I ён зноў рушыў у напрамку цюльпанавага дрэва.
— Юпітэр, ідзі сюды! — паклікаў ён, калі мы падышлі да дрэва. — Скажы, чэрап быў прымацаваны да дрэва тварам вонкі ці да ствала?
— Вонкі, маса, каб жа варонам зручней было вочы дзяўбці.
— Ага, тады праз гэта ці праз вось гэта вока ты працягнуў нітку з жуком? — пры гэтых словах Легран дакрануўся да вачэй Юпітэра.
— Праз вось гэта, маса, — левае, як вы мне і загадалі, — і мурын паказаў на сваё правае вока.
— Добра, тады варта паспрабаваць яшчэ раз.
Пры гэтых словах мой сябра, у вар'яцкіх паводзінах якога я бачыў — ці думаў, што бачу, — праявы пэўнай логікі, прыбраў калок, які паказваў месца падзення жука, і перанёс яго на тры дзюймы на захад ад таго месца, дзе ён быў раней. Цяпер, адмераўшы адрэзак ад дрэва з найбліжэйшага боку да калка і адлічыўшы пяцьдзясят футаў па простай, ён пазначыў новы пункт, што знаходзіўся на некалькі ярдаў убок ад таго месца, дзе мы капалі.
Вакол новага пункта мы зноў намалявалі кола, крыху большае, чым папярэдняе, і ўзяліся за рыдлёўкі. Я быў моцна стомлены, але, ледзь разумеючы, што ж змяніла ход маіх думак, не адчуваў ніякай агіды да гэтай працы. Раптам невядома чаму тое, што з намі адбывалася, пачало ўнушаць мне цікаўнасць ці, хутчэй, нават усхваляванасць. Мабыць, у абсурдных паводзінах Леграна пачала прасочвацца пэўная разважлівасць і прадуманасць дзеянняў, што мяне моцна ўражвала. Я капаў з задавальненнем, час ад часу заўважаючы за сабой, што амаль са спадзевам насамрэч шукаю гэты ўяўны скарб, мары пра які звялі з розуму майго няшчаснага прыяцеля. У той самы момант, калі гэтыя думкі авалодалі мной у найвялікшай ступені і калі ад пачатку працы мінула ўжо гадзіны з паўтары, наша шчыраванне перапыніла выццё сабакі. I калі ў першым выпадку яго ўсхваляванасць была выкліканая хутчэй гуллівым настроем, то цяпер у яго голасе чуліся горыч і турбота. На спробу Юпітэра зноў завязаць яму пашчу сабака даў злосны адпор і, скокнуўшы ў яміну, пачаў шалёна грэбці лапамі зямлю. Праз некаторы час ён раскапаў рэшткі чалавечых костак, што некалі складалі два шкілеты, а цяпер ляжалі ў зямлі ўперамешку з металічнымі гузікамі і кавалкамі згнілай бавоўны. Некалькі ўзмахаў рыдлёўкі выцягнулі на свет лязо вялізнага гішпанскага нажа, а капнуўшы далей, мы знайшлі тры ці чатыры залатыя манеты.
Пабачыўшы такую ўдачу, Юпітэр ад радасці ледзь стрымліваўся, а вось на твары яго гаспадара, наадварот, было надзвычайнае расчараванне. I ўсё ж ён загадаў нам капаць далей. Ніхто не прамовіў ні слова, калі, ледзь не ўпаўшы, я натыкнуўся ботам на схаванае ў зямлі жалезнае колца.
Мы ўзяліся за справу з яшчэ большым імпэтам. I ў наступныя дзесяць хвілін я перажыў найвялікшае хваляванне ў сваім жыцці: за гэты час мы практычна выкапалі з зямлі прадаўгаваты драўляны куфар, які, дзякуючы выключнай трываласці і выдатнай захаванасці, адчуў на сабе толькі працэсы мінералізацыі, верагодна, крышталікамі сулемы. Куфар быў тры з паловай футы ў даўжыню, тры футы ў шырыню і два з паловай футы ў глыбіню. Ён быў шчыльна сціснуты абадамі з каванага і закляпанага жалеза, што рашоткай аблямоўвалі яго паверхню. Зверху з абодвух бакоў куфра было прымацавана па тры жалезныя колцы, разам шэсць, з іх дапамогай несці куфар можна было ўшасцёх. Але нашых агульных высілкаў хапіла толькі на тое, каб злёгку зварухнуць яго з месца. Стала зразумела, што такі вялікі цяжар падняць мы не здолеем. На шчасце, механізм зашчапкі века складаўся з дзвюх засавак. Стаіўшы дыханне і трасучыся ад хвалявання, мы адкінулі іх і паднялі века. Раптам нашым вачам адкрыліся невымернай каштоўнасці скарбы. Прамяні ліхтароў асвяцілі яміну, і мігценне ды бляск цэльных кавалкаў золата і россыпу ювелірных упрыгожанняў нас проста асляпілі.
