Запальнік ад тоўстай чушкі снарада камісар адшрубаваў сам. Затым спарад адмыслова падвесіў над вогнішчам шыйкай уніз. Змайстраваў сам з дошчачак і жалабок, па якім меўся сцякаць тол, ды на агонь навалачыў сухіх плошак. Хлопцам на ўсялякі выпадак загадаў адысці далей.
Запала глыбокая ноч, а снарад усё награваўся. Нарэшце з яго шыйкі павалілі клубы густога дыму, затым стрэльнула полымя, і раптам двухпудовы снарад лёгка, як ракета, саскочыў са станка, заляцеў у траву, стаў шалёна падскокваць ды вярцецца. Хлопцаў з паляны вымела імгненна.
Уся авантура скончылася на страху — тол, на вялікае шчасце, выгараў без выбуху. Аднак Косця ад задумы не адставаў і загадаў хлопцам: пакуль вернецца камандзір, з другога снарада тол выдзёўбваць штыкамі.
...У Скрабляцкім лесе знаходжу сваіх — узбресных, амаль супакоеных і нават з мяшэчкам свежага выбуховага матэрыялу. Кардаш хваліцца новымі дзіркамі ад куль на гэты раз у плашчы — шанцуе, аднак, чалавеку! Курцэвіч, бедны, згубіў акуляры, з яго смяюцца. Настрой ва ўсіх — прыўзняты, дзелавы, і разгрому — бытта не было. Я гатовы ўсіх абняць ды расцалаваць.
Знаходзіць нас і Міцька з разведчыкамі. На кароткай нарадзе ўхваляем: начштаба з разведчыкамі адпраўляецца ў Каралёўскі лес рыхтаваць стаянку для атрада, збіраць для яго харчы ды сачыць за паводзінамі немцаў у Валілах, Крынках, Гарадку і Бераставіцы. Мы ж з камісарам і з атрадам застаёмся ўсё ж такі ў Ліпніках. Калі немцы наладзяць чыгунку і рушаць цягнікі, пусцім пад адхон яшчэ адзін эшалон і толькі тады адправімся на новае месца дыслакацыі.
2
Пакарыстацца мукой ад разбітага цягніка маім бацькам ужо не дасталося.
Мама паходзіла з вёскі Бялявічы. Там і цяпер жылі яе браты. У прадчуванні бяды бацька сабраў астаткі адзення, кубелец з мясам, ссыпаў рэшткі зерня ды павёз усё да шваграў хаваць. Мама засталася дома. Яна якраз канчала варыць свінням бульбу, калі пачула ў сенях знаёмы голас:
Дзіньдобры, Манька!
На кухню ўвайшла цётка Кірыліха. Мама адвярнулася ад пліты, прывіталася.
Паглядзі, што табе прынесла! — цётка падала моцны заржаўлены відэлец з адным абламаным зубам.
— А-а...
Мой стары выскробваў у хляве гной і знайшоў. Яшчэ калі Вася жаніўся і пазычалі на вяселле, то згубілі тады. На, бяры, бяры! Пачысціш пясочкам — будзе як новы! Мне ўжо не спатрэбіцца. Сын мой адышоў з хаты, дачка — таксама. А вайна скончыцца, твае хлопцы вернуцца, у самы раз прыдасца...
У Кірыліхі быў невычарпальны запас прычын і спосабаў, каб у цяжкую хвіліну зайсці ў госці, падбадзёрыць, узняць настрой чалавеку. У мамы вочы адразу павільгатнелі, сэрца напоўнілася ўдзячнасцю.
Дзякуй... Пакладзіце туды на стол, а самі сядайце на лаве. Ой, зараз вам лаву змахну! Гэта мой тут збіраўся ў дарогу, то расол крыху працёк з мяса ў фасоўцы...
Нічыпар павёз-такі хаваць?
Да братоў... Трэба быць гатовым на ўсё і хоць што-небудзь прыхаваць. Давядзецца ў лес богчы, а калі будзеш з лесу выходзіць, дык застанешся, у чым стаяў...
Няўжо ж, трэба, дальбо...
Паехаў! — уздыхнула мама і безуладна апусціла рукі.— I зноў я адна-разадна. Мне так страшна, так страшна, што хоць ваўчыцай вый! Дзякуй, што зайшлі, цётку... Выйдзеш на двор ці глянеш у акно — то ўсё перад вачыма гэтыя нямчыска з бобікамі шнуруюць на пуці дрызінамі, ліха ім, жануць рабочых, палонных, б’юць іх, лаюцца... Раней, як паязды хадзілі, то было якосьці бы весялей...
З-за эшалона з мукой усё так лютуюць! — цётка ўселася лепей.— А ў маёй Мілашкі стаў на кватэру іхні афіцэр, што камандуе ўсімі рабочымі. Такі белы, панскі, мо восем разоў на дзень мыецца... Дзяншчык напёк яму ўчора пірагоў, то рэзаў не нажом, як усе людзі, а спецыяльнымі пілкамі — кожны пірог асобнай!
Паду-умайце! — падзівілася, паківала галавой мама.
Юляк з Мілашкай баяліся пры ім дыхаць нават. А ўчора вечарам дзяншчык на ровары паехаў у Гарадок па газету афіцэру, а ён сам выходзіць да зяця ды кажа: «Капут нам. Хутка прыйдзе ўжо сюды ваш Іван, тады будзе вам зноў добра!..»
Ой, каб даў бог хутчэй!
А ўжо скора, Манька, ско-ора! — Цётка перайшла на шэпт: — Мой Кірыл з мужчынамі ўчора вазіў на Бераставіцкую станцыю тую муку, то ўсе там ля вагонаў гаварылі, што першага чэрвеня вайна скончыцца!
Усю вайну нашы сяляне вызначалі сабо дзень прыходу Чырвонай Арміі якой-небудзь круглай датай і цешылі сябе, што першага, дзесятага, пятнаццатага ці дваццатага прыйдунь нашы. У людзей з'явілася якаясьці стыхійная вера ў магічную сілу гэтых дат (а мо ішло гэта ад кірмашоў — яны адвеку вызначаліся ў нас круглымі датамі?!). Мы з Валодзькам пераканалі маму, што гэтаму нельга ве-рыць, і цяпер яна толькі са шкадаваннем уздыхнула ды ўзялася здымаць гаршкі.
У хату ўбег шасцігадовы пляменнік — сын аднаго з яе братоў. Хлапчаня ўбачыла чужога на кухні і сумелася.
Няўжо яно аж з Бялявіч прыляцела? — з жахам спыталася цётка.
Генік, хадзі, хадзі бліжэй!.. Ты адзін? Чаго ты збаяўся? Тут усе свае-е! — пасцярожылася мама і нагнулася над ім.— Ну, кажы, што здарылася?
Але той толькі пачухаў адной нагой другую ды зыркаў на Кірыліху з-пад лоба. Яму строга-настрога загадалі перадаць вестку толькі самой цёці Марусі.
Ах, бо-ожа, што там такое зда-арылася? Мо Нічыпара забралі? — Мама з трывогай хапіла хлопчыка за рукі, пацягпула ў бакоўку, прысела на ложак.