргінальная інтэлігенцыя і што гэтыя каштоўнасьці маргінальныя. Мы ўжо прызвычаіліся так думаць і прыніжацца. Яны яшчэ не артыкуляваныя і адбываюцца на падсьвядомым узроўні.
Адзін нямецкі філёзаф казаў, што ёсьць ананімныя хрысьціяне — людзі, якія ня ведаюць, што яны хрысьціяне. У нас краіна беларусаў, якія ня ведаюць, што яны беларусы. Я гэта магу сказаць і пра сябе.
Гэтая ўлада закрытая ад сьвету, сьвет не прымае гэтую ўладу, але людзі езьдзяць, глядзяць. Хай сабе яны цягаюць скрыні з харчамі ці рэчамі, якія яны прадаюць, але яны бачаць, які велізарны сьвет. І яны бачаць, што гэты сьвет сёньня мае праблемы, і яны вырашаюцца праз асэнсаваньне, хто ты ёсьць — італьянец гэта італьянец, француз гэта француз, паляк гэта паляк.
Людзі бачаць, што войны, якія ідуць сёньня і якія часам называюць тэрарызмам, зьвязаныя з глыбокімі нацыянальнымі праблемамі. Усходні сьвет ня хоча жыць, як амэрыканцы ці эўрапейцы, ён ня хоча жыць на гэтых хуткасьцях, так хутка губляць каштоўнасьці.
У нас страх выжываньня, а там страх страты сябе, страты свайго сьвету. І за што чалавек можа ўхапіцца? У экзыстэнцыяльным сэнсе — за дом, але калі ён выходзіць зь яго, ён можа ўхапіцца за нейкую супольнасьць. Бяз гэтай кропкі гэта будзе ці камфортная жывёла ці страчаная пясчынка.
Іншага шляху няма. Проста калі я пра гэта кажу, я кажу на іншым узроўні і на расейскай мове, таму неяк інакш прачытваецца мой тэкст.
Дракахруст: Сп-ня Сьвятлана, Вы кажаце, што ёсьць вялікая колькасьць беларусаў, якія гавораць па-расейску. Дык чаму ў выніку спантаннай канкурэнцыі ў апазыцыйным лягеры на першыя месцы выйшлі людзі, адзін зь якіх сам гаворыць па-беларуску, а другі, калі сам і не гаворыць, то атачае сябе людзьмі з гэтага кола?
Алексіевіч: Людзі, якія выяжджаюць — я шмат бачыла па сьвеце беларусаў, расейцаў, украінцаў, яны ад’яжджаюць касмапалітамі. Але потым у іх зьяўляюцца ці самавары, ці слуцкі пояс — чалавек хоча за нешта зачапіцца, асэнсаваць, хто ён. Мы гойсалі па гэтай постсавецкай прасторы, як ніводная нацыя, мы былі нічыйнымі. Але глядзім — там жывуць украінцы, там малдаване, там расейцы. А хто мы? Іншай энэргетыкі няма.
Валянцін слушна сказаў, што можна пачуць энэргетыку прасторы сьвету, толькі калі ты на нечым стаіш.
І нягледзячы на тое, што нацыянальнае не артыкулюецца ўладай, не артыкулюецца культурай, якая сёньня расьцярушаная, людзі артыкулююць гэта на падсьвядомым узроўні.
Людзі разумнейшыя і за пісьменьнікаў, і за палітыкаў. Наша грамадзтва разумнейшае за нашу ўладу і нашу культуру.
Дракахруст: Ну мы ўсё ж зьвернемся да прадстаўнікоў культуры. Я папрашу вас сказаць, як вы ацэньваеце тое, што ініцыятыўная група Зянона Пазьняка адмовілася здаваць подпісы ў ЦВК, гэта азначае, што кіраўнік БНФ спыніў змаганьне за пасаду прэзыдэнта.
Акудовіч: Па-першае, гэтага ўсе чакалі, усе ведалі, што так яно і будзе. Відавочна, што ў БНФ цяпер вельмі малы рэсурс у самых розных плашчынях, тым больш калі нацыянальна заангажаваныя атрымалі менш радыкальнага лідэра — Мілінкевіча. Тое, што здарылася, і павінна было здарыцца, а па-другое, гэтак будзе і да лепшага.
Алексіевіч: Я нават зьдзіўленая такому цьвярозаму рашэньню. Я ня ведаю, якімі матывамі ён кіраваўся, але для мяне гэта быў нейкі знак таго, што прыйшоў час новых інтэлектуальных выклікаў у грамадзтве, і нацыянальная ідэя са стадыі рамантыкі пераходзіць у стадыю рэалізацыі. Спатрэбіўся новы лідэр, які захоўвае гэтую мяккую беларускую мэнтальнасьць і разам з тым дастаткова канкрэтны ў сваім бачаньні.