Я не буду хаваць тых пачуццяў, якія спазнаў, пабачыўшы такую раскошу. Натуральна, збольшага мной авалодала здзіўленне. Легран, знясілены турботамі, прамаўляў мала. А Юпітэр, смяротна збялелы з твару, наколькі гэта магчыма для цемнаскурага, падавалася, атупеў, аслупянеўшы. Затым ён упаў на калені і, занурыўшы голыя рукі па локаць у золата, затрымаў іх там, нібы насалоджваючыся ваннаю з раскошы. А потым, глыбока ўздыхнуўшы, усклікнуў, нібы звяртаючыся да самога сябе:
— I ўсё гэта ён, залаты жук. Залаценечкі жучок, гаротны мой, а я ж яго так крыўдзіў! Гэй, стары мурын, і не сорамна табе, га? Ану адказвай!
Нарэшце мне давялося нагадаць і гаспадару, і служку, што ўжо час брацца за перанос нашага скарбу. Апускалася ноч. Яшчэ больш ускладняла нашу задачу тое, што багацце неабходна было схаваць яшчэ да світання. Нам цяжка было вырашыць, што рабіць далей, таму шмат часу мы змарнавалі, абмяркоўваючы свае наступныя дзеянні, бо прапановы былі даволі блытанымі. Нарэшце, выцягнуўшы з куфэрка дзве траціны ўсяго багацця, мы, хоць і з цяжкасцямі, здолелі падняць скрыню з яміны. Рэчы мы схавалі ў ажынніку, пасадзіўшы сабаку іх ахоўваць. Юпітэр строга наказаў яму ні ў якім
выпадку не сыходзіць з месца і не раскрываць пашчы да нашага вяртання. Пасля гэтага мы паспешліва рушылі з куфрам дахаты і без асаблівых прыгодаў, хоць і прытаміўшыся, каля першай гадзіны ночы дабраліся да хаціны. Зняможаныя, мы былі не ў стане выправіцца ў дарогу адразу ж. Таму вырашылі павячэраць і адпачыць, а ўжо а другой гадзіне, узброіўшыся трыма вялізнымі торбамі, якія, на шчасце, знайшліся ў гаспадарцы, скіраваліся ў горы. Амаль а чацвертай раніцы мы былі каля яміны. Падзяліўшы пароўну рэшткі трафея і пакінуўшы яміну адкрытай, мы зноў рушылі ў напрамку хаціны і скінулі з плячэй свае залатыя ношы толькі калі першыя нясмелыя промні зараніцы на ўсходзе забліскалі між вершалінаў дрэваў.
Цяпер мы цалкам знясілелі, але ўзрушанасць падзеямі апошняй ночы не давала спакою. Пасля нейкіх трох-чатырох гадзінаў трывожнай дрымоты мы, нібы згаварыўшыся, падхапіліся разам, каб больш пільна агледзець сваё багацце.
