Для людзей, якія аддадуць свае галасы за Мілінкевіча — а іх будзе нямала — ён увасабляе ідэю іншага жыцьця на славянскім, ірацыянальным узроўні. Гэтая ягоная інтэлігентнасьць канфліктуе з тым, што мы маем сёньня ў нашай дзейнай уладзе — у нашым грамадзтве татальнай пасрэднасьці зьверху данізу. Калі бачыць гэтых людзей улады, проста ўражваесься, як гэтая шэрасьць адраджае сябе і генэруе.
Зь Мілінкевічам людзі зьвязваюць тое, што мы адкрыемся сьвету, што будзе ня сорамна ні за тое, як чалавек гаворыць, ні за тое, як ён глядзіць. Гэта ўвасабленьне нашых надзеяў.
Сорамна за свой страх, якім прасякнутае грамадзтва, сорамна за свой сорам, сорамна за прыніжанасьць свайго жыцьця. Назапасілася вялікае сховішча псыхалягічных чаканьняў. І патрэбная фігура, якая зробіць гэты эмацыйны прарыў.
Дракахруст: Са словаў сп-ні Сьвятланы вынікае, што калі людзі гавораць пра праграму, яны маюць на ўвазе нейкае пасланьне кандыдата ў прэзыдэнты. Скажам, у Лукашэнкі ў 1994 годзе такім пасланьнем было — «Адпомсьцім і пакараем злодзеяў і карупцыянэраў», пуцінскае пасланьне ў 2000 годзе ўкладалася ў ёмістае — «Мачыць у сарціры». Спадар Някляеў, Вы маглі б сказаць, якое пасланьне ў гэтым сэнсе ў Аляксандра Казуліна?
Някляеў: Усё на паверхні нібыта ляжыць. Мы зараз тое самае кажам, што казалі і на мінулых выбарах, і на пазамінулых. Народ не чакае ніякіх эканамічных пасланьняў. Я маю на ўвазе менавіта народ, тых людзей, якія з дня ў дзень думаюць, як пражыць. Ён сам ведае, што калі ён не засее поле, не заб’е курку, то хто б там якую эканоміку яму ні абяцаў, ён будзе галодным. Таму, канечне, чакаецца нейкае духоўнае пасланьне. З маіх сустрэчаў з простымі людзьмі вынікае, што ім абрыдла жыць у сьвеце невыразна.
Праўда, сёньняшняе нашае выразнае існаваньне, дык лепш бы яго не было, кожнаму нармальнаму чалавеку за такое «выразнае» існаваньне сорамна.
І гэта пры тым мы жывем невыразна, што Беларусь — гэта зусім не маленькая краіна, як пра яе часам кажуць. Вунь Літва, Латвія, Эстонія — сапраўды краіны невялікія, але яны існуюць у сьвеце выразна, і перш за ўсё гэтая выразнасьць зыходзіць з таго, што яны нясуць у сабе нацыянальнага.
Калі пачынаеш гаварыць пра нацыянальнае на ўзроўні істэблішмэнту, чуеш, што гэта, маўляў, непэрспэктыўна, асабліва што тычыцца беларускага, што гэта ўсё лясьнецца, што будзе панаваць нейкае глябальнае нешта. Але так задумвацца, дык яно ўсё разам узятае непэрспэктыўнае, бо некалі пад патухлым сонейкам усё скончыцца. Але ж з гэтага не вынікае, што чалавецтва будзе хацець перастаць жыць. І з гэтага не вынікае, што чалавек, якому ў дадзены момант хочацца быць нацыянальным, хочацца быць выразным, расхоча гэтага таму, што гэта некалі ў аддаленасьці скончыцца.
І вось Казулін пры адпаведнай карэктыроўцы якраз вось гэтую выразнасьць мог бы выказаць. Ён, як і Мілінкевіч, яшчэ крыху дзіўнаваты для большасьці людзей. «Адкуль такі ўзяўся?» — пра яго пытаюць. А ён падобны да гэтых людзей, ён і на сустрэчах блытаецца гэтак жа, як і тыя, з кім ён сустракаецца. Але відно, што ён хоча разам з усімі гэтымі людзьмі стаць выразным. Я думаю, што гэта асноўнае, што ён на сёньняшні дзень у сабе нясе.
