Востраў гэты даволі незвычайны. Амаль увесь ён складаецца з аднаго марскога пяску і цягнецца ўсяго тры мілі ў даўжыню і не больш за чвэрць мілі ў шырыню. Ад кантынента востраў адмяжоўвае ледзь прыкметная ручаінка, што струменіць між густога глеістага трыснягу, дзе так любяць гняздзіцца балотныя птушкі. Расліннасць на востраве, як можна здагадацца, даволі рэдкая і чэзлая. Не знойдзеш тут ніводнага вялікага дрэва. Ля заходніх межаў, дзе стаіць форт Моўлтры* і месцяцца ўбогія забудовы, што на лета займаюць стомленыя гарадскім пылам і мітуснёй уцекачы з Чарлстану, можна пабачыць шурпатыя пальмы, але сам востраў, за выняткам гэтай заходняй яго часткі і белай паласы цвёрдага пляжа на ўзбярэжжы, цалкам пакрыты густым зараснікам мірту, што так цэніцца садоўнікамі Англіі. Кусты часта сягаюць пятнаццаці-дваццаці футаў у вышыню і сплятаюцца ў амаль непраходныя зараснікі, насычаючы паветра сваім водарам.
На лясной прагаліне ля ўсходніх, больш аддаленых межаў вострава Легран пабудаваў сабе хаціну, у якой і жыў, калі я ўпершыню па волі лёсу сустрэўся з ім. У хуткім часе нашае знаёмства перарасло ў моцнае сяброўства, і не дзіва, бо пустэльнік быў чалавекам адукаваным і надзвычай разумным, хоць і схільным пры гэтым да мізантропіі і хваравітых зменаў настрою — ад энтузіязму да меланхоліі. У Леграна было шмат кніг, але чытаў ён рэдка. Час бавіў на паляванні, рыбалцы, шпацырах па пляжы і ў зарасніках мірту, шукаючы ракавінкі і рэдкіх насякомых, а яго энтымалагічнай калекцыі мог бы пазайздросціць сам Свамердам*. У гэтых падарожжах Леграну звычайна спадарожыў стары мурын па імені Юпітэр, які яшчэ да збяднення гаспадара атрымаў вольніцу, але ні пагрозы, ні абяцанкі не маглі прымусіць яго вырачыся свайго, як той лічыў, права паўсюль ісці следам за маладым «масам Ўілам». Цалкам верагодна, родныя Леграна, не зусім упэўненыя ў цвярозасці яго розуму, унушылі тыя ж падазрэнні Юпітэру, каб ён даглядаў і ахоўваў гора-вандроўніка.
У шыротах вострава Саліван зімы лютуюць рэдка, а ўвосень камін распальваюць толькі ў выключных выпадках. Аднак у сярэдзіне кастрычніка 18.. года дзень выдаўся надзвычай халодным. На самым змярканні я прадзёрся праз вечназялёныя зарасці да хаціны свайго сябра, з якім не бачыўся ўжо некалькі месяцаў, — у той час я жыў у Чарлстане, за дзевяць міляў ад вострава, але ж вандроўкі па моры былі тады зусім не такімі зручнымі, як цяпер. Наблізіўшыся да хаціны, я, як заўсёды, пагрукаўся, але, не пачуўшы адказу, дастаў схаваны ключ, адчыніў дзверы і ўвайшоў. Вясёлае полымя гарэла ў чарэні. Агонь у гэту пару года мяне здзівіў і, улічваючы мой стан, прыйшоўся дарэчы. Я скінуў паліто, уладкаваўся ў фатэлі насупраць каміна і, слухаючы патрэскванне дроваў, пачаў чакаць прыходу гаспадароў.
Яны прыйшлі неўзабаве, як узялося на цемру, і сустрэлі мяне надзвычай сардэчна. Юпітэр з усмешкай да вушэй адразу кінуўся гатаваць на вячэру курапатак. У Леграна ж быў адзін з яго прыступаў энтузіязму (а як іначай гэта назваць?). У той дзень ён знайшоў невядомага яму раней двухстворкавага малюска, прадстаўніка новага віду, і нават больш за тое — з дапамогай Юпітэра злавіў жука-скарабея, якога лічыў сваім адкрыццём і меркаванне пра якога хацеў пачуць ад мяне наступнага дня.
