Ты пытаў у каго-небудзь дазволу? — злую.— Хто цябе сюды адпусціў?
Вайцяхоўскі сказаў, праз месяц магу ісці ў лес. Сёння акурат споўнілася месяц, як ты нас пазнаёміў.
Як ты дакладна падлічыў!
А чаго ты? Хопіць у Валілах і без мяне хлопцаў, не бойся! Дарэчы, яны табе прысылаюць графік руху цягнікоў па чыгунцы, каб ты болей не пускаў паражнякоў! — задобрывае і падае вялізны скрутак ватману, які ўвесь у каляровых лініях і зігзагах.
Чорт, дакладна такая ж самая папера вісела і ў Саколе на сцяне. Я і не падумаў тады, што можа быць карыснай, даў ёй згарэць, разява!.. Яшчэ і камандзір называюся, цьфу!..
Васіль з гордасцю паказвае гранату-«лімонку».
Вінтоўкі не мог раздабыць, захапіў яе...
У лімонцы замест узрывацеля — драўляны шпень тырчыць!
Можаш дзецям яе аддаць для гульні! Турыст, збірайся дамоў!
Няхай ужо бу-удзе! — заступаюцца Янюк з Кардашом.— Малайчына, Вася! Вінтоўку дадзім, іх цяпер у нас да д'ябла!
Поспехі мінулага дня настроілі мяне на дабрадушны лад, не магу быць строгім, хоць гвалт крычы. Зрэшты, лес і атрад — не толькі мае, чаму Васіля і не прыняць? У Валілах і праўда сваіх болей, чым трэба.
Сам Курцэвіч ужо не лічыць неабходным са мной гаварыць. Апавядае сваім валілцам апошнія навіны, тыя адвязваюць з багажніка торбу, дапамагаюць хлапцу выблытацца з рамянёў. Ужо пайшлі па руках белыя коржыкі...
Старыя людзі з беластоцкай групы даўно пападалі на мох і пазасыналі. Затое ў моладзі бытта абудзілася другое дыханне.
Камандзір, што нам рабіць? — прыстаюць да мяне.— Давай работу!
Спаць лягайце...— кажу няўпэўнена.
Я разумею вартасць іхняга ўздыму, нутром адчуваю яго сілу ды ведаю — злачынства яго не выкарыстаць. I ў той жа час шкада маіх хлопцаў. У Саколе вырушылі мы яшчэ ўчора ў абед. Ужо суткі на нагах. Ці надоўга хопіць пораху?
Вы-ыспімся яшчэ!
Пасля вайны сваё выбярэм!
Тады мо пачынайце дабываць тол? — успамінаю я.
Давай!
Каб не паразрываў толькі нас! Пакажы, камандзір, як робіцца гэта!
Я і сам ведаю толькі прыблізна. У снарадзе — галоўка ўзрывацеля, яе адкручваюць і са снарада нейкім чынам: дастаюць гэты самы тол. Неасцярожны рух адзін... і лепш не думаць, што тады будзе. На галоўцы спецыяльныя дзірачкі для ключа. Мы ж не артылерысты, адкуль у нас можа быць такі ключ? Колькі самаробных піратэхнікаў гэтак склала галовы ў навакольных лясах, і страшна пра гэта і падумаць.
Глядзіце! — гаворыць Смірноў і накіроўваецца да піраміды снарадаў.
Утвараецца цеснае кола насцярожаных партызан. Былы прапаршчык ставіць сталовую балванку сабе між каленяў пяткай уніз, у дзірачку галоўкі суне канец шомпала, лёгка пастуквае па ім прыкладам, і... галоўка падаецца! Яшчэ прыкладам б'е па шомпалу! I яшчэ! Тады ўзрывацель адкручвае пальцамі, шпурляе яго далёка ў кусты ды ўздыхае з палёгкай. Цяпер відаць сярэдзіну снарада, за-літую жоўтым і чысценькім толам. Гэтую сэрцавіну можна адтуль цяпер выкалупваць чым-небудзь вострым.
Вось так! — скромна гаворыць Смірноў і выцірае ўспатнелы ад напружання лоб.
То ерунда-а!
А я думаў — чорт ведае што-о!
Ніякай тут ма-айсы! — зухавата крычаць хлопцы, і кожны, хапаючы па снараду, пачынае яго асядлоўваць.
Ледзь прымушаю іх ісці далей ад лагера.
А што з маім толам? — пакрыўджана пытаецца Ліда.— Нашто я ў Дубава хадзіла, дурыла таго Навасёлава?