Дракахруст: Валянцін, ва Ўладзімера зараз прагучала фраза «Мы казалі гэта і на мінулых выбарах, і на пазамінулых», а людзі, маўляў, занятыя сваімі куркамі і не падымаюць вочы ўгару. Але мы памятаем нават па найноўшай беларускай гісторыі, як, скажам, людзі ў 1994 годзе аб’ядналіся вакол пэўнай постаці — добрай або кепскай — няважна, але яны ў пэўнай ступені адарваліся тады ад сваіх курак.
Або ўзяць пазалеташні досьвед Украіны, калі блізка мільёну чалавек стаялі на майданах па ўсёй краіне. Тут справа, відаць, у своеасаблівым «залатым ключыку» — калі яго знойдзеш, то ён адчыняе душы людзей і яны адрываюцца ад сваіх курак. Ці ўбачылі Вы, спадар Валянцін, у руках у нейкага кандыдата такі «залаты ключык»?
Акудовіч: Я крыху дыстанцуюся ад гэтай вядомай думкі, што ёсьць недзе нейкае слоўка «сэзам», яго толькі трэба знайсьці — і дзьверы адчыняцца. Я думаю, што ўсё наадварот — калі сытуацыя высьпявае, тады ўжо неістотна, якое слоўка, слоган, лёзунг прагучыць. Мне даводзіцца дастаткова сустракацца з замежнымі сябрамі, у якіх гэта ўжо адбылося. Яны чамусьці ўвесь час робяць акцэнт на гэтым, славакі кажуць пра той лёзунг, сэрбы — пра іншы. Я ня веру, што праблема ў нейкім «ключыку».
Патрэбны найперш «замок», куды ўтыркнуць той «ключык». Калі замок не вісіць, то насі той «ключык» у кішэні і бразгай ім колькі хочаш.
І таму пытаньне хутчэй у тым, калі ў Беларусі сасьпее гэтая крытычная маса, і тады можа прагучаць што заўгодна, і людзі выйдуць. І выходзілі мы і па 20, і па 50, і па 100 тысячаў, і неістотна пад якімі словамі, і магчыма, неістотна нават, пад якім сьцягам.
Я пакуль ня бачу гэтага высьпяваньня.
Яно існуе, тут я згодны з Уладзімерам і Сьвятланай, яно ідзе ў колах інтэлігенцыі, у грамадзкім сэнсе актыўных людзей. Але пакуль, мне здаецца, гэта вельмі мала. Іншая рэч, што наш досьвед сапраўды паказвае, што вялікія зрушэньні адбываліся нечакана.
І таму застаецца спадзявацца,, што гэтыя працэсы, якія адбываюцца, нам проста нябачныя. Нам вельмі цяжка ацэньваць, што насамрэч адбываецца ў Беларусі, бо мы знаходзімся пад накрыўкай дыктатуры. Там штосьці варыцца, штосьці булькоча, але мы ня можам бачыць, бо мы накрытыя рэпрэсіўным рэжымам, рэжымам страху. Мне страшэнна цікава было б даведацца, што там зварылася.
Дракахруст: Уладзімер, як Вы ўжо казалі, часам можна пачуць меркаваньні пра тое, што нацыянальная інтэлігенцыя ў Беларусі ізаляваная са сваімі размовамі пра мову і культуру, якія народу абсалютна нецікавыя. Але калі справа даходзіць, так бы мовіць, да справы, то высьвятляецца, што чаканьні той часткі грамадзтва, якая не задаволеная існым становішчам, цяпер факусуюцца або на людзях выразна нацыянальна арыентаваных, такіх, як Аляксандар Мілінкевіч, ці на такіх, як Аляксандар Казулін, якія шукаюць гэтай арыентаванасьці — хаця сам ён і не належыць да гэтага кола і сам па-беларуску не гаворыць, але вакол яго стаяць такія людзі, як Уладзімер Някляеў, Ніл Гілевіч, Алесь Пашкевіч, Вольга Іпатава. Чаму? Чаму так атрымліваецца, што альтэрнатыва аказваецца зьвязанай з той самай нацыянальнай ідэяй?
Някляеў: Я катэгарычна ня згодны з тым, што зараз сказаў мой паважаны сябра Валянцін, што яму ўсё адно, пад якім мы сьцягам выходзілі на вуліцы разам з тысячнымі натоўпамі. А мне не ўсё роўна.
