Ах, гэта ты, Нічыпаравіч?!. А я думаю — хто гэта такі высокі ідзе да нас?!.
Алё-ошка, то чаму ты да нас ніколі не завітаў ноччу?
Мам, не трэ! — крычыць Ніна.
Ува ўсіх бываў, а толькі нас мінаў!
Ма-ам!..
Хіба мы табе ворагі, хіба не сябры, не накармілі б, не далі б чаго трэба і з сабой на дарогу?
Сціхніце, кажу вам, ну!..
— Хіба не схавалі б на дзень, як іншыя людзі?!
Я ўспамінаю — гэта ж Ніна нейкім чынам даведалася ад Шусціка, што збіраюцца арыштаваць бацькоў, і прымчала ў Бялявічы да дзядзькоў — не пабаялася свайго дурнога мужанька. Настуся пра гэта напэўна не ведае, а то абавязкова напомніла б, хто ўратаваў мне старых. Трэба, відаць, хоць падзякаваць Ніне?.. Кажу:
Аднак, бацькоў маіх ты ўратавала...
А што я павінна была рабіць? — зноў паказаліся ў яе вачах слёзы.
На полі чуецца плач дзіцяці.
Іду, Толічак! — уздрыгвае Ніна.
Ты куды, дачушка, я сама! — палохаецца Настуся.— Пабудзь тут, пабу-удзь!..
Ніна цяжка ідзе да дзіцяці.
ЭПІЛОГ
1
Вызвалілі Беласток. Я саджуся на веласіпед, імчу туды. Косця даў адрас славутай Марусі. Шукаю яе дом — трэба ж хоць глянуць на гэтую асобу і дзякуй сказаць.
На другім паверсе мураванкі налятае на мяне нечага вельмі ўзрадаваная дзяўчына — шчупленькая, слабенькая, са светлымі кудзеркамі.
Каго шукаеце? — сінія вочы глядзяць на мяне сур'ёзна.
Партызанскую сувязную Марусю.
Дзяўчына пырскае:
А яе вы і не знойдзеце! Бо так пазывалася цэлая наша арганізацыя!
Ды ну-у?
Раптам успамінаю спрэчкі паміж Косцем, бацькам і начштаба наконт таго, як выгледзіць легендарная Маруся. Дык вось чаму мы ніяк не маглі дайсці да ладу!
Але ж — так! — пераможна смяецца яна.— А калі хочаце бачыць яе кіраўніка, то, калі ласка, ён перад вамі! — дзяўчына робіць рэверанс, працягвае руку.
Ты кі-раў-ні-ік? Хіба жарту-уеш?
Што — не выглядаю?
Адно тут пачынаю заўважаць — яна толькі на выгляд такая маладзенькая. Фактычна мы аднагодкі. I радасць у яе не зусім дзіцячая — гэта радасць вісельніка, які толькі што пазбегнуў шыбеніцы і ніяк не можа нацешыцца атрыманай свабодай і прадухіленай небяспекай.
Ліза Чапнік! — прадстаўляецца яна.— А падпольная клічка — панна Мрозовска!