У сямейным лагеры на хлапца наляцела нейкая цётка:
Ага-а, ты тут з дзеўкай абнімаешся, а на тваіх там немцы напалі!..
Кулямётчык кінуўся да нас. I трэба ж так здарыцца, што якраз у гэты момант, калі ішлі перагаворы з обер-лейтэнантам, Мішка вылятае на прасеку і натыкаецца проста на сярэдзіну застылай калоны. Кулямётчык як трымаў перавешаны праз плячо «дзягцяр», так і выпусціў цэлы дыск у сцяну людзей. Партызаны Мішкаву чаргу разумеюць як каманду.
Тр-р-р-р! — пасыпалася з усіх бакоў.
Фельдфебелі і лейтэнанты адскочылі ад нас.
Nich schissen! Nich schissen! [89] — крычаць з калоны.
Выходжу з сябе, крычу і я.
Страляніна нарэшце сціхае. Ад калоны аддзяляецца лейтэнант, пераступае праз забітага тоўстага фельдфебеля, крычыць:
Ты чаго ўстройваеш бойню? Ты што нам усім нядаўна абяцаў?
Шукаю вачыма обер-лейтэнанта. Яго нідзе няма! Зводдаль ляжыць яшчэ адзін мёртвы, аднак — не афіцэр.
Гарантуем жыццё толькі тым, хто здаеца ў палон! — ужо разбірае мяне злосць.— Якія ў цябе могуць быць прэтэнзіі?!
Няхай загадвае нам камандзір!
Няма вашага камандзіра!
А дзе ім тут здавацца, падумай! — пратэстуе камісар, які крыху здагадваецца, пра што ў нас ідзе спрэчка.— Вядзі іх на адкрытае месца!
Успамінаю, што крокаў дзвесце на ўсход па прасецы — паляна. Крычу, колькі маю сілы:
Die ganze Kollone kehrt! Im Richtung auf die Lichtug - marsch![90]
Салдаты, хоць неадначасова, аднак паварочваюцца і брыдуць назад — я выразна адчуваю, як падпарадкоўваецца калона. Косця, Міцька, Баркуноў і яшчэ некалькі нашых ідзём уперамешку з фельдфебелямі і афіцэрамі. Перад памі — спіны салдат. Над імі гэтаксама тырчаць стэрэатрубы, шпулькі кабелю, ротныя мінамёты, ранцы, ствалы і каскі, каскі, каскі — бытта радочкі вялізных заклёпак на дзюралевым крыле самалёта, пафарбаванага ў зялёны колер. Побач са мной месіць ботамі гразь лейтэнант, які крычаў, што я ўстройваю бойню.
— На паляне атрымаеце загад ад свайго камандзіра! — супакойваю яго.
Гут! — згаджаецца немец.
Адбываецца невялічкая замінка — і тут забіты. Хвост калоны абыходзіць цела. Папярок прасекі ў вадзе валяецца ў зялёнай уніформе немец, якога скасіў Мішка.
— Erledigt?![91] — як бы з радасным здзіўленнем кідае нейкі салдат суседу.
Fertig![92] — згаджаецца задні.
Абодва са злосным цынізмам смяюцца. Выглядае на тое, што ў іх былі нейкія парахункі з забітым і цяпер вельмі ўзрадаваныя, што той, з-за чаго яны спрачаліся, загінуў-такі.
Нямецкая абрывістая мова, знаёмыя мундзіры выклікаюць асацыяцыі з першымі днямі вайны, са Штутгофам. Мяне аж распірае ад шчаслівай свядомасці: вось яны, валяюцца ля маіх ног, астатнія падпарадкоўваюцца і грызуцца паміж сабой!
Няўжо гэта не сон?!
Я ўжо зросся з варожай калонай, нават адчуваю яе настрой. Зноў шукаю вачыма камандзіра батальёна. Мабыць, нырнуў у кусты! Гэта мне нават лесціць. Калі б перадаць імгненныя пачуцці словамі, то яны прыкладна былі б такімі:
«Колькі табе, обер, год? Ты мой равеснік. Нябось, дзесьці скончыў вайсковую школу, ваяваў і ў Францыі, і ў Італіі, і ў Афрыцы, а толькі вось тут мы, у задрыпаных нейкіх Перацёсах, цябе акаўпачылі ды зараз абяззброім з усім тваім войскам! Ля Юзафова ты стрымліваў мо цэлы полк Чырвонай Арміі або і дывізію: таму, хто наступае, салдат трэба мець болей. Нашы кідалі на цябе танкі, штурмавікі, білі з цяжкіх гармат, таўклі «кацюшамі» і «ванюшамі», але толькі мы здымаем цябе, братка, і тваю вайсковую адзінку з балансу вайны!..»
Я нават уяўляю сабе твары палкоўнікаў, генералаў, што спатыкаюць нас у Гарадку з вялізнай калонай немцаў. Слава партызанам, і на вяршыне ўсяго — я.
Мары мае абрываюць выкрыкі:
Ne-ein! Weg! [93]
[89] — Не страляць! Не страляць! (ням.)
[90] — Усёй калоне – кругом! У напрамку паляны шагам марш! (ням.)
[91] — Гатоў?! (ням.)
[92] — Гатоў! (ням.)
[93] — Не-е! Прэч! (ням.)