Падзенне ў Мальстрэм*
Цяпер мы ўскараскаліся на самую вяршыню стромай скалы. Некаторы час стары здаваўся занадта стомленым, каб гаварыць. «Яшчэ нядаўна, — сказаў ён нарэшце, — я мог правесці вас гэтаю сцежкаю гэтак жа лёгка, як і наймаладзейшы з маіх сыноў. Але вось ужо тры гады мінула, як здарылася са мною нешта такое, што ніколі раней не выпадала вынесці смяротнаму. А калі й здаралася нешта такое, то наўрад ці хто здолеў бы перажыць гэткі жах ды расказаць пра яго. Шэсць гадзін смяротнай жуды, якія давялося мне вытрываць, знішчылі маё цела і душу. Вы думаеце, што я — нямоглы стары? Але не! Аднаго дня хапіла, каб я ператварыўся з чорнавалосага маладзёна ў сівога як лунь старога, каб цела маё саслабела, каб нервы мае так абшкуматала, што цяпер я дрыжу ад найменшага высілку і баюся нават ценю. Ведаеце, я і зірнуць не магу з гэтай малой стромы, каб галава не закружылася».
«Малая строма», на самым краі якой так неасцярожна ўлёгся стары, абапіраючыся локцем на востры слізкі камень, так што большая частка ягонага цела павісла над безданню, дык вось, гэтая «строма» ўздымалася вострым гладкім адгор'ем бліскуча чорнага каменю футаў на сто пяцьдзясят вышэй за бліжнія скалы, якія натоўпам скупіліся пад намі. Нішто ў свеце не магло б прымусіць мяне наблізіцца да яе ўскрайку бліжэй чым на шэсць ярдаў. Насамрэч рызыка, з якой уладкаваўся мой спадарожнік, усхвалявала мяне да такой ступені, што я ніцма ўпаў на зямлю і ўчапіўся ў рэдкае кустоўе, не насмельваючыся нават падняць вочы да неба.
Я ляжаў быццам скуты, знерухомлены думкаю аб тым, што ў любы момант скала можа абрынуцца ад шалёнага ветру. Доўгі час я змагаўся з самім сабою, пакуль набраўся нарэшце адвагі прыўзняцца і сесці, каб агледзецца.
«Кіньце свае дзівацтвы, — сказаў мой праваднік, — я ж і прывёў вас сюды, каб як найлепей паказаць месца, дзе адбыліся падзеі, пра якія я казаў, і каб вам лацвей было слухаць і мець усё адразу перад вачыма».
«Мы цяпер знаходзімся, — працягнуў ён з той асаблівай грунтоўнасцю, што прысутнічала ва ўсёй ягонай асобе, — мы цяпер знаходзімся над самым узбярэжжам Нарвегіі, на шэсцьдзесят восьмым градусе шыраты, у вялікай правінцыі Норд-ланд, на тужлівых абшарах Лафатэна*. Гара, на вяршыні якой мы цяпер сядзім, — гэта Хельсэген, Хмарная. Прыўстаньце вышэй ды трымайцеся за траву, калі галава кружыцца, во так, і зірніце далей за тую паласу туманоў, што ўнізе, проста ў мора».
Я глянуў туды, куды паказваў стары, і ледзьве не самлеў: пада мною слаўся разлеглы абшар акіяну, каціў свае чорныя як атрамант хвалі, так што мне адразу ўзгадаліся радкі нубійскага географа* з апісаннем Mare Tenebrarum* — Мора цемры. Чалавечае ўяўленне не зможа намаляваць сабе больш спустошанага, маркотнага краявіду, чым той, які адкрыўся маім вачам. Справа і злева, наколькі было відаць, нібы бастыён свету, распасціраліся ланцугі жахліва чорных навіслых стромаў. Іх хмурнасць была яшчэ больш падкрэсленая наплывамі хваляў, якія высока ўздымалі свае жудасныя белыя грабяні, напаўняючы прастору пранізлівым стагнаннем і выццём. Якраз насупраць мыса, на вяршыні якога мы спыніліся, на адлегласці нейкіх пяці-шасці міляў, у моры можна было ўбачыць маленькую адкрытую выспачку ці, больш дакладна, адгадаць яе знаходжанне па высокіх хвалях, што шалёна біліся аб яе берагі з усіх бакоў. Прыблізна на дзве мілі бліжэй да ўзбярэжжа ўздымалася іншая выспа, меншага памеру, стромістая і пустынная, нераўнамерна аточаная цёмнымі скаламі.
