Кайне эсунг!
Вір зінд фергунгерд![96]
Абжоры чортавы. Мы ж разам грунтоўна паснедалі і толькі тады пакінулі стойбішча ў Каралеўскім лесе. Зрэшты, немцы крычаць так не з голаду, вядома. Падлізваюцца. Што ж, ім трэба цяпер пра сябе думаць, нашы шляхі размінаюцца.
Ладна, пойдзеце ў лагер, і там вас накормяць. Зараз дам праважатага!
Свінтус. Пакуль што — мы гаспадары палонных, мог бы раней пагаварыць са мной. Усё рысоўка. Ах, ліха цябе бяры, усё роўна вазіцца з імі потым табе давядзецца!..
Вядзіце! — загадваю сваім канваірам.
Хлопцы здзіўлена глядзяць на мяне і чакаюць.
Вядзіце, вядзіце,— дазваляю.— Не жаніцца ж нам на іх! Айда, пайшлі ўсе разам!
У штабе здаём немцаў. Генерал аб'яўляе падзяку, цісне нам рукі і трымае перад намі прамову.
Тут жа нас знаходзіць ад’ютант Вайцяхоўскага, перадае загад:
Каралёўскі лес кішыць ад разбітых нямецкіх часцей! Партызан нікуды не адпускаць, спатрэбяцца для ачысткі лясоў ад фашыстаў!
Робіцца як бы лягчэй.
11
Калонай валім у Страшава.
Стаіць гарачыня. Хлопцы неахвотна валакуць абсмаленыя вёдры, катлы, запасы ежы, кулямёты — коней забралі ў абоз, падводы цяпер і са свечкай не знойдзеш на вёсцы.
Абвешаны зброяй і ўсімі атрыбутамі камандзіра, валакуся і я. Бацька і маці даўно пабеглі ўперад глядзець, што засталося ад хутара. Не церпіцца пра гэта даведацца і мне.
Крочу ды пільна прыглядаюся.
А вось і вёска. Зводдаль ад дарогі дзве жанчыны жнуць жыта. Ля іх поўзае дзіця. Непрыкметна адстаю ад калоны, зварочваю на пожню. Жанчыны здагадаліся, што хачу пра нешта спытацца. Малодшая ўпіхвае серп у сноп, ідзе насустрач.
Божа мілы, гэта ж — Ніна!
Худая, якаясьці замораная, толькі цёмныя вочы ды каштанавыя косы напамінаюць ранейшую Ніну. Мне хочацца схавацца, ды няма куды — усюды адкрытае поле. Стаю як укапаны.
Ніна пазнае мяне і таксама палохаецца. Аблізвае парэпаныя ад смагі вусны, апускае вочы.
Доўга так маўчым. Я, на галаву вышэйшы, гляджу на яе зверху ўніз. У вільготных ад поту каштанавых валасах заселі кавалачкі саломінак, асцё. З-пад выгаралай кофтачкі тырчаць худыя, макраватыя ключыцы. Па счарнелай руцэ паўзе зялёная гусенічка, дапаўзае да рукава, выгінаецца пытальным знакам, пнецца на кофту, але Ніна гэтага не заўважае. Жорсткая спадніца ў пяску. Босыя разбітыя ногі...
Не ведаю, што гаварыць, што рабіць. Толькі ўздыхаю і ад усяе душы, як магу чула, кажу:
Эх, Ніна, Ніна...
У яе па твары цякуць слёзы, галава апускаецца ніжэй.
Раптам яна бытта ўспамінае, бытта на зямлі ўбачыла нешта цікавае — узнімае галаву, і вочы яе святлеюць, на твары — слабая ўсмешка.
Алёшка, а ты тады клаў пісьмы ў гнёзды і, мусіць, забыў, што я чытаць не ўмею,— ціха, як бы з папрокам, гаворыць яна ды становіцца раптам блізкай і роднай, бытта паміж намі нічога і не было.— Даць каму-небудзь, каб прачытаў, саромелася, усё збіралася пагаварыць з табой і складвала іх...
Я нешта буркаю ў адказ ды зноў змаўкаю. «Эх, гімназісцік ты!..»
Становіцца вельмі яе шкада. Успамінаю, як у нас некаторыя дзеўкі выходзілі замуж, як хлопцы жаніліся — абы пасаг ці гаспадарка!..
Да нас набліжаецца Настуся. Са штучнай радасцю жанчына мне лесціць:
[96] — Не! Ніякай яды! — Мы прагаладаліся!