— Толькі ж не злуйце, маса. Маса Ўіл не кажа, што з ім, але ж самі падумайце, чаго ён бегае паўсюль, голаў апусціўшы, белы, як гусак, ды на дошцы ўсё нешта крэсліць.
— Што крэсліць, Юпітэр?
— Ды значкі нейкія, ніколі ў жыцці такіх не бачыў. Ой, моцна мяне гэта пужае, скажу я вам. Яго цяпер трэба з вачэй не спускаць. А ўчора праспаў я, дык ён, як сонца яшчэ не ўзышло, уцёк і блукаў недзе ўвесь божы дзень. А я ўзяў вялізную палку ды збіраўся быў пабіць яго, як прыйдзе, але не паднялася мая рука, расчуліўся, як пабачыў гэтага небараку.
— Што?! Ого! Ведаеш, напэўна, так лютаваць не варта. Не бі бедалагу, Юпітэр, ён можа гэтага не вытрымаць. А ці ёсць у цябе нейкія здагадкі, што магло спрычыніцца да хваробы ці зменаў у яго паводзінах? Можа, здарылася што благое, пакуль мяне не было?
— Ды не, маса, потым нічога благога не здарылася. Якраз у той дзень, калі вы былі ў нас, яно й здарылася.
— Як так? Што ты маеш на ўвазе?
— Жука маю.
— Каго?
— Ну, жука таго. Думаю, гэта масу Ўіла залаты жук у галаву ўкусіў.
— А чаму ты так лічыш?
— Па-першае, лічу лапы вялізныя, па-другое, рот шырачэзны. Ніколі раней такога страшнага жука не сустракаў — б'е ды кусае ўсё, што трапіць. Маса Ўіл спаймаў яго, потым выпусціў, тады, мабыць, і цапнуў. Пашча страшная-страшная, голымі рукамі яго не возьмеш, дык я ўзяў кавалкам паперы, побач валяўся, закруціў у яго і зяпу заткнуў. Вось так.
— I ты напраўду думаеш, што твайго гаспадара пакусаў жук і нейкім чынам спрычыніўся да яго хваробы?
— Нічога не думаю, ведаю я. Чаму ж ён сніць пра золата, калі жук не кусаў? Шмат я чуў пра такіх жукоў.
— А адкуль ты ведаеш, што яму золата сніцца?
— Як адкуль? У сне ён пра яго гаворыць. Адкуль жа яшчэ?!
— Добра, Юпі, мабыць, ты маеш рацыю. Але чым я абавязаны твайму неспадзяванаму сённяшняму візіту?
— Вы пра што гэта, маса?
— Ці прынёс ты мне якое-небудзь пасланне ад Леграна?
— Ніякага паслання, маса, толькі пісьмо, — і Юпітэр працягнуў мне цыдулку наступнага зместу:
У гэтым лісце было нешта такое, што адразу ўстрывожыла мяне. Стыль пісьма рэзка адрозніваўся ад звычайнай манеры Леграна. Што прыходзіць да яго ў снах? Якая новая фантазія захапіла яго ўразлівы розум? I што гэта за «надзвычайна важная справа», якую ён хоча ажыццявіць? Аповеды Юпітэра пра Леграна не абяцалі нічога добрага. Я баяўся, што цяжар няўдачаў зусім звёў з розуму майго сябра. I таму, не марудзячы ні хвіліны, я сабраўся ў дарогу са старым мурынам.
Наблізіўшыся да прычала, я заўважыў на дне лодкі, на якой мы мусілі адплысці, зусім новую касу і тры рыдлёўкі.
— Што гэта значыць, Юпітэр? — запытаўся я.
— Каса гэта, маса, і рыдлёўкі.
— Маеш рацыю. Але што яны тут робяць?
— Касу і рыдлёўкі прасіў мяне купіць у горадзе маса Ўіл, і чортаву ж купу грошай выклаў я за іх.
— Але, у імя ўсіх загадак на свеце, што твой маса Ўіл збіраецца рабіць з гэтымі косамі і рыдлёўкамі?
— Адкуль жа мне ведаць? Ды чорт мяне пабяры, калі ён сам ведае. Але гэта жук ва ўсім вінаваты, папомніце маё слова.
Вырашыўшы, што задаваць пытанні Юпітэру больш не мае ніякага сэнсу, бо прычынай усяго яму бачыўся «залаты жук», я ступіў у лодку, і мы паплылі. Моцны й прыемны ветрык у хуткім часе дамчаў нас да маленькай бухты на поўнач ад форта Моўлтры, і праз дзве гадзіны пешай хады мы дабраліся да хаціны майго сябра. На гадзінніку было каля трох. Легран нецярпліва чакаў нас. Ён схапіў і паціснуў маю руку з надзвычайнай сардэчнасцю, што яшчэ больш умацавала мае падазрэнні. Бледнасць яго твару была амаль змярцвелай, а глыбока запалыя вочы свяціліся нездаровым бляскам. Спачатку даведаўшыся пра яго здароўе, я, абачліва падбіраючы словы, запытаўся, ці атрымаў ён назад скарабея ад лейтэнанта Дж.
— О так! — адказаў ён, моцна пачырванеўшы. — Я забраў яго на наступны ж дзень. I цяпер нішто не зможа разлучыць мяне з ім. Ведаеце, Юпітэр на яго конт не памыліўся.
— Што вы маеце на ўвазе? — запытаў я, прадчуваючы нядобрае.