Куфар быў поўны скарбаў па самае века, цэлы дзень і палову наступнай ночы мы правялі, даследуючы яго змесціва. Тут не было і намёку на нейкі парадак: рэчы былі перамяшаныя ды зваленыя ў кучу. Асцярожна ўсё разабраўшы, мы выявілі, што мы — уладальнікі яшчэ большага багацця, чым меркавалі спачатку. Улічваючы тагачасны кошт даляра, мы падлічылі, што толькі манетамі тут было больш за чатырыста пяцьдзясят тысяч даляраў. Ніводнай срэбнай — усе як адна былі з чыстага золата, старажытныя ды з розных краёў — французскія, нямецкія, гішпанскія, некалькі ангельскіх гінеяў, сустракаліся сярод іх і такія манеты, якіх мы раней ніколі не бачылі, а таксама некалькі вельмі вялікіх і цяжкіх манетаў, сцертых настолькі, што разабраць надпісы на іх было ўжо немагчыма. Амерыканскіх грошай не было зусім. Ацаніць жа кошт упрыгожанняў выявілася для нас яшчэ больш складаным. Былі тут дыяменты — некаторыя з іх неверагодна буйныя і прыгожыя — агулам сто дзесяць камянёў і ніводнага дробнага; трыста дзесяць смарагдаў, і ўсе як адзін непаўторныя, дваццаць адзін сапфір і яшчэ апал. Камяні, вырваныя з аправаў, былі рассыпаныя па ўсім куфры. А самі ўпрыгожанні, якія мы аддзялілі ад іншых залатых вырабаў, мелі на сабе сляды ўдараў, што мусілі ўскладніць працэс іх апазнання. Акрамя гэтага, мы знайшлі тут вялізную колькасць вырабаў з цэльнага золата, каля дзвюх сотняў цяжкіх пярсцёнкаў і завушніцаў, дарагія ланцужкі колькасцю ў трыццаць штук, калі, канечне, памяць мне не здраджвае, восемдзесят тры масіўныя і важкія распяцці, пяць вельмі дарагіх залатых кадзілаў, цудоўны кубак для пуншу, багата аздоблены выгравіяваным вінаградным лісцем і вакхічнымі фігурамі, дзве гарды выкшталцонай чаканкі і яшчэ шмат іншых дробных прадметаў, якіх я ўжо не ў стане ўзгадаць. Агульная вага ўсяго нашага багацця складала больш чым трыста пяцьдзясят ангельскіх фунтаў, а да спісу я яшчэ не дадаў сто дзевяноста сем выдатных гадзіннікаў, тры з якіх — коштам у пяцьсот даляраў кожны. Многія гадзіннікі былі надзвычай старыя і адлічваць час ужо непрыдатныя, іх унутраны механізм у той ці іншай ступені быў пашкоджаны іржой, але пры гэтым багатае ювелірнае аздабленне корпусу надавала некаторым з іх надзвычайную каштоўнасць. Той ноччу змесціва куфра па нашых ацэнках складала паўтара мільёна даляраў, але калі мы прадалі ўсе манеты і ювелірныя вырабы, за выняткам некаторых каштоўнасцяў, што вырашылі пакінуць сабе, выявілася, што мы моцна недаацанілі сваю знаходку.
Калі нарэшце мы завершылі поўны агляд сваёй маёмасці і эмацыйнае хваляванне крыху спала, Легран, заўважыўшы маю скрайнюю нецярплівасць дазнацца разгадку гэтага незвычайнага здарэння, пачаў ва ўсіх дэталях распісваць падзеі, што да яго спрычыніліся.
— Вы ж памятаеце, — сказаў ён, — тую ноч, калі я працягнуў вам свой накід скарабея. I памятаеце таксама, як мяне раззлавала вашае сцверджанне, што мой малюнак меў моцнае падабенства з чэрапам. Спачатку я палічыў вашыя словы проста жартам, але потым прыгадаў незвычайныя плямкі на спінцы жука і падумаў сам сабе, што, магчыма, вашая заўвага мае пад сабой падставы. Але ўсё ж вашыя кпіны з маіх мастацкіх здольнасцяў мяне раздражнілі, бо, у прынцыпе, мяне лічаць добрым мастаком, і таму, калі вы працягнулі мне кавалак пергаменту, я ўжо збіраўся парваць яго на шматкі і кінуць у агонь.
— Вы маеце на ўвазе кавалак паперы, — заўважыў я.