Паверхня акіяну паміж найбольш аддаленай выспаю і берагам мела ў сабе нешта незвычайнае. Нягледзячы на тое, што вецер у бок узбярэжжа дзьмуў настолькі моцны, што невялікі карабель удалечыні ішоў пад зарыфленым трыселем*, час ад часу знікаючы з вачэй, занураючыся ўсім корпусам у хвалі, тут можна было назіраць нешта зусім не падобнае да звычайнай марской гайданкі. Гэта былі хутчэй нейкія кароткія і хуткія раз'ятраныя ўсплёскі ва ўсе бакі — і па ветры, і супраць ветру. Пены амаль не было, толькі скаламучаная вада зусім побач са скаламі.
«Тую выспу, што паводдаль, — зноўку загаварыў стары, — нарвежцы называюць Вург. Гэтая, найбліжэйшая да нас — Моске. За мілю адсюль на поўначы — Амбарэн. Вунь там знаходзяцца Іфлезен, Хатхольм, Кейльхельм, Суарвен і Букхольм. Крыху далей, паміж Моске і Вургам — Атэрхольм, Флімен, Сандфлезен і Стакхольм. Вось вам дакладныя назвы гэтых мясцінаў, але для чаго было наагул даваць ім найменне — гэтага ні мне, ні вам не зразумець. Чуеце што-небудзь? Бачыце, як змяняецца вада?»
Мы былі на вяршыні Хельсэген ужо хвілін дзесяць. Уздымаліся сюды з унутранай часткі Лафатэна, аддаленай ад узбярэжжа, і таму не бачылі мора, пакуль яно знянацку не адкрылася нашым вачам з вяршыні скалы. Пакуль стары прамаўляў, я злавіў сябе на думцы, што чую нарастанне нейкага пранізлівага гулу. Ён нагадваў рык вялізнага статка буйвалаў на прасторах амерыканскіх прэрыяў. У тое ж самае імгненне я ўсвядоміў, што кароткія ўсплёскі на вадзе (рыбакі звычайна называюць іх «сечкаю») раптоўна ператвараюцца ў вірлівую плынь, якая імкне на ўсход. Літаральна на вачах гэтая плынь набывала шалёную хуткасць. З кожнай хвіляй раз'юшаная навала ўзрастала. Ужо праз пяць хвілін увесь марскі абшар да самага Вурга ператварыўся ў апантаную, нястрымную лютую пачвару. Найбольш утрапёна яна шалела на тым кавалку, што паміж берагам і Моске: тут шырокая водная прастора, цяпер ссечаная ўпоперак глыбокімі шнарамі і зморшчынамі ад тысяч сустрэчных плыняў, умомант скурчылася ў страшэнных сутаргах, уздыбленая, яна сыкала, клекатала, нібы кіпень, круцілася спіраллю, утвараючы незлічоныя вялізныя віры. I ўсё гэта віхураю шпурляла і несла на ўсход з нястрымнаю моцай і хуткасцю, быццам вадаспад, што звяргаецца з вышыні ў бездань.
Яшчэ праз некалькі хвілін уся карціна зноў раптоўна змянілася. На паверхні мора пацішэла, злагаднела, і віры адзін за адным зніклі. Вада пакрылася непамерна вялікімі палосамі пены — там, дзе раней нічога не было. Яны даўжэлі, расцягваліся па шырокім абшары, злучаліся між сабою, усмоктваючы кругавы рух аціхлых ужо віроў і нібы рыхтуючы нараджэнне яшчэ адной, яшчэ большай крутаверці. У адно імгненне, зусім нечакана, абмаляваліся яе выразныя абрысы, бездань ашчэрыла зеўру, большую за паўмілі ў дыяметры. Самы край крутаверці быў аблямаваны шырокім пасам бліскучай пены, але ні каліва яе не трапляла ў сярэдзіну жудаснай лейкі, чыя ўнутраная частка ўяўляла, наколькі можна было зазірнуць туды, гладкую, бліскучую, як гагат, сцяну вады, нахіленую да гарызонту пад вуглом градусаў сорак пяць. Яна імкліва закручвалася ўглыб няроўнымі цяжкімі штуршкамі, напаўняючы паветра вусцішнымі гукамі — ці то пранізлівым енкам, ці то рыкам, які нават вадаспад Ніягары не здолеў бы ў сваёй агоніі ўзнесці да нябёсаў.
Гара задрыжэла да самага падножжа, скалы затрэсліся. Я кінуўся на зямлю тварам долу, нервова схапіўшыся за ўбогае бадыллё.
«Гэта, — нарэшце сказаў я старому, — без сумневу, той самы вялікі вір Мальстрэма».
«Так яго часам называюць, — адгукнуўся стары. — Мы, нарвежцы, мянуем яго Москестрэм, па назве выспы Моске, якая знаходзіцца пасярэдзіне».
