Кук маль, Карл! Зіст ду? Мі-ільх! До-онэрвэ-этэр! [84]
Тады з гурбы снарадаў выкочвае адзін, стукае каваным абцасам па сталёвым стакане, дзівіцца:
Ле-ер! Воцу браўхэн зі леерэрэ, вас іст дэп лёс?! [85]
Яшчэ пару немцаў насцярожана лазяць мж сосен, чагосьці прыглядаюцца да моху, як бы самі не вераць сваім вачам. Забітых не відаць.
«Халера яго бяры з барахлом, зноў дабудуць, калі самі засталіся цэлыя!» — уздыхае бацька.
I толькі цяпер звяртае ўвагу на гарбячок пад дрэвам, прыкрыты мохам. Бацька насцярожваецца. Так, там нехта ляжыць! З-пад моху тырчыць белая чалавечая нага. Побач валяюцца нямецкі ранец з рыжай цялячай скуры, цывільная вопратка і боты. Бацька адразу пазнае яе і трупянее — вопратка сынава!
Няўжо?!
Крыху авалодаўшы сабой, бацька падыходзіць да гарбячка ды з аблягчэннем уздыхао. Як толькі нарадзіўся яго першы сын, радня заспрачалася, на каго малы падобны — на бацьку ці на маці. Бацька сабе толькі ўсміхаўся: сынаў вялікі палец на назе быў меншы за іншыя — дакладна як у яго. А ў гэтага на ступаку, які вытыркаецца з-пад моху, вялікі палец большы. Ачунялы стары адводзіць вочы. Набліжаецца немец.
— Айн бандыт — капут! — хваліцца пераможна салдат і наском бота пінае гарбячок моху.
Бацька маўчыць і шарыць вачыма па лесе. Чаму сын скінуў вопратку? I ведае стары, што найхутчэй — пераапрануўся ў нямецкі мундзір, але сам сабе яшчэ не верыць, таму з насцярожанай трывогай бегае вачыма па кустах. Не, больш гарбячкоў, здаецца, не відаць. Толькі нейкі дзед валяецца ў яліне і плача. Бацька прыглядваецца лепш — грыбаўскі Церах!
Немцы ўжо ладуюць на фурманку партызанскае дабро, а бацька падыходзіць да старога, трасе яго за плячо:
— Дзядзьку Церах, што-о з вамі, чаго-о вы тут?
I стары грыбавец апавядае аб трагедыі. Партызаны павалаклі з Грыбаўцоў яго Міцьку ў хвойнік. Пачакаўшы суткі, бацька сабраў па вёсцы старых дзядоў ды павёў іх у Ліпнікі шукаць сынава цела. Нікім не заўважаныя, яны выпадкова апынуліся пад самым партызанскім лагерам. Ні Церах, ні іншыя Міцькі ля вогнішча не пазналі.
Мы якраз вярнуліся пасля ўзарванага цягніка з мукой, а другія хлопцы прывезлі са Скраблякоў прадукты. Нагледзеўшыся на нас зводдаль, старыя збаяліся Цераха: сын жа яго Гітлеру служыў, Прамаўчы, што бачыў партызан ды не сказаў, то потым цябе за гэта расстраляюць з усёй сям'ёй! На ўсякі выпадак дзяды вырашылі схадзіць у бліжэйшы бункер на чыгунку і далажыць. Але каб і партызанам не сталася крыўды, аднаго дзеда паслалі пад самы лагер паказацца: маўляў, хлопчыкі, вас людзі ўгледзелі і вы ўцякайце ў іншае месца, пакуль час. А мы, убачыўшы дзеда ля лагера, не прыдалі гэтаму значэння.
Тут, у тыле, фашысты трымалі трэцясортных салдат — пажылых і пакалечаных на франтах Еўропы. I вось у страшаўскім бункеры неахвотна спаўзлі з нараў пасля начнога дзяжурства шаснаццаць паўінвалідаў. Яны ўзялі чэшскі ручны кулямёт, пару аўтаматаў, а астатнія — па вінтоўцы — ды вырушылі ў Ліпнікі.
Яны не надта і спяшаліся, спыпяючыся за кожнай сасной. Пару кіламетраў немцы прабіраліся гадзіны дзве. Як на тое, немцы падышлі да лагера якраз з таго боку, адкуль мы найменш спадзяваліся, варты не трымалі, а мох ад дажджу набрыняў, што не луснула ў ім пад каванымі ботамі і галінка.
Убачыўшы нас ля вогнішча, салдаты заляглі, нарыхтавалі зброю ды па камандзе адкрылі агонь. Шчасце наша, што ў гэтых старых недабіткаў добра не свяцілі вочы і дрыжалі рукі.
8
Ужо цямнее. Бацька прасекай вязе наша дабро і спадзяецца, што мы зараз выскачым з-за кустоў ды адбяром трафеі. Стары нават знарок ідзе так, каб не быць разам з немцамі і даць магчымасць нам страляць.
А лес усё маўчыць.
Салдаты бытта ўжо і забыліся пра выпадак. Яны забаўляюцца, як дзеці,— штурхаюць адзін другога, кранаюць каня, заглядаюць яму ў зубы. Зрываюць бадылі ды спрачаюцца, ці расце такая расліна ў Германіі і як яна там у іх называецца. Бацька не можа забыць вопраткі. Ён і ведае маю любоў да пераадзявання, і не можа сябе пераканаць.
Набліжаюцца да мясціны, дзе бацька пасля абеду павесіў паперку. Цяпер на сасне яе няма. У нас быў угавор: калі сігнал ты ўжо ўбачыў, то адразу ж яго здымай, няхай не мазоліць людзям дарэмна вачэй. Значыць, сын узяў ці яна ўпала? Бацька прыглядаецца — няма нідзе і на зямлі, а вецер тут у зацішку падхапіць яе не мог! Яго агортвае радасць.
Выязджаючы з лесу, бацька на дрэве бачыць ужо мой кавалачак паперы. Нервы не вытрымліваюць, бацька ідзе да морды каня і ціха плача:
Ану цябе к чорту, даіграўся, герой такі, цьфу!.. Не мог рабіць усё памаленьку, разважліва, хто табе кіпяток ліў за карак?.. Як цяпер людзям у вочы глянуць, рызыкант ты, цьфу!..
Лёс, лё-ос! — крычыць на яго фурман.
Ногі мае — капут!
Сядай, паедзем у Гарадок, павязём гэта амтскамісару! — тлумачыць другі па-польску.
Астатнія немцы накіроўваюцца ў бункер.
Цяпер на дарозе яны застаюцца ўтрох. Бацька нязграбна ўзбіраецца на зваленае ў купу адзенне, вінтоўкі, бітоны і месціцца, каб не мулела. Рука выпадкова трапляе на сынава паўпальтка. Халера, заўтра гестапа будзе ездзіць па вёсцы ды пытацца, ці хто не ведае, чыё яно! А калі знойдзецца такі, што выдасць? Многія хадзілі на сустрэчы да яго ў Ліпнікі, як на кірмаш, адзенне запала ў вочы, не сцярог сябе, дурань!..
Пан,— звяртаецца ён да немца.— Я жыву вунь на гэтым хутары пад лесам. Я табе — бутэльку самагонкі дам, шпанс, а ты мне — во, гэта! — паказвае на куртку.
[84] — Зірні, Карл! Бачыш? Малако-о, чорт вазьмі! (ням.)
[85] — Пустая! Навошта ім патрэбна пустая, што за ліха?! (ням.)