— Гэты жук з чыстага золата.
Ён прамовіў гэтыя словы так сур'езна, што я быў проста агаломшаны.
— Гэты жук зробіць мяне багатым, — працягваў ён, пераможна ўсміхаючыся, — і дапаможа мне вярнуць сямейную маёмасць. Што ж дзіўнага ў тым, што я так цаню яго? Калі Лёс вырашыў адарыць мяне ім, то мне варта скарыстаць гэты шанец належным чынам, і тады я знайду золата, на якое ён мне пакажа. Юпітэр, прынясі скарабея!
— Што?! Жука?! Не буду я яго чапаць, каб на яго ліха. Самі бярыце, як на тое ваша воля.
Легран велічна і годна ўстаў і паднёс мне жука, якога выцягнуў са шклянога футарала. Гэта быў прыгожы скарабей, у той час яшчэ зусім новы від, надзвычайная знаходка ў навуковым свеце. На яго цельцы — дзве круглыя чорныя плямкі з аднаго канца і адна прадаўгаватая з другога. Луска надзвычай цвёрдая і бліскучая, нібы адпаліраванае золата. I важыў ён таксама даволі шмат. Улічваючы ўсё гэта, я наўрад ці мог ганіць Юпітэра за яго меркаванні пра жука, але якім чынам патлумачыць згоду Леграна з гэтымі меркаваннямі, я ніяк не мог сабе ўявіць.
— Я паслаў па вас, — пачаў ён надзвычай напышлівым тонам, калі я нарэшце агледзеў жука, — я паслаў па вас, каб заручыцца падтрымкай і дапамогай і дазволіць Лёсу і жуку здзейсніць сваю волю.
— Дарагі Легран, — перабіў я яго, — вы крыху занядужалі. Цяпер вам трэба паберагчы сябе, паляжаць колькі дзён. А я застануся з вамі, пакуль вы не паправіцеся. Гэта проста гарачка і...
— Памерайце мне пульс.
Я прыклаў пальцы да яго рукі і, папраўдзе кажучы, гарачкі ў яго не адчуў.
— Але ж можна хварэць і без гарачкі. Дазвольце мне, калі ласка, даць вам колькі медычных парадаў. Па-першае, кладзіцеся ў ложак, па-другое...
— Вы памыляецеся, — перабіў ён мяне. — Мяркую, я знаходжуся пад уплывам нервовага ўзбуджэння, якое і ёсць прычынай майго стану. Калі вы напраўду жадаеце мне дабра, то дапаможаце мне гэтае ўзбуджэнне пераадолець.
— А якім чынам?
— Вельмі проста. Мы з Юпітэрам хутка рушым у горы на мацярык, а ў гэтай вандроўцы нам спатрэбіцца падтрымка чалавека, якому мы цалкам можам даверыцца. I вы — той адзіны, каму я ў стане давяраць. Незалежна ад таго, што чакае нас у гарах — поспех ці правал, маё нервовае ўзбуджэнне спадзе.
— Лічу сваім абавязкам суправаджаць вас, але ж ці не хочаце вы сказаць, што гэты д'ябальскі жук мае нейкае дачыненне да вашай вандроўкі?
— Так, мае.
— У такім выпадку, Легран, я ні ў якім разе не хачу ўдзельнічаць у гэтай абсурднай авантуры.
— Вельмі прашу прабачэння. Значыць, нам давядзецца здзейсніць вандроўку самім.
— Самім?! Гэта ж вар'яцтва! Чакайце, а колькі часу вы плануеце там правесці?
— Магчыма, усю ноч. Мы павінныя выйсці зараз жа і, што б там ні было, вярнуцца на досвітку.
— Але ці можаце вы даць мне слова гонару, што як толькі ваш капрыз ажыццявіцца і справы з жуком (о божа!) вырашацца вам на радасць, вы вернецеся дахаты і будзеце ва ўсім слухацца мяне як вашага доктара.
— Так, даю слова, але ж трэба спяшацца, часу ў нас мала.
