За столікам запанавала паўза – здавалася, што дадаць і няма чаго. Я ўжо нават рэкнуў быў, што нічога з гэтага не будзе і я гатовы – так, я гатовы расстацца. Дзве тысячы кіламетраў адлегласці і яе шлюб рабілі нашыя адносіны немагчымымі. Пачуваўся я побач з ёй, такой сляпучай і дыхтоўнай, поўнай нікчэмнасцю.
Расстацца?! – Роніны бровы ўзляцелі, як спуджаныя птушкі. Вочы зрабіліся зусім ужо каламутна-чорныя, як п’яныя вішні. Яна вокамгненна ператварылася ў пацанку-нецярпячку:
– Расстацца?! О, шайзэ, найн! Я не дзеля таго з табой тут спаткалася. У мяне ёсць План.
Я зірнуў на яе з нямым захапленнем. Чорта што я зразумеў.
– У жанчын, ведаеш, заўсёды ёсць планы, – патлумачыла Роні, пакрысе зноў ператвараючыся ва ўзважаную і сухую Роні. Яе мабільнік піскнуў, і яна спешна разгарнула эсэмэску. Прачытаўшы, заспакоеная адклала мабілку ў бок:
– І вось, Персей, у мяне ёсць План на цябе. Лагодна ўсміхнулася і палашчыла маю скронь.
І вось што яна апавяла. Нам абаім трэба было прывязацца да графіку еўрапейскіх фестываляў і культурных кангрэсаў, і разам ездзіць. Яна з Офісам Усходніх Пераменаў, а я з нейкім беларускім стэндам – трэба яшчэ прыдумаць, якім. Культурніцкі саміт у Вільні, кніжны кірмаш у Празе, фестываль мастацтваў у Рэйк’явіку, мультыкультурны фэст у Бялградзе…
І мы будзем мець разам, як падлічыла Роні, дзесяць-пятнаццаць сустрэчаў на год, па тры-пяць дзён кожная.
Я падняў вочы ўгору.
– Калі зрабіць агульны падрахунак, – сказаў я сумным голасам, – падлічыць любадні і любаночы ў начных кавярнях чужых гарадоў і гатэльных нумарах, дык не так ужо і шмат…
– Але, калі падумаць, што ў тваім жыцці раз на месяц-два цябе чакае амаль тыдзень не разведзенай ні чым мілаты і любаты, – запярэчыла Роні, – дык не так ўжо і мала…
– Фінансы – не праблема, – дзелавіта дадала яна, – за дэмакратычныя каштоўнасці на сваіх межах Еўропе трэба плаціць. Лепей грашыма, чым крывёю. Кожны школьнік у нас пра гэта ведае.
Еўропа ў няроўнай бойцы з Расіяй, пераконвала мяне Роні, цягне-пацягне пакрысе на свой бок такія памежныя краіны, як, напрыклад, Беларусь. І калі не ўдасца перацягнуць, то яна прынамсі паспрабуе ўтварыць буферную зону з нейтральных краінаў. А як не атрымаецца буфернай зоны, то прынамсі сякой-такой чыннасцю заспакоіць грамадства і сумленне, каб можна было сказаць, што для еўрагаротнікаў хоць нешта рабілася.
Паводле Ронінага Плана, я мусіў наладзіць працу з Беларусі. Арганізаваць беларускі стэнд, набраць каманду. Падумаць, што я буду выстаўляць еўрапейцам. Паказаць тавар тварам.
Канчаткова пераканаць еўраструктуры, што такі стэнд патрэбны – за гэта бралася Роні. У яе шырачэзныя сувязі ў еўрапарламенце, а камісар па культуры фрау Заліхвасэр – яе добрая знаёмая па брусельскай каве. Урэшце, Ронін мюнхенскі Офіс Усходніх Пераменаў дзеля гэтага і паўстаў – адстойваць дэмакратычныя каштоўнасці ў краінах на ўсход ад Нямеччыны.
– А каханне, без сумневу, – дэмакратычная каштоўнасць, – дадала па-змоўніцку Роні і мы стыкнулі келіх і куфаль. Берлінскія кельнеры якраз пачыналі мыць падлогу бара.
– Імкненне да злучэння каханкаў – гэта гуманізм, – падтакнуў я. Мае вусны былі барвовыя ад віна. У той вечар я набраўся, як жаба гразі.
Берлінскія кельнеры ўжо тушылі на сталах свечкі.
– І гэтай каштоўнасці ў нас ні ўсходняй Сатрапіі, ні брусельскім еўрабюракратам ні за што не адняць! – сказала Роні. – Мы адстаім тваю мілую Беларусь.