— Не, ён вельмі падобны да паперы, з самага пачатку я і лічыў яго паперай, але калі пачаў маляваць, выявілася, што перада мною вельмі тонкі пергамент. Да таго ж даволі брудны, як вы памятаеце. I калі я ўжо наважыўся парваць той шматок, мой погляд раптам упаў на выяву, якую бачылі і вы. Уявіце ж маё здзіўленне, калі на тым самым, як мне падавалася, месцы, дзе я маляваў жука, я заўважыў чэрап. У той момант я быў занадта здзіўлены, каб мысліць разважна. Я ведаў, што мой рысунак моцна розніўся з гэтым, хаця ў агульных абрысах яны былі нечым падобныя. Я тут жа схапіў свечку і, заняўшы месца ў далёкім куце пакоя, працягнуў пільны агляд пергаменту. Перавярнуўшы яго, на адваротным баку я пабачыў свой рысунак. Мяне вельмі моцна ўразіла гэтае незвычайнае падабенства: вось так, думаў я, толькі дзякуючы простаму збегу абставінаў і з невядомых мне прычынаў, на адваротным баку пергаменту была выява чэрапа, ды яшчэ якраз пад маім рысункам скарабея, і пры гэтым чэрап не толькі абрысамі, але і памерам моцна нагадваў мой накід. Напраўду гэтая простая выпадковасць мяне моцна збянтэжыла. Так бывае заўжды, калі сутыкаешся з супадзеннямі: розум спрабуе выявіць сувязь, нейкую прычынна-выніковую паслядоўнасць, але калі знайсці яе не атрымліваецца, чалавек проста ўпадае ў ступар. Калі ж я ачомаўся, мяне пакрысе напаткала яшчэ адно адкрыццё, якое напалохала больш, чым падабенства. Паступова я вельмі яскрава пачаў успамінаць, што калі толькі ўзяўся за свой накід, на пергаменце не было ніякіх малюнкаў. У гэтым я быў практычна перакананы, бо згадаў, як варочаў пергамент у руках, шукаючы на ім чысцейшае месца. Калі б чэрап быў там, я, натуральна, не змог бы яго не заўважыць. Перада мною паўстала сапраўдная загадка, якую я не ведаў, як патлумачыць. Але ўжо тады я адчуваў, што ў самых далёкіх і таемных куточках маёй свядомасці паблісквае слабым агеньчыкам светляка разуменне таго, што найлепшым чынам прадэманстравалі падзеі мінулай ночы.
Я адразу ж падняўся і схаваў пергамент у надзейнае месца, адклаўшы ўсе далейшыя развагі да таго часу, пакуль не застануся на самоце.
Калі вы з'ехалі, а Юпітэр хутка заснуў, я заглыбіўся ў больш метадычныя даследаванні. Спачатку я абдумаў шлях, якім пергамент трапіў да мяне. Месца, дзе мы знайшлі скарабея, знаходзілася на ўзбярэжжы мацерыка, прыкладна за мілю на ўсход ад выспы, але непадалёк ад лініі прыліву. Калі я схапіў скарабея, ён моцна мяне ўкусіў, што вымусіла мяне яго кінуць. Юпітэр, перад тым як злавіць насякомае, што да яго падляцела, з заўсёднай асцярогай агледзеўся наўкола ў пошуках лістка ці нечага падобнага, каб ухапіць жука. Менавіта тады Юпі, а з ім і я, прыкмецілі шматок пергаменту, які ў той момант падаўся мне паперай. Шматок быў амаль цалкам закапаны, толькі кончык тырчэў з зямлі. Каля таго месца, дзе мы яго знайшлі, я заўважыў рэшткі карабля, што выявіліся часткай баркаса. Выглядала на тое, што рэшткі ляжалі тут ужо досыць даўна, бо падабенства з карабельнымі бэлькамі было вельмі аддаленае.
Юпітэр падняў з зямлі пергамент, загарнуў у яго жука і аддаў мне. У хуткім часе мы накіраваліся дахаты і па дарозе сустрэлі лейтэнанта Г... Я паказаў яму насякомае, а лейтэнант упрасіў мяне дазволіць яму аднесці жука ў форт. З маёй згоды ён сунуў жука ў кішэню камізэлькі, не загарнуўшы ў пергамент, што я так і трымаў у руках, пакуль ён аглядаў дзіўнае насякомае. Магчыма, ён баяўся, што я перадумаю, і лічыў найлепшым тут жа вызначыцца з цаною. Вы ж ведаеце, якім апантаным ён робіцца, калі справа датычыць прыродазнаўства. I ў той самы момант, незаўважна для самога сябе, я, мабыць, і паклаў пергамент у кішэню.
Памятаеце, калі я падышоў да стала, збіраючыся зрабіць накід жука, то не знайшоў паперы на яе звычайным месцы. Я глянуў у шуфлядзе, але паперы не было і там. Тады я пачаў абшукваць кішэні, спадзеючыся на які-небудзь стары ліст, і тут намацаў пергамент. Я так дэтальна апісваю шлях, якім скарабей трапіў да мяне, бо гэтыя акалічнасці ўразілі мяне надзвычайна.
Бясспрэчна, вы будзеце лічыце мяне летуценнікам, але я ўжо тады знайшоў сувязь між падзеямі. Я злучыў разам два звяны аднаго вялікага ланцуга. На беразе мора ляжаў карабель, непадалёк — пергамент (а не папера) з выяваю чэрапа. Натуральна, вы запытаецеся: дзе тут сувязь? А я адкажу, што чэрап, ці эмблема смерці, — шырока вядомы атрыбут піратаў. Свой сцяг з чэрапам яны падымаюць у любой сутычцы.
