Чвах! — ляснуўшы жалеззем, уся маса паравоза мякка і паволі падаецца ўперад.
Ну, дай божа!..— як казалі нашы дзяды.
Мне яшчэ не верыцца, што ўсё гэта сур'ёзна. Я яшчэ не ўнік ва ўсе дэталі аперацыі, не набраўся ўпэўненасці, не ўрос, не ўвайшоў у іх з галавой і сэрцам — мая задума не шуганула яшчэ духоўнай акрылёнасцю, і таму халерны страх усё яшчэ не праходзіць аніяк.
4
Мы ўжо рухаемся. Папроцкі цяпер спаўняе ролю качагара. Каб не спатыкацца са мной вачыма, хлапец занадта імкліва бярэцца адкрываць шуроўку — у будку ўдарыла дымам ды крупінкамі неперагарэлага вугалю.
— Сіфон адкрый! — лямантуе Косця.
Папроцкі вінавата і разгублена стаіць — адкуль яму ведаць, што такое сіфон?
Камісар адскоквае ад рычагоў, давячыся дымам, шарыць рукамі па лабавым лісце. Угаворваю сябе, што гэта не аўтамашына, якую цэлы час трымаць трэба за руль, рычагі можна пакідаць, усё роўна паравоз не саб'ецца з дарогі. Нарэшце Косця нешта крутануў, і дым з будкі пацягнула ў адкрытую печ паравоза. У бяздоннай зяпе топкі скразняк агаляе пабялелае вуголле, і яно ашчэрылася да нас гарачым жарам. Як імгненне, прыходзіць на ўспамін жудаснае — у такім вось пекле згарэў у грамадзянскую жывым Лазо?!
Наша жалезная гара набірае хуткасць, а я ўсё гэтак жа хвалююся. Гляджу на самавітага і занятага справай Косцю з зайздрасцю, як на героя. Няўжо і цяпер, як на Каўнянскай дарозе, ён толькі не выказвае, што хвалюецца?.. Тады на баране мы ехалі ўсяго да ўзброеных мужыкоў, але цяпер?!.
Высокаму касцістаму камісару ідуць гэтыя жалезныя рычагі ды калёсікі. Ён нен бачыць нас з Сяргеем, зросся ўвесь з жалязякамі і ўпарта глядзіць праз акенца ўдаль. Размерана дрыжыць паравоз, пастуквае рытмічна на сты-ках: ча-чах! ча-чах! ча-чах!.. У цыліндрах штосьці бы лязгае недашрубаванае — вось-вось адляціць. Не развалі-лася б уся гэтая, як бы счэпленая на жывую нітку, камбінацыя жалязяк, калёс і сталёвых лістоў, пакуль заедзем!..
Ад неспакою не знаходжу сабе месца. Наступаю на тоўсты гумовы шланг. Ага, ім паліваюць вугаль, каб лепш гарэў. З такога шланга некалі мяне і Валодзьку аблівалі машыністы. Косця памятае добра. Мо і гэты машыніст абліваўся?..
Цьфу, знайшоў пра што думаць!..
Папроцкі ўжо адкрыў засланку, асветлены полымем, шпурляе шуфлем у топку вугаль, а я іду да левага акенца. Цьмянае святло нашых фар слаба асвятляе адхон. Даязджаем да хутара дзядзькі Шпітона, Косцевага швагра... Ліха на яго, як памалу рухаемся — праехалі ўсяго з паўкіламетра!..
Перад намі слаба асветленыя дзве рэйкі і драбінка шпалаў, якія імкліва бягуць нам насупраць. Сялян цяпер на пуці не ставяць, а гэта лепш. Вунь ідуць патрулі. Тры салдацікі жмурацца на святло фараў, спыняюцца і ўзпятай паравозам віхуры падстаўляюць спіны. Дарэмна хлопцы туляцца да катла, патрулі і не думалі на іх глядзець. Смешна, як немцы даверліва ды бяспечна да нас адносяцца. Страх мой ад бяздзейнасці, ён паступова праходзіць. Жалезная маса аграмаднай і паслухмянай машыны ўсяляе ўпэўненасць.
А вось і зноў патрулі. I гэтыя салдаты настаўляюць нам спіны, горбяцца, каб іх не здула,— аж прысядаюць. Гляджу зверху на дробныя фігуркі, як на замухрышак. Контурамі і шэрым, мышыным колерам мундзірам яны вельмі падобныя да немцаў з Мар'ембургскага моста.
Нервозна ўздыхаю. Прымушаю сябе ўявіць тое, што нас чакае. Захапіць паравоз — глупства. На валілскім мосце трэба авалодаць адначасна трыма аб'ектамі.
Першы — дом, дзе жыве 20 вахманаў. Ён усяго крокаў з дзесяць ад пуці. Звычайная спарахнелая хатка і стаіць бы ў даліне, калі кідацца на яе з адхону,— для нас вельмі зручна.
Другі аб'ект — цэментавая будка з байніцамі. Маленькая, у ёй ніхто не жыве, але пабудавана споцыяльна для абароны,— трэба ўляцець у яе раней, чым зачыняцца там немцы. Гэты аб'ект — самы небяспечны: яго не падпаліш, не прашыеш з кулямётаў, і ён узвышаецца над усёй акругай. Хлопцы будуць скакаць да яго проста з паравоза; на іхняе шчасце, будка — два метры ад рэек.
Трэці аб'ект — вартавы. Салдаты вартуюць заўсёды па аднаму, але немец не стаіць на месцы, ходзіць туды-сюды ад цэментавай будкі па насціле моста і назад. Яго трэба ў цемры разгледзець і ў момант раззброіць.
Яшчэ можа быць чацвёртая небяспека — вартавыя з суседніх бункераў, якія спыняюцца тут на перакур. Гэтыя могуць тырчаць у любым месцы, дзе мы ў даную хвіліну іх застанем. Няхай бы лепш няпрошаных гасцей не было...
Калі пакончым з немцамі, мінёры звалакуць з тэндэра тол, зложаць яго пад фермамі моста — па 60 кілаграмаў у адзін зарад на апору. Паравоз пакінем на мосце, каб сваім цяжарам дапамог лепш фермам абваліцца ў Супрасль. Бікфордавага шпура маем па пяць метраў на зарад — адбегчы мінёрам хопіць. Тады зводдаль паляжам, пачакаем выбуху і — у лес!
Усё разлічана на нечаканасць, хуткасць, каб салдаты не згледзеліся і не зразумелі, што да чаго. Немцы звычайна пад'язджаюць на паравозе да моста, калі вяртаюцца з Валіл ці з Крынак, і наш паравоз не павінен выклікаць трывогі.
Прадумана ўсё.
I ўсё роўна нешта не сыдзецца, будуць ахвяры. Хто загіне цянер, каторы з нашых хлопцаў на чарзе?.. Сябры здаюцца настолькі блізкімі, што не магу пагадзіцца, каб каторы-небудзь з іх стаў трупам. Толькі што значаць мае жаданні? У вайсковых часцях перад боем ахвяры нават прадугледжваюць, рыхтуюць ложкі ў шпіталях, пахавальныя каманды, друкуюць стандартныя бланкі для бацькоў і жонак з сумным паведамленнем, куды застаецца толькі ўпісаць прозвішча, а ў мяне недзе — адно морфій у цэлафане. Хапаюся за кішэню — ляжыць! Як выдзеліў некалі Вайцяхоўскі, так яго яшчэ і не чапаў...
Праехалі палову дарогі. Ужо блізка і мост. Ад клопатаў страх пакрысе праходзіць, застаецца толькі азартная ўзбуджанасць — аж ляскочуць зубы. Сам не заўважыў, калі перарадзіўся. Нібы з гары з'язджаю ўніз, і мяне агортвае жудасны ўздым ад імклівага і захапляючага падзення. Ужо страціў нават сваё «я», стаў атрадам, адзіным зарадам эмоцыі. Цяпер мной валодае толькі заманлівы ажыятаж і прага дапасці да месца ды ўзяцца за справу. Ы-ых, ну ж і люблю я такія моманты!
Паказваецца Пілатоўскі пераезд. Тут маем спыніцца ды заладаваць тол. Спыніцца павінны без сігналаў, каб не насцярожыць патрулёў, калі немцы падвернуцца паблізу.
На пераездзе чамусьці дзве шэрыя фігуркі махаюць рукамі. Пазнаю Міцьку і Ліду. Ліха на яго, што здарылася? — ва мне ўсё халадзее. Ужо насцярожыўся і аблеплены партызанамі паравоз.
Косця круціць траверс, паравоз збаўляе ход. Машына едзе крыху на халастым хаду, і камісар ужо прыпячатвае яе намертва тармазамі да рэек. Высоўваюся з будкі.
Адставіць! — крычыць знізу Міцька.
Па выразу твару Ліды і начштаба бачу — нешта такі здарылася. Агортвае роспач. Няўжо ўся наша падрыхтоўка, намаганні, гэтакі блізкі поспех яшчэ небывалай у нашых краях аперацыі паляцяць к д'яблу?