Тады вартаўнікі іх бы заўважылі! — кідае камісар.— Не інакш нашы іх сцерлі з зямлі, рэшту пабралі ў палон, і выхад з лесу для нас адкрыты!
Выходзіць, трэба знімацца ды весці атрад на злучэнне з арміяй? — дзіўлюся.
Ці не зарана? — спрабуе нас астудзіць бацька.— Каб дарога была адкрыта, то Казусік, нябось, сюды ўжо прыпёр бы! Прыбег бы адра-азу!
Бацька не вельмі давяраў нашым разведчыкам і наладзіў сваю сетку сувязных. У кожнай вёсцы ён меў надзейнага чалавека. У Юзафове галоўным сувязным у яго быў швагер — Юляк Казусік. Яшчэ не было выпадку, каб людзі з бацькавай «агентуры» памыліліся хоць адзін раз. Бяда толькі ў тым, што разведчыкі яго ўсе пажылыя, весткі іхнія і парады не заўсёды супадалі з нашымі жаданнямі, і памірыць нашы імкненні з неабходнасцю яму не заўсёды ўдавалася.
Нацягнуўшы адрамантаваны бот, стары кідае:
Хлопцы, не парыце гарачкі! Думайце пра сваіх партызан! Угробіць іх — раз плюнуць! Крыўдна, халера, будзе пагарэць якраз цяпер!
А чаго чакаць, дзядзьку Нічыпар? — пярэчыць камісар.— Лес зараз для нас вельмі небяспечны, бо ён аж кішыць немцамі!.. Цяпер яны ўсе злыя, асатанелыя! Праз тыдзень, калі прыпрэ голад, астыне азвярэласць, то самі пачнуць вылазіць з гушчару і прасіцца ў палон!
Ну, вам відней, вы — камандзіры. Я толькі папярэдзіў.
Усім раптам захацелася да сваіх. Здаецца, нават дыхаць ужо прастарней ад таго, што на ўсходзе няма немцаў.
Так ці інакш — пасылай у Юзафова разведку! — загадваю начштаба.
7
Толькі Міцька сабраўся да разведчыкаў, як з гушчару вылятае задыханы вартаўнік. Хапіўшы паветра, ён радасна паведамляе:
Таварыш камандзір, немцы ідуць здавацца ў палон!
Дзе-е?
Там, на прасецы!
Многа?
Ой, мно-ога, мно-ога, чалавек сорак!
А чаго ты пост накінуў? — нападае па яго Міцька.— Марш назад!
Гэта — юзафоўскія! — вырашаю я.— Ну, не бяда! Хлопцы, толькі без панікі!.. I без каманды нічога не рабіць!
Цяпер наш атрад дзеліцца на ўзводы. Не паспяваю яшчэ нічога больш сказаць, а партызаны ўжо ўсе на нагах і падрыхтаваны к бою.
Першы ўзвод — сюды!
Другі ўзвод — за мной, бягом!
I ўзводныя вядуць людзей, на хаду іх разгортваюць, каб асядлаць прасеку. Улавіўшы трывожны позірк мамы, не адстаю, бягу з усімі і я.
Цяпер яны будуць здавацца па-ачкамі! — чмыхае, носам ды ляціць побач пабялелы Косця.
Але куды іх дзява-аць нам тут? — пытаюся заклапочана.— Гэта ж — лес!
Апынаемся на прасецы. Злева і справа залягаюць узводы, прыладжваюць прыклады ямчэй да плеч. Кулямётчыкі шукаюць цвёрдае месца для трыног. Заняцце агнявой пазіцыі ў нас займае секунды. Вось і ўсё: гатова!
— Толькі што былі яны тут, і няма! — жаліцца мне з крыўдай расчараваны вартаўнік.— Толькі што былі, а прыбягаю — ні душы!.. Але мне не да яго.
Перастаюць шалясцець кусты ад нашых хлопцаў, і ў мяне па скуры прабягае мароз: з усходу паўзе ў наш бок нешта страшнае. Чвакае балота, трашчаць кусты, чуваць сапенне, бытта на нас валіцца вялізная чарада сланоў.
— Ы-ы-ых, глядзі! — чую, як Папроцкі шэпча з жахам.
Зараснікі ліпы, арэшніку расступаюцца, і перад вачыма — жудасны малюнак.