— А чаму не сёння? — запытаўся я, паціраючы адубелыя рукі над полымем і ў думках праклінаючы ўсё скарабеева племя.
— Каб жа я толькі ведаў, што вы тут! — усклікнуў Легран. — Мы не сустракаліся так даўна. Як жа я мог прадбачыць, што вы наведаецеся да мяне менавіта сёння?! Па дарозе дадому я сустрэў лейтэнанта Дж. з форта і вельмі неабачліва аддаў яму жука, таму, на жаль, пабачыць насякомае атрымаецца толькі з раніцы. Заставайцеся нанач, я пашлю па яго Юпітэра, як толькі надыдзе світанак. Гэта ж найпрыгажэйшая рэч ва ўсім свеце!
— Што? Світанак?!
— Ды не! Жук! Незвычайнага залатога колеру, памерам з вялікі грэцкі арэх, з дзвюма ярка-чорнымі плямкамі з аднаго боку і яшчэ адной прадаўгаватай з другога. А каб такія вусікі мець...
— Ды які там медзь, маса Ўіл, — перабіў яго Юпітэр, — гэта ж залаты жук, з чыста золата, і ўнутры, і звонкі, асабліва ж крылцы, я ў жыцці не бачыў такога цяжкога жука.
— Можа, і так, Юпі, — адказаў Легран, як мне падалося, больш суха, чым таго патрабавала сітуацыя, — але ж ці варта праз гэта спальваць нашу дзічыну? Аднаго колеру, — тут ён павярнуўся да мяне, — дастаткова, каб пацвердзіць словы Юпітэра. Падаецца мне, вы ніколі раней не бачылі такога яркага металічнага бляску, як на яго лусцы. Але ўпэўніцца ў гэтым вы зможаце толькі заўтра. А я тым часам паспрабую даць агульнае ўяўленне пра яго форму.
З гэтымі словамі ён сеў за маленькі столік, на якім стаялі чарніліца і пяро, але не было ніводнага аркуша. Ён пашукаў у шуфлядцы, ды не знайшоў і там.
— Нічога, — сказаў ён з глыбіні пакоя, — падыдзе й гэты, — і, выцягнуўшы з кішэні камізэлькі нейкі абрывак, падобны да кавалка бруднай паперы для пісьма, зрабіў на ім грубы накід пяром. Пакуль Легран маляваў, я працягваў сядзець у сваім фатэлі ля агню, бо пачуваўся яшчэ зусім зябка. Скончыўшы накід, ён, не падымаючыся з месца, працягнуў мне паперу. А калі я ўзяў яе, раптам пачулася моцнае гырканне, і нехта зашкробся ў дзверы.
Юпітэр адчыніў, і тут вялікі гаспадароў ньюфаўндленд уварваўся ў пакой, ускінуў мне лапы на плечы і атуліў мяне ласкай, мабыць, памятаючы маю ўважлівасць да яго падчас папярэдніх візітаў. Калі ж яго свавольствы скончыліся, я зірнуў на паперу і, сказаць папраўдзе, дужа здзівіўся, пабачыўшы накід.
— Так, — пачаў я, прыгледзеўшыся да малюнка, — павінен прызнаць, гэта напраўду дзіўны жук. Абсалютна мне невядомы. Гэта нешта нечуванае, калі, канечне, не чэрап — эмблема смерці, бо менавіта да яго накід, па-мойму, падобны найбольш.
— Чэрап! — ускрыкнуў Легран. — Так, сапраўды, на паперы ён, без сумневу, да яго падобны. Дзве чорныя верхнія плямкі нагадваюць вочы, так? А прадаўгаватая пляміна ўнізе нібы рот, і па форме яго цела — авал.
— Магчыма, — сказаў я. — Але я баюся, вы проста благі мастак, Легран. Давядзецца мне самому агледзець жука, каб скласці хоць якое ўяўленне пра яго выгляд.
— Ну, не ведаю, — адказаў Легран крыху пакрыўджана. — Я малюю даволі прыстойна — прынамсі, мушу так маляваць, бо настаўнікі ў мяне былі добрыя, а я лічу сябе не такім ужо й няздарам.
— Тады, мой дружа, вы, мабыць, жартуеце, бо гэта даволі прыстойны чэрап, я б нават сказаў, проста цудоўны чэрап зыходзячы з абыватальскіх уяўленняў пра яго фізіялагічную будову, і ваш жук мусіць быць вельмі незвычайным жуком, калі нагадвае яго. З гэтага падабенства маглі б вынікнуць розныя цікавыя забабоны. Думаю, вы можаце назваць яго scarabaeus caput hominis — «скарабей чалавечая галава» ці нешта накшталт таго, у прыродазнаўчых энцыклапедыях шмат такіх назваў. Але ж дзе вусікі, пра якія вы згадвалі?
— Вусікі! — усклікнуў Легран (ён заўсёды расчульваўся, калі гаворка заходзіла пра іх). — Упэўнены, вы павінны іх бачыць. Я намаляваў іх гэтак жа выразна, як у сапраўднага жука. Мне падаецца, гэтага дастаткова.
— Ну-ну, — заўважыў я, — можа, вы і малявалі, але я іх тут не бачу.
I без далейшых тлумачэнняў я працягнуў яму паперу, не жадаючы больш раздражняць сябра, але пры гэтым у моцным здзіўленні ад таго, што адбылося. Яго нездаровы гумар мяне азадачыў. Што ж да малюнка, вусікаў там дакладна не было, а сваімі абрысамі жук вельмі нагадваў звычайны чэрап.
Легран злосна схапіў паперку і ўжо збіраўся скамечыць яе і кінуць у агонь, як раптам яго позірк на імгненне спыніўся на малюнку. Твар яго ўмомант зрабіўся ярка-чырвоным, а потым рэзка збялеў. Некалькі хвілінаў ён безупынку разглядаў і вывучаў малюнак, седзячы ў фатэлі. Нарэшце ўстаў, узяў са стала свечку і заняў месца ў самым дальнім куце пакоя — на матроскім куфры. Там ён зноў вельмі пільна агледзеў абрывак, круцячы яго ў руках у розныя бакі. За ўвесь гэты час ён не прамовіў ні слова, і яго паводзіны мяне моцна здзівілі. Але я абачліва вырашыў не нагнятаць напружанасць сябра сваімі заўвагамі. Праз некаторы час Легран дастаў з кішэні паліто партманэт, асцярожна паклаў туды паперку і схаваў яго ў пісьмовым стале, зачыніўшы на ключ. Цяпер, падаецца, ён крыху супакоіўся, але яго ранейшы запал знік. I ўсё ж Легран выглядаў ужо не столькі сярдзітым, колькі заклапочаным. З набліжэннем ночы ён усё больш заглыбляўся ў свае думкі, і нават мае жарты не маглі выцягнуць яго з гэтага стану. Папярэдне я збіраўся пераначаваць у хаціне свайго сябра, як часцяком рабіў гэта раней, але, зважаючы на настрой гаспадара, палічыў больш разумным сысці. Ён не ўпрошваў мяне застацца, але на развітанне моцна паціснуў руку з яшчэ большай сардэчнасцю, чым звычайна.
Пасля таго візіту мінуў, мабыць, месяц (увесь гэты час я не атрымліваў ад Леграна ніякіх навінаў), як раптам да мяне ў Чарлстан завітаў яго служка Юпітэр. Ніколі я не бачыў добрага старога мурына такім засмучаным. Я спалохаўся, што з маім сябрам здарылася нешта страшнае.
— Ну, Юпі, — сказаў я, — што гэтым разам? Як там твой гаспадар?
— Дальбог, маса, хутчэй дрэнна, чым добра.
— Дрэнна?! Вельмі прыкра чуць гэта. На што ж ён скардзіцца?
— А тое й яно, што маўчыць, дый годзе. А яму ж так пагана.
— Пагана, кажаш? Дык што ж ты маўчыш?! Ён што, ляжыць, не ўстае?
— Ды якое там! Дома й абцугамі не ўтрымаеш. А як сыдзе, не знойдзеш. Ой, баліць маё сэрца за масу Ўіла.
— Юпітэр, хацеў бы я ведаць, што ты маеш на ўвазе. Ты кажаш, твой гаспадар захварэў. А ці не казаў ён, што ў яго баліць?