Ну, кажы, сыночак, тут нас ніхто не чуе, мы адны. Кажы, што маеш!
Дзядзька Нічыпар сказалі, каб вы ўцякалі ў лес!
Ну, во, нарэшце! — уздыхнула мама бытта з аблягчэннем: тое, што даўно чакала, прыйшло.
А тата сказаў, што немцы вас застрэліць хочуць,— успомніў малы.— Куляй, праўда?
Мама ўважліва паглядзела на яго — Што яно можа ведаць яшчэ?
А дзядзька Нічыпар, Генічак, у вас?
М-гм!
А куды пойдзе, не казаў?
Эк! — хлопчык матнуў галавой і пачаў гладзіць паліраваную спінку ложка рукой, потым, як кот, пацёрся аб яе шчакой.— А прыехаў сёння з Гарадка на ровары Мішка, я кажу: «Падвязі!» Мішка кажа: «Сядай!» А тата выйшаў з гумна і кажа: «Злезь з ровара і бяжы да цёці Марусі праз Глядняўку, каб хутчэй!» I я пабег. А Мішка мяне яшчэ дзісь пакатае...
Хлопчык з сумам азірнуў пакой.
Мама ўбачыла, што больш з яго не выцягне, успомніла — нельга цяпер ёй сядзець, і ўзнялася.
Ну, то на табе лыжачку мёду! — накіравалася на кухню да паліцы, дзе стаяла банка з мёдам.
I зараз жа ўявіла сабе цэлую зграю паліцаяў, якія на веласіпедах імчаць па яе з Гарадка, забылася, куды ішла, успляснула рукамі:
Ах, бо-ожа, што цяпер будзе!
Што-небудзь ужо будзе,— суцешыла Кірыліха.— Нябось, Нічыпар твой не дурны, думае, што кажа, а ты — слухайся.
Мама глянула на суседку, бытта першы раз убачыла.
Цёцю-у, а наша Жучка прывяла чатыры шчаняткі, і ўсё сучкі! — напомніў аб сабе пасмялелы малы.— I нікога да буды не падпускае: ні таты, ні мамы, ні курэй, ні Люські дзядзевай, аднаго мяне...
Ой, Ге-енічак, ты яшчэ тут? Бяжы, дзіцятко, адгэтуль, а то і цябе яшчэ зловяць!
І хлопчык раптам знік, як бы яго тут і не было. Мама замітусілася па хаце, трывожна заенчыла:
— А-ей, яшчэ нават я і свінням не давала! I каровы з авечкамі яшчэ парацца ў хляве! Пастух чагосьці, як на тое, позніцца!..
Манька, чорт іх бяры, свіней тых і кароў! Будзеш жыва, то другія будуць! Лепш сябе ратуй! Уцякай адгэтуль, каб цябе не засталі ў хаце!
А-ей, цётачку, і сама ведаю, што мне трэба ўжо бегчы, ды ніяк не адважуся! Гэта ж — у лес!
Нічога, нічо-ога! З лесу вяртаюцца, а з пяску — ніколі!
Як жа я там спаць буду? — бездапаможна затапталася мама сярод хаты.— Так баюся холаду ў ногі!
То бяры з сабой валёнкі!
I - іх?
А што?
З рухавасцю лёгкай маладухі Кірыліха ўзлезла на ляжанку, з печы дастала пару валёнак, гупнула іх на падлогу.
На, во!
Мама схапіла іх, бяздумна прыціснула да грудзей. Яна разумела, што цяпер будзе ўвесь час на дварэ, таму трэба з сабой нешта набраць, але што? Яна глядзела на свае рэчы навокал і не пазнавала.