Таварыш дзяжурны па станцыі, калі ласка, наліце, колькі не шкада!
Такому хлопцу? На, еш! — какетліва зыркае ў мой бок дзяўчына і ў посуд перакульвае поўны чарпак.
Эх, мухамор, а мне?
I табе! Папраўляйся!
А я спачатку, дурань, баяўся, што ў мяне не атрымліваецца. Выйшла! Я ім амаль і не загадваю, аднак усё робіцца па майму намеру. Часамі як бы падпраўляю, падганяю, зводжу адных з другімі, і — вынік наяўны. Хлопцы спакойныя, упэўненыя, стараюцца і, здаецца, мяне ўсе паважаюць. Эх, я-а!..
Мы так пабагацелі, што дазваляем сабе фарсіць. Пілоткі і шапкі расквечаны чырвонымі істужкамі. Алюмініевыя ланцужкі ад яршоў, якімі немцы чысцяць вінтоўкі, у хлопцаў цягнуцца ад рамянёў да кішэняў, дзе тырчаць ручкі наганаў і пісталетаў. Дастаюць сабе недзе, бадзягі, пісталеты і наганы: ледзь паспяваю нумары іхнія заносіць у спіс!..
У Лук'янава, Кардаша, Налівайкі і Папроцкага грудзі і плечы перакрыжаваныя кулямётнымі лентамі з начышчанымі да жывога золата патронамі. Станкавых кулямётаў мы не маем і мець, мабыць, ніколі не будзем, гэтыя ленты — лішні цяжар, але ж не магу пазбавіць прыемнасці хлопцаў — няхай пакрасуюцца.
«Памятай, куды лягчэй партызан навучыць падпарадкаванню, чым самастойнасці!» — наказваў Вайцяхоўскі.
Здаецца, параду яго выпаўняю. Паміж людзьмі, што яшчэ пару тыдняў таму назад адзін аднаго не бачылі і ў вочы, ужо з'явілася пачуццё локця і дзіўнае радство душ.
Аж сэрца радуецца, гледзячы на сваю сямейку. Адзываецца самалюбівая думка: ты, ты іх стварыў такімі!.. Яна ўзнікае наперакор майму жаданню, я яе стрымліваю, упікаю самога сябе: але ж ты са сваімі яшчэ ні разу не быў у сапраўдным баі, як гэтыя хлопцы, невядома, будуць паводзіць сябе ў час небяспекі? Зрэшты, не складана прадбачыць. Хочаш, каб табе Ліда з іржавым карабінчыкам дараўнала ў адкрытым баі бываламу нацысту-франтавіку?! Не дай бог спаткацца цяпер з імі — хай гэта здарыцца потым, калі набяром вопыту і закалкі!..
Церахаваму сыну таксама наліваюць супу. Толькі страва не лезе Міцьку ў горла. Ён вінавата ўсміхаецца, перабірае ў руках кацялок, прыкідваецца, што кацялок гэты гарачы. Яго мучыць трывога. Міцька, відаць, няўпэўнены, ці даруюць яму хлопцы нямецкі мундзір. Ды і мы з ім адчуваем сябе ніякавата. Цяпер ён — Міцька і не Міцька. Усё складаней выходзіць, чым здавалася раней!
Яго шынель, ранец з цялячай скуры, якія рускія салдаты насілі яшчэ ў часы паходаў пад Шыпку і Плеўну, абшытая вайсковым сукном біклажка валяецца зводдаль пад сасной. Міцька пераапрануўся ўжо ў цывільнае. Косця разглядвае нямецкі мундзір. Я далучаюся да камісара.
— Не нясуць лейтэнанцкі са Страшава! — скарджуся.— Як узялі дзяўчаты прасаваць, дык і трымаюць колькі дзён.
А ты прымерай гэты! — раіць камісар.— Будуць у цябе на змену, як бялізна.
I праўда! Калі пасуе, пайду да разведчыкаў, на шашу, пагляджу ўласнымі вачыма, што робіцца там. Нам жа аўтастраду перасякаць трэба — не нарвацца б на вайсковую адзінку! I Карповіч Міцька не вяртаецца!.. Мы з табой гэтымі цягнікамі разварушылі немцаў на сваю галаву і чакаем з неба пагоды!..
Сцямнее, і валяй! Мяне больш непакоіць дзед, якога хлопцы засталі тут, калі вярнуліся з малаком. Якога чорта яму трэба было, што за дзіва? Не разумею!
Мо дубцоў на кошык шукаў...— кідаю я, распранаючыся.
Вясно-ой?! — чмыхае носам Косця.— Якія цяпер могуць кошыкі быць, падумай сам, хлопча!
I праўда, бульбу ж цяпер не капаюць.
Маўчыць Косця, маўчу і я. Трывожна надта. Як потым выявілася, трывожыцца мелі чаго. У гэты момант над нашым лагерам збіралася смяротная небяспека і прыбліжэнне яе па нейкіх таямнічых каналах чалавечай псіхікі, мабыць, перадавалася ўжо і нам. Відочных знакаў ніякіх яшчэ не было, паказацца самому сабе панікёрам не хацелася, і я стараюся трывогу адагнаць, Машынальна пацягваю мундзір, увагу стараюся накіраваць на іншае.
Чуваць, як ля вогнішча Кардаш пяе:
Сонца за аконца коса спазірае,
У Антка ад Ганулі сэр-ца заміра-е!
Хор упаўголасу падхоплівае:
Га-анулю моя, сіне вочы твое,
Як цябе не бачу, баліць сэрца мо-е-е,
Га-анулю мо-я, сіне вочы твое...
Нам чамусьці падабаюцца песні, якія нічога агульнага не мелі з нашым бытам. Любімай у нас стала гэтая «Гануля». Яе прынеслі валілскія хлопцы, і хто-небудзь у атрадзе заўсёды напяваў няхітрую молодыю, заражаючы суседзяў бадзёрым настроем. Вось і зараз адчуваю, як рассейваецца мая трывога, і я, зашпільваючы мундзір, таксама пачынаю ўторыць пра сябе прыпеў.
Побач нехта пытаецца:
Вінцак, чаму вас завуць Капытанамі? — За кустом хвіліну пануе цішыня, потым адзываецца зноў той самы голас: — Няўжо і праўда ў вашым родзе плаваў хто на моры?