Хтось тыкае рукой у яліну, крычыць:
Немцы!
Гэты голас абрывае той шнурок, які стрымліваў людзей на месцы. Увесь мой атрад зрываецца і нясецца прэч.
Прыходжу да памяці, калі паляна апусцела. Паблізу Косця падтрымлівае абвялага Бранябойшчыка, угаворвае:
— Са-аша, Сашка, стань на ногі, што-о з табой?!
Толькі цяпер даходзіць да мяне — вось яно надышло, тое вялікае няшчасце, чаго я так баяўся. Напалі немцы! Стала вельмі шкада сваіх мараў, разважанняў, перспектывы, і захацелася, каб гэта быў сон, захацелася адсунуць няшчасце на пазней, не прыняць — я ж нядрэнны камандзір! — паспеў за долю секунды нават узмаліць я свой лёс.
Мне нават не страшна. Я толькі ўвесь абураны і ўзбуджаны — што рабіць? Імгненне, як глыбокая рана ўразае факт — загінуў Сашка, светлавалосы хлопчык, адзіны сын у маці! Але зараз жа думкі пораскокваюць — што з атрадам? Трэба бараніцца! Ну і што, калі гэтак страляюць, і ў такіх жа ўмовах дзейнічаюць! Мне, камандзіру, неабходна паказаць прыклад. Толькі дзе ж той праціўнік?
Уважліва разглядаюся.
Адкуль страляюць, там суцэльная зялёная сцяпа. Няўпэўнены ў карысці таго, што раблю, не здымаючы з шыі рэмень, даю з аўтамата чаргу ў гушчар: адну! другую! трэцюю! Зямля пада мной усё нібы прыпаднятая, я тырчу на віду — нельга ж стаяць пад кулямі! Падаю і страляю зноў. Азіраюся на сваіх. Апошнія людзі знікаюць між дрэў. На мне ж салдацкі мундзір, нашы здалёк могуць прыняць за немца і прыстрэліць...
Адыходзь! — заве мяне з гушчару Косця. Усхопліваюся, імчу за ім. Зыркаю на Сашку, які выцягнуўся на імху,— нежывы! Натыкаюся на гурбу зброі, узятай у «самаахоўшчыкаў», на скрыні патронаў. I ўсё гэта ўжо для нас назаўсёды страчана?!. Не можа быць!..
Пастойце! — вырываецца ў мяне роспачлівая просьба.
Стой, далей — ні кроку! — крычыць камісар.
Маць тваю... куды прэш?! — чуваць, як у гушчары лаецца і Філімончык.
Але мае людзі нясуцца без аглядкі, а следам за імі — мы з Косцем. Я зрываю голас, ахрып і камісар, адпак ніхто не звяртае ўвагі на нашы крыкі. Імчаць бяздумна, хто босы, хто з пустымі рукамі, без вопраткі, з вытарашчанымі вачыма ды раскрытымі ратамі. Людзі акрамя страху нічога перад сабой не бачаць.
У вайну я не раз пераконваўся ў тым, што ў такія моманты дзейнічае свой закон. Камандзір увесь час насцярожаны, адчувае сваіх людзей, і яны — працяг яго ўласных нерваў і мускулаў, а пачуццё адказнасці заўсёды прымушае быць напагатове. Ён — бытта шафёр, які едзе па небяспечнай дарозе і яго рукі ды ногі на рычагах, напружаны і не дрыжаць таму, бо ён падрыхтаваны да найгоршага і адказнасць за людзей у яго заглушае трывогу аб сваім лёсе. У такі момант байцы ведаюць, што за іх думае камандзір, яму поўнасцю давяраюць, як дзеці, але самі да небяспекі не гатовы і пры першай сур'ёзнай трывозе ўпадаюць у паніку.
I цяпер хлопцы паддаліся паніцы, а стрымаць іх немагчыма. Яны несліся так бяздумна, як ляціць вада з гары.
7
Бацька пад лесам прыворваў пасеяную грэчку. Стары з першай сусветнай вайны застаўся глухаваты, а лес ад ветру гудзеў, і страляніны бацька не чуў.
Араць ён збіраўся заўтра, сёння яму проста захацелася расказаць пра наш цягнік. Узарвалі мы, выяўляецца, таварняк з мукой. Катастрофа наступіла ў невялічкім выкапе. Нагрувашчаныя адзін на адзін вагоны закаркавалі выкап груптоўна. Немцы ніяк не маглі падцягнуць крапы да вялізнай гурбы з пагібаных сталёвых фермаў ды накрышаных дошак. Даводзілася расчышчаць пуць цяпер ледзь не ўручную.
Пакуль падняць і адвалачы вагоны, трэба раней іх разладаваць, а муку адправіць на бліжэйшую станцыю — Бераставіцу. Колькі дзядзька можа пакласці на калёсы пры нашых пясчаных дарогах? Пудоў з трыццаць—сорак. У эшалоне іх — сто дваццаць тысяч. Падзялі!.. I спецыяльная рота накіравалася сёння раніцой у наваколь-ныя вёскі збіраць людзей з фурманкамі, а вялізны табун палонных з-пад Беластока паперлі на разгрузку.
Цэлы дзень у агромністым мучным воблаку завіхаліся тысячы людскіх і конскіх зданяў. Сяляне працавалі з уздымам. Надта ж было ім прыемна ўзірацца на ўсё гэта.
З раніцы на месца катастрофы з'явілася гестапа, спыніла работу. Калі мужыкоў сагналі да будкі, немцы паказалі ім тэлефонны кабель і кіёчак з надпісам — ад няма чаго рабіць яго выразаў ножыкам Сашка Кардаш, калі мы ў зубкоўскім жыце чакалі вечара.
— Хто ведае што-небудзь пра гэта? — цераз перакладчыка звярнуўся начальнік гестапа.
Дзядзькі заківалі галовамі, заўздыхалі.
«Ка-лі-ноў-скі»...— дапамагаючы сабе пальцамі, прачыталі па складах надпіс на кіёчку найбольш адважныя.— Не, не ведаем такога. Хтось не тутэйшы, мусіць...
Іншыя паціснулі плячыма: маўляў, якіх толькі цудосаў на божым свеце не бывае!
Гестапаўцы падабралі на раллі і Сашкаву пілотку. Начальнік паказаў яе:
Чыя яна можа быць?
Людзі насцярожыліся. Пілоткі насілі многія з іх, бо цяпер у магазіне шапкі не купіш, надзявалі на галаву, што траплялася. Аднак на гэтай — чырвоная зорка. А на іхніх у тым месцы — толькі дзіркі ды цёмная плямка, дзе матэрыял менш выгараў.
Савецкага салдата! — надта сур'ёзна, бытта зрабіў важнае адкрыццё, запэўніў бліжэйшы дзядзька.