Я ўжо ўзгадваў, што гэты шматок быў пергаментам, а зусім не паперай. Пергамент жыве доўга, амаль вечна. Драбніцы яму давяраюць рэдка, бо для звычайнага ліста ці малюнка ён пасуе не так добра, як папера. I гэтая мая здагадка знайшла сабе апраўданне, пэўную адпаведнасць, у выяве чэрапа. Я таксама звярнуў увагу на форму пергаменту. Хоць адзін яго край выглядаў выпадкова пашкоджаным, было заўважна, што першапачаткова пергамент меў прадаўгаватую форму. Такі ўзор старонкі найхутчэй выбралі б для важнага дакумента, каб запісаць нешта такое, што будуць помніць доўга і захоўваць беражліва.
— Але ж вы кажаце, — перабіў я, — што, калі вы малявалі жука, на пергаменце чэрапа не было. Чаму вы тады звязваеце карабель і чэрап, улічваючы, што апошні быў дарысаваны (Бог ведае кім і як) у час, пазнейшы за стварэнне накіду скарабея.
— А вось тут і пачынаецца сапраўдная загадка, хоць разгадаць яе мне не склала асаблівай цяжкасці. Я ішоў цвёрдым поступам і мог дасягнуць адзіна правільнага рашэння. Разважаў я, да прыкладу, такім чынам: калі я маляваў скарабея, чэрапа на адваротным баку не было. Скончыўшы накід, я аддаў яго вам і ўважліва назіраў за вамі, пакуль вы не вярнулі рысунак мне. Такім чынам, чэрап намалявалі не вы, а ніхто іншы зрабіць гэтага не мог. Значыць, выява з'явілася тут не па волі чалавека. Але ў такім выпадку як?
Разважаючы ў гэтым кірунку, я намагаўся ўспомніць і напраўду ўспомніў з усёй яснасцю кожную дэталь, якая спадарожнічала падзеям таго вечара. Надворе выдалася халодным (што за рэдкі і шчаслівы выпадак!), і ў каміне гарэў агонь. Разагрэты дарогай дахаты, я сеў ля стала. А вы, у сваю чаргу, падсунулі фатэль бліжэй да агню. Як толькі я даў вам у рукі пергамент і вы ўжо збіраліся яго разгледзець, наш ньюфаўндленд Вулф уварваўся ў пакой і кінуўся вам на плечы. Левай рукой вы лашчылі сабаку і спрабавалі адагнаць яго, а правую, якой трымалі пергамент, абыякава апусцілі між каленяў, моцна наблізіўшы да агню. Раптам мне падалося, што полымя вось-вось шугане на пергамент, але перш чым я паспеў перасцерагчы вас, вы ўжо пачалі яго аглядаць. Улічыўшы ўсе дэталі, я ўжо ні кроплі не сумняваўся, што менавіта цяпло каміну стала прычынай з'яўлення чэрапа, які я заўважыў на пергаменце. Вам, безумоўна, вядома пра пэўныя хімічныя сродкі, якія існавалі спакон веку. Яны дазваляюць пісаць на паперы ці тонкім пергаменце, і напісанае пры гэтым праявіцца толькі пад уздзеяннем цяпла. Цафру* распускаюць у «царскай гарэлцы», разводзяць вадою ў прапорцыі адзін да чатырох і ў выніку атрымліваюць зялёны атрамант. А кобальтавы штэйн, распушчаны ў салетравым спірце, дае чырвоны колер. Гэты атрамант раней ці пазней знікае з паверхні, на якой ім пісалі пры нізкай тэмпературы, і зноў праяўляецца пад уплывам цяпла.
Затым я ўважліва даследаваў чэрап. Яго абрысы, тыя, што найбольш набліжаліся да краёў пергаменту, былі выразнейшыя. Стала ясна, што ўздзеянне жару было толькі частковым і нераўнамерным. Я тут жа расклаў агонь і паднёс да зыркага полымя пергамент, дбаючы пра кожны яго ўчастак. Спачатку толькі светлыя лініі ў малюнку чэрапа пацямнелі, але, працягваючы свой эксперымент, я заўважыў, што ў куточку пергаменту, дыяганальна супрацьлеглым таму ўчастку, дзе быў чэрап, праступіла выява, якая спачатку падалася мне вельмі падобнай да дэльфіна. Але, агледзеўшы яе больш уважліва, я пераканаўся, што гэта мусіў быць кіт.