Zurück![94]
Не-е, аддасі, сволач!
А гэта партызаны счапіліся з немцамі.
Усе перагаворы з батальёнам вяліся на нямецкай мове. Хлопцы і далей лічаць — салдаты прыйшлі здавацца ў палон. Калі ўбачылі яны цяпер, што імі камандую, вяду і калона гэтак мне падпарадкоў-ваецца, хлопцы пакінулі пазіцыі, высыпалі з кустоў ды накінуліся на немцаў. Увішнія фігуры ў цывільным ужо абляпілі задніх салдат, вырываюць у іх пісталеты, аўтаматы, цягнуць з нямецкіх халяваў драўляныя ручкі гранат. У момант стварыліся цесныя клубы, людзі тузаюцца, адны адных мітусяць і спрачаюцца.
Was ist denn los? — упіраюцца салдаты.
Hinderhalt! [95]
...Тваю маць, яшчэ будзеш упірацца мне, фрыц пракляты? Прайграў вайну і брыкаешся яшчэ? Пусці!
Не чапайце, яны будуць арганізавана здавацца, прэч усе ад іх! — кідаюся я да сваіх.
Хлопцы неахвотна адстаюць. Позна!
Выхадка нашых падштурхнула немцаў да дзеяння. Калона пачынае тапнець на маіх вачах. Вось ужо і зусім парадзела. Мяне агортвае такое адчуванне, бытта даручылі мне нешта важнае трымаць у сетцы і ад таго, ці даручанае я ўтрымаю, залежыць нечае жыццё. I вось сетка раптоўна распаўзаецца і распаўзаецца ў маіх руках, а мне даручанае — гэтак цяжка дабытае — беспаваротна знікае, а я нічога ўжо не магу зрабіць.
Дай сваім каманду, каб не разбягаліся! – раву на лейтэнанта.
Трыццацігадовы, інтэлігентнага выгляду немец прызнае ва мне камандзіра, нават выцягваецца на «смірна», але вінавата і з пашанай кажа:
Не маю права. Я — не камандзір батальёна.
Ды адкуль я табе яго вазьму?!
Немец паціскае плячыма.
Нікуды не зварочваць! — зноў крычу на ўвесь голас па-нямецку ў лес.— Стой, страляць будзем!
Дарэмна!
Што ж, засаду мы знялі. Немцам паказалі — хто мы і колькі нас. Батальёну цяпер нічога не можам зрабіць, немцы — не дурні. Калона растварылася на вачах, прасека амаль апусцела. Адно трашчаць кусты ад соцень рэзвых ног. Пакуль знікнуць, салдаты пакідалі ўсё цяжкое, што ім перашкаджала,— прасека завалена вайсковым хламам і амуніцыяй.
На паляну выводзім шэсць фельдфебеляў, сем унтэр-афіцэраў, чатырох радавых і лейтэнанта. Хлопцы ўжо звалакаюць амуніцыю, зброю. У момант на паляне вырастае вялізны капец вайсковых прычындалаў, прымяненне якіх часамі нам і невядома. Блішчыць варанёная сталь ствалоў, свежы лак прыкладаў, адбіваюць святло лінзы стэрэатрубы, валяюцца рацыя, мінамёты.
Партызаны шкадуюць:
Такое багацце, столькі дабра-а!..
От бы пару месяцаў таму назад дастаўся нам увесь гэты арсенал!
Ну! Цяпер зброя гэта не варта нават травы, якую унь умінае ў балота! — згаджаецца Косця.
Сябры і не здагадваюцца яшчэ, якая небяспека іх толькі што мінавала — усе разгарачоныя азартам сутычкі. Уздыхаю, як пасля цяжкай працы, і выціраю ўспатнелы лоб. Дзякуючы выпадковасці мы рассеялі цэлую вайсковую адзінку; часткова яе абяззброілі. I хоць добра разумею, што мы сваімі вінтоўкамі і кулямётамі не ў сілах зрабіць болей шкоды гэткай навале, на душы скрабуць кошкі. Падлічваю. Забітых на прасецы валяецца — пяць. У палон узялі — васемнаццаць. Малавата!
9
Вяртаемся ў лагер.
Камандзір, памяняйся з ім ботамі! — гаворыць мне Лук'янаў, паказваючы на афіцэра.
Лейтэнант ростам з мяне, цёмна-русы, шчуплы. Мундзір на ім з іголкі, боты новыя і ладныя, не тое што мае. Скажы толькі слова... Не дазваляе гордасць — іду і маўчу. Немец крочыць побач, зыркае на мяне, поўны вайсковай гатоўнасці дакладна выканаць кожны мой загад.
«Калі ты мяне ўзяў у палон, дык чорт з табой — я ўжо твой, рабі са мной, што хочаш, нічога не зробіш ужо!» — гаворыць уся яго падцягнутая фігура.
Успамінаю рашучасць, з якой яны перлі на захад, і ўпартасць, калі таргаваліся, не жадаючы складваць зброі, іхнюю вернасць загаду і камандзіру. Гм, што мне рабіць з афіцэрам? У такіх выпадках спярша дабываюць у палонных вайсковыя таямніцы. Трэба, напэўна, і мне гэтым заняцца.
[94] — Назад! (ням.)
[95] — Засада! (ням.)