— Пштах! — чуецца праз гудзенне колаў і рэек кволенькі стрэл узрывацеля.
Ёсць!
Цягнік яшчэ імчыць, у ім ніхто нічога не ведае, але іхні лёс вырашаны. А ці так? Выбух гранаты не параскідвае тол раней, чым узарвецца, кавалкі яго былі зусім не колеру жаўтка, а якіясьці шэрыя, мо Навасёлаў Ліду ашукаў?!.
Шэсць гэтых секунд здаюцца вечнасцю. Нарэшце раптоўна і перад самым носам паравоза бліскае на імгненне сонца, рэзка выдзяляе контуры пузатай машыны з комінам, асляпляе нас з Лідай, аглушае ды рве ноч на часткі. Рэха выбуху адзываецца спачатку ў Ліпніках, затым у Снозе, Свіслачанскім лесе, Бераставіцкім.
Відаць, цягніку выбухам вырвала шланг паветраных тармазоў, бо на ўсю даўжыню эшалона пырскаюць фантаны іскраў ды цэлыя струмені жывога агню. Тармазы яго ўжо не ратуюць, цягнік набраў занадта вялікую хуткасць.
Я ўсё ж такі недакладна разлічыў выбух, і ён прыйшоўся метраў за дваццаць перад паравозам, але гэта яшчэ лепш. Тол вырваў добры кавалак рэйкі, абодва рваныя канцы задраў угору, нібы палазы саней. Але пра гэта даведаліся мы потым. Цяпер, як зачараваныя, з жахлівым захапленнем глядзім на вынік сваёй работы. Вагоны на вялікай хуткасці дабягаюць да месца, дзе тол парваў рэйкі, з'язджаюць убок. Рухомыя, вялізныя і наладаваныя куфры адзін за другім знікаюць са светлага фона неба, валяцца ў кювет — толькі стогне і хадуном ходзіць зямля.
Ачуняюся першы. Зараз зашыпяць ракеты і пойдзе страляніна. Трэба выносіць ногі.
— Прэч адгэтуль, Сашка, здымай кулямёт! Немцы зараз ачухаюцца! — крычу.
Зрываемся і ляцім у бок Свіслачы.
5
У Грыбаўцах гэтым часам нашы хлопцы зайшлі да Карповіча — бацькі начальніка штаба, пабілі вокны ў хаце і вывалаклі з хаты лесніка. Затым падаліся да Цераха, налупцавалі старога, жонку і высадзілі шыбы з рамамі. Яфрэйтар, які прыехаў з Міцькам на пабыўку, уцякаў праз акно, атрымаў кулю ў жывот. На крыкі «арыштаваных» збеглася паўвёскі.
Абодвух Міцькаў хлопцы паставілі да сцяны, прачыталі ім прысуд атрада Каліноўскага, яшчэ добра налупцавалі пры людзях ды аб'явілі грыбоўшчынцам:
Ну, немец — фашыст. Застрэліў яго — туды яму і дарога, няхай бы на нашу зямлю не лез, не звалі! А гэтых гадаў, хрыстапрадаўцаў, застрэльваць мала!
Што вы, хлопчыкі! — пачалі прасіць грыбаўцы, апрытомнеў-шы ад жаху.— Яны ж нікога не прадалі, не забілі! Адпусце-еце вы іх!
О! не-е, дзядзьку! Мы іх завядзём у лес ды там станем рэзаць па кавалачку — па адной жыліне выцягваць з абодвух будзем і вяроўкі віць!
А тады павесім на асіне, як у старыну вешалі такіх хрыстапрадаўцаў!
I партызаны павалаклі абодвух у хвойнік.
Ля шашы хлопцам не пашанцавала. Ехала вайсковая часць на Усход, давялося доўга лавіць момант, каб перайсці дарогу. Перабраліся толькі на трэція суткі.
Якраз калі мы з Лідай і Кардашом вярнуліся з «жалезкі», партызаны з грыбаўскай групы ўжо нас чакаюць. Стаяць і скрабляцкія бітоны з малаком. Усе ўзбуджаныя, кожны мае чым пахваліцца, настрой прыўзняты. Цярусіць сцюдзёны дожджык, але ніхто гэтага не заўважае.
— Вяду па Грыбаўцах нашага начштаба,— з уздымам апавядае Сяргей Папроцкі,— а ён азіраецца і шыпіць: «Людзі глядзяць з вокан на нас, як, сабака, пісталет трымаеш! Настаў мне добра ў плечы! I не шкадуй, бі па мордзе, каб аж кроў цякла, ну!» Я замахнуўся, але да яго морды нават не дастаў! Тады ён: «Ты, халера, хоць лайся!» Ну, тут я даў волю языку!..
Грыша Налівайка ў сваіх Скрабляках забраў дзве фурманкі з прадуктамі. Фурманы, партызанскія сувязныя, папрасілі распісачку, каб апраўдацца перад немцамі: «Напішыце нам, хлопчыкі, што партызаны ўсё рэквізавалі!» I хлапец выпісаў ім паквітаванне. Дзядзькі, вярнуўшыся з Ліпнікаў, павезлі недзе паперку ў крынкаўскі гарнізон, каб амтскамісар бачыў, што яны тут ні пры чым. Аднак Грыша ходзіць на лагеры і бурчыць:
Ха-алера, напісаць я ім знайшоў што, не забудуць маіх слоў, але ж чаму немцам дулі яшчэ не намаляваў?!.
Дурань! — пацяшаюць яго сябры. - Другі раз затое дзве намалюеш!
Героем дня стаў шаснаццацігадовы Сашка Янкевіч. Гэта ён падстрэліў у Грыбаўцах яфрэйтара. Хлопцы чамусьці адразу ахрысцілі яго Бранябойшчыкам, нібы жывот у фашыста быў браніраваны. Цяпер з хлапца пацяшаюцца:
Цябе б на танкі нямецкія пускаць!
Спайпер! Ноччу з першага стрэлу трапіць у бягучага немца — трэба ж умець!
Навучы, Бранябойшчык!
А ён — са светлым чубікам, у абцёпканых портках і ў такім жа пінжаку з кужалю, маленькі, замораны хлопчык — сарамліва слухае, хавае вочы, не ведае, куды і дзецца.
Бедны Саша, гэта была першая і апошняя вялікая радасць у яго гэтакім кароткім партызанскім жыцці!..
Цяпер у мяне ёсць на што паглядзець. Ля вогнішча сядзіць больш трыццаці чалавек — цэлы атрад! Не хапае адно разведчыкаў з начштабам. Перад адыходам у Каралёўскі лес партызаны дасушваюць вопратку, вячэраюць. Ліда фарсіць у чырвонай фуражцы з вялізнай туліяй і раздае страву. Хлопцы падстаўляюць пустыя кацялкі: