Мы гулялі па вясновым Кішынёве. Пілі неблагое віно проста з рыльца, балбаталі што на рот лезе. Я травіў гісторыі пра пяцёх жонак Дзядзюлі і яго тысячу каханак. Мы спявалі адно аднаму дурным голасам, Роні – нямецкую салдацкую пра пяхотніка, які вярнуўся з швабска-дацкай вайны 1775 года. Я ж настолькі асмялеў (ахмялеў?), што гарлаў хіты з песенніка непаліткарэктнага дзікуна: “Шпацырэн, шпацырэн, дойчэн афіцырэн! Партызанэн – піф-піф-піф, камуністэн – паф-паф-паф”. Гэтай рачоўцы ў дзяцінстве мяне навучыла Бабароза. Роні брала мяне за рукі, і мы кружлялі па вулках жоўтасценнага горада ў галавакрутным вальсе.
У апошні дзень майстар-класаў мы злавілі таксоўку і за нейкую смешную суму паехалі ў манастыр сярод гор. У манастыры елі хлеб з арэхамі і глядзелі на навакольныя вертыкалі. Быў канец лютага – у далінах ляжаў снег, але, на беларускія рэаліі, гэта адчувалася як красавік. Роні гойсала ў адной саколцы.
Па вяртанні ў гатэль, да Роні ў нумар я не пайшоў. Мы развітваліся ў ліфце. Роні горача абняла мяне, моцна прытуліўшыся да шчакі. Прамармытала, што, можа быць, “мы сустрэнемся яшчэ, дзесьці ў Еўропе, на якім-небудзь майстар-класе”. Ужо на самоце ў ліфце я ўсё думаў, як я хачу яе, але маладушна разважыў яшчэ, што страшнейшай цяпер для мяне будзе яе адмова, таму лепей не спрабаваць увогуле. Я зашыўся ў свой нумар, дзе ад перажывання і любоўных ваганняў паваліўся на ложак ды імгненна заснуў.
Пабудзіў мяне тэлефонны званок хвілін праз дзесяць.
– Ўот ар ю дуінг?
– Спрабую спаць…
– Спаць? Ты спіш?! Тады калі я тут уся знемаглася, марачы, як пераспаць з табою!
Я вокамгненна прачнуўся. Роні тэліла са свайго гатэльнага нумара. Калі шчыра, можа, яна крыкнула нешта іншае, я быў прыспаны – адно што ў яе крыку я выразна пачуў тройчы запар слова sleep, “спаць”.
– Я іду, Роні! – загырчаў я.
Шпурнуў слухаўку на каўралінавую падлогу нумара. Стаў увіхацца: сноўдаўся па пакоі, спрабуючы пацэліць нагамі ў калашыны. Заляцеў на хвілю ў туалет, але рады не даў – уваччу скакалі каляровыя вясёлкі, а “маланка” на прарэху захрасла напаўдарозе. “Sleep, sleep, SLEEP!” – тахкала ў скронях. У кінутай на падлогу слухаўцы Роні лямантавала ды выкрыквала нешта кашэчае, зазыўнае.
Калі я ўрэшце завітаў да яе ў нумар, яна стаяла босая. Сцішаная і прысаромленая. Ейны юр яўна мінуўся. Я пасядзеў, паперыўся ў тэлевізар для прыліку, і, канечне, палез да яе. Роні млява, але трывала абаранялася.
– І часта ты так спакушаеш дзяўчат на далёкіх майстар-класах? – напытвала Роні, прыбіраючы маю далонь з грудзей. – …Ведаеш, я замужняя. З дзецьмі.
І яна выкінула два пальцы.
– З двума…
– Прыгожая, ты вельмі прыгожая… – на выдыху шаптаў я, спрабуючы злавіць яе вусны ў свае, і лавіў пах чорных валасоў. Яе жывот ад хвалявання пульсаваў буйнымі штуршкамі.
Дарэчы, потым Роні доўга мне прыгадвала гэтыя словы. “Я творчая, я вясёлая, я – урэшце няпростая. А ты, Персей, прызнаючыся ў каханні, назваў мяне “б’ютыфул, вэры б’ютыфул вумэн”?!
– Госпадзе! – выгукнула Роні, калі мы ўрэшце крывавата, бо ўпершыню, пацалаваліся. – Што мы тут робім? У нейкім Кішынёве, на краі свету… Дзе мы?
Яе вочы былі колеру вішні на каньяку.
Ну, ты яшчэ не бачыла краёў свету, – адказваў я ў перапынках між пацалункамі. – Нейкі там Менск, скрыжаванне Ekskavatarny і Kalektarny street – ось там сапраўдны край.
Роні рассмяялася і адначасова груба адпіхнула мяне на падлогу.
Пазней, уначы, было няўежнае развітанне ў холе гатэля са слязьмі і кінутымі на ўзвей ветру словамі.
А па прыездзе дадому насталі мілосныя будні з шматметровымі лістамі-прызнаннямі па мэйле і штодзённымі пасядзелкамі ў начным чаце.
Праз які месяц на іншых землях матухны-Еўропы ўсё працягнулася. Па збегу акалічнасцяў, нам надарылася ўбачыцца зноў даволі хутка: беларускую дэлегацыю запрашалі на культурфэст у Берлін. Роні і яе мюнхенскі Офіс Усходніх Пераменаў мелі там свой стэнд таксама.
На выставе я, што дурны цюцька, адразу прыпусціў сустрэцца з Роні на яе стэнд. Яна, публічна-чужая, стаяла пасярод павільёна ў звышафіцыйным шэрым касцюме. Я паспрабаваў абняць яе проста там. Груба адпіхнуўшы мяне, яна сувора, ментарскім тонам, як можа толькі яна, адчытала мяне напаўголаса, свідруючы цёмна-вішнёвымі вачыма праз бяздужкавыя акуляры:
– Пагаворым потым – ПАСЛЯ працы! Я дашлю табе эсэмэс.
І спатканне будзе, сувора папярэдзіла Роні, толькі пасля дзелавых сустрэч з партнёрамі, дзелавой вячэры з калегамі па офісе і дзелавога ж чыл-аўту ў клубе для кіраўніцтва выставы.
Я прапанаваў спаткацца ў бары каля Фрыдрыхштрасэ. Роні перанесла ўсё ў хіпоўска-эмігранцкі Кройцберг – там яе ніхто не пазнае.
Урэшце, ледзьве не апоўначы, мы апынуліся ў тым рэдкім берлінскім бары, дзе яшчэ можна курыць. Мы расказалі пра сябе ўсю праўду. Я – што жыву з прабабуляй, бабуляй і бацькамі ў Менску. Пра “прыемны к’ебінет” – прыёмны кабінет, з псіхатэрапеўтычнай кушэткай, і коратка – пра комплекс Персея і метад унукатэрапіі. Роні, у сваю чаргу, распавяла пра Мюнхен: там былі муж, сапраўдны доктар хірургіі Увэ Мітэльман, які кожны дзень за звычайную змену ратуе жыцці як мінімум трох пацыентак (мужчын доктар чамусьці не лічыў людзьмі). Былі яшчэ румынскія карані і повязі, але, іміграваўшы на Захад, Роні іх акуратна падрэзала.
– Навошта азірацца назад, гэта замінае жыць. Таго, што прайшло, яго ўжо няма, зусім няма, разумееш? – патлумачыла Роні.
І вядома, былі дзеткі: два хлопчыкі, на імёны якіх я цяпер трывала забыўся, і прыўдалы дамок сярод букаў і гор.