— Калі ты, Юпітэр, такі вялізны мурын, баішся ўзяць маленькага бясшкоднага мёртвага жучка ў рукі, то можаш трымаць яго за нітку. Але калі ты яго не возьмеш наогул, мне давядзецца раструшчыць тваю галаву гэтай самай рыдлёўкай.
— Ды што такое, маса? — прысаромлены Юпі пайшоў на саступкі. — Усё сварыцеся на старога мурына без дай прычыны. Я ж пажартаваў. Каб мяне той жук напужаў?! Ды нізашто! — пры гэтых словах ён узяўся за самы скрайчык ніткі і, трымаючы насякомае як мага далей ад сябе, падрыхтаваўся лезці на дрэва.
У маладым узросце цюльпанавае дрэва, ці Liriodendron Tulipiferum, найвялікшае дрэва амерыканскіх лясоў, мае незвычайна гладкі камель і часта дасягае значнай вышыні без аніякіх бакавых галінаў, але ў больш познім узросце паверхня дрэва робіцца гузаватай і няроўнай з мноствам маленькіх сучкоў. Таму падняцца на дрэва насамрэч не так і цяжка. Абхапіўшы таўшчэзны камель каленямі і рукамі як мага больш шчыльна, намацваючы далонямі выступы на дрэве і становячыся на іх голымі ступакамі, Юпітэр некалькі разоў ледзь не зваліўся долу, але ўсё ж ускараскаўся на першую вялікую развіліну і, відаць, вырашыў, што тэарэтычна мэта дасягнутая. Рызыка ўпасці з дрэва цяпер фактычна зводзілася да мінімуму, хаця служка і знаходзіўся на адлегласці шэсць-дзесят-семдзесят футаў над зямлёю.
— А далей куды, маса Ўіл? — запытаўся ён.
— Падымайся да самай вялікай галіны на гэтым баку, — адказаў Легран.
Мурын адразу ж падпарадкаваўся і, хоць з невялікімі цяжкасцямі, але пачаў караскацца далей, падымаючыся ўсё вышэй і вышэй, пакуль яго згорбленая пастава цалкам не схавалася ў густой лістоце. Цяпер голас яго гучаў глуха, нібы рэха.
— Колькі яшчэ лезці?
— А ты высока? — спытаў Легран.
— Анягож, — адказаў мурын, — неба праз голле свеціцца!
— Забудзься пра неба і зважай, што я табе скажу. Глянь уніз на камель і палічы, колькі галінаў пад табой па гэты бок. Колькі галінаў ты ўжо мінуў?
— Раз, два, тры, чатыры, пяць. Я пяць вялікіх голек па гэты бок пералез, маса.
— Тады падыміся вышэй яшчэ на адну.
Праз хвіліну мы зноў пачулі голас, які абвясціў, што і сёмую галіну мурын адолеў.
— А зараз, Юпі, — закрычаў Легран яшчэ больш усхвалявана, — я хачу, каб ты палез па гэтай галіне як мага далей. Калі натрапіш на нешта дзіўнае, паведамі мне.
Калі дагэтуль я і меў нейкія сумневы наконт вар'яцтва майго сябра, яны канчаткова рассеяліся. Мне не заставалася нічога іншага, як прызнаць яго псіхічна хворым і падумаць, якім чынам даставіць Леграна дахаты. Пакуль я разважаў, як гэта зрабіць найлепш, зноў данёсся голас Юпітэра.
— Я баюся далёка лезці, голька трухлявая ўся.
— Юпітэр, ты сказаў, трухлявая? — дрыготкім голасам пракрычаў Легран.
— Так, маса, трухлявая, каб я ночы не прыждаў, чым толькі дзержыцца...
— Божа, што рабіць? — надзвычай занепакоена ўсклікнуў Легран.
— Рабі наступным чынам, — прамовіў я, узрадаваны магчымасцю ўставіць слоўца, — чаму б нам не пайсці дахаты і не легчы спакойна спаць? Хадзем зараз жа — пашкадуй яго. Ужо цямнее, да таго ж ты даў мне абяцанне.
— Юпітэр, — пракрычаў Легран, не звяртаючы на мяне аніякай увагі, — ты мяне чуеш?
— Так, маса Ўіл, добра чую.
— Правер галіну сваім ножыкам, ці напраўду яна спарахнелая.
— Як піць даць, маса, — адказаў мурын праз колькі хвілінаў, — але ж не так моцна, як магла б. Адзін змагу па ёй трохі пралезці.
— Адзін? Гэта ты пра што?
— Пра жука. Ён жа цяжкі, як вол! Як кіну яго долу, галіна пад адным мурынам не зламаецца.
— Ах ты падлюга! — закрычаў Легран, ужо больш паблажліва. — Што ты хочаш сказаць?! Толькі паспрабуй кінь жука, я табе шыю зламаю. Чуеш мяне, Юпітэр?
— Чую, маса, ой, не злуйце так на беднага мурына.
— Ага, а цяпер паслухай мяне: калі ты пралезеш па галіне яшчэ крыху наперад і не выпусціш жука, я дам табе срэбны даляр, як толькі спусцішся на зямлю.
— Добра, маса Ўіл, я ўжо тут, — умомант адказаў служка, — амаль на краёчку.