— Бачыў яго месяцаў тры пасля тваіх уцёкаў! Ен выглядаў але фэст!
У горле маім застрае нейкі камяк, на вочы ціснуцца слёзы.
Праўда, праўда, супакойся! Уладак праляжаў з месяц у «рэвіры». Потым яму пачапілі на грудзі і плечы мішэнь і выпусцілі. Адправілі на цыгеляй да Адзі Мэркера...
Мішэнь гэтую з чорна-бела-чырвоных колаў памерам з талерку я ведаў. Як толькі вахману паказваўся падазроны рух ці грымаса такога арыштанта, салдат павінен быў страляць па ім без папярэджання. Зноў робіцца трывожна, але ўжо стараюся сябе ўзяць у рукі.
З-за мяне пацярпела шмат людзей? — пытаюся далікатна.
О-о, мэншэзкінд, усім дасталося, будзь пэўны! Каму семдзесят бізуноў адмераў Зялёнка, каму — пяцьдзесят, а капо Люкембах — сто атрымаў! Каму адразу і капут зрабілі!..
Капу-ут?
У Штутгоф прывезлі нейкага англічаніна. Гэта праўда, дапамагаў ён табе?
Нават не адразу разумею, аб чым рэч. Нарэшце ўспамінаю — таго, што банку галет даў вечарам і правёў да канала!
Рыхард, дык нас жа тады на падворку ніхто не бачыў, было цёмна! — хачу давесці сябру, бытта магу гэтым яшчэ вярнуць жыццё загінуўшаму чалавеку.
Жонка баўэра, сцерва, заўважыла вас. Днём заявіла ў гестапа. Зрэшты, падрабязнасцей не ведаю! Але ж ты — малайчына, так абдурыць тады ваху, допэрвэ-э-этэр!..
Адчуваю, як новы груз кладзецца на маё сумленне. Слухаць пахвалы сябра невыносна прыкра.
Дзе ты жывеш? — перабіваю яго.
Там. Ін гольцхлеў... Э-э-э, ін гумно! Я понімаю хорошё, а говорю плёхо, фэрфлгохтэ!
Давай дамовімся: ты будзеш па-свойму, а я па-свойму.
Гут, альзо...
Стоп! Пайшлі да майго гумна! Я прывёз харчоў — цэлага кабана, бяру тут толькі страву. Хадзем, пакармлю чым-небудзь лепшым, чым гэты пусты супчык-рататуйчык! Разлічуся за твае эль-блёнгіскія хлябы з апілкамі, якія ты даваў мне і Уладаку, памятаеш?
Го-о! — Рыхард штурхае мяне ў бок ды крычыць па-нямецку:— I трэба ж так спаткацца, Алекс!
Сябар пачынае апавядаць.
Пасля маіх уцёкаў некалькі месяцаў у Штутгофе нічога не мянялася, пакуль Гітлер не аб'явіў чарговую татальную мабілізацыю. У лагер прыбыла камісія ды стала вербаваць для фронту здаровых немцаў. Выбраных прывезлі пад Берлін і стварылі з іх новую дывізію. Каб салдаты потым не надта перабягалі на другі бок акопаў, іх апранулі ў мундзіры войск СС. Дывізію вышкалілі сяк-так ды накіравалі спешна на Усходні фронт.
Памятаеш Цымермана?
Садыста і бандыта з зялёным вінкелем і трыма жонкамі? «Блёкэльтэстэ» шостага блока? Да смерці не забуду!
Оо-у, ён загубіў не адзін дзесятак арыштантаў! Уяўляеш, гэты гомосэксуалістэн, калі мы прыбылі ў Беласток на станцыю, падлез да мяне і шэпча: «Давай уцякаць у лес! Алекс адгэтуль, ён тут у партызанах, пісаў брату!..» Не-е, не пабягу з табой, сука ты прадажная, пачакаю Мінска!
Бач, адумаўся! — дзіўлюся, успамінаючы свайго старшыню блока — тыпа з тыпаў!
О-оу, фэрфлюхтэ гомосэксуалістэн! Яны ўсе без прынцыпаў, так і глядзяць, дзе выгадна, я іх ведаю даўно!..
Халера яго бяры, Рыхард, давай далей!
Праехалі Беласток на дурх. На станцыі Валілы паравоз спыніўся браць ваду і Цымерман выскачыў!
Уцёк?! — жахнуўся я, успамінаючы раптам, як зімой лясныя рабочыя ў Каралёўскім лесе ля вузкакалейкі злавілі немца-вар'ята, які цвярдзіў толькі адно: «Партызан! Партызан!..» Няўжо гэта і быў ён?!.
...А мы прыбылі ў Мінск. Загналі вагоны на запаспы пуць. Стаім дзень, стаім два. Я падгаварыў яшчэ адзінаццаць чалавек. Набралі мы гранат, чэшскі кулямёт, паскідвалі шынялі, каб лягчэй было бегчы, і — ходу! Трое сутак лазілі па мінскіх лясах, і нідзе — ні душы, донэрвэтэр, кройнц унд сакрамэнт! Перамерзлі да смерці, згаладнелі, майн гот! Выбіліся з сілы, думалі — капут! Убачылі ў лесе будку. Заходзім, а ў ёй дзед нейкі. Я пад ногі яму кладу зброю і тлумачу, што не выйдзем з хаты, пакуль дзед не прывядзе партызан, і адразу засынаем мярцвецкім сном. Будзяць нас нарэшце лясныя хлопцы. Трапіў у брыгаду імя Ракасоўскага, паўгода ваяваў у ёй...
Ну і будзе ж нам пра што гаварыць! — думаю ўслых аб асалодзе, якая нас чакае; столькі маем успомніць! Заўтра адпраўля-юць нас у Маскву...— вінавата кідае сябар.