Звычайныя апісанні паўсюдна вядомага віру ніякім чынам не маглі падрыхтаваць мяне да таго, што я ўбачыў. Апісанне Ёнаса Рамуса*, самае падрабязнае з усіх, не можа даць нават прыблізнага ўяўлення ні пра веліч, ні пра вусцішную прыгажосць відовішча, ні пра пачуццё разгубленасці і незвычайнасці, якое ўражвае гледача. Я не магу дакладна сказаць, адкуль аўтар назіраў за вірам і пры якім надвор'і, але адно можна сцвярджаць без сумневу: не з вяршыні Хельсэгена і не ў шторм. Вось некалькі абзацаў з ягонага апісання; варта прывесці іх тут хаця б за іх дэталёвасць, хай і даволі невыразную ў параўнанні з уражаннямі, якія выклікае само відовішча.
«Між Лафатэнам і Моске, — піша ён, — глыбіня вады дасягае трыццаці шасці-сарака марскіх сажняў, а ў іншым кірунку, бліжэй да Вэра (або Вурга), яна памяншаецца так, што ніводзін карабель не можа прайсці там, не рызыкуючы разбіцца аб скалы, нават у самае пагоднае надвор'е. Калі пачынаецца прыліў, вада з шалёнай хуткасцю ўрываецца ў пратоку паміж Лафатэнам і Моске. Гул, які падымаецца, калі вада падчас адліву стрымгалоў імкне назад да мора, толькі аддалена можна параўнаць з гулам наймагутнейшых вадаспадаў. Яго чуваць за некалькі кіламетраў, а віры і лейкі дасягаюць такой шырыні і глыбіні, што варта толькі якому караблю падысці да іх бліжэй — і яго немінуча паглыне і зацягне вірам на самае дно, а там разаб'е аб скалы на малыя трэскі. Калі ж вада зноў супакойваецца, некаторыя з іх плынь выносіць на паверхню. Але гэтыя перапынкі зацішша бываюць толькі паміж прылівам і адлівам і толькі ў пагоднае надвор'е. Доўжыцца гэта не больш за пятнаццаць хвілін, пасля гайданка зноў пачынае нарастаць. У час, калі плынь найбольш шалёная, ды яшчэ раз'ятраная штормам, небяспечна падыходзіць да яе бліжэй чым на нарвежскую мілю*. Шлюпкі, чоўны, караблі засмоктвае ў вір, ледзь толькі яны неасцярожна падыходзяць бліжэй. Даволі часта здараецца таксама, што кіты праплываюць занадта блізка ад крутаверці, і тады іх зацягвае ў яе нутро. Немагчыма апісаць енкі і лямант падчас той бясплённай барацьбы, калі яны спрабуюць вызваліцца. Аднойчы мядзведзь спрабаваў пераплысці з Лафатэна на Моске, і яго закруціла плынню і пацягнула ўніз, і ягоны рык быў такі жудасны, што яго было чуваць ажно на беразе. Вялізныя камлі ялінаў і хвояў, пасля таго як іх засмокча вір, выплываюць на паверхню абшкуматаныя і паторганыя, быццам пакрытыя густою шчэццю. Бо на самым дне — вострыя камяні, аб якія іх і разбівае ўшчэнт. Крутаверць залежыць ад прыліваў і адліваў: вада ў моры падымаецца і спадае кожныя шэсць гадзін. У 1645 годзе, у перадапошнюю нядзелю перад Вялікім постам, з самага рання мора ўскіпала так раз'юшана, што некалькі хацінаў на самым беразе разнесла ў друзачкі».
Што да глыбіні бездані, мне не ўяўляецца магчымым хоць якім-небудзь чынам вызначыць яе паблізу ад крутаверці. Тыя самыя «сорак сажняў», відавочна, адносяцца толькі да той часткі пратокі, што бліжэйшая да берага, каля Моске або Лафатэна. Глыбіня ж у сярэдзіне Москестрэма мусіць быць непараўнальна большай. Найлепшым доказам гэтага можа быць відовішча, якое адкрылася нам з вяршыні Хельсэгена, хоць і адтуль можна было зазірнуць у пашчу бездані толькі збоку. Цяпер, стоячы на стромым адгор'і, пад якім звар'яцела біўся нарвежскі Флегетон*, я не мог не ўсміхнуцца той прастадушнасці, з якой шаноўны Ёнас Рамус згадвае як прыклад немажлівага, з ноткаю недаверу, показкі пра кітоў і мядзведзяў. Для мяне ж было відавочна, што нават найвялікшы лінейны карабель*, трапіўшы ў пастку гэтай смяротнай каруселі, будзе толькі лёгкім пёркам, якое паспрабавала супраціўляцца ўрагану — і было адразу ж дарэшты знішчанае.
Спробы патлумачыць прыроду гэтага феномена, некаторыя з якіх, як мне згадваецца, падаваліся на першы погляд даволі верагоднымі, цяпер зусім не задавальнялі. Агульная ідэя заключалася ў тым, што сама крутаверць, «падобна як і тры меншыя віры паміж выспамі Феро, узнікае ад таго, што хвалі, падымаючыся і падаючы, сутыкаюцца, ствараючы дзве плыні. Яны рухаюцца ў розных напрамках і, сціснутыя шэрагамі скалаў і рыфаў, утвараюць нешта падобнае да вадаспаду; і чым вышэй стаіць прыліў, тым з большай вышыні падае маса вады. Натуральны вынік гэтага працэсу — узнікненне віру або лейкі. Вялізная сіла яго ўсмоктвання дастаткова вывучаная на матэрыяле меншых па значнасці прыкладаў». Такія звесткі падае Брытанская энцыклапедыя. Кірхер*, а іншыя мяркуюць, што ў цэнтры Мальстрэма знаходзіцца скразная бездань, якая працінае ўвесь зямны шар і выходзіць на паверхню ў аддаленым месцы — як сцвярджаюць некаторыя — у Батнічным заліве*. Гэтае меркаванне абсалютна бязглуздае само па сабе. Але яно, як я цяпер усвядоміў, было адзіным, з якім уяўленне было найбольш гатовае пагадзіцца.
Сказаўшы аб гэтым правадніку, я са здзіўленнем пачуў што, хоць гэты пункт гледжання найбольш распаўсюджаны сярод нарвежцаў, асабіста ён яго не падзяляе. Што да папярэдняга меркавання, то стары зазначыў, што наагул няздольны зразумець яго. I тут я з ім пагадзіўся, бо, як ні пераканаўча гэта выглядае на паперы, яно робіцца зусім незразумелым пасярод аглушальнага рыку бездані.
«Вось цяпер, калі вы ўжо наглядзеліся на вір, — прамовіў стары, — калі мы перабярэмся вось за гэты камень і прысядзем з падветранага боку, каб не так чуваць было шум вады, я раскажу вам гісторыю, якая пераканае вас у тым, што я нешта цямлю ў Москестрэме».
Я ўладкаваўся, каб было зручна, і ён працягнуў.
«Нас было тры браты, і мы мелі шхуну на семдзесят тонаў. Зазвычай мы хадзілі на рыбу да выспаў, што за Моске, бліжэй да Вурга. Ля бурлівых віроў у моры добра ловіцца рыба, пры належных умовах і калі дастае смеласці, каб паспрабаваць. Але з усіх жыхароў Лафатэнскага ўзбярэжжа толькі мы ўтрох заўжды хадзілі на лоўлю да выспаў як я і казаў. Зазвычай дзялкі знаходзяцца нашмат ніжэй на поўдзень. Там рыбу можна браць у любы час і без небяспекі, і таму там заўсёды шмат народу. Тут, паміж скалаў, месцы — самыя вяршкі: і рыбы тут нашмат болей, і рэдкія гатункі водзяцца, так што мы, бывала, за адзін толькі дзень мелі столькі, колькі баязліўцам з тутэйшых рыбакоў разам не наскрэбці і за тыдзень. I вось гэта зрабілася для нас адчайнай гульнёй — рызыкаваць жыццём, замест таго каб проста працаваць, і смеласцю зарабляць на хлеб.
Мы трымалі сваю шхуну ў затоцы, міляў за пяць далей па ўзбярэжжы, калі лічыць адсюль. Звычайна ў пагоду мы скарыстоўвалі пятнаццаць хвілін зацішша, каб прайсці праз галоўную пратоку Москестрэма, нашмат вышэй за вір, і пасля стаць на якар недзе каля Атэрхольма ці Сандфлезена: там лейкі не так шалёна віруюць, як паўсюль. Там мы чакалі амаль да наступнага зацішша, тады збіраліся і йшлі дамоў. Мы ніколі не выбіраліся ў гэткі шлях, калі на моры не было трывалага бакавога ветру, такога, каб мы былі ўпэўненыя, што ён не сціхне да нашага вяртання, і, трэба сказаць, мы рэдка памыляліся на гэты конт. Толькі двойчы за шэсць гадоў нам даводзілася стаяць усю ноч на якары праз мёртвы штыль, і аднойчы мы затрымаліся на дзялцы амаль на тыдзень, ледзьве не трапілі да Абрама на піва з галадухі, і ўсё праз шторм. Ён пачаўся адразу пасля таго, як мы прыйшлі на месца, і зрабіў пратоку такой бурлівай, што і думаць няма чаго было пра вяртанне. У гэтым выпадку нас бы абавязкова вынесла ў мора, бо віры так трапалі нас, так раз'юшана шпурлялі ва ўсе бакі, што якар урэшце заблытаўся і пацягнуўся па дне. I калі б мы не трапілі ў адну з тых шматлікіх сустрэчных плыняў, якія сёння ёсць, а заўтра няма, і каб гэтая плынь не аднесла нас пад Флімен, дзе мы, на шчасце, і спыніліся, гэта быў бы канец.
Я і малой часткі не змагу вам пералічыць з тых цяжкасцяў, якія нам трапляліся на дзялцы, — нядобрае гэта месца, нават у пагоду, — але мы заўсёды высільваліся і неяк вымудраліся праслізнуць праз самае жарало Москестрэма без прыгодаў, хаця былі імгненні, у якія аж дух займала: гэта калі мы траплялі за хвілю да або пасля зацішша. Часам вецер дзьмуў не так моцна, як мы разлічвалі, і мы праходзілі меншы шлях, чым хацелі б, і праз плынь шхунаю немагчыма было кіраваць. У майго старэйшага брата быў сын васямнаццаці гадоў, і я сам меў двух дужых хлапцоў. Яны былі б добраю дапамогаю ў такія хвіліны, у веславанні ды і ў лоўлі таксама, але неяк так атрымалася, што, рызыкуючы сваім жыццём, мы не насмельваліся выпрабоўваць маладзейшых, бо, вось вам святая праўда, страшэнная небяспека гэта была.
Тое, пра што я хачу апавесці, здарылася, без некалькіх дзён, амаль тры гады таму. Гэта было дзясятага ліпеня 18.. года — дзень, які месцічы ніколі не забудуць, бо менавіта тады пачаўся самы вусцішны шторм, які нябёсы пасылалі на нашую грэшную зямлю. А раніцою і нават амаль праз цэлы дзень дзьмуў лёгкі ўстойлівы ветрык з паўднёвага захаду, сонца ярка свяціла, так што нават старэйшыя з рыбакоў не маглі нічога такога прадбачыць.
Мы ўтраіх з братамі трапілі да выспаў дзесьці а другой папоўдні, і вельмі хутка шхуна запоўнілася найлепшаю рыбай.
Мы ўсе заўважылі, што яе ў моры было нашмат больш, чым звычайна. На гадзінніку была рыхтык сёмая, калі мы сабраліся і накіраваліся дадому, разлічваючы так, каб прайсці праз вір Москестрэма ў зацішша, гэта значыць роўна а восьмай.
Калі мы выйшлі, з правага борту дзьмуў свежы вецер: пэўны час мы ішлі хутка, нават не думаючы пра небяспеку, бо не было аніякіх прычын для хвалявання. Але знянацку нас адкінула назад ветрам аднекуль з-за Хельсэгена. Вось гэта было зусім дзіўна, раней такога ніколі не здаралася, і мне стала злёгку ніякавата, сам нават не ведаю, чаму. Мы скіравалі шхуну па ветры, але здавалася, што яна стаіць на месцы, зусім не набліжаючыся да пратокі. Я ўжо прапанаваў быў вярнуцца і стаць на якар, калі, азірнуўшыся назад, мы ўбачылі вялізную хмару незвычайнага меднага колеру, якая вельмі хутка запаўняла небасхіл.
Акурат у гэты час вецер, што перашкаджаў нам кіравацца наперад, сціх, і шхуна застыла ў мёртвым штылі, гайдаючыся на сустрэчных плынях ва ўсе бакі адразу. Аднак усё гэта доўжылася недастаткова доўга, каб мы мелі час падумаць, што гэта ўсё значыць. Праз якую хвіліну нас ужо накрыла штормам, а праз дзве неба зацягнула дарэшты, мора ўспенілася, і раптам стала так цёмна, што мы не маглі ўбачыць нават адзін аднаго.
Бессэнсоўна нават спрабаваць апісаць, што гэта быў за шторм. Нават найстарэйшыя нарвежскія рыбакі ніколі не бачылі нічога падобнага. Мы паспелі спусціць ветразі, перш чым нас дарэшты накрыла, але першая ж навала паваліла абедзве мачты за борт, быццам пілой па іх прайшлася, і грот-мачта пацягнула за сабою майго малодшага брата, які прывязаў сябе да яе дзеля бяспекі.