З майго гаўбца быў некалі відзён бел-чырвона-белы сьцяг, які тады лунаў над рэзыдэнцыяй прэзыдэнта. Я выходзіў з каўкай і цыгаркай на гаўбец, і ў мяне, прабачце, разам з гэтым сьцягам лунала душа. Як толькі перавесілі, я там ні разу не сядзеў, не паліў і не ўзьляцеў. Калі ў чалавека гэта ёсьць — гэта ёсьць, калі няма — то няма і нікому тут нічога не давядзеш.
На онлайн-канфэрэнцыі на «Свабодзе» ў Зянона Пазьняка спыталіся, што б ён зрабіў найперш, калі б стаў прэзыдэнтам. Ён адказаў — адразу б памяняў нацыянальную сымболіку. Палітычна і эканамічна нібыта ня з гэтага трэба пачынаць, але вось тут я цалкам на ягоным баку. Калі гэтага няма, то я не разумею, дзеля чаго ўсё астатняе.
Лукашэнка на сёньня стаў найперш перашкодай у духоўным жыцьці краіны. Бо як бы яна разьвівалася эканамічна, калі б быў ня ён, а нехта іншы? Думаю, што прыкладна гэтак жа, можа крыху больш рынкава. Але пры любым іншым у нас бы было іншае духоўнае жыцьцё. У гэтым і праблема.
Акудовіч: Мой любімы паэт, дарагі мой сябра Ўладзімер Някляеў трошкі ня так расчытаў маю рэпліку. Я ня менш за яго і за каго заўгодна заангажаваны і ў нашую сымболіку і ў беларускасьць. Я казаў, што калі людзі выходзілі масава на вуліцы, яны выходзілі не як мы зь Някляевым — пад пэўны сьцяг, яны выходзілі таму, што была энэргетыка і патрэба пераменаў.
Дракахруст: Спадар Валянцін, у Вас у свой час быў знакаміты артыкул «Бяз нас», дзе Вы з горыччу апісалі глыбокую ізаляцыю нацыянальнай інтэлігенцыі. Дык чаму ж у рэшце рэшт на альтэрнатыўным баку лідэрамі аказваюцца людзі ўсё ж нацыянальна сьвядомыя?
Акудовіч: Мала хто заўважае, што за 15 гадоў незалежнасьці беларусы ўжо амаль аформіліся як нацыя. А не заўважаюць гэта найперш таму, што шлях нацыятварэньня бачыўся і бачыцца многім зусім іншым — а менавіта этналінгвістычным, праз ахопліваньне ўсяго грамадзтва нацыянальнай культурай, беларускай мовай, уласнай гісторыяй і да таго падобнае.
Аднак атрымалася ўсё зусім інакш. Беларусы неўпрыкмет для сябе пачынаюць гуртавацца ў нацыю на сацыяльных падставах — гэта значыць, свая дзяржава, свае законы, свой дзяржаўны лад і гэтак далей.
Але з чаго тады нават у нацыянальна не заангажаваных палітычных лідэраў відавочна бачны акцэнт на ўласна нацыянальнае, як, скажам, у спадара Казуліна? Рэч у тым, што нацыянальна сфармаваны чалавек, на якіх бы падставах ён ні фармаваўся, пачынае разумець значэньне ўнівэрсальных каштоўнасьцяў. А значыць, ён пакрысе ўсьведамляе, што ўласна беларускае, якім бы маргінальным сёньня яно ні было — гэта адна з тых унівэрсальных каштоўнасьцяў, якая нябачна зьвязвае нашу краіну ў адно цэлае.
Беларускасьць сёньня знаходзіцца ў маргінальным стане, але гэта — цэнтрапалеглая маргіналія. Вымі яе цалкам — і ўсё пасыплецца.
І таму чуйныя, разумныя людзі, як у выпадку з Казуліным, першае, што робяць, калі самі не зьяўляюцца ўнутры нацыянальнымі ў пляне ўласна беларускага — яны агароджваюць сябе людзьмі выразна нацыянальна заангажаванымі, як Іпатава, Някляеў і да таго падобнае.
Дракахруст: Спадарыня Сьвятлана, ізноў жа вяртаючыся да Вашай палемікі з Генадзем Бураўкіным у «Праскім акцэнце». Вы тады казалі, што нацыянальна арыентаваная інтэлігенцыя — гэта такія летуценьнікі, іх сьвет — гэта, так бы мовіць, вузенькая прастора вакол рэдакцыяў «Нашай Нівы» і «ARCHE», а вакол, казалі Вы, жыве зусім іншае грамадзтва, чужое гэтым ідэям.