– За вашу і нашу свабоду, – дадаў я і паваліўся пад стол. Назаўтра ў вялікай кнігарні на бульвары Курфюрстэндам мы ўрачыста набылі дзве аднолькава вялікія мапы Еўропы.
Я ўжо ведаў, што гэтыя сустрэчы – маё шчасце, маё збавенне. А яшчэ мая бяда, мая ад’яда. Нешта ў гэтым усім наступала мне на душу. Аднак пад канец культурфэсту я быў поўны аптымізму.
На развітанне Роні сказала:
– Ніколі не забывай, Персей, усё проста: я тваё каханне, а ты – маё. У наступны раз калі мы сустрэнемся ў верасні ў Мілане, адзначым мае народзіны – мне споўніцца трыццаць пяць. Мае народзіны, дарэчы, супадаюць з народзінамі маёй свякрухі, маці сапраўднага доктара хірургіі доктара Увэ Мітэльмана. А ў апошні дзень нашай сустрэчы тут жа ў Берліне, роўна праз паўгода, твой юбілей – трыццаць гадоў. Я, як бачыш, прагугліла цябе як след, мой унукатэрапеўт.
Раздзел 3
Найбольшая любасць
Найбольш бабулі і дзяды любілі дні народзінаў адно аднаго. Яны сядзелі тады надзьмутыя і расчырванелыя, быццам гілі на дроце. Як ні круці – настала іхняе свята: чарговая нарада ўсегалактычнага ЦК, святочны сход сусветнай вярхушкі.
Дзень літасці і замірэння. Забываючыся на крыўды і прыкрасці, бабулі і дзяды сыходзіліся ў адной кватэры, у адной гасцёўні, пры адным стале. Збольшага на Чкалава ў Бабарозы, але часам і на Кнорына ў Бабамані.
Бабароза, якая ў іншыя дні Дзядзюлю і на вочы не дапускала, раз на год тэлефанавала, і як нічога ніякага запрашала былога і зненавіднага зяця на дзень народзінаў. А ён? Як ніяк-нідзе прымаў ласку – прыбываў задыханы, расчырванелы, з бутэлькай віна пад пахай.
У Бабарозы і Бабагруні, яе дачкі, дні нараджэння побач: дванаццатага і чатырнаццатага траўня. Але от хоць ты што, а трэба наведаць абодва, цалкам асобныя і незалежныя адно ад аднаго мерапрыемствы ў іх кватэры на Чкалава. Абедзве ўрачыстасці святкуюцца найдасканалейшым чынам, поўным наборам: гарачае і салодкае, селядзец пад буракамі і мяса па-французску.
Бацька, схаваны апанент Бабарозінага рэжыму, яшчэ дома змагаючыся з гальштукам і запінкамі, мітусіўся і казаў, што больш ніколі не прыйдзе на гэты “старпёрскі ідзьяцізм”, дзе яму і ягонаму сыну адведзена роля бездапаможных ахвяраў, фактычна стравы, наколатай на вострыя шпажкі, якую падаюць на дэсерт. Гэта бацька меў на ўвазе той момант, калі пры канцы вячэры бабулі і дзяды дружна паварочвалі галовы ў наш бок і саладжавымі галасамі пачыналі нібыта прыветна, але насамрэч па-міліцэйску ўчэпіста і каверзна, дапытваць мяне і бацьку наконт спраў у школе і на працы. Аднак, нягледзячы на бурчэнні, бацька як штых з’яўляўся на кожным мерапрыемстве са мною пад пахамі і шырокай усмешкай на твары.
…Вось яны, бабулі і дзяды. Пакуль усе жывыя. Бабароза, мая прабабка, сваімі чырвонымі, як буракі, пазногцямі лупіць праўнуку мандарынку. Далей яе дочкі, пухка-рамантычная Бабагруня і яе малодшая сястра, мужаненавісніца Бабанадзя, перакананая векавуха. Абедзве адстаронена перацца ў акно – кожная па сваіх прычынах. Паміж імі Дзедлёня, другі муж Бабагруні, пасёрбвае моцную гарбату, свой любовегонны чыфір. У галаве стала – былы муж Бабагруні, герой-палюбоўнік Дзядзюля горача шэпчацца са сваёй пятай жонкай, сухенькай чарнявай Бабафаняй. Далей – Бабаманя, маці майго бацькі Андрэя, не стрымліваецца, робіць глытальныя рухі, гледзячы на полчышчы талерак і місаў. Дзедбарыс, яе муж, з вечнай дурнавата-мройлівай усмешкай на твары моўчкі жуе хлеб. Мама і бацька, Галя і Андрэй, нудзяцца, па-школьніцку склаўшы рукі пад сталом.