Адзінае, што мяне засмучае, і я мяркую, што гэта засмуціць значную частку нашага грамадзтва — гэта тое, што Мілінкевіч такога польскага тыпу, а з гэтым зьвязаныя гістарычныя крыўды і складанасьці, якія зьвязваюць нас з польскім грамадзтвам і каталіцызмам. Я баюся, што гэта ў пэўнай ступені яму перашкодзіць.
У Пазьняка ў свой час гэта таксама было. Але калі быў час рэвалюцыі, разбурэньня, патрэбныя былі такія фігуры, як Пазьняк. А цяпер надыходзіць час будаўніцтва. І зьяўляюцца іншыя фігуры. І дзякаваць Богу, што старыя фігуры годна сыходзяць у гісторыю.
Някляеў: Ну што тут, уласна кажучы, камэнтаваць. Усё сказаў Валянцін, і Сьвятлана таксама правільна сказала. Зянон Станіслававіч як палітык цяпер вымушаны гуляць у прапанаваных яму ўмовах. Ён ня мог не ўключыцца ў гэтую перадвыбарчую прэзыдэнцкую кампанію і ня мог ня выйсьці зь яе.
Дракахруст: На гэтым тыдні адбылося магчыма выпадковае, але сымбалічнае супадзеньне. У той час як Аляксандар Лукашэнка ў Санкт-Пецярбургу вёў перамовы з Уладзімірам Пуціным і старшыняваў на саміце Эўраазіяцкай эканамічнай супольнасьці, Аляксандар Мілінкевіч выступаў з трыбуны польскага Сэйму і паціскаў руку польскаму прэзыдэнту Леху Качынскаму.
Разам з тым, скажам, Аляксандар Казулін падчас онлайн-канфэрэнцыі на «Свабодзе» заявіў: «Не сакрэт, што праект «адзінага» — праамэрыканскі і празаходні. А я выступаю за збалянсаваную палітыку Беларусі як з Расеяй, гэтак і з Эўропай і Амэрыкай. І я не адзін у нашай краіне».
Ці можна сказаць, што гэтая кампанія, як тое ня раз было ў беларускай гісторыі, ператвараецца ў спаборніцтва двух вялікіх беларускіх культурных і мэнтальных магнітаў — Расеі і Польшчы, як тыя заходні і ўсходні вучоныя ў купалаўскіх «Тутэйшых», якія ўвесь час зьяўляюцца з розных бакоў сцэны і задаюць своеасаблівы кантэкст таму, што адбываецца.
Уладзімер, ці лічыце Вы, што кампанія атрымліваецца такая: Расея супраць Польшчы?
Някляеў: Тут ня толькі Расея супраць Польшчы. Нашая кампанія, як і папярэдняя, атрымліваецца такая, што ўсе супраць усіх. Калі ў кожнага з кандыдатаў спытацца: «Калі ты не пераможаш, то што лепш — каб перамог твой дэмакратычны канкурэнт ці каб застаўся Лукашэнка?», то, я клянуся, кожны скажа — хай лепш застанецца Лукашэнка.
Да мяне ўжо колькі народу чаплялася — як гэта ты, Някляеў, у Казуліна? Давай мне ўсе распавядаць, што Казулін — ня толькі праект лукашэнкаўскай улады, але і крамлёўскі праект, маўляў, усё там ужо даўно дамоўлена, што надыходзіць «гадзіна Х» і Лукашэнку мяняюць на Казуліна. Дык я кажу — калі так, то я проста дурань, калі не пайду да Казуліна, калі запраграмавана, што ён будзе пры ўладзе.
Што да супрацьстаяньня Захаду і Ўсходу і бліжэй — Расеі і Польшчы. Гэта ёсьць абразок у Янкі Брыля, калі яму адзін паляк, прычым інтэлігентны, выкшталцоны паляк, прафэсар, казаў, калі яшчэ толькі пачалася наша нібыта незалежнасьць: «Нешта вы там загульваеце з Расеяй, дык вы гуляйце ня зь ёй, а з намі, мы, палякі, вам болей дамо дэмакратыі».
Казаць пра расейскі бок, як там мысьліцца пра Беларусь, няма чаго — мы для іх «сапсаваныя расейцы», якіх трэба «адрамантаваць». І, канечне, бяз гэтай выразнасьці, выразнасьці гістарычнай, без аднаўленьня гэтай годнасьці нічога ня будзе. Мы забыліся і ў чалавечых адносінах і ў адносінах групавых пра гэтае слова — годнасьць. А яно, па-мойму, наагул ключавое ў чалавечым існаваньні.
Акудовіч: Некалі я пісаў, што Расея — не на ўсход ад Беларусі, а Ўсход Беларусі. Гэта значыць, што Расея пэўным сваім контурам, як і Эўропа, натуральна знаходзіцца ўнутры нашай уласнай самасьці.
У розныя гістарычныя эпохі на нашых землях дамінавала то Эўропа, то Расея, і ўсяляк для нас было ня надта добра. Цяпер мы ізноў маем вельмі небясьпечны дысбалянс у бок Расеі. Яшчэ трохі — і наш родны карабель можа перакуліцца.