Мары-ылька, ты чаго? А як людзі жывуць гэтак цэлымі гадамі? А як тыя, чые косці ў зямлі ляжаць?! Думаеш, ім лепш? А табе што? Го-о, галубка, каб адно горай не было! Заўтра сонца ўзыдзе, настане дзень, цяпло, а там і сына знойдзем! Ён табе самае ганаровае месца выдзеліць у атрадзе!
— «Вы-ыдзеліць»... — памалу супакойвалася яна.
Вядома! Ведаеш, у якой ты будзеш пашане ў іх? Го-о! Ну а цяпер накрыемся пацяплей і заснём!
Патрэбна мне твая пашана! Жылі б сабе дома, як усе людзі, а то во, даехалі!
Маўчы, ты нічога не ведаеш! Настусіна Нінка прыляцела з Гарадка да твайго брата і папярэдзіла — жандармерыя сабралася нас з табой арыштоўваць! Твой Мікалай потым бачыў, як на васьмі равэрах жандары з бобікамі адправіліся на паш хутар і заехалі па дарозе да солтыса выпіць! Еўдакім іх пратрымаў за сталом — от ты і ўцякла! А цяпер няхай усе пацалуюць нас з табой пад хвост!
На тое, што ўратавала іх менавіта Лукашова дачка, мама не адрэагавала ні словам. Бытта інакш і быць не магло. Маўчала мама толькі хвіліну:
Во, ты сабе ўцёк, а як цяпер быць таму, у Штутгофе?
Што зробіш. Цягнулі, пакуль можна было...— спаважнеў бацька.
Стары з мяшка вывалак пару вайсковых коўдраў, паўшубак, вымасціў пасцель, і яны ляглі.
Раніцой абладаваны бацька павёў яе ў Каралёўскі лес. Прыбылі туды яны пасля абеду. Але дзе шукаць партызан? Толькі цяпер не бяда — шукай хоць ты цэлы дзень, часу многа. Трэба выбраць толькі месца для стаянкі. Бацька правільна вырашыў, што атрад будзе трымацца блізка вады. Якраз недалёка працякала рэчка Шындзялка, тут жа рос густы беразнячок, а сярод бярозак раскінуўся пышны куст арэшніку. Бацька абламаў галінку на дрэве, на сучок павесіў карабін, скінуў на траву торбы і ўзяўся да працы.
Ён нарэзаў ядлоўчыкаў і наўтыкаў іх для маскіроўкі вакол арэшніку. Панагінаў ляшчынавыя галіны, прымацаваў вярхі да зямлі — атрымаўся жывы будан, а глянь збоку — ляшчына як ляшчына! Задумаўся, што рабіць з прадуктовымі торбамі. Схавай у кусты — мышы, здзічэлыя сабакі, лісіцы ў момант расцягнуць!..
I стары нагнуў адну бярозку, прывязаў да яе верху торбу, адпусціў. Потым нагнуў другую. Торбы зніклі ў густых кронах з маладымі клейкімі лісточкамі. Тады сам палез у будан, узяўся раскладваць пасцель.
А тым часам маці нацягнула святочную сукенку, прычасалася, завязала на тоўсты вузел свае каштанавыя косы. Адышлася, сарвала пару травінак, паднесла да носа і задумалося.
Іншы скажа аб сваёй маці: «Яна была простая, сціплая жанчына...» Не надта ў гэта веру: у кожным разе, мая мама здаецца мне не простай.
Я не спатыкаў больш прыгожай жанчыны, Яна не насіла ніякіх бюстгальтараў, але грудзі ў яе былі амаль як у дзяўчыны, паходка лёгкая, голас меладычны і ніколі не мяняўся. Яна нават цяпер, у сорак год, не выглядала на пажылую сялянку, у якой дарослыя два сыны. На выгляд гэта была здаровая прыгажуня маладзіца з паружавелым тварам, а вочы ў яе набралі таго цёмна-сіняга колеру, які мне запамятаўся з дзяцінства. Аднак у яе душы цяпер адбываўся пераварот. Яна не бачыла, што тварылася навокал, не адчувала паху маладой травы, знаходзілася далёка ад таго, чым займаўся муж.