З каменем на душы я рушыў за сваім сябрам. Мы выправіліся каля чацвертай гадзіны — Легран, Юпітэр, сабака і я. Юпітэр трымаў у руках касу і рыдлёўкі, якія сам напрасіўся несці, як мне падалося, больш са страху даверыць інструменты гаспадару, чым ад жадання дагадзіць ці дапамагчы. Быў ён у надзвычай прыгнечаным настроі і ўсю дарогу прыгаворваў: «Чортаў жук!» Я ж нёс некалькі таемных ліхтароў, у той час як Легран цешыўся са свайго жука, трымаючы яго на матузку і разгойдваючы падчас хады з выглядам сапраўднага штукара. Пабачыўшы гэту апошнюю яскравую праяву хваробы майго сябра, я ледзь стрымліваў слёзы. Але палічыў найлепшым пасміхацца з яго выдумкі хаця б цяпер ці да таго моманту, пакуль не знайду нейкі іншы, больш дзейсны спосаб паўплываць на яго. А тым часам я спрабаваў, хоць і безвынікова, распытаць Леграна пра прычыну нашай вандроўкі. Але, спакусіўшы мяне выправіцца ў дарогу, ён і чуць не хацеў пра нейкія другарадныя тэмы, а ўсе мае пытанні адорваў адным адказам: «Пабачым!»
Праз ручай, што аддзяляе востраў, мы перабраліся на лодцы і, падымаючыся ўсё вышэй па стромкіх берагах мацерыка, скіраваліся на паўночны захад, па землях надзвычай дзікіх і спустошаных, дзе даўно не ступала нага чалавека. Легран рашуча вёў нас наперад, робячы кароткія перапынкі то тут, то там, каб адно спраўдзіць пазнакі, зробленыя падчас папярэдняй вандроўкі.
У дарозе мінула дзве гадзіны, і сонца ўжо садзілася, калі мы нарэшце ступілі ў мясціны, яшчэ больш змрочныя, чым тыя, што засталіся ззаду. Яны нагадвалі плато па дарозе да амаль недасяжнай вяршыні ўзгорка. З верху да нізу яго пакрывалі густыя лясы, і то тут, то там былі раскіданыя вялізныя абломкі горнай пароды, што ледзь трымаліся ў зямлі, і ў бальшыні сваёй не падалі ў лагчыны ўнізе толькі дзякуючы дрэвам, на якія абапіраліся. А глыбокія равы, разразаючы паверхню плато ў розных напрамках, толькі дадавалі гэтаму змрочнаму месцу суровай велічы.
Пласкагор'е, на якое мы ўскараскаліся, скрозь зарасло ажыннікам, і, як мы ў хуткім часе пераканаліся, прадзірацца праз яго было магчыма адно з дапамогай касы. На загад гаспадара Юпітэр пачаў расчышчаць для нас дарогу ў напрамку неймаверна высокага цюльпанавага дрэва ў атачэнні васьмі ці дзесяці дубоў. Уздымаючыся над імі, яно пераўзыходзіла ўсе вядомыя мне дрэвы вытанчанасцю сваёй лістоты, вабнасцю кроны, раскідзістасцю галінаў і тою веліччу, што ўнушаў яго незвычайны выгляд. Калі мы дабраліся да цюльпанавага дрэва, Легран запытаўся ў Юпітэра, ці здольны той узлезці на яго. Стары, агаломшаны пытаннем, пэўны час нічога не адказваў. Нарэшце ён наблізіўся да вялізнага камля, павольна абышоў вакол і надзвычай уважліва яго агледзеў. Скончыўшы сваё даследаванне, ён прамовіў:
— Так, маса, Юпі ўзлезе на ўсе дрэвы, якія пабачыць.
— Тады паспяшайся, бо ўжо хутка сцямнее, і мы не паспеем пабачыць тое, што трэба.
— А ці далёка мне лезці, маса?
— Спачатку па камлі, потым я скажу, куды далей. Але чакай, вазьмі з сабою жука!
— Жука, маса Ўіл?! Залатога жука?! — стрывожана ўсклікнуў мурын, падаючыся назад. — Ды нашто мне цягнуць жука на дрэва?! Каб мяне чэрці парвалі, не вазьму яго!