— На краёчку, Юпі?! — цяпер ужо радасна ўскрыкнуў Легран. — Кажаш, напраўду далез да самага канца?
— Хутка ўжо, маса! Авохці мне! Што ж гэта такое?!
— Што там?! — вельмі ўсцешана закрычаў Легран.
— Ды ўсяго чарапушка — кінуў нехта яе на дрэве, а вароны ўсё мяса здзяўблі.
— Чэрап, кажаш? Выдатна! Чым ён мацуецца да галіны? Што яго трымае?
— Так і ёсць, маса, зараз гляну. Дзіву даюся, які ж вялізны цвік у чэрап убіты. Дык ён на дрэве і дзержыць.
— Добра, Юпітэр, а цяпер рабі тое, што я табе загадаю, чуеш?
— Чую, маса.
— Тады будзь уважлівы. Знайдзі на чэрапе левае вока.
— Ого! Ага! Добра. Ды няма ў яго ніякага левага вока.
— Каб цябе, дурань! Ты хоць розніцу між правай і левай рукой бачыш?
— Ага. Бачу. Я яшчэ вельмі добра бачу. I левую руку таксама, я ёй дровы калю.
— Дакладна. Ты ляўшун. Тваё левае вока з таго ж боку, што і левая рука. Цяпер, спадзяюся, ты здолееш знайсці левае вока чэрапа ці тое месца, дзе яно было раней? Ну, знайшоў?
Юпітэр доўга нічога не адказваў. А потым нарэшце запытаўся:
— А левае вока чэрапа з таго ж боку, што і яго левая рука? Бо ў чэрапа ж ніводнай рукі няма... Ай, ды нічога. Знайшоў я левае вока! Вось яно! Што мне з ім рабіць?
— Працягні праз яго нітку з жуком і няхай яна спусціцца як мага ніжэй. Толькі асцярожна, не выпусці нітку з рук!
— Анягож, маса Ўіл. Гэта проста — нітку з жуком праз шчыліну працягнуць. Гляньце, вунь матляецца!
— Выдатна. Цяпер патрымай яго некалькі хвілінаў.
Падчас гэтай гутаркі Юпітэра зусім не было відаць, але жук, якога ён такімі высілкамі спусціў уніз, на канцы ніткі ззяў, нібы шар з адпаліраванага золата, іскрыўся ў апошніх промнях вечаровага сонца, якое яшчэ слаба асвятляла наша ўзвышша. Скарабей свабодна вісеў між галінамі, і калі б мурын выпусціў нітку, упаў бы да нашых ног. Легран тут жа ўхапіў касу і, расчысціўшы круглы ўчастак дыяметрам тры-чатыры ярды, загадаў Юпітэру адпусціць нітку і злезці з дрэва.
З вялікім задавальненнем уваткнуўшы калок у тым самым месцы, дзе ўпаў жук, мой сябар дастаў з кішэні рулетку і, прымацаваўшы адзін яе канец да дрэва з найбліжэйшага боку, расцягнуў яе настолькі, каб рулетка дасягнула калка, а потым працягнуў у напрамку, ужо зададзеным двума пунктамі — дрэвам і калком — на адлегласць прыкладна пяцьдзясят футаў.
Юпітэр касой ачысціў дзялянку ад ажынніку. Адмераўшы адрэзак, мы ўваткнулі другі калок і вакол першага калка як цэнтра груба намалявалі кола дыяметрам чатыры футы. Узяўшы адну рыдлёўку сабе, даўшы другую Юпітэру, а трэцюю мне, Легран папрасіў нас пачаць капаць як мага хутчэй. Папраўдзе кажучы, я ніколі не атрымліваў асаблівай асалоды ад такога роду заняткаў, а ў той момант і пагатоў адхіліў бы просьбу, бо набліжалася ноч і я адчуваў знясіленасць яшчэ ад папярэдніх фізічных практыкаванняў. Але я не бачыў ніякай магчымасці гэтага пазбегнуць і да таго ж баяўся сваёй адмовай парушыць душэўную раўнавагу майго беднага хворага сябра. Калі б я быў цалкам упэўнены ў падтрымцы Юпітэра, я б тут жа ўзяўся даставіць вар'ята дадому, але ж я добра ведаў нораў старога мурына, каб спадзявацца, што ён пры любых умовах дапаможа мне ў спрэчцы са сваім гаспадаром. Я быў перакананы, што Легран падхапіў адзін з тых паўднёвых забабонаў, якія апавядаюць пра закапаны скарб.
Знаходка ж скарабея толькі падмацавала яго выдумку, ці да гэтага хутчэй спрычынілася вера Юпітэра, што «жук з чысцюткі золата». Розум, схільны да варяцтва, адразу памылкова прымае такія сцверджанні, асабліва калі яны гучаць ва ўнісон з выпеставанымі ім ідэямі. I тут я ўспомніў, як небарака сказаў, што жук «пакажа на багацце». Я быў збянтэжаны і ўсхваляваны сітуацыяй, але нарэшце вырашыў скарыстацца зручным момантам і добраахвотна капаць, каб такім чынам хутчэй пераканаць летуценніка ў памылковасці яго ідэяў.
Засвяціўшы ліхтары, мы ўзяліся за справу з запалам, які, мабыць, быў варты больш разумнага ўжытку. А калі святло азарыла нашыя фігуры і рыштунак, я не мог адагнаць думку пра тое, што за карціну мы ўяўлялі сабой у той момант і якім дзіўным і падазроным падаўся б наш занятак любому незнаёмцу, які выпадкова заблукаў бы сюды.
Мы капалі безупынна дзве гадзіны. Амаль увесь час маўчалі, і галоўнай прыкрасцю было цяўканне сабакі, якога моцна зацікавіла тое, што адбывалася наўкола. Нарэшце ён разышоўся настолькі, што мы спалохаліся — ён жа мог прыцягнуць увагу заблукалых вандроўнікаў, ці, дакладней, спалохаўся Легран, бо я хутчэй узрадаваўся б любой перашкодзе, якая дапамагла б мне адвесці сябра дахаты. Але ўвесь шум разам перапыніў Юпітэр, які, з надзвычайнай няспешнасцю выбраўшыся з ямы, перавязаў жывёліне пашчу адной са сваіх падцяжак і, змрочна хіхікаючы, вярнуўся да працы.
Праз згаданыя дзве гадзіны працы мы дасягнулі глыбіні пяць футаў, але і знаку схаванага скарбу не было. На гэтым мы спыніліся, і я ўжо пачынаў спадзявацца, што нарэшце фарс набліжаецца да свайго канца. Але Легран, хоць і відавочна збіты з панталыку, задуменна выцер лоб і зноў узяўся за працу. Да гэтага мы пракапалі кола дыяметрам чатыры футы, а цяпер крыху пашырылі яго і заглыбіліся яшчэ на два футы. Але ўсё роўна нічога не знайшлі. Наш золаташукальнік, якому я шчыра спачуваў, з выразам горкага расчаравання на твары і ва ўсёй паставе, вылез нарэшце з яміны і пачаў павольна і неахвотна надзяваць паліто, якое папярэдне так жвава скінуў. Я тым часам не прамовіў ні слова. А Юпітэр па загадзе гаспадара ўзяўся збіраць рыштунак. Скончыўшы з гэтым і развязаўшы сабаку, мы моўчкі рушылі дахаты.
Мы зрабілі ўсяго з дзясятак крокаў у патрэбным кірунку, як раптам з праклёнамі і лаянкай Легран кінуўся на Юпітэра і ўхапіў яго за каўнер. Моцна здзіўлены, служка вылупіў вочы, разявіў рот, выпусціў з рук рыдлёўкі і ўпаў на калені.
— Ах ты, нягоднік! — працадзіў праз сціснутыя зубы Легран. — Зладзюга ты чорны! А ну кажы мне зараз жа, паказвай, і без свайго круцельства, дзе ў цябе левае вока!
— А божачкі мае, маса Ўіл! Дык а гэта ці не левае маё вока? — зароў напужаны Юпітэр, прыціскаючы далонню свой правы орган зроку з такім адчаем і ўпартасцю, нібы баяўся, што гаспадар наважыцца яго вырваць.
— Я так і думаў! Я ведаў гэта! Ура! — загарланіў Легран, адпусціўшы мурына, і пачаў бегаць, скачучы і гарцуючы, чым дужа здзівіў свайго служку, які, падняўшыся з каленяў, маўкліва пераводзіў пагляд са свайго гаспадара на мяне і з мяне на гаспадара.
— Давайце ж, трэба вяртацца, — прамовіў Легран, — гульня яшчэ не скончаная.