Нешта падобнае яна перажыла ўжо, калі выходзіла замуж. Тады давялося ёй раптоўна развітацца з цяплом матчынага дома, увайсці ў чужы свет, прызвычаіцца да чужых парадкаў. Але ў той час яна была маладая, закладвала сваё гняздо — тады ёй дапамагаў інстынкт маця-рынства.
Потым пачалі расці яе дзеці. Спачатку яны былі ёй ва ўсім пакорныя. Але непрыкметна выраслі, і з'явіліся ў іх свае інтарэсы ды погляды. I мама ўжо праніклася поглядамі сваіх дзяцей. Кола інтарэсаў сыноў пашыралася, яна непрыкметна пачала адставаць. На жаль, яна не канчала ніякіх школ... Паміж ёю і дзецьмі вырасла нешта ёй незразумелае. Клопаты і прывычны распарадак дня ёй не дазвалялі спачатку над гэтым задумацца, агледзелася яна толькі цяпер.
Другі раз рушыўся стары ўклад яе жыцця, аднак зараз ёй было значна цяжэй. Мама смутна адчувала, што робіцца як бы непатрэбнай і лішняй на свеце ды ніхто, ніхто не ў сілах ёй ужо дапамагчы. А праз гэтыя горкія думкі мучыла падспудная трывога: ці застаўся ў жывых яе меншы? Не загінуў там на чужыне? Старэйшы — унь ён, побач, але ці выйдзе з гэтай калатнечы жывы? А яна бяссіль-ная дапамагчы сынам, абараніць іх.
Ну, то кладзіса,— паклікаў бадзёра бацька.— Ты заўсёды марыла выспацца ўволю, але не даводзіласа. Ідзі, адсыпайса цяпер за ўсе гады!
Тут, мусіць, мура-ашкі, куды ты мяне прывё-оў?! — раздражнёна пракрычала яна, забіраючыся ў будан.
А-ей, як там і выпаўзе адна, так цябе ўжо і з'есць адразу, думаеш? — пажурыў ён, як малую.— Проста — пазнаёміцца і далей папаўзе!
Я іх баю-уса вельмі!..
Мама села на коўдру, падабрала пад сябе ногі, шчыльна падаткнула з усіх бакоў спадніцу. Здалося ёй надта цвёрда, захацелася сесці лепш, ды ўспомніла, што не дома, дзе можна выбраць месца па густу, і з роспачлівым сумам азірнулася.
Дзікая глуш, усё незнаёмае, чужое. Нават птушкі спявалі не так, як у Ліпніках. Мокра блішчаць лісты на бярозах, і ёй здалося, што тут сыра, холадна. Мама ўздрыганула. Было шкада да роспачы родных вуглоў, дзе пражыла чвэрць стагоддзя, выгадавала сыноў. Цяпер давядзецца жыць па-цыганску... А калі і скончыцца лясное бадзянне, то хіба ж вернецца ранейшае?
Ёй зноў захацелася ўпасці на мох ды завыць.
Тым часам у старога была прадумана сістэма абучэння жонкі, з чым ён і вырашыў неадкладна прыступіць.
Ну, Маня, цяпер паслухай, што скажу. Калі буду адыходзіць куды, то пакідаціму свой наган табе,— ён дастаў з кішэні рэвальвер Тарноўскага, які я яму падараваў.— Во, кладу сюды, пад коўдру, каб ты магла яго адразу выхапіць...
Мама з абурэннем узняла вочы, успыхнула:
Куды ты да мяне лезеш са сваім наганам? Я яго ў руках ніколі не трымала ды не ведаю, як з яго страляць, цьфу!
Бацька чакаў такога звароту і са шчырай гатоўнасцю спакойна запэўніў: