Адным словам, нам цяпер — сядзі, цярпі і чакай, прытаіўшыся ў Перацёсах.
6
Той ліпеньскі дзень сорак чацвёртага года выдарыўся надзвычай пагодлівы. На небе — ні хмурынкі. Партызаны знемагаюць у цяньку, механічна адбіваюцца ад камароў і гадаюць: няўжо ўсё адбудзецца гэтак проста. Чырвоная Армія прагоніць немцаў, і праз некалькі гадзін ці, мажліва, праз дзень-два, будзь ласкавы, вылазь з лесу на вольную тэрыторыю?
Хутчэй бы!..
Нам з Косцем сумна сядзець таксама, ідзём правяраць варту. У гушчары даганяе нас Міша Лук'янаў:
— Таварыш камандзір, пусціце ў сямейны лагер!
Сітуацыя невыразная. Атрад аслаблены — у нас засталося ўсяго тры кулямёты. Але ж і ў Мішкі важнецкая справа — каханне! З-пад кепкі выбіваецца вялізны чуб. Грудзі перакрыжаваны лентамі з начышчанымі да жывога золата патронамі. Ручны кулямёт расквечаны фіялетавымі звончыкамі...
Толькі свой «дзягцяр» аддай камузвода! — не вытрымліваю.
Міша мнецца.
Э-э, партызан без зброі для дзяўчыны — што кавалерыст без каня,— заўважае дабрадзей Косця.— Пусці ты яго ўжо з кулямётам, ён нас тут не ўратуе, ды і сямейныя — побач. У выпадку чаго ты ж прыляціш, Міша, праўда?
Мігам, таварыш камісар!
Я паддаюся на ўгаворы і згаджаюся.
Мною валодаюць супярэчлівыя пачуцці. Разбірае бязмерная радасць. Нарэшце дачакаўся самага запаветнага. I застаўся жывы і цэлы. Выжылі і бацькі. Мажліва, уратаваўся там і Валодзька? Разам са мной выжыла вунь колькі хлопцаў ды дзяўчат. Тое-сёе зрабілі — колькі адужалі, колькі давалася. На гэтым мае абавязкі камандзіра канчаюцца, я бытта сваё зрабіў, і хлопцам цяпер я болей не патрэбен. Толькі выйдзем з пушчы на вызваленую зямлю, і маё войска разбяжыцца па хатах. У той жа час чагосьці мне шкада, і мучыць нейкая няўпэўненасць.
Толькі для парадку праверыўшы варту,— хто сюды цяпер сунецца? — вяртаемся вяла ў лагер. Па дарозе натыкаемся на Яшку Баркунова. Ён грэбаецца ў імшарніку, дастае свае бутэлькі з дакументамі. Тут недзе захавана і мая заява з пратаколам сходу, на якім мяне прымалі ў камсамол.
— Дзве бутэлькі ніяк не зпайду, елкі-палкі...— бурчыць заклапочаны Яша.
Дакументы яго мне вядомыя аж надта — паперкі, спісаныя алоўкам. Каму яны цяпер патрэбны? Знайшоў чым займацца ў такі час, чалавек!
Брыдзём далей.
Ля буданоў хлопцы чысцяць вінтоўкі, прышываюць гузікі. Кулямётчыкі Кардаш і Папроцкі, прыладзіўшы люстэркі ў шчыліны кары сасны, тупымі брытвамі скрабуць сабе бароды. Ліда з Нікіцінай заплятаюць косы. Ля вогнішча жанчыны рыхтуюць абед. Мама галінкай адганяе камароў. Бацька прыладжвае абцас да бота, які вечарам, калі ён з групай спрабаваў выйсці з лесу ў бліжэйшую вёску, каб пажывіцца харчамі, адбіла нямецкая куля. Лес аж звініць ад птушынага шчэбету, п'яніць водарам разнатраўя. Ракочуць самалёты.
Стары спыняе нас, прымушае паслухаць узмоцнены рэхам рокат ды пераможна пытаоцца:
— Чуеце?! Ну ж і іду-уць! — поўнае неба, рота за ротай! Ну ж і даду-уць ім!
Мы смяёмся.
А няхай даду-уць! — адзываецца мама і крычыць уверх да невідочных лётчыкаў: — Страляйце, страляйце па іх, родныя! Кідайце, кідайце свае бомбы, таўчыце іх до-обра, таўчыце за ўсё, усё-о!..
З Косцем садзімся на паваленую елку і слухаем таксама.
На запаветным усходзе, дзе па логіцы павінна грукатаць паймацней, чамусьці пануе абсалютная цішыня. Затое на поўначы і поўдні ад выбухаў дрыжыць зямля. Часамі міны далятаюць пад наш лагер, разрываюцца ў верхавінах дрэў, напаўняюць паветра сінім дымам ды вострым і непрыемным смуродам гарэлай серы. Дажджом сыплюцца на нас зялёныя іголкі, шышкі, ссечаныя галінкі. Аднак ніхто гэтых выбухаў не баіцца: міны ж нашы, савецкія, самалёты лётаюць, гарматы б'юць — савецкія. Ці ж могуць яны зрабіць нам шкоду?..
Камісар перажывае тое ж, што і я, ён гэтакі самы абвялы ды нерашучы. Мне яго шкада. Косцю чакае вяртанне да сваёй злоснай Гандзі. За ўвесь час яго прабывання ў атрадзе яна ні разу не перадала мужу чыстую кашулю, чатырнаццацігадовага сына не прыслала з бацькам пабачыцца — не можа дараваць яму самавольнага адыходу ў лес.
Адзін Міцька Карповіч сабраны і насцярожаны. Яго рослая, энергічная фігура вынырвае раптам з гушчару.
Братцы, давайце яшчэ раз абмазгуем абстаноўку! Чаму такая цішыня на ўсходзе? Яшчэ ўчора ў раёне Ваўкавыска грымела артылерыя, а сёння — ні аднаго стрэлу! З самага ранку грыміць толькі на поўначы і поўдні!
Натуральна! Фронт натыкнуўся на масіў пушчы і раздвоіўся! — разважаю я.
Ты думаеш — толькі таму? — чмыхае Косця.
Хлопцы, як сабе хочаце, а мне не падабаецца цішыня ля вёскі Юзафова! — упіраецца Міцька.— Ноччу, калі я хадзіў у разведку, сам выразна чуў там страляніну — густа секлі кулямёты нашы і іхнія!.. Чаму цэлы дзень маўчаць? I куды дзяваліся юзафоўскія немцы? Халера іх ведае! Калі адступілі, то самая простая для іх дарога — акурат міма нашага